Ці абароніць ААН абаронцу правоў беларусаў
Сёння Рада ААН па правах чалавека вырашае пытанне, ці працягваць мандат спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі вугорскага дыпламата Міклаша Харашці яшчэ на год. Якое значэнне для Беларусі мае гэтая пасада?
На Радыё Свабода гэта абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч.
Дракахруст: Пасада спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі была створаная ў 2011 годзе ў адказ на гвалтоўныя рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 году. Галоўныя мэты спецыяльнага дакладчыка — сачыць за развіццём сітуацыі ў галіне правоў чалавека; даваць рэкамендацыі беларускаму ўраду, як ён можа выконваць свае абавязанні па міжнародным праве; прадстаўляць даклад Радзе ААН па правах чалавека і Генеральнай Асамблеі ААН аб прагрэсе Беларусі ў галіне правоў чалавека або адсутнасці такога прагрэсу.
Беларускі ўрад адмовіўся прызнаць мандат Міклаша Харашці і ні разу не ўпусціў яго ў краіну, каб той мог вывучыць сітуацыю на месцы. Харасці складаў свае справаздачы на аснове інфармацыі, якую ён здолеў сабраць са СМІ і з кантактаў з беларускімі праваабаронцамі. У сваім апошнім дакладзе, у красавіку сёлета, Харашці заявіў, што беларускі ўрад не паспрабаваў ніякага далейшага ўзаемадзеяння з міжнароднымі мэханізмамі ў галіне правоў чалавека, хоць адначасова і сказаў пра нязначны прагрэс у паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ўнутры краіны.
— Якое значэнне маюць падобныя мандаты міжнародных арганізацыяў?
Самая наяўнасць пасады адмысловага дакладчыка азначае, што ў краіне справы ідуць ня лепшым чынам, што яна патрабуе адмысловага назірання. Гэта ўжо — ацэнка сітуацыі. Ну, і высновы экспэрта, які грунтоўна займаецца гэтай сітуацыяй, зразумела, маюць істотнае значэнне для чальцоў арганізацыі, якія гэтак пільна за хадой падзеяў у адпаведнай краіне ня сочаць.
Хіба ня самым эфэктыўным у гэтым сэнсе быў спецыяльны дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстас Пургурыдэс. Ягоная справаздача аб датычнасці беларускіх уладаў да знікнення яе палітычных апанэнтаў мела наўпроставыя палітычныя наступствы — увядзенне міжнародных санкцыяў адносна асобаў, падазраваных у гэтых злачынствах. Гэтыя санкцыі, дарэчы, ня знятыя дагэтуль, нягледзячы на пацяпленне стасункаў паміж Беларуссю і ЭЗ.
З іншага боку, не ў апошнюю чаргу дзякуючы дзейнасці кіраўніцы рабочай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ўты Цапф Нацыянальнаму сходу Беларусі было вернутае месца ў Асамблеі, якое раней займаў Вярхоўны савет 13 склікання.
Беларускія ўлады напрыканцы нулявых гадоў выдалілі з Беларусі назіральна-кансультацыйную місію АБСЭ і прымусілі гэтую арганізацыю змяніць мандат місіі на назіральную групу. Адмова ў прызнанні мандата сп-ра Харашці — працяг той лініі, афіцыйны Менск не прызнае сваю праблемнасць у сэнсе правоў чалавека. Гэта стварае пэўныя праблемы ў стасунках з арганізацыяй, якая адпаведны мандат спрабуе стварыць, але, безумоўна, аслабляе пазыцыі адпаведнага дакладчыка — ён пазбаўлены камунікацыі з урадоўцамі і атрымлівае абвінавачванні з аднабаковасці погляду. З Пургурыдэсам улады размаўлялі, больш такога выніку яны ня хочуць.
Іншая справа, што і арганізацыя, якую прадстаўляе Міклаш Харашці, менш аднародная, чым Рада Еўропы, у сэнсе ўяўленняў пра правы чалавека. У Раду ААН па правах чалавека ўваходзяць ня толькі дэмакратычныя, але і аўтарытарныя краіны, у некаторых з якіх праблемаў з правамі чалавека хіба ня больш, чым у Беларусі. Таму абмеркаванне сітуацыі ў той жа Беларусі выліваецца ў палкія дыскусіі. Ня лішне казаць, што Рада ня мае паўнамоцтваў прымаць нейкія абавязковыя рашэнні адносна той ці іншай краіны.
Аднак пазыцыя адмысловага дакладчыка, інфармацыя, выкладзеная ім, могуць уплываць ускосна. Па-першае, самім фактам яе абнародавання, аўтарытарныя рэжымы ня любяць, калі іх непрыстойныя справы робяцца здабыткам галоснасці. А па-другое, рэакцыяй іншых арганізацыяў і краінаў. Па дакладу прадстаўніка ПАРЭ Пургурыдэса санкцыі ўводзіла ня Рада Еўропы, а дзяржавы ЭЗ. Так што пасада дакладчыка Рады па правах чалавека ААН — гэта інструмэнт ціску на беларускія ўлады, каб яны паводзілі сябе больш прыстойна. І будзе шкада, калі гэтая пасада будзе скасаваная.
Глод: Афіцыйны Менск сапраўды выступае супраць любой пасады, якая звязаная з Беларуссю. Вось пасада адмысловага дакладчыка па Беларусі ААН. Яе займае спадар Харашці. Ён быў неўязны ў Менск, ня можа размаўляць тут з беларускімі праваабаронцамі і з афіцыйнымі асобамі, але спадар Харасці некалькі разоў быў у Менску. Аднак гэта было ў той час, калі ён займаў іншую пасаду, і я сам асабіста з ім размаўляў у складзе групы журналістаў у гатэлі «Беларусь».
У той час спадар Харашці займаўся праблемамі сродкаў масавай інфармацыі, працаваў у апараце АБСЭ ў Вене. Яго пасада не была адмыслова звязаная з Беларуссю. Я, дарэчы, задаваў тады яму пытанне: у чым адметнасць стаўлення да беларускіх СМІ ў параўнанні з іншымі краінамі? Ён адказаў, што не вылучае Беларусь як асобную краіну, а разглядае ўсе аспэкты СМІ ў кантэксце АБСЭ. Дык вось пакуль ён займаў пасаду, якая ня мела наўпроставага дачынення да Беларусі, ён быў сюды ўязны і мог прыехаць атрымаць інфармацыю. Як толькі з’явілася пасада, непасрэдная звязаная з Беларуссю, адразу ўлады нашы ўсталі на дыбкі.
Калі паспрабаваць выкласці адным сказам стаўленне спадара Харашці да сітуацыі ў Беларусі — і ў тыя часы, калі ён працаваў у АБСЭ, і цяпер, калі ён працуе ў ААА — то яго можна сфармуляваць вельмі проста: у Беларусі няма адчувальных прыкметаў паляпшэння становішча ў правах чалавека і дэмакратыі. Вось за гэтую думку так да яго і ставяцца беларускія ўлады.
Параўнайце: колькі было ў жніўні мінулага году хвалявання, колькі казалі ў розных міжнародных структурах — як гэта добра зрабілі ўлады, што вызвалілі 6 палітвязняў. А што сказаў на гэта Харасці? А ён сказаў, што вызваленне без рэабілітацыі — гэта ўсяго толькі паўкроку. Я хачу адзначыць, што пазыцыя Харасці прынцыповая і аб’ектыўная. Вось за гэта беларускія ўлады яго ня любяць.
Дарэчы, я згадаў яшчэ аднаго чалавека, які таксама быў спецдакладчыкам па Беларусі, але Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, і які таксама прыяжджаў у Менск, якога спачатку добра сустракалі, а пасля ўсяляк ганьбілі — гэта былы міністар замежных спраў Румыніі Адрыян Севярын. Як толькі ён заняў прынцыповую пазыцыю, беларускія ўлады адразу пачалі міжнародную кампанію ягонай дыскрэдытацыі.
Як бачыце, час ідзе, а прыёмы беларускай улады адносна сваіх палітычных апанэнтаў з міжнародных структураў фактычна не змяняюцца.
Карбалевіч: Беларускія ўлады гатовыя абмяркоўваць сітуацыю ў Беларусі, гатовыя супрацоўнічаць з дакладчыкамі ААН па правах чалавека, па ўцекачах, па зняволеных, па свабодзе СМІ і іншых кірунках, звязаных з правамі чалавека. Але гэта дакладчыкі, якія манітораць сітуацыю ва ўсіх краінах свету.
А вось калі ўводзіцца інстытут адмысловага дакладчыка па Беларусі, то афіцыйны Менск адмаўляцца яго прызнаваць, бо сам гэты статус, гэтая пасада сведчыць, што ў Беларусі ёсць нейкія асаблівыя праблемы з правамі чалавека, адрозныя ад тых праблемаў, якія існуюць у іншых краінах. Таму ўлады ня хочуць супрацоўнічаць з Харасці, не пускаюць яго ў краіну.
Той жа логікай кіраваліся беларускія ўлады, калі выціскалі з Беларусі місію АБСЭ. Маўляў, няма ў нас ніякіх асаблівых праблемаў, навошта прысутнасць тут нейкай асаблівай місіі?
Ну, а з іншага боку, беларускія праваабаронцы актыўна выступаюць за тое, каб такая пасада існавала, каб працягнуць гэты мандат, і, дарэчы, высновы спадара Харасці супадаюць з іх пазыцыямі. А яны палягаюць у тым, што, акрамя вызвалення палітзняволеных, ніякіх іншых рэальных заўважных крокаў у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбываецца. І таму сапраўды, будзе дыскусія і будуць даволі жорсткія спрэчкі па гэтым пытанні — працягнуць гэты мандат альбо не працягнуць.