Reuters: Расійскае камандаванне значна завышае свае поспехі на фронце

Нягледзячы на тое, што Расія цісне на ўсіх участках фронту, поспехі ў яе не такія добрыя, як хацелася б яе камандаванню. Украінскія войскі стрымліваюць армію РФ, і гэта ім паспяхова ўдаецца. Тым не менш, Пуцін мае намер працягваць агрэсію. Ідуць 1303-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

547665145_1141786604801083_6401661547703546176_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 184 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 18 верасня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 69 наступальных дзеянняў расіян у раёнах Уладзіміраўкі, Залатога Калодзежу, Новаэканамічнага, Лісоўкі, Мураўкі, Зверава, Міралюбаўкі, Новаўкраінкі і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку расійцы 22 разы атакаваў пазіцыі УСУ ў раёнах Аляксандраграду, Паддубнага, Васкрасенкі, Камышавахі і іншых.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 21 раз, спрабуючы прасунуцца паблізу Зарэчнага, Сажалкі, Торскага, Новаміхайлаўкі, , Шандрыгалава і іншых.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 17 атак у раёнах Шчарбінаўкі, Пляшчэеўкі, Кацярынаўкі, Русінага Яра, Палтаўкі.

На Сіверскім кірунку расіяне 14 разоў атакаваў пазіцыі УСУ ў раёнах Грыгараўкі, Дронаўкі, Серабранкі, Выемкі, Фёдараўкі.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) і Паўднёва- Слабажанскім кірунках за мінулыя суткі адбылося па 11 боесутыкненняў на кожным.

* * *

Сітуацыя на ўсходзе Украіны застаецца вельмі напружанай: у раёнах Пакроўска і Купянска ўзмацняюцца баі, а расійскія войскі мяняюць тактыку, спрабуючы атачаць стратэгічныя гарады, піша Sky News.

Украінскія сілы ўтрымліваюць Пакроўск у Данецкай вобласці больш за год, аднак становішча вакол горада ўскладняецца. Расійская армія стварыла так званую «зону паразы» пры дапамозе беспілотнікаў і фактычна перакрыла асноўныя маршруты забеспячэння.

Эксперт Каралеўскага каледжа Лондана доктар Марына Мірон адзначыла, што Масква пазбягае прамога штурму, бо гэта запатрабавала б велізарных чалавечых рэсурсаў: «Яны спрабуюць выцесніць украінцаў, паступова акружаючы Пакроўск».

Страта Пакроўска можа паставіць пад пагрозу Краматорск і Славянск, якія застаюцца ключавымі апорнымі пунктамі ўкраінскай абароны, адзначаецца ў паведамленні.

* * *

Расійскае камандаванне сцвярджае аб прасоўванні на ўсіх франтах ва Украіне, але ўкраінскія крыніцы фіксуюць лакальныя поспехі абароны, піша Reuters.

У сераду, 17 верасня, Мінабароны Расіі паведаміла, што генерал Валерый Герасімаў, начальнік штаба УС РФ, наведаў пазіцыі сваіх войскаў і адзначыў, што прасоўванне маскоўскіх сіл вядзецца практычна па ўсіх напрамках. Паводле яго слоў, найбольшыя сутыкненні адбываюцца ў раёне Чырвонаармейска (савецкая назва Пакроўска), дзе ўкраінскія падраздзяленні « беспаспяхова» спрабуюць спыніць наступ.

Расійскі генерал таксама згадаў пра прасоўванне войскаў на захад — у Запарожскай і Днепрапятроўскай абласцях, а на поўнач — да Купянска і Ямпаля, дзе вядуцца баявыя дзеянні з разбурэннямі інфраструктуры.

Украінскія камандзіры сцвярджаюць, што ў раёне Пакроўска іх войскі адбілі наступ, а даныя адкрытых крыніц, такіх як ваенны блог DeepState, фіксуюць поспехі ўкраінскай абароны ў суседніх раёнах. Паблізу Купянска спроба прасоўвання расійскіх войскаў, па словах прадстаўнікоў УСУ, прывяла да захопу часткі праціўніка ў палон.

Раней у інтэрв'ю Sky News украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што апошнія тры наступальныя аперацыі расійцаў не прынеслі значных вынікаў, але Кіеў рыхтуецца да магчымых больш маштабных атак.

* * *

Нядаўна ўкраінскія войскі прасунуліся на тактычным участку Канстанцінаўка-Дружкоўка.  Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 17 верасня, паказваюць, што ўкраінскія войскі прасунуліся на паўднёвым захадзе Часавга Яра (паўночны ўсход ад Канстанцінаўкі), паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 17 верасня, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна захапілі Траянду (на поўдзень ад Пакроўска) і тэрыторыю паўднёвага Пакроўска. 

* * *

У ноч на 18 верасня расійскія войскі атакавалі Украіну 75 ударнымі БПЛА тыпу Shahed, «Гербера» і беспілотнікамі іншых тыпаў. СПА абясшкодзіла 48 дронаў.

Некалькі цягнікоў затрымліваюцца з-за адключэння электрычнасці на некалькіх участках чыгункі ў Палтаўскай вобласці ў выніку расійскага абстрэлу. Пацярпеў чалавек, паведаміў кіраўнік Палтаўскай АВА Уладзімір Кагут.

З-за атакі расійскіх беспілотнікаў у ноч на 18 верасня ў Барыспальскім раёне Кіеўскай вобласці адбылося ўзгаранне складскіх памяшканняў. У Бучанскім раёне таксама ўзнік пажар — у прыватным доме. Паведамленняў аб пацярпелых пакуль не паступала.

* * *

548201878_1142176458095431_6925042344728079048_n.jpg

* * *

Пуцін звольніў намесніка кіраўніка апарата Крамля Дзмітрыя Козака, верагодна, з-за рознагалоссяў па Украіне і працягу вайны. Козак настойваў на перамовах з Украінай, а рашэнне аб яго адстаўцы сведчыць аб жаданні кіраўніка РФ у далейшым ваяваць з Украінай, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

«Высокапастаўленыя прадстаўнікі Крамля, верагодна, з ухвалення кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна, звольнілі намесніка кіраўніка апарата Крамля Дзмітрыя Козака з яго высокай крамлёўскай пасады пасля некалькіх гадоў нязгоды з палітыкай Пуціна з нагоды вайны ва Украіне... Верагоднае рашэнне Пуціна выцесніць са свайго блізкага атачэння вядомага чыноўніка Крамля пасля выказвання жадання спыніць вайну ва Украіне яшчэ раз сведчыць пра тое, што Пуцін і ягоныя дарадцы аб'ядноўваюцца вакол сваёй адданасці працягу вайны ва Украіне і вакол максімалісцкіх патрабаванняў Пуціна», — пішуць аналітыкі.

Паведамляецца, што Козак быў адзіным удзельнікам пасяджэння Савета бяспекі РФ 21 лютага 2022 года, які выступіў супраць пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Таксама Козак выступіў пасярэднікам у дасягненні пагаднення з Украінай у пачатку вайны, якое б прадухіліла сяброўства Украіны ў NATO, але Пуцін адхіліў пагадненне, бо хацеў анэксаваць украінскую тэрыторыю.

У апошнія некалькі месяцаў Козак раіў Пуціну неадкладна спыніць баявыя дзеянні ва Украіне, пачаць мірныя перамовы і паменшыць уплыў расійскіх службаў бяспекі.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, падобна, наўмысна высунуў Еўрапейскаму Саюзу патрабаванні, якія блок не выканае. Гэта дасць яму магчымасць ухіліцца ад увядзення новых санкцый супраць Расіі, піша The Wall Street Journal.

Некаторыя еўрапейскія дыпламаты ў размове з журналістамі выдання выказалі ўпэўненасць у тым, што патрабаванне Трампа для краін Еўропы аб адмове ад расійскіх энерганосьбітаў было вылучана наўмысна. Трамп, лічаць яны, ведае, што краіны ЕС не змогуць выканаць яго патрабаванне. А паколькі Трамп патрабуе, каб усе краіны Еўрасаюза спынілі купляць нафту з Расіі, невыкананне патрабавання дасць яму магчымасць пазбегнуць узмацнення эканамічнага ціску на Расію.

Нядаўна Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты гатовыя ўвесці «сур'ёзныя» санкцыі супраць Расіі — пры ўмове, што краіны NATO спыняць купляць у РФ энергарэсурсы. Прэзідэнтка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен пасля размовы з Трампам заявіла, што прапануе паскорыць паступовую адмову ад імпарту паліва з РФ.

Аднак у рэальнасці ЕС наўрад ці зможа адмовіцца ад расійскай нафты і газу ў найбліжэйшыя два гады. Да гэтага блок планаваў поўную адмову да 2028 года, але вымушаны быў паскорыцца праз патрабаванні Трампа. Яшчэ большае паскарэнне пакуль проста немагчыма.

У прыватнасці, як паведамляе Bloomberg, Славаччына і Вугоршчына заявілі, што будуць супраціўляцца ціску з боку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адносна скарачэння імпарту расійскай нафты і газу, пакуль краіны-чальцы ЕС не знойдуць альтэрнатыўных крыніц паставак.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не выключыў магчымасці сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Нью-Ёрку на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН. Пра гэта Зяленскі заявіў на брыфінгу для прэсы пасля сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапейскага парламента Рабертай Метсолай.

«Нашы каманды працуюць, каб атрымалася нам сустрэцца», — каротка сказаў ён у адказ на пытанне журналістаў аб магчымасці сустрэчы.

Раней дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што Трамп можа сустрэнецца з Уладзімірам Зяленскім на наступным тыдні на палях Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку.