Наступны раўнд перамоў аб міры ва Украіне можа прайсці ў Стамбуле

Расія прапанавала сваё месца для правядзення перамоў аб міры ва Украіне, але зрабіла гэта так, што ў любы момант можа сарваць гэтыя перамовы. Яе «мемарандум аб міры» застаецца таямніцай, і зразумела, што перамовы сарвуцца, калі ў ім будуць непрымальныя для Украіны рэчы. Тым часам Дональд Трамп даў Пуціну два тыдні, каб той даказаў, што не падманвае кіраўніка ЗША. Ідзе 1191-шы дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

_artileristi_foto_minoboroni_rf_987f278b46c7141b2cc3faadfbf3fbb7_650x410.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 205 боесутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 29 траўня.

Пякельна па ранейшаму на Пакроўскім кірунку, дзе абаронцы Украіны спынілі 54 штурмавыя дзеянні расіян ў раёнах Міралюбаўкі, Малінаўкі, Мірнага, Лісоўкі, Котліна, Удалага, Катляроўкі, і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 24 разы, спрабуючы ўклініцца ў абарону Украіны ў раёнах Рэдкадубу, Студні, Надзеі, Грэкаўкі, у Серабранскім лесе і іншых.

На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 21 атаку ў раёнах Тарэцка, Дыліеўкі, Дружбы.

На Новапаўлаўскім кірунку расіяне таксама атакавалі 21 раз ў раёнах Канстанцінопалю, Багатіра, Новаполя, Зялёнага Поля і іншых.

На Краматорскім кірунку расіяне 15 разоў атакавалі ў бок Маркавага, Прадцечына, паблізу Часавага Яру і Белай Гары.

На Купянскім кірунку адбылося восем атак.

У Курскай вобласці Расіі адбылося 33 боесутыкненні, расіяне нанеслі 20 авіяўдараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 38 кіраваных авіяцыйных бомбаў.

* * *

На фронце ва Украіне расійскія войскі за апошнія дні прасунуліся ў пяці кірунках. Фіксуецца іх прасоўванне паблізу Часавага Яра, Тарэцка, Пакроўска, Вялікай Навасёлкі, а таксама ў Курскай вобласці, піша 29 траўня амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 27 траўня, паказваюць, што расійцы прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Новага Шляху (на паўднёвы ўсход ад Коранева) у Курскай вобласці Расіі.

Апублікаваныя 27 траўня геалакацыйныя кадры паказваюць, што войскі РФ прасунуліся па вуліцы Дняпроўскай у цэнтры Часавага Яру.

Геалакацыйныя кадры ад 27 і 28 траўня паказваюць прасоўванне арміі РФ на поўнач ад Дружбы (на ўсход ад Тарэцка) і да заходняй часткі Яблонаўкі (на паўночны захад ад Тарэцка).

Геалакацыйныя кадры ад 27 траўня паказваюць, што войскі РФ трохі прасунуліся на паўночны захад ад Елізаветаўкі (на ўсход ад Пакроўска).

Апублікаваныя 28 траўня геалакацыйныя кадры паказваюць, як салдаты РФ падымаюць трыкалор у цэнтры Зялёнага Поля (на захад ад Вялікай Навасёлкі), што можа сведчыцць, што яны акупавалі вёску. Расійскія «ваенкоры» ў той жа чсас сцвярджалі, што УСУ контратакавалі паблізу Зялёнага Поля і Новаполя.

* * *

На Сумшчыне ў выніку расійскай атакі беспілотнікамі ноччу 29 траўня адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін атрымаў цяжкія раненні. Пашкоджаная фермерская гаспадарка, грамадзянская інфраструктура і жылыя дамы.

Тры чалавекі атрымалі раненні ў выніку расійскіх удараў па Днепрапятроўскай вобласці ўначы 29 траўня.

У ноч на 29 траўня ў расійскім Санкт-Пецярбургу ўспыхнуў пажар на тэрыторыі завода «Авангард», які спецыялізуецца на вытворчасці мікраэлектронікі і мае статус стратэгічнага прадпрыемства Расіі.

Пажар узнік каля гадзіны ночы на тэрыторыі памяшканняў, дзе выраблялі і збіралі мікрасхемы. Па даных «SHOT», над месцам пажару падымаўся магутны слуп густога чорнага дыму, а полымя ахапіла плошчу каля 100 квадратных метраў.

Telegram-каналы «Піцерская хроніка» і «SHOT» са спасылкай на відавочцаў таксама паведамілі пра выбухі, якія прагучалі перад пажарам, але афіцыйных паведамленняў пра атаку беспілотнікаў не было.

* * *

500813946_1054171573562587_3813695278029538725_n.jpg

* * *

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што Масква прапанавала Украіне правесці наступны раўнд прамых перамоваў у Стамбуле ў наступны панядзелак, 2 чэрвеня. З заяваў Лаўрова канчаткова вынікае, што РФ адмаўляецца ад працягу перамоваў з Украінай у Швейцарыі і Ватыкане — месцаў, прапанаваных і ўзгодненых заходнімі дзяржавамі.

Лаўроў заявіў, што Расія гатовая даць свой мемарандум аб спыненні вайны ва Украіне на гэтай сустрэчы.

Міністр абароны Украіны Рустэм Умераў, які ўзначальвае ўкраінскую перамоўную групу, у сваю чаргу патрабуе ад Расіі перадаць падрыхтаваны ёю мемарандум не чакаючы вочнага раўнда перамоваў. Паводле яго, Кіеў ужо перадаў расійскаму боку сваю пазіцыю па спыненні агню. Расія абяцала перадаць свой мемарандум адразу пасля завяршэння абмену палоннымі ў фармаце «1000 на 1000», які завяршыўся ў нядзелю.

«Мы заклікаем расійскі бок неадкладна выканаць гэтае абяцанне і спыніць спробы зрабіць сустрэчу дэструктыўнай. Дыпламатыя павінна быць змястоўнай, а новая сустрэча павінна даць вынік», — падкрэсліў Умераў.

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга таксама заявіў, што Расія павінна неадкладна перадаць свой мемарандум, а не чакаць сустрэчы. «Мы чакаем, што расійскі бок не сарве наступную сустрэчу і неадкладна падасць свае прапановы на наш разгляд, як гэта і было дамоўлена раней. Толькі належным чынам падрыхтаваная сустрэча можа даць рэальныя вынікі», — растлумачыў ён.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаў моцнае расчараванне тым, як Расія атакуе Украіну падчас спробаў ЗША наладзіць перамоўны працэс. Але ён пакуль сумняваецца, што кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін яго падманвае.

Падчас сустрэчы з журналістамі ў Белым доме Трамп на пытанне аб тым, ці не сабатуе Пуцін намаганні па ўсталяванні міру ва Украіне і ці сапраўды ён хоча спынення вайны, Трамп адказаў, што «не можа гэтага сказаць, але дасць ведаць прыкладна праз два тыдні».

«Мы даведаемся, падманвае ён нас ці не, і калі так, мы адрэагуем крыху інакш, але гэта зойме прыкладна паўтара-два тыдні», — паабяцаў ён.

Трамп заявіў, што ягоны спецпасланнік Стывен Уіткаф «робіць фенаменальную працу і цяпер вельмі рашуча вядзе перамовы» з расійскім бокам.

«Я магу сказаць толькі тое, што я вельмі расчараваны тым, што адбылося некалькі начэй таму, калі людзей (ва Украіне) забілі пасярод таго, што можна назваць перамовамі. Я вельмі расчараваны гэтым. Вельмі-вельмі расчараваны», — сказаў прэзідэнт ЗША.