Страты Расіі ў вайне з Украінай перавысілі мільён і сто тысяч чалавек

Мільён і сто тысяч чалавек забітымі і параненымі — столькі на сёння склалі страты Расіі ў вайне з Украінай. Мільён чалавек было роўна сто дзён таму. Гэта азначае, што кожны дзень РФ губляе ва Украіне тысячу чалавек. Нягледзячы на гэта, Пуцін працягвае вайну. Ідуць 1305-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

549715662_1142489218064155_1792613133677017081_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 165 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 20 верасня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 50 наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Уладзіміраўкі, Ніканораўкі, Новаэканамічнага, Лісоўкі, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Дачнага і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку расійцы 33 разы атакавалі пазіцыі УСУ ў раёнах Філіі, Васкрасенкі, Бярозавага, Маліеўкі, Новаіванаўкі, Талстога і іншых.

На Тарэцкім кірунку расійцы ажыццявілі 19 атак у раёнах Тарэцка, Шчарбінаўкі, Палтаўкі і ў бок Плешчыеўкі, Русінага Яру.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 15 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Новаміхайлаўкі, Шандрыгалава, Калодзяжаў, Торскага, Зарэчнага і іншых.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) і Сіверскім кірунках адбылося па дзевяць баявых сутыкненняў на кожным.

* * *

Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі паведаміў, што ў Данецкай вобласці Сілы абароны аднавілі кантроль у сямі населеных пунктах.

«Працягваецца аперацыя Сіл абароны Украіны ў Данецкай вобласці, на Дабрапольскім кірунку. Прасоўванне нашых войскаў углыб абароны праціўніка складае ад 3 да 7 кіламетраў. Адноўлены кантроль у сямі населеных пунктах, зачышчана ад ДРГ праціўніка — у дзевяці. Усяго за час аперацыі вызвалена 160 км² і яшчэ 171 км² — зачышчана ад ДРГ», — напісаў Сырскі ў сацсетках.

Але ён не ўдакладніў, пра які перыяд ідзе гаворка і якія канкрэтна населеныя пункты ён мае на ўвазе.

* * *

У выніку расійскай масіраванай камбінаванай атакі на Днепрапятроўскую вобласць загінуў адзін чалавек, яшчэ 13 пацярпелі.

Расійская армія падчас масіраванай камбінаванай атакі на горад Дняпро патрапіла ў шматпавярховы дом.

У Кіеўскай вобласці ў выніку камбінаванай атакі дронамі і ракетамі ўзніклі пажары ў Бучанскім, Барыспальскім і Абухаўскім раёнах.

Паводле звестак расійскіх Telegram-каналаў, у ноч на 20 верасня ў Саратаве прагрымелі выбухі і, верагодна, адбыўся пажар на НПЗ. У Расавіяцыі паведамлялі пра абмежаванні на прыём і выпуск паветраных суднаў у саратаўскім аэрапорце «Гагарын».

* * *

549646092_1143810027932074_5714803744541916150_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас гутаркі з журналістамі ў Авальным кабінеце Белага дома заявіў, што яго адміністрацыя настойліва працуе над спыненнем вайны Расіі ва Украіне, і выказаў чаканне ўзаемадзеяння з лідарам Кітая Сі Цзіньпінам, каб пакласці ёй канец.

«Мы вельмі ўпарта працуем над тым, каб урэгуляваць пытанні паміж Расіяй і Украінай. Пабачым, што там адбудзецца», — сказаў Трамп.

Пры гэтым Трамп перакананы, што гэтае пытанне будзе вырашана. Ён дадаў, што пасля размовы з Сі Цзіньпінам у пятніцу лічыць, што Кітай таксама далучыцца да працэсу ўрэгулявання: «Мы з прэзідэнтам Сі размаўлялі пра гэта, і я лічу, што ён сапраўды хацеў бы, каб гэта адбылося. І я думаю, што ён збіраецца працаваць з намі для гэтага».

* * *

Пасол ЗША пры NATO Мэцью Вітакер у інтэрв'ю тэлеканалу Fox Business заявіў, што сіла расійскай арміі перабольшаная, а Украіна дамагаецца поспехаў на полі бою.

«Я думаю, што расійская пагроза часам крыху перабольшваецца. Яны не дамагліся вялікага поспеху. Украіна фактычна вярнула тэрыторыю… І таму, ведаеце, на мой погляд, гэта сведчыць пра слабасць Расіі», — заявіў Вітакер, каментуючы нядаўнюю атаку расійскіх дронаў па Польшчы.

Пасол лічыць, што паколькі эканоміка РФ «працягвае падаць», то працяг вайны супраць Украіны «будзе для іх [расіян] складаным».

Таксама дыпламат адзначыў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не будзе ўстанаўліваць умовы для Украіны і Расіі адносна заканчэння вайны, і што разведка пакуль не прыйшла да высновы, ці быў залет дронаў РФ у Польшчу наўмысным.

* * *

Еўракамісія прадставіла 19-ты пакет санкцый датычна РФ. У прыватнасці, краіны Еўропы могуць цалкам адмовіцца ад расійскага звадкаванага прыроднага газу, заявіла кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, прадстаўляючы праект.

Фон дэр Ляен падкрэсліла, што за апошні месяц Расія ў поўнай меры паказала пагарду да дыпламатыі і міжнароднага права. На гэта ўказваюць масіраваныя ўдары па Украіне, а таксама ўварванне расійскіх дронаў у паветраную прастору Польшчы і Румыніі.

«Зноў і зноў прэзідэнт Пуцін ідзе на эскалацыю. У адказ Еўропа ўзмацняе ціск. Таму я прадстаўляю наш 19-ты пакет санкцый», — сказала яна.

«Мы забараняем імпарт расійскага ЗПГ на еўрапейскія рынкі. Час перакрыць кран. Мы да гэтага гатовыя: эканомілі энергію, дыверсіфікавалі пастаўкі і інвеставалі ў нізкавугляродныя крыніцы энергіі, як ніколі раней. Сёння гэтыя намаганні прыносяць вынік», — паведаміла яна.

У рамках 19-га пакета санкцый плануецца ўвесці абмежаванні супраць яшчэ 118 судоў «ценявога флоту» РФ; увесці поўную забарону на здзелкі для буйных энергетычных кампаній РФ: «Раснафта» і «Газпрамнафта»; замарозяць актывы іншых кампаній; Еўрасаюз увядзе забарону на здзелкі для новых банкаў у Расіі і трэціх краінах; упершыню пад абмежаваннямі акажуцца крыптаплатформы.

У санкцыйны спіс уключаюцца замежныя банкі, звязаныя з расійскімі альтэрнатыўнымі аплатнымі сістэмамі (што можа закрануць банкаўскі сектар Беларусі).

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп спрабуе даваць магчымасці для дыпламатыі. Несправядліва абвінавачваць яго ў тым, што ён дае расійскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну нейкія паслабленні, сказаў у інтэрв'ю для The Telegraphспецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіт Келаг.

На пытанне пра тое, ці слушна, што ўкраінцы расчараваныя тым, што Трамп нічога не робіць для пацвярджэння сваіх шматлікіх «двухтыднёвых» папярэджанняў на адрас Крамля, Келаг адзначыў, што «гэта несправядліва».

«Трамп спрабуе даць дыпламатыі ўсе шанцы... Ён хутка зразумеў, што гэта больш складана, чым чакалася, — асобы маюць значэнне. Украінцы гатовыя да пагаднення, але Пуцін — не», — растлумачыў спецпрадстаўнік.

На думку Келага, Пуціна ўводзяць у зман і расказваюць яму, што Расія нібыта здольная выйграць вайну. Але гэта насамрэч не так. «Таму Трамп проста дае яму свабоду дзеянняў і час сесці за стол перамоваў, але мы ўсё яшчэ трымаем карты ў руках», — сказаў Келаг.

Па словах спецпрадстаўніка, амерыканскі прэзідэнт вельмі расчараваны Пуціным. Гэта перарастае ў раздражненне. «Ён (Трамп) думаў, што яго асабістыя адносіны з Пуціным дадуць вынікі. Замест гэтага Пуцін яго правакаваў. За зачыненымі дзвярамі прэзідэнт Трамп значна злейшы, чым на публіцы», — адзначыў Келаг.