Страты Расіі ў вайне з Украінай перавысілі мільён чалавек

У гэтую лічбу Генштаба УСУ ўваходзяць не толькі забітыя, але і параненыя. Такую велізарную колькасць страт можна патлумачыць «мяснымі штурмамі», якія, тым не менш, не даюць асаблівага выніку. У прыватнасці, у гэтым годзе Расія губляе за дзень ва Украіне больш за 1200 чалавек. Ідзе 1205-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Ва Украіне за мінулыя суткі зафіксавана 220 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 12 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 62 штурмавых і наступальных дзеянні расіян ў раёнах Малінаўкі, Міралюбаўкі, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Новаўкраінкі, Зверава, Котліна, Удалага, Новасергіеўкі, Андрэеўкі і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 46 атак расійцаў паблізу Канстанцінопалю, Багатіру, Атраднага, Навасёлкі, Свабоднага Поля, Шаўчэнка і іншых.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавла 22 разы, спрабуючы прасунуцца ля Надзеі, Карпаўкі, Рэдкадубу, Ямпалаўкі і іншых.

На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 21 атаку ў раёнах Дыліеўкі, Тарэцку і Яблонаўкі.

На Купянскім кірунку за мінулыя суткі адбылося 13 атак. Сілы абароны адбілі штурмавыя дзеянні ў раёнах Стэпавай Навасёлаўкі, Загрызава. 

Па пяць атак зафіксавана на Краматорскім і Гуляйпольскім кірунках.

На Курскім кірунку за мінулыя суткі адбылося 27 баявых сутыкненняў рознай інтэнсіўнасці. 

* * *

У ноч на 12 чэрвеня Расія атакавала Украіну 63-ма ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай абясшкоджана 49 БПЛА: 28 збітыя агнявымі сродкамі, 21 — лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.

* * *

505549245_1065480389098372_6748734341135676232_n.jpg

* * *

Страты расійскіх акупацыйных войскаў з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну дасягнулі мільёна чалавек, паведамляе Генштаб УСУ. Па іх даных:

  • за 2022 год расіяне страцілі 106 720 чалавек (у сярэднім 340 чалавек у суткі).
  • за 2023 год страты арміі РФ склалі 253 290 чалавек (у сярэднім 693 чалавекі ў суткі).
  • за 2024 год — 430 790 чалавек (у сярэднім 1177 чалавек у суткі).
  • за 2025 год, па стане на 4 чэрвеня, страты расіян ужо перавысілі 200 000 чалавек. У сярэднім сёлета акрмія РФ губляе 1286 чалавек за суткі.

Упершыню Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны апублікаваў статыстыку страт расіян 1 сакавіка 2022 года. Тады было заяўлена пра 5710 знішчаных салдат і 200 палонных. Падлік ўскладняўся высокай інтэнсіўнасцю баявых дзеянняў.

Сярод найбольш стратных для расіян дзень вылучаецца 19 снежня 2024 года —тады страты арміі РФ складі 2200 чалавек.

* * *

На фоне такой статыстыкі Генштаба УСУ кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін даручыў ваеннаму камандаванню РФ у разы нарасціць баявыя магчымасці расійскім сухапутным войскам.

Па словах Пуціна, дамінуючай сілай пры вядзенні «сучасных ваенных дзеянняў любога маштабу і інтэнсіўнасці» застаюцца сухапутныя войскі. Ён заявіў пра неабходнасьць іх узмацнення. «Важна ў самыя кароткія тэрміны нарасціць іх баявыя магчымасці, стварыць трывалы зачын для развіцця, забяспечыць распрацоўку перспектыўных узораў сістэм ўзбраення, якія валодаюць самымі высокімі тактыка-тэхнічнымі характарыстыкамі і мадэрнізацыйным рэсурсам», — сказаў ён.

* * *

Скарачэнне вайсковай дапамогі ЗША ўмацуе пазіцыі Уладзіміра Пуціна на фронце ва Украіне і падарве перспектывы мірнага ўрэгулявання. Так амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) ацаніў словы міністра абароны ЗША Піта Хэгсета пра тое, што ў 2026 годзе Штаты плануюць скараціць бюджэт на закупку ўзбраенняў для Украіны.

На думку экспертаў, расійскі лідар Уладзімір Пуцін перакананы, што войска РФ здольнае весці павольныя, паступовыя наступальныя дзеянні даўжэй, чым украінскія войскі змогуць утрымліваць абарону, а таксама даўжэй, чым Захад будзе гатовы падтрымліваць Украіну. Таму заходняя ваенная дапамога, у прыватнасці тая, якую могуць аператыўна і ў вялікім аб'ёме даць толькі ЗША, застаецца крытычна важнай для забеспячэння здольнасці УСУ дасягаць рашучых поспехаў на поле бою і ціснуць на Пуціна для перагляду ягонай «тэорыі перамогі».

На думку аналітыкаў, менавіта такія поспехі, якія мяняюць разлікі Крамля, прымусілі б Расію пайсці на канструктыўныя перамовы для забеспячэння мірнага ўрэгулявання вайны.

У справаздачы таксама адзначаецца, што скарачэнне падтрымкі ЗША стварае рызыкі ўзмацнення пазіцый Расіі на фронце і можа заахвоціць Пуціна да працягу агрэсіі. «Такое развіццё падзей супярэчыць задэклараванай мэце прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па дасягненні працяглага міру ва Украіне», — перакананыя ў ISW.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю для Bild заявіў, што кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін вядзе перамовы з Украінай толькі праз пагрозу новых санкцый. 

Са слоў Зяленскага, Расіі важна паказаць прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, што «паміж Украінай і РФ ёсць дыпламатычны мост». На пытанне навошта, Зяленскі адказаў: «Каб супраць Расіі не ўводзіліся санкцыі, пакуль ідуць перамовы. Таму што Пуцін заўсёды можа сказаць: "Мы размаўляем адзін з адным! Калі будуць уведзеныя санкцыі, перамоваў больш не будзе"», — патлумачыў кіраўнік Украіны.

Ён дадаў, што рускія пераследуюць і другую мэту. РФ хацела «дыялогу без еўрапейцаў і без амерыканцаў», каб ізаляваць Украіну. «Працяглая вайна без падтрымкі партнёраў — гэта быў бы ідэальны варыянт для Пуціна. Ён не вытрымае працяглай вайны з партнёрамі і санкцыямі», — упэўнены Зяленскі.

«Пуцін адчувае, што яго эканоміка цяпер пакутуе. Але ён хоча выйграць больш часу, перш чым будуць уведзеныя жорсткія санкцыі, таму што ён зможа пратрымацца яшчэ нейкі час», — заявіў Зяленскі, адзначыўшы, што санкцыі павінны быць рэалізаваныя цяпер.

* * *

Прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт пацвердзіла, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША рыхтуе для Дональда Трампа двухбаковыя сустрэчы на палях саміту G7 у Канадзе. «Магу пацвердзіць, што адбудзецца нямала двухбаковых сустрэч паміж прэзідэнтам і іншымі замежнымі лідарамі», — паведаміла яна.

Яна не ўдакладніла, ці плануецца сустрэча Трампа з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. «Белы дом усё яшчэ ўпарта працуе над канчатковым узгадненнем гэтага графіка, і мы апублікуем яго, як толькі ён у нас з'явіцца», — дадала Левіт.

* * *

Пасля ўдараў украінскіх беспілотнікаў па расійскіх авіябазах Расія адвяла частку сваёй самай каштоўнай авіяцыі далей ад украінскіх межаў, піша The Telegraph.

Выданне паказвае, што два стратэгічныя ракетаносцы Ту-160 былі перакінутыя на адлегласць блізу 6437 кіламетраў ад лініі фронту — на выдаленую базу аж у Анадыр.

«Па спадарожнікавых здымках відаць, што дабрацца да гэтага аэрадрома можна толькі па паветры або па моры. Ён размешчаны на Чукоцкім паўвостраве, у бязлюдным рэгіёне прыкладна ў 660 кіламетрах ад Аляскі. Авіябазу пабудавалі яшчэ ў часы Халоднай вайны для абароны ад магчымых удараў з боку ЗША» — піша выданне.

Звышгукавыя бамбавікі Ту-160 здольныя несці ядзернае ўзбраенне і лічацца самымі дарагімі самалётамі ў расійскім ваенным арсенале — арыенціровачны кошт аднаго складае каля 500 мільёнаў долараў. Але Ту-160 адрозніваюцца не толькі коштам, але і рэдкасцю: у Расіі на ўзбраенні толькі 16 такіх самалётаў. Пры гэтым, па заявах украінскага боку, частка з іх была пашкоджана ў выніку атакі беспілотнікаў 1 чэрвеня падчас аперацыі «Павуціна».