Расія масіравана атакавала Украіну, ёсць ахвяры
У ноч на суботу 26 ліпеня РФ атакавала Украіну ракетамі, дронамі і кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі (КАБамі). У прыватнасці, было выпушчана 208 ударных БпЛА, а таксама 27 ракет розных тыпаў (балістычныя і крылатыя ракеты «Іскандэр», кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59/69). Ёсць загінулыя і параненыя. Пашкоджаныя ці часткова разбураныя шматпавярховікі, прадпрыемствы, гандлёвы цэнтр. Ідзе 1249-ты дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Што вядома пра начную атаку Расіі
Харкаў. Папярэдне зафіксавана: чатыры ўдары авіябомбамі, два — балістычнымі ракетамі, а таксама каля 15 атак дронамі. Інфармацыя аб разбурэннях і пацярпелых удакладняецца.
Змееў, Харкаўская вобласць. У выніку ўдару ракетай і нападаў 10 дронаў узнік пажар. Пацярпелі тры чалавекі.
Дняпро. Па словах мэра Барыса Філатава, ракета трапіла ў шматпавярховы жылы дом. Загінуў жыхар. Пазней у бальніцы памерла 21-гадовая дзяўчына. Усяго ў абласным цэнтры і раёне загінулі тры чалавекі, шасцёра пацярпелі
Каменскае. Ракетны абстрэл выклікаў маштабны пажар у гіпермаркеце.
Шостка. Абстрэл пашкодзіў жылую забудову. Гараць некалькі прыватных дамоў. На месцы працуюць ратавальнікі.
Запарожская вобласць. У Запарожскім раёне адбылося некалькі пажараў, якія ўжо патушылі. Пацярпеў нежылы будынак. У Полагаўскім раёне пашкоджаны склад фермерскай гаспадаркі і прыватны дом. Людзі не пацярпелі.
«Дакладна не можа быць ніякай цішыні ў адказ на такія ўдары, і ўкраінскія дальнабойныя дроны гэта забяспечваюць», — пракаментаваў Уладзімір Зяленскі начны абстрэл.
«Расійскія ваенныя прадпрыемствы, расійская лагістыка, расійскія аэрапорты павінны адчуць, што расійская вайна мае для іх рэальныя наступствы. Дакладнасць нашых дронаў, штодзённы характар украінскіх адказаў — гэта адзін з тых аргументаў, якія дакладна наблізяць мір», — сказаў украінскіх прэзідэнт.
Беспілотнікі нанеслі ўдар па расійскім абаронным заводзе «Сігнал» у Стаўрапалі
Паводле папярэдніх звестак, дроны трапілі непасрэдна ў тэрыторыю завода.
Радыёзавод «Сігнал» з'яўляецца адным з ключавых прадпрыемстваў расійскага ваенна-прамысловага комплексу. Ён спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці радыёэлектроннай апаратуры спецыяльнага прызначэння, для баявой авіяцыі, сродкаў СПА і сістэм радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ). У яго наменклатуры — прыцэльныя комплексы, апаратура кіравання зброяй, сістэмы навігацыі, сувязі і падаўлення сігналаў.
Прадпрыемства ўваходзіць у склад расійскага холдынгу «Канцэрн радыёэлектронныя тэхналогіі» (КРЭТ), які, у сваю чаргу, з'яўляецца часткай дзяржкарпарацыі «Ростех». Завод «Сігнал» знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі і шэрагу іншых краін як вытворца прадукцыі, якая непасрэдна выкарыстоўваецца расійскімі вайскоўцамі ў вайне супраць Украіны.
Агульныя баявыя страты РФ з 24.02.22 па 26.07.25 арыенціровачна склалі
- асабовага складу — 1 048 330 (+1080)
- танкаў — 11 056 (+7)
- браніраваных машын — 23 059 (+7)
- артсістэм — 30 812 (+35)
- РСЗА — 1 448 (+2)
- сродкі СПА —1 201
- самалётаў — 421
- верталётаў — 340 (+0)
- БПЛА — 47 959 (+125)
- крылатыя ракеты — 3 535
- караблі/катэры — 28
- падводныя лодкі — 1
- аўтатэхніка+аўтацыстэрны — 56 371 (+158)
- спецтэхніка — 3 935.
У ISW раскрылі цікавы нюанс аб сустрэчы Пуціна і Зяленскага
Украіна і РФ дамовіліся аб асабістай сустрэчы Зяленскага з Пуціным у Турцыі, заявіў кіраўнік турэцкага МЗС Хакан Фідан.
У інтэрв'ю NTV ён распавёў, што ў той жа час неабходна паступова, метадычна весці падрыхтоўчы працэс, каб пазбегнуць зрыву дамоўленасцяў і не парушыць псіхалагічную раўнавагу ўдзельнікаў.
Між тым, як мяркуюць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW), Расія толькі робіць выгляд зацікаўленасці ў перамовах, каб выйграць час для прасоўвання на поле бою. Спецыялісты паказваюць, што нават нягледзячы на заклікі з боку Злучаных Штатаў арганізаваць такую сустрэчу, расійскі бок адцягвае працэс дамоўленасцяў на самым высокім узроўні.
У справаздачы згадваецца заява спікера Крамля Дзмітрыя Пяскова ад 25 ліпеня. Ён адзначыў, што сустрэча Зяленскага з Пуціным пакуль малаверагодная. Паводле яго слоў, перад гэтым неабходна напрацаваць пэўныя дамоўленасці шляхам экспертнага дыялогу.
У той жа дзень былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаў упэўненасць, што сустрэча двух лідараў усё ж адбудзецца, і адзначыў, што яна павінна была б прайсці яшчэ тры месяцы таму.
Аналітыкі ISW падкрэслілі, што Масква неаднаразова пазбягала рэальных перамоваў з Кіевам, а замест канструктыўнага дыялогу марудзіць. Такія паводзіны, паводле іх, сведчаць пра нежаданне Расіі дасягнуць міру.
Кітаю выгадная бясконцая вайна ва Украіне і нявыгадная перамога РФ, — The Hill
Выданне піша, што зацяжная знясільваючая вайна адцягвае ЗША і «расхіствае» Захад, узмацняючы такім чынам уплыў Кітая. Варыянт з перамогай РФ у вайне Кітай не разглядае, бо гэта не прынесла б яму ніякай карысці, бо Расія пры такім сцэнары можа быць дастаткова неразумнай, каб напасці на адну з краін NATO.
Аднак і сцэнар з пройгрышам Расіі ў вайне КНР таксама не задавальняе праз шэраг дэстабілізуючых фактараў, напрыклад, унутранага гвалту, у які ўпадзе РФ, што пагражае дзяржаўным пераваротам у краіне, ліквідацыяй Пуціна, «вайной элітаў» і абвяшчэннем незалежнасці рэгіёнаў. У матэрыяле гаворыцца, што Кітай у такім выпадку хоць і можа анэксаваць некаторыя рэгіёны РФ, аднак гэта створыць пагрозу для бяспекі краіны.