Сустрэча паміж украінскай і расійскай дэлегацыямі можа адбыцца ў Стамбуле на гэтым тыдні

Варта было прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму абвясціць пра прапанову Украіны аб чарговай сустрэчы з Расіяй, дык тая адразу адрэагавала. У той жа час саюзнікі думаюць пра ўзбраенне Украіны да таго часу, як скончыцца тэрмін «ультыматуму Трампа». Выйсце для Расіі, падаецца, адно —пагадзіцца на спыненне агню. Ідзе 1244-ты дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота з inosmi.ru

Ілюстрацыйнае фота з inosmi.ru

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 154 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 21 ліпеня.

Па-ранейшаму амаль траціна боесутыкненняў прыходзіцца на Пакроўскі кірунак — там абаронцы Украіны спынілі 46 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян у раёнах Палтаўкі, Удалага, Новаэканамічнага, Лісоўкі, Зверава, Дачнага, Новапаўлаўкі, Арэхавага, Аляксееўкі і іншых.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулыя суткі адбылося 23 боесутыкненні. На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 20 разоў у раёнах Карпаўкі, Студні, Новага Свету, Рэдкадубу, Торскага.

На Новапаўлаўскім кірунку расійцы 17 разоў атакавлі ў раёнах Ялты, Мірнага, Васкрасенкі, Зялёнага Поля, Наваполю і іншых.

На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі дзевяць атак, на Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку армія РФ сем разоў штурмавала пазіцыі УСУ.

На Северскім кірунку адбылося шэсць боесутыкненняў.

* * *

У ноч на 21 ліпеня Расія здзейсніла маштабную камбінаваную паветраную атаку на Украіну. Армія РФ ўжыла ўдарныя беспілотнікі і ракеты рознага базавання. У прыватнасці, РФ выпусціла па Украіне дроны тыпу «Шахед», крылатыя ракеты «Калібр», аэрабалістычныя ракеты «Кінжал» і ракеты з бамбавікоў Ту-95.

У выніку масіраванай камбінаванай атакі Расіі па Івана-Франкоўскай абшчыне былі пашкоджаныя аб'екты грамадзянскай інфраструктуры. Расійскія войскі ўжылі ракеты рознага тыпу, а таксама ўдарныя беспілотнікі тыпу «Шахед». Па словах мэра Івана-Франкоўска Руслана Марцінківа, гэта была самая маштабная атака з часу поўнамаштабнага ўварвання. Чатыры чалавекі атрымалі раненні, сярод траўміраваных ёсць дзіця.

У ноч на 21 ліпеня Расія нанесла чарговы масіраваны ўдар па Кіеве, дзе ў выніку адбыліся пажары. Пашкоджаны ўваход у метро «Лук'янаўская». У метро людзі хаваліся ад масіраванай расійскай атакі. Усе падземныя станцыі метрапалітэна працуюць як бомбасховішчы. У выніку атакі адзін чалавек загінуў, асколачныя раненні падчас атакі атрымалі шэсць чалавек, сярод іх 15-гадовая дзяўчына.

Таксама ў ноч на 21 ліпеня расійскія войскі масіравана атакавалі Харкаў ударнымі беспілотнікамі. Усе ўдары прыйшліся па Кіеўскім раёне Харкава. Адбыўся пажар на грамадзянскім прадпрыемстве, пашкоджаны электрасетка і газаправод.

* * *

520259389_1095590042754073_8654387062642774992_n.jpg

* * *

Уплыў Кітая на Расію ўсё яшчэ можа змяніць ход расійска-ўкраінскай вайны, аднак кіраўнік Паднябёснай пераследуе больш маштабныя мэты, піша The Times.

Выданне нагадвае пра «ўльтыматум Трампа», аднак заўважае, што сапраўдны ўплыў на дзеянні Крамля мае не Вашынгтон, а Пекін. На думку Трампа, прэзідэнт Кітая Сі Цзіньпін трымае Уладзіміра Пуціна ў палітычнай, эканамічнай і нават ваеннай залежнасці. «Усе ключы ад вайны — у руках Пекіна», — піша выданне.

Аналітыкі адзначаюць, што, нягледзячы на саюзніцкую рыторыку, Кітай усё больш актыўна выцясняе Расію з яе традыцыйных зон уплыву ў Азіі, Афрыцы і Лацінскай Амерыцы. Пекін пастаўляе Маскве тавары падвойнага прызначэння, сучасныя тэхналогіі, а таксама, як мяркуюць у выведцы, боепрыпасы — праз Паўночную Карэю. Але пры гэтым абодва бакі актыўна вядуць шпіёнскую дзейнасць адзін супраць аднаго, а інтарэсы краін усё часцей разыходзяцца.

У выданні адзначылі, што зацягванне вайны грае на руку Кітаю: пакуль Захад знясільваецца ў падтрымцы Кіева, Расія ўсё глыбей апускаецца ў залежнасць ад Пекіна.

* * *

Чэшская ініцыятыва «Падарунак для Пуціна» (Dárek pro Putina) сабрала 60 мільёнаў чэшскіх крон (больш за 2,4 млн еўра) на куплю для Украіны шасці 122-мм гаўбіц Д-30. Па словах прадстаўніка ініцыятывы Марціна Ондрачэка, артылерыйскія сістэмы будуць перададзеныя Украіне ў бліжэйшыя месяцы. Збор сродкаў працягваўся з лістапада 2024 года.

Паралельна арганізатары запусцілі новую кампанію па зборы 12,5 мільёнаў крон для закупкі 500 баявых дронаў і сістэм кіравання.

З моманту запуску праекта ў траўні 2022 года ініцыятыва ўжо сабрала больш за мільярд крон (больш за 40 мільёнаў еўра) на закупку ваеннай тэхнікі для Украіны. «Падтрымка з боку донараў не змяншаецца, наадварот, яна ўвесь час расце», — заявіў Ондрачэк.

* * *

Міністр абароны Вялікабрытаніі Джон Хілі будзе заклікаць да «50-дзённага рыўка» па пастаўках зброі Украіне. На «Рамштайне» ён падкрэсліць неабходнасць нарошчвання вайсковай падтрымкі, каб прымусіць Пуціна сесці за стол перамоваў, піша The Telegraph.

Хілі будзе старшынстваваць на сустрэчы саюзнікаў Кіева ў фармаце «Рамштайн», дзе падтрымае ініцыятыву прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які раней заявіў, што ўвядзе «вельмі жорсткія» тарыфы супраць Расіі, калі тая не пагодзіцца на спыненне агню да 2 верасня.

«Як члены кантактнай групы па абароне Украіны, мы павінны ў сваю чаргу распачаць 50-дзённую кампанію па ўзбраенні Украіны і прымусіць Пуціна сесці за стол перамоваў», — мае намер сказаць Хілі.

Гэта будзе ўжо чацвёртая сустрэча Хілі ў ролі старшыні «Рамштайна» і трэцяя сумесна з міністрам абароны Германіі Барысам Пісторыусам. Раней групу ўзначальвалі ЗША, аднак пасля прыходу Трампа да ўлады Вашынгтон пачаў згортваць падтрымку Украіны і еўрапейскай бяспекі.

* * *

На гэтым тыдні ў Стамбуле можа адбыцца сустрэча паміж украінскай і расійскай дэлегацыямі. Паводле папярэдніх звестак, трэці раўнд перамоваў плануюць правесці ў сераду або чацвер (23-24 ліпеня), аднак дакладная дата пакуль не пацверджаная, піша турэцкае выданне Independent türkce.

Таксама, як піша выданне, няма канкрэтных падрабязнасцяў адносна месца, часу або складу дэлегацыі. Афіцыйнага пацверджання ад украінскага або расійскага боку таксама яшчэ не было.