Беларусь, якая чакае. Баранавіцкія наваколлі (ФОТА)

Заўсёды прыемна чытаць вашыя парады ды водгукі на нашыя вандроўкі і сёння мы працягваем выконваць замовы! Адзін з нашых чытачоў вырашыў не адпускаць нас з Берасцейшчыны і прапанаваў наведаць яшчэ некалькі месцаў побач з Баранавічамі. Хто мы такія, каб адмаўляцца? Паехалі!

Першая восеньская вандроўка пачынаецца з хмарнага неба і кропляў дажджу, але мы ведаем, што гэта такія хітрыкі нашага сталага месца жыхарства — каб не адпускаць нас кудысьці, бо мы і тут патрэбныя. Але запэўніваем родны горад, што неўзабаве вернемся, і хуценька выязджаем у запланаваным напрамку.

Як мы і думалі, праз пару дзясяткаў кіламетраў надвор'е пачынае выпраўляцца, і каля першай нашай кропкі ўжо ва ўсю моц ззяе цёплае восеньскае сонейка. Невялічкая вёска Мядзведзічы, нягледзячы на невялікі памер і вонкавую сціпласць, мае вялікую гісторыю адной з самых старажытных каталіцкіх парафій на Беларусі. Першы драўляны касцёл Святых Пятра і Паўла з'явіўся тут напрыканцы XV стагоддзя. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што ён праіснаваў да пачатку ХХ стагоддзя. Па іншых меркаваннях, першы храм быў спалены татарамі ў 1630 годзе, але потым быў адноўлены Радзвіламі ў 1645 годзе. Але дакладна вядома, што мясцовыя вернікі вельмі клапаціліся аб сваім храме і прымалі непасрэдны ўдзел у рамонтах, пакуль у 1886 годзе расейскія ўлады не скасавалі парафію і закрылі касцёл.

Толькі амаль праз 20 гадоў у вернікаў атрымалася вярнуць сваю святыню, але за гэты час будынак прыйшоў у зусім непрыдатны стан, і праводзіць у ім набажэнствы было нельга. На будаўніцтва новага храму вернікі сабралі больш за 50 тысяч рублёў — гэта былі вельмі вялікія грошы! Праект новага храму рабіў вядомы архітэктар Стэфан Шылер. І ўжо ў 1908 годзе над Мядзведзічамі паўстаў новы белы прыгажун з рысамі эклектыкі і неабарока. Такіх касцёлаў у Беларусі больш няма! Дзіўна, але падчас абедзвюх сусветных войнаў і за савецкім часам касцёл зусім не пацярпеў і ўвесь час працаваў. Касцёл Святых Пятра і Паўла вядомы яшчэ і сваім арганам 1912 году, які, па сведчаннях знаўцаў, мае вельмі цікавае гучанне. Штогод некалькі разоў тут праходзяць канцэрты арганнай музыкі, якія збіраюць аматараў з усёй краіны. На жаль, унутр патрапіць не атрымалася. Прыйдзецца неяк вярнуцца!

Некалькі кіламетраў па восеньскай дарозе і мы ўжо ў вёсцы Востраў, якая вядомая сваёй незвычайнай драўлянай царквой Святых апосталаў Пятра і Паўла. Сама вёска з'явілася недзе на пачатку XVI стагоддзя, прыкладна на той жа час даследчыкі адносяць і першую царкву, якая была зруйнавана ў 1773 годзе з нагоды яе спарахнелага стану. Новы храм пабудавалі толькі ў 1910 годзе і, у адрозненне ад папулярных у той час «мураўёвак», ён быў узведзены ў неарускім стылі, што дастаткова выгадна вылучае яго сярод «стандартаў» таго часу. 

Царква зачынена, таму мы вырашылі трохі прагуляцца па вёсцы. Спадзяемся, сярод нашых чытачоў будуць тыя, хто пазнае родныя мясціны.

А зараз мы ў вёсцы Мілавіды і нарэшце ўжо пакажам тое, аб чым вы не аднойчы пыталіся і што шмат разоў згадвалася ў нашых справаздачах. У гэтай вёсцы месціцца царква Святога Сергія Раданежскага, якая была пабудавана ў 1865 годзе і з'яўляецца класічным прыкладам «мураўёўкі», што пазначаецца «рэтраспектыўна-рускім стылем сінадальнага кірунку». Мы не раз ужо прыгадвалі, што пасля паразы паўстання 1863 году на Беларусі шмат касцёлаў было закрыта і перададзена ў праваслаўе, але ў той жа час па ўсім «Паўночна-Заходнім краі» распачалося масавае будаўніцтва праваслаўных храмаў, адрозных у дэталях, але па стылю зацверджаных Свяцейшым Сінодам РПЦ (адсюль і «сінадальны кірунак»). Дамінуючая званіца, «цыбульныя купалы», прамавугольная малітоўня — гэта ўсё рысы «мураўёвак». А сама назва пайшла ад прозвішча тагачаснага генерал-губернатара М.Мураўёва, які патапіў у крыві паўстанне 1863 году.

А сама вёска Мілавіды таксама з гісторыяй, бо ўжо ў 1680 годзе тут існавала Барысаглебская уніяцкая царква, потым царква Прасвятой Багародзіцы. А потым старыя абразы з тых цэркваў неяк апынуліся «перададзенымі ў дзеючы храм».  Дарэчы, ля царквы месцяцца старыя могілкі, якія дадаюць асобнага шарму гэтаму месцу.

Ну і, канешне, яшчэ некалькі краявідаў ад нашага фатографа, якому тут вельмі спадабалася.

Яшчэ адна цікавостка Мілавідаў знаходзіцца на пэўнай адлегласці ад вёскі. Гэта мемарыял, прысвечаны бітве паўстанцаў Каліноўскага з рускім войскам 22 траўня 1863 году. Спачатку ў 1913 годзе быў усталяваны помнік загінулым рускім салдатам, а падчас знаходжання Мілавідаў у складзе Польшчы ў 1933 годзе роўна насупраць была ўзведзена вялікая мемарыяльная капліца ў гонар паўстанцаў.

У 1988 годзе побач з капліцай быў усталяваны вялікі валун «За вольнасць нашу і вашу», а ў 2010 — другі з выявай Кастуся Каліноўскага і імёнамі мясцовых жыхароў, якія загінулі ў той бітве. Месца вельмі дагледжанае, вельмі раім тут пабываць.

Далей па плану былі Баранавічы, але форс-мажорныя абставіны ў нашага кіроўцы вымусілі перанесці наведванне гэтага гораду на іншы раз. Гэта і правільна, бо Баранавічы вартыя асобнай вандроўкі і рэпартажу. Але ж мы не маглі не пачаставацца знакамітымі баранавіцкімі «лодачкамі» і яшчэ больш упэўніліся, што сюды дакладна яшчэ вернемся!

Мы развітваемся з вамі і спадзяемся, што гэта на зусім непрацяглы час. Восеньскія вандроўкі самі сябе не заплануюць, таму чакаем ад вас прапаноў і будзем старацца абавязкова іх выканаць! Бывайце Здаровы – Пішыце Замовы!

Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.