Пяць тэндэнцый мінскага тэатральнага сезону

Сталічны сезон 2015—2016 набліжаецца да завяршэння. Час падвесці яго вынікі і прасачыць тэндэнцыі, што «Будзьма» робіць ужо чацвёрты год запар.

teatr_1.jpg

Айчынны тэатр нарэшце прызналі за мяжой

Айчынныя навукоўцы любяць пісаць пра тое, у чым беларускія пісьменнікі, мастакі або акцёры ў той або іншай ступені ўзбагацілі сусветнае мастацтва. На жаль, даследчыкі вельмі часта ствараюць у чытачоў ілюзіі. Бо ў рэальнасці «там» робяцца вядомымі толькі адзінкі беларусаў. Прыемна, што ў гэтым сезоне прызнанне атрымалі прадстаўнікі лялечнага тэатра.

Адразу некалькі беларусаў былі ўганараваныя расійскай тэатральнай прэміяй «Залатая маска» – самай прэстыжнай на ўсёй постсавецкай прасторы. Найлепшым рэжысёрам тэатра лялек зрабіўся Аляксей Ляляўскі. Найлепшым мастаком у тэатры лялек прызнаная Таццяна Нерсісян. Прычым пастаноўка «Тоўсты сшытак», над якой яна працавала, перамагла і ў намінацыі «Найлепшы спектакль». А паставіў гэты спектакль беларус Аляксандр Янушкевіч. Дарэчы, у намінацыі «Найлепшая жаночая роля ў балеце і сучасным танцы» перамагла наша суайчынніца Любоў Андрэева, салістка Тэатра балета Барыса Эйфмана.

«Тоўсты сшытак»

«Тоўсты сшытак»

Для тэатральных людзей гэтыя ўзнагароды – канстатацыя факта. Бо ўсе пералічаныя імёны даўно на слыху. Праўда, ёсць адно «але». Калі айчынныя СМІ пісалі пра «Залатую маску», большасць журналістаў (аўтар гэтых радкоў – не выключэнне) рабіла акцэнт на асобе Расціслава Янкоўскага, які перамог у намінацыі «За выдатны ўнёсак у развіццё тэатральнага мастацтва». Зразумела, што гэтую заслужаную ўзнагароду ён атрымаў за сваю творчасць увогуле (што натуральна для 86-гадовага народнага артыста СССР). Але імя Янкоўскага шмат гаворыць любому чытачу. Як зрабіць такімі ж пазнавальнымі для шырокай публікі і журналістаў імёны іншых пераможцаў, – рытарычнае пытанне.

У Нацыянальнай прэміі з’явілася альтэрнатыва

У 2010 годзе ў Беларусі нарэшце была заснаваная свая «Залатая маска» – Нацыянальная тэатральная прэмія. З таго часу яе вынікі падводзіліся ўжо тройчы. Але фармат Нацпрэміі цяжка назваць ідэальным. Спрэчных момантаў багата: безальтэрнатыўны выбар у некаторых намінацыях; асобы пераможцаў, якія выклікаюць пытанні; імкненне ахапіць як мага большую колькасць тэатраў, каб, не дай Божа, нікога не пакрыўдзіць; спрэчны прынцып вылучэння спектакляў і г.д. Доўгі час тэатральныя людзі толькі дыскутавалі або абураліся гэтым у кулуарах, амаль не маючы магчымасці паўплываць на падвядзенне вынікаў.

Своеасаблівым адказам і нават альтэрнатывай Нацыянальнай тэатральнай прэміі стала праграма «Belarus open», якая існуе ў межах фестывалю ТЕАРТ. У гэтым сезоне (восенню 2015 года) яна ўпершыню сабрала найлепшыя спектаклі, створаныя ў Беларусі за пэўны прамежак часу. Прычым сапраўды найлепшыя, адабраныя паводле строгіх крытэрыяў. Калі Нацпрэмія ўсё-такі арыентаваная на ўнутраны рынак, то «Belarus open» робіць праекцыю як на ўнутраны, так і на знешні. 

teatr3.jpg

Праграма наступнага «Belarus open», абвешчаная гэтай вясной, ужо мае падзел на чатыры намінацыі: «Драма», «Лялькі», «Аўтарскія / эксперыментальныя праекты». Засталося дадаць сюды намінацыю «Музычны тэатр» і пачаць вызначаць пераможцаў. І альтэрнатыўная прэмія будзе цалкам гатовая.

Пераадолець аўтаркію амаль нерэальна

Летась адной з тэндэнцый мінскага тэатральнага сезона я назваў аўтаркію – замкнёную сістэму, якая ў мінімальнай ступені залежыць ад асяроддзя. Гаворка ішла пра тое, што ў Мінску амаль не ставяць замежныя рэжысёры. І толькі адзінкі з беларусаў (пераважна рэжысёры лялечнага тэатра) маюць прапановы з-за мяжы.

Зрэшты, можна казаць і пра ўнутраную аўтаркію. Напрыклад, у рэпертуары Рускага тэатра – 29 спектакляў. 22 з іх паставілі тры штатныя рэжысёры: Сяргей Кавальчык,Барыс Луцэнка і Валянціна Еранькова, яшчэ 3 – сябра тэатра Аркадзь Кац. У Мінску зусім няма традыцыі, каб рэжысёр ставіў спектаклі не ў тых тэатрах, дзе сам працуе. У выніку аўтаркія стала амаль сінонімам большасці дзяржаўных тэатраў.

У гэтым сезоне былі зробленыя дзве спробы калі не перамагчы аўтаркію, дык зрабіць раскол у яе маналіце. Рэжысёр Яўген Карняг, стваральнік аўтарскага KorniagTHEATRE, паставіў у лялечным тэатры спектакль «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі». Да гэтага часу ён увасобіў трынаццаць спектакляў (сем з іх у Мінску, астатнія – у Таліне, Маскве, Лодзі, Плоўдзіве і Боне). Але ніколі не ставіў у дзяржаўным калектыве! Тут ідзе гаворка пра спробу пэўнай інтэграцыі незалежных творцаў у сістэму дзяржаўнага тэатра.

Другую спробу ажыццявілі стваральнікі спектакля «Опіум», якія абвясцілі збор сродкаў сярод гледачоў на краўдфандынгавай пляцоўцы «Вулей». Тыя сабралі больш за 45 мільёнаў рублёў. У выніку прэм’ера спектакля ўпершыню ў беларускай гісторыі прайшла цалкам за кошт наведнікаў. У далёкай перспектыве гэтае дае шанец на развіццё ў Беларусі праектнага тэатра.

Але перспектывы туманныя. Карняг застаўся вольным мастаком і як рэжысёр больш не ставіў у дзяржаўных тэатрах. А паказы «Опіуму», нягледзячы на яго актуальнасць, засталіся адзінкавымі.

З’явіўся другі аўтарскі тэатр

Летась, падводзячы вынікі сезону, я пісаў, што сур’ёзная іерархія мінскіх тэатраў знікла (як зніклі істотныя адрозненні паміж большасцю калектываў). Не дзіўна, што да нядаўняга часу ў Мінску фактычна быў толькі адзін аўтарскі тэатр. Гаворка пра Беларускі тэатр лялек, які трывала асацыюецца з асобай яго галоўнага рэжысёра Аляксея Ляляўскага (ён узначальвае калектыў з далёкага 1986 года). Амаль усе спектаклі, разлічаныя на дарослую аўдыторыю, паставіў менавіта Аляксей Анатольевіч.

Другім аўтарскім тэатрам стаў Купалаўскі. Цяпер у яго рэпертуары 23 спектаклі. Пяць з іх пастаўленыя на Малой сцэне, якая цяпер успрымаецца як пляцоўка для эксперыментаў і дае магчымасць маладым рэжысёрам паказаць сваю першую пастаноўку. Таму далей будзем казаць пра вялікую залу. Пасля прэм’еры спектакля «Дзве душы» Мікалай Пінігін мае «кантрольны пакет» у рэпертуары: 10 з 19 пастановак належаць менавіта яму. 

teatr4.jpg

Як успрымаць такі факт? Ляляўскі вядзе мастацкія пошукі, не абмежаваныя аўтарам твора, мовай напісання або яго эстэтычнымі поглядамі, таму яго аўтарскі тэатр цудоўна інтэгруецца ў сусветную супольнасць. Пінігін будуе рэпертуар, кіруючыся ідэалогіяй асветніцтва (ёй адпавядаюць нават некаторыя спектаклі, якія пастаўленыя іншымі рэжысёрамі). Адпаведны матэрыял ён шукае і знаходзіць не толькі ў драматургіі, але і ў іншых жанрах (ад прозы да паэзіі). Іншая рэч, што спектаклі, якія маюць гастрольную і фестывальную перспектыву («Вяселле», «Офіс» і «Дон Жуан»), дастаткова далёкія ад асветніцтва.

Добрых спектакляў (не) хапае

Калі згадаць вынікі папярэдняга сезона, якія падводзіліся на «Будзьме» летась і пазалетась, дык пры жаданні адтуль можна пазычыць амаль палову тэндэнцый. Напрыклад, летам 2013 года гаворка ішла пра малую колькасць прэм’ер, ігнараванне фестывальнага фармату і агульны «застой». Але ж нічога не змянілася і наўрад ці зменіцца.

Але будзем аптымістамі, таму пазычым іншую тэндэнцыю. Летась яна гучала так: «Добрых спектакляў хапае». Бо сапраўды – нават у самым стракатым па выніках сезоне сустракаюцца пастаноўкі, якія настройваюць на аптымізм. Іншае пытанне: ці шмат іх?

На маю суб’ектыўную думку, найлепшым лялечным спектаклем успрымаюцца «Птушкі» (рэжысёр Аляксей Ляляўскі, Беларускі тэатр лялек). Найлепшы музычны – опера «Макбет» (рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ, Оперны тэатр). Найлепшы драматычны – «Саша, вынесі смецце» (рэжысёр Дзмітрый Багаслаўскі, Маладзёжны тэатр). 

teatr5.jpg

Апроч іх у спіс пастановак, якія б я раіў для абавязковага прагляду, уключу «Маленькую смерць» у Оперным (яна не прэтэндавала на статус найлепшай, бо з’яўляецца не арыгінальным спектаклем, а пераносам пастаноўкі легендарнага Іржы Кіліяна), «Баль у Савоі» ў Музычным (рэжысёр Ганна Маторная), згаданы вышэй «Опіум» (пастаноўка Аляксандра Марчанкі), а таксама спектакль «Пелікан» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі (рэжысёр Аляксандр Гарцуеў).

Гэтым летам беларускіх тэатралаў яшчэ чакае некалькі прэм’ер. Але асноўныя спадзяванні ўжо звязаныя з наступным сезонам, які абяцае свае сюрпрызы. Напрыклад, п’есу сучаснага беларускага драматурга Андрэя Іванова «Гэта ўсё яна» паставяць у РТБД. Прычым, зробіць гэта нямецкі рэжысёр Моніка Дабраўлянска. Але самы магутны ўдар па аўтаркіі нанясе чарговы фестываль «ТЕАРТ», на які прыедуць зоркі еўрапейскай сцэны.

А пакуль усім добрых тэатральных вакацый!

Паводле «Нашай Нівы»