Вадзім Іосуб: Дэнамінацыя дапаможа нам лічыць у рублях, а не ў доларах

1 ліпеня ў Беларусі праводзяць дэнамінацыю. І гэта будзе не проста знішчэнне «лішніх» 4 нулёў на банкнотах, а ўвядзенне ў зварот абсалютна новых банкнот і нават манет, якія апошні раз выкарыстоўваліся ў Беларусі яшчэ ў часы СССР. Фінансавы эксперт, старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб, вылучае асноўнае, што трэба ведаць пра дэнамінацыю.

iosub.jpg


Еўрарадыё падрыхтавала вытрымку з 13 сцверджанняў Вадзіма Іосуба.


iosub2.png

  • Дэнамінацыя наспела даўно. Цяжка і нязручна жыць у краіне, дзе ўсе мільянеры, дзе мы ўжо самі пачынаем блытацца ў цэнах, а замежнікі ўвогуле нічога зразумець не могуць. У краіне, дзе ніхто не можа сказаць, колькі ў рублях каштуе яго аўтамабіль альбо кватэра.
  • Мы не навучыліся мысліць у мільярдах, кожны лічыць у доларах і еўра.
  • Лічылася, што варта дачакацца ўзроўню інфляцыі памерам 10%. Цяпер урад гаворыць пра планы знізіць яе да 12%. Вялікай розніцы тут няма. Таму не бачу прычын, чаму б не правесці дэнамінацыю цяпер.
  • Дэнамінацыя дапаможа нам лічыць у рублях, а не ў доларах. Зразумець, што кватэра каштуе 15 тысяч рублёў. Гэта нашмат прасцей, чым гаварыць пра 1,5 ці 15 мільярдаў. Мільярдамі ў побыце ніхто не будзе лічыць. Тысячамі — магчыма.
  • Меркаванне, што ўлады чакаюць дэнамінацыі, каб аслабіць курс рубля, памылковае. Я моцна сумняваюся, што такія мэты існуюць.
  • Нягледзячы на інфляцыю, новыя манеты будуць існаваць доўга. Пры нашым з вамі жыцці імі будуць карыстацца. І нашы дзеці і ўнукі будуць імі карыстацца. Мяркуючы па той палітыцы, якую праводзіць Нацбанк, новай дэнамінацыі яшчэ доўга не будзе.
  • Некалькі дзён будуць праблемы з банкаматамі і карткамі. Але мы іх усе хутка забудзем, не варта іх так шмат абмяркоўваць. Большасць з нас ужо праз тыдзень не будзе адчуваць дыскамфорту, карыстаючыся новымі банкнотамі.
  • Калі нехта мае родных сталага веку, якія жывуць у вёсцы, ім трэба патлумачыць, што ніякая сацыяльная служба не будзе мяняць старыя грошы на новыя.
  • Навошта 500-рублёвыя купюры? Думаю, так атрымалася, бо дэнамінацыя рыхтавалася раней, і тады планавалася адрэзаць тры нулі, а не чатыры. Я мяркую, што ў найбліжэйшы час купюры наміналам 200 і 500 рублёў "новымі" ў зварот не трапяць.
  • Дэнамінацыя не дасць штуршка развіццю эканомікі. Намінал валюты, яе курс да долара не ўплывае на эканамічны стан.
  • Пасля дэнамінацыі беларускія рублі не стане лягчэй памяняць за мяжой. Беларускі рубель не з'яўляецца свабодна канверціруемай валютай. Нават расійскі рубель у свеце не мяняецца. Мяняецца еўра, долар, швейцарскі франк.
  • Новыя банкноты падобныя на еўра, такія асацыяцыі ўзнікаюць. Хоць нашы ўлады і аднекваюцца. Але па маім суб'ектыўным перакананні, магчыма гэта прафесійная дэфармацыя, дызайн ніякага дачынення да будучыні нашых грошай, да іх устойлівасці, не мае. Ад нацыянальнай валюты трэба, каб не раслі кошты.
  • У выніку дэнамінацыі больш грошай у нашых кашальках не стане.