Ліндсі Грэм: Кангрэс ЗША можа пачаць разглядаць санкцыі супраць Расіі ўжо на наступным тыдні
Сенатары Ліндсі Грэм і Рычард Блюменталь — суаўтары законапраекта аб маштабных санкцыях супраць РФ, — наведалі Кіеў з неафіцыйным візітам. Яны маюць намер дзейнічаць, калі перамовы па замірэнні, запланаваныя на 2 чэрвеня, праваляцца. А эксперты чакаюць, што яны праваляцца бо Расія не дэманструе жадання міру. Ідзе 1193-ці дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 191 боесутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 31 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 47 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Зары, Русіна Яру, Палтаўкі, Шаўчэнка Першага, Міралюбаўкі, Зверава, Малінаўкі, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Новасергіеўкі, Удалага, Андрэеўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 29 разоў, спрабуючы ўклініцца ў абарону УСУ ў раёнах Грэкаўкі, Капанкі, Рэдкадубу, Зялёнай Даліны і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку арсія РФ здзейсніла 25 атак у раёнах Канстанцінопалю, Багатіру, Атраднага, Шаўчэнка, Новаполю, Навасёлкі, Зялёнага Поля і іншых.
На Купянскім, Северскім і Тарэцкім кірунках армія РФ атакавала па 11 разоў на кожным.
У Курскай вобласці Расіі адбылося 34 боесутыкненні, расіяне нанеслі 14 авіяўдараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы пры гэтым 24 кіраваныя авіяцыйныя бомбы.
* * *
Расійскія акупацыйныя войскі актывізаваліся ў шэрай зоне каля вёскі Строеўка Купянскага раёна Харкаўскай вобласці, і спрабуюць зайсці ў гэты пункт, паведамілі аналітыкі праекта DeepState.
Аналітыкі ўдакладнілі, што сітуацыя паблізу Строеўкі падобная на тое, што адбываецца на заходнім беразе ракі Аскол. «Праціўнік заходзіць у лесапалосы як ДРГ, нават была спроба забегчы ў вёску, але замацоўвацца расійцы не спяшаюцца. Па ўсёй верагоднасці, у бліжэйшы час праціўнік прыменіць такую ж тактыку і ў іншых вёсках», — адзначылі ў DeepState.
* * *
У ноч на 31 траўня ў Харкаве прагучала серыя выбухаў, на месцы прылётаў узніклі пажары, пацярпеў чалавек.
У ноч на 31 траўня расійцы нанеслі ракетныя ўдары па тэрыторыі Недрыгайлаўскай грамады Сумскай вобласці, пацярпеў чалавек.
Уначы ў выніку расійскіх абстрэлаў Херсона загінуў 66-гадовы мужчына.
* * *

* * *
Расійская Федэрацыя наўмысна зацягвае мірны працэс, новы раўнд перамоў у Стамбуле не дасць выніку, прагназуюць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Яны абгрунтоўваюць сваю пазіцыю рыторыкай афіцыйных асоб Расіі. Так, пастаянны прадстаўнік Расіі пры ААН Васіль Небензя заявіў пра тое, што РФ «гатовая ваяваць з Украінай столькі, колькі спатрэбіцца», каб альбо прыняць мір на расійскіх умовах, альбо пацярпець паразу на полі бою.
Акрамя таго, спецпрадстаўнік Пуціна ў пытаннях інвестыцый і эканамічнага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі Кірыл Дзмітрыеў заклікаў «ліквідаваць першапрычыны крызісу ва Украіне».
І нарэшце, аб адсутнасці выніку ў другім раўндзе перамоваў, на думку аналітыкаў, сведчыць склад дэлегацыі РФ, аналагічны папярэднім перамовам у Стамбуле.
Таму ў ISW перакананыя, што паўтор расійскага боку даўно агучаных патрабаванняў і паўторная адпраўка дэлегацыі ніжэйшага ўзроўню сведчаць пра адсутнасць цікавасці Масквы да вядзення добрасумленных перамоў. «Расія імкнецца зацягваць мірныя перамовы, каб працягнуць наступальныя дзеянні ва Украіне і дамагчыся дадатковых саступак ад Украіны і Захаду», — перакананыя аналітыкі.
* * *
Таксама ў ISW мяркуюць, што Расійская Федэрацыя, атрымліваючы выгадныя сігналы ад ЗША з нагоды пашырэння NATO, спрабуе змяніць архітэктуру бяспекі ў Еўропе ва ўласных інтарэсах.
30 траўня прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што расійскіх чыноўнікаў натхняе пазіцыя адміністрацыі Трампа што да разумення турботаў Крамля з нагоды пашырэння NATO на ўсход. Пяскоў адзначыў, што пазіцыя Вашынгтона датычна будучага пашырэння NATO з'яўляецца «вельмі прывабнай» для Расіі, улічваючы тое, што ЗША працягваюць адыгрываць пасрэдніцкую ролю ў перамовах аб спыненні вайны.
Як адзначаюць аналітыкі, заява Пяскова сведчыць пра перакананні Расіі, што ЗША падтрымліваюць яе патрабаванне па змене базавай палітыкі Альянсу — палітыкі «адчыненых дзвярэй».
«Падобнае абавязальніцтва (аб непашырэнні NATO на Усход — рэд.) фактычна дало б Расіі права вета на асобныя палажэнні Статута NATO, спрыяла б фармаванню жаданага для яе пасляваеннага ландшафту бяспекі, а таксама падарвала б мэты прэзідэнта ЗША Дональда Трампа дасягнуць справядлівага і ўстойлівага міру ва Украіне», — адзначаюць у ISW.
Эксперты таксама звярнулі ўвагу, што расійскія чыноўнікі працягваюць карыстацца саступкамі з боку ЗША, не робячы пры гэтым ніякіх сіметрычных крокаў насустрач.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся з амерыканскімі сенатарамі Ліндсі Грэмам і Рычардам Блюменталем — суаўтарамі законапраекта аб маштабных санкцыях супраць РФ. Сенатары ад Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый прыбылі ва Украіну з неафіцыйным візітам.
«Я ўдзячны за ініцыятыву-двухпартыйны законапраект аб санкцыях, які падтрымліваюць ужо 82 сенатары. Абмеркавалі гэта і іншыя рычагі, якія можам Ужыць, каб прымусіць Расію да міру», - напісаў Зяленскі ў Х.
* * *
Сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм чакае, што верхняя палата Кангрэса ўжо на наступным тыдні пачне разгляд новых маштабных санкцый супраць Расіі праз адсутнасць прагрэсу ў дасягненні замірэння ва Украіне. Пра гэта ён сказаў у гутарцы з журналістамі падчас візіту ў Кіеў, піша Bloomberg.
Грэм адзначыў, што Украіна зрабіла ўсё, пра што яе прасілі ЗША, а Расія нікому не паведамляе пра свае далейшыя намеры ў кантэксце мірнага працэсу. «Хопіць размоў, час дзейнічаць... Я чакаю, што на наступным тыдні Сенат пачне разглядаць законапраект аб санкцыях», — анансаваў сенатар.
Што тычыцца ніжняй палаты Кангрэса, згода якой таксама будзе неабходная для ўхвалення новых санкцый, Грэм заявіў, што ёсць «чальцы Палаты прадстаўнікоў, якія гатовыя дзейнічаць, і вы ўбачыце дзеянні Кангрэса».
Нагадаем, сенатары Рычард Блюменталь і Ліндсі Грэм разам з 80 суаўтарамі падалі законапраект, які прадугледжвае дадатковыя эканамічныя санкцыі супраць Расіі за адмову ад перамір'я. Законапраект прадугледжвае ўвядзенне 500-працэнтнай пошліны на тавары, імпартаваныя з краін, якія купляюць расійскую нафту.