Кіраўнік Пентагона: ЗША на досведзе Украіны навучаюцца «вайне беспілотнікаў»
Украінская аперацыя «Павуціна» была здзейсненая без узгаднення з Пентагонам, але армія ЗША робіць з яе высновы і вучыцца на ўкраінскім прыкладзе, заявіў міністр абароны Штатаў Піт Хэгсет. Тым часам Расія адказвае на яе тэрорам мірнага насельніцтва, што выклікае абурэнне ў свеце. Ідзе 1204-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ва Украіне за ўчора зафіксавана 220 баявых сутыкненняў, паведамляе ў ранішняй зводцы 11 чэрвеня Генштаб УСУ.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 57 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Палтаўкі, Міралюбаўкі, Мірнага, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Котліна, Удалага, Багданаўкі, Канстанцінопалю і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 35 атак расіян паблізу Багатіру, Канстанцінопалю, Атраднага, Навасёлкі, Вольнага Поля і Бурлацкага.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 22 разы, спрабуючы рушыць наперад у бок Грэкаўкі, Надзеі, Карпаўкі, Торскага, Ямпалоўкі і Зялёнай Даліны.
На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 17 атак у раёнах Дыліеўкі, Тарэцку, Леанідаўкі і Яблонаўкі.
На Северскім кірунку ўкраінскія ваяры за мінулыя суткі адбілі 14 расійскіх атак у бок Грыгораўкі і паблізу Верхнекаменскага.
На Купянскім кірунку зафіксавана 12 атак расіян паблізу Стэпавай Навасёлаўкі і Зялёнага Гаю.
Па пяць атак расіян было адбіта на Краматорскім і Арэхаўскім кірунках.
На Курскім кірунку адбылося 28 баявых сутыкненняў рознай інтэнсіўнасці. Расіяне нанеслі 28 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі з ужываннем 53 кіраваных авіяцыйных бомбаў.
* * *
У ноч на 11 чэрвеня армія РФ атакавала Украіну 85-цю ўдарнымі БПЛА, а таксама балістычнай ракетай Іскандэр-М.
Супрацьпаветранай абаронай абясшкоджана 49 БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў. 40 — збіта агнявымі сродкамі, 9 — лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.
Расійскія войскі ў ноч на 11 чэрвеня атакавалі жылыя раёны Харкава. У выніку масіраванай атакі па Слабадскім і Аснавянскім раёнах паведамляецца аб прамых трапленнях у шматпавярховыя жылыя дамы, прыватныя дамы, дзіцячыя пляцоўкі, грамадскі транспарт і прамысловыя аб'екты. Загінулі два чалавекі, яшчэ 57 атрымалі раненні, у тым ліку 8 дзяцей.
Шэраг дачных дамоў, аўто і плаўсродкаў пашкоджаныя ў выніку расійскіх удараў па Адэскай вобласці ўначы 11 чэрвеня.
У ноч на 11 чэрвеня ўкраінскія беспілотнікі атакавалі Тамбоўскі парахавы завод у горадзе Катоўск Тамбоўскай вобласці РФ. Мясцовыя жыхары паведамляюць пра шматлікія выбухі.
* * *
Вашынгтон уважліва сочыць за сітуацыяй ва Украіне і ведае пра масіраваныя ўдары па ўкраінскіх гарадах расійскімі вайскоўцамі, заявіў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, піша Reuters.
«Удары Расіі па ўкраінскіх гарадах павінны быць неадкладна спыненыя. Мы асуджаем гэтыя ўдары і выказваем глыбокія спачуванні ахвярам і сем'ям усіх пацярпелых», — сказаў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамента.
* * *
Апошнія масіраваныя ўдары па Украіне з'яўляюцца сур'ёзным ваенным злачынствам Расіі, заявіў канцлер Германіі Фрыдрых Мерц падчас прэс-канферэнцыі з прэм'ерам Нідэрландаў Дзікам Схофам, паведамляе Tagesschau.
Палітык адзначыў, што ў апошнія дні расійскія вайскоўцы «мэтанакіравана і бязлітасна» атакуюць мірных украінцаў з дапамогай дронаў і крылатых ракет. На думку канцлера, такія ўдары расійцаў з'яўляюцца «тэрорам супраць грамадзянскага насельніцтва» і «чым заўгодна, але толькі не прапарцыйным адказам» на ўкраінскую аперацыю «Павуціна», у рамках якой дроны атакавалі расійскія аэрадромы.
* * *

* * *
Амерыканскі сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм у сацсетцы Х ухвальна адазваўся пра прадстаўленую ў аўторак прапанову Еўракамісіі аб новых санкцыях супраць Расіі. Грэм адзначыў, што «вельмі рады», што Еўропа ўводзіць новы раўнд санкцый супраць Расіі «за яе варварскае ўварванне ва Украіну».
«Гэты раўнд адрозніваецца тым, што ён накіраваны супраць кітайскіх кампаній, якія падтрымліваюць вайсковую машыну Пуціна. Без Кітая і Індыі, якія купляюць 70% расійскай нафты, вайсковая машына Пуціна спынілася б», — падкрэсліў сенатар.
Таксама ён адзначыў санкцыі супраць газаправодаў «Паўночная плынь 1» і «Паўночная плынь 2», і прапанову знізіць столь кошту расійскай нафты да 45 долараў. «Так трымаць, нашы еўрапейскія саюзнікі», — дадаў Грэм.
* * *
Украіна мяркуе, што шанцы на прыняццё законапраекта аб жорсткіх санкцыях супраць Расіі ў ЗША з'яўляюцца даволі істотнымі, і спадзяецца, што дакумент могуць унесці ў Сенат на гэтым тыдні. Пра гэта ў эфіры тэлемарафона заявіў упаўнаважаны прэзідэнта Украіны ў пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк.
Уласюк звярнуў увагу, што законапраект сенатара Ліндсі Грэма аб санкцыях супраць РФ будзе прыняты ў Сенаце незалежна ад пазіцыі прэзідэнта Дональда Трампа.
«Спадзяемся, што гэты законапраект будзе ўнесены ў Сенат на гэтым тыдні. Калі гэта здарыцца, мы можам упэўнена казаць пра такую выразную пазіцыю істэблішменту ЗША аб узмацненні санкцый супраць РФ», — дадаў ён.
Паводле яго, цяпер намаганьні лідараў многіх краінаў накіраваныя на тое, каб падштурхнуць ЗША да ўзмацнення санкцыйнага ціску. Так Расію можна прымусіць да рэальных перамоваў аб міры, мяркуе ён.
* * *
Міністр абароны Злучаных Штатаў Піт Хэгсет падчас паказанняў у Камітэце Палаты прадстаўнікоў ЗША паведаміў, што адміністрацыя прэзідэнта Дональда Трампа ў 2026 годзе плануе скараціць бюджэт дапамогі Украіне ў сферы бяспекі.
На пытанне кангрэсмена ад Дэмакратычнай партыі Джозэфа Морэла аб фінансаванні дапамогі Украіне ў сферы бяспекі Хэгсет адказаў, што «бюджэт на яе будзе скарочаны».
«Як вы ведаеце, гэтая адміністрацыя мае зусім іншы погляд на гэты канфлікт (вайну ва Украіне). Мы лічым, што мірнае ўрэгуляванне — у інтарэсах абодвух бакоў і ў інтарэсах нашай краіны, асабліва ўлічваючы ўсе супрацьстаянні ў свеце», — сказаў кіраўнік Пентагона.
Ён таксама заявіў, што «перамога» Украіны ў вайне дагэтуль не была дакладна вызначаная, «як і шлях да яе».
Як вядома, адміністрацыя Дональда Трампа не вылучала Украіне ваенную дапамогу пасля прыходу да ўлады, але зброя ў рамках пакетаў, абвешчаных папярэдняй адміністрацыяй, працягвае паступаць.
Пры гэтым Хэгсет назваў нядаўнія ўдары беспілотнікамі СБУ па расійскай авіяцыі ўглыбіні тэрыторыі РФ «смелай і эфектыўнай аперацыяй», якая была праведзена без кансультацый з Пентагонам. Але, тым не менш, Пентагон робіць з яе высновы.
«Гэта была смелая і вельмі эфектыўная аперацыя, пра якую мы не ведалі загадзя, і якая адлюстроўвае значны прагрэс у вайне з выкарыстаннем беспілотнікаў, якія мы адсочваем у рэжыме рэальнага часу ва Украіне. Мы выкарыстоўваем гэтую зваротную сувязь, каб лепш зразумець, як вырабляць больш смяротныя, устойлівыя да нападаў беспілотнікі, а таксама такія пагрозы і атакі», — сказаў Хэгсет.