Дональд Трамп: Пуцін у вайне ва Украіне губляе больш людзей, чым забівае
Дональд Трамп ацаніў страты Расіі ў вайне з Украінай, і зноў перакладае адказнасць за завяршэнне вайны ва Украіне на Еўропу. Ён патрабуе ад ЕС не толькі жорсткіх санкцый у дачыненні да Расіі, але і тарыфы для Кітая. Але пры гэтым сам уводзіць санкцыі і тарыфы не спяшаецца. Ідуць 1304-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Знішчаныя расійскія танкі ва Украіне. Фота з yahoo.com
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 223 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 19 верасня. Траціна штурмаў — 87 — была спыненая абаронцамі Украіны на Пакроўскім кірунку ў раёнах Шахавага, Уладзіміраўкі, Новага Шахавага, Новаэканамічнага, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Удачнага, Арэхавага, Дачнага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы 27 разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў раёнах Січневага, Уваскрасенкі, Паддубнага, Маліеўкі, Камышувахі, Тэрнаў і іншых.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 17 атак у раёнах Шчарбінаўкі, Клебан-Быка, Тарэцка, Палтаўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 16 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Калодзежаў, і ў бок Шыйкаўкі, Новаселаўкі, Шандрыгалава, Дэрылава.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 15 разоў штурмаваў пазіцыі УСУ паблізу Глыбокага, Ваўчанску, Ваўчанскіх Хутараў, Адраднага.
На Сіверскім кірунку зафіксавана 13 атак расіян у раёнах Серабранкі, Грыгораўкі і ў бок Ямпаля, Дронаўкі, Выемкі.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося 12 баявых сутыкненняў.
* * *
Расійскае ваеннае камандаванне працягвае дэманстраваць прыхільнасць тэорыі перамогі Уладзіміра Пуціна, згодна з якой Расія здольная выйграць вайну на знясіленне супраць Украіны, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Эксперты адзначылі заяву Пуціна, што на ўкраінскім фронце знаходзяцца больш за 700 тысяч расійскіх вайскоўцаў. 17 верасня начальнік Генштаба УС РФ Валерый Герасімаў заявіў, што расійскія войскі наступаюць «практычна на ўсіх франтах» ва Украіне.
Эксперты ISW перакананыя, што такія мэсэджы Пуціна і Герасімава адпавядаюць агульнай тэорыі перамогі, згодна з якой Расія мае рэсурсы і баявыя магчымасці для бясконцага паступовага прасоўвання і такім чынам перамогі Украіны ў вайне на знясіленне. Гэтая канцэпцыя заснаваная на здагадцы, што Расія зможа перажыць падтрымку Украіны з боку краін Захаду і знясіліць здольнасць Сіл абароны супраціўляцца агрэсіі.
У ISW нагадалі неаднаразовыя заявы Пуціна аб тым, што ён лічыць магчымым дасягненне сваіх ваенных мэтаў на полі бою, нават калі прасоўванне расійскіх войскаў з'яўляецца павольным.
«Апошнія заявы Пуціна і Герасімава з'яўляюцца часткай больш шырокіх намаганняў Крамля прымусіць Украіну і Захад неадкладна пайсці на саступкі ягоным максімалісцкім патрабаванням, апелюючы да страху, што перамога Расіі нібыта непазбежная і што расійская агрэсія ў будучыні будзе толькі ўзмацняцца», — перакананыя ў ISW.
* * *
У ноч на 19 верасня расійскія войскі абстралялі ўдарнымі дронамі Паўлаград. У выінку атакі ў горадзе ўспыхнулі пажары.
У ноч на пятніцу, 19 верасня, расійскія БПЛА атакавалі Кіеў, у горадзе працавала СПА. Гарадская ўлада паведамляе пра падзенне беспілотніка ў Саломенскім раёне. Падчас начной атакі адбылося пашкоджанне канала падлучэння да аператара тэлекамунікацыйнай сеткі, якая прадстаўляе паслугі КП «Кіеўпастранс». У хуткасным трамваі і фунікулёры магчымыя перабоі з аплатай карткай і валідацыяй квіткоў на турнікетах праезду.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у часе візіту ў Вялікабрытанію абгаварыў заканчэнне вайны ва Украіне на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам. Трамп зноў паўтарыў, што скончыць вайну ва Украіне аказалася нашмат больш складанай задачай, чым ён першапачаткова думаў.
«Ён падвёў мяне. Ён па-сапраўднаму падвёў мяне, — сказаў прэзідэнт ЗША пра Уладзіміра Пуціна. — Ён забівае шмат людзей і губляе больш людзей, чым забівае. Шчыра кажучы, расійскія жаўнеры гінуць часцей, чым украінскія... Я вельмі расчараваны, што гэта (вайна ва Украіне) яшчэ не вырашана».
«Спадзяюся, хутка ў нас будуць добрыя навіны на гэтую тэму», — сказаў Трамп, не патлумачыўшы, што ён мае на ўвазе.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не лічыць, што настаў час узмацняць санкцыі супраць Расіі. Пра гэта ён заявіў журналістам на борце самалёта, вяртаючыся ў ЗША пасля візіту ў Вялікабрытанію, паведамляе Bloomberg.
У адказ на пытанне, ці не надышоў час для санкцый супраць Расіі з улікам таго, што пасля сустрэчы з Пуціным на Алясцы прайшло некалькі месяцаў, кіраўнік Белага дома сказаў: «Мне так не здаецца, але ў патрэбны момант, калі мне давядзецца гэта зрабіць, гэта будзе жорстка».
Пры гэтым Трамп паўтарыў сваё меркаванне, што неабходна працаваць над тым, каб знізіць кошт нафты і такім чынам прымусіць Пуціна скончыць вайну. «Я гатовы рабіць іншыя рэчы, але не тады, калі людзі, за якіх я змагаюся, купляюць нафту ў Расіі», — сказаў Трамп, маючы на ўвазе некаторывя краіны ЕС.
Bloomberg адзначае, што прамыя закупкі расійскай нафты большасцю еўрапейскіх краін спыніліся з пачатку ўварвання Масквы ва Украіну ў 2022 годзе, аднак невялікі аб'ём працягвае паступаць у краіны Усходняй Еўропы, якія не маюць выхаду да мора.
У той жа час Трамп заклікаў Еўропу ўжыць санкцыі ў дачыненні да Кітая, каб той ціснуў на Расію з мэтай прымусіць РФ скончыць вайну супраць Украіны.
«Калі б яны (еўрапейскія краіны) ужылі санкцыі, напрыклад, або пошліны, ці як бы вы гэта ні назвалі — калі б яны зрабілі гэта ў дачыненні да Кітая, я думаю, вайна, магчыма, скончылася б. Таму што Кітай на сёння з'яўляецца бясспрэчна найбуйнейшым пакупніком нафты з Расіі. І я думаю, што ў іх ёсць і іншыя рычагі ўплыву на Расію таксама...
У пятніцу я буду размаўляць з лідарам Сі... Паглядзім, як усё складзецца. Калі Еўропа зробіць нешта ў дачыненні да Кітая, думаю, Кітай, верагодна, прымусіць спыніць вайну», — сказаў Трамп.
* * *
У Бруселі 19 верасня пройдзе пасяджэнне Камітэта пастаянных прадстаўнікоў ЕС (Coreper), на якім паслам 27 дзяржаў Еўрапейскага Саюза прадставяць новы, 19-ы пакет санкцый ЕС супраць Расіі.
Раней Еўрасаюз адклаў афіцыйнае прадстаўленне 19-га пакета санкцый супраць РФ пасля таго, як амерыканскі прэзідэнт запатрабаваў ад Еўропы больш жорсткіх захадаў як умовы для ўвядзення санкцый з боку ЗША.
* * *
На наступным тыдні запланаваныя перамовы міністраў абароны краін ЕС, на якіх будзе абмяркоўвацца стварэнне «сцяны ад дронаў» уздоўж усходняй мяжы супольнасці, піша Reuters.
Сустрэчу анансаваў еўрапейскі камісар па пытаннях абароны Андрус Кубілюс. Аналітыкі і афіцыйныя асобы заявілі, што нядаўняе ўварванне расійскіх дронаў у Польшчу выявіла прабелы ў здольнасці Еўропы і NATO абараняцца ад беспілотнікаў, хоць паветраныя сілы Польшчы і хаўруснікаў па NATO збілі некалькі з іх.
«Мы сапраўды хочам рухацца наперад з вельмі інтэнсіўнай і эфектыўнай падрыхтоўкай, каб пачаць запаўняць гэты прабел, які з'яўляецца для нас вельмі небяспечным... Як мага хутчэй», — сказаў Кубілюс у інтэрв'ю.
Еўракамісар адзначыў, што на канферэнцыю запрошаныя прадстаўнікі Украіны, якія могуць падзяліцца досведам з вайны, развязанай Расіяй пасля яе ўварвання ў 2022 годзе.
Кубілюс адзначыў, што абмеркаванні ўсё яшчэ знаходзяцца на пачатковай стадыі, і пакуль рана ацэньваць кошт такой сістэмы або тэрміны яе стварэння, хоць некаторыя публічныя ацэнкі аналітыкаў кажуць, што гэта можна рэалізаваць на працягу года.