Персанальны Купала. Словы пра беларускага прарока
Купала ў «Тутэйшых» і вось гэтак саркастычна апісвае беларусаў: «Народность ныне распадается на две родовые ветві: племя — белорусы і племя — тоже-белорусы, ісходзяшчэе от рэнегатов і дзегенератов».(Апублікавана ў №10 (206) «Літаратурнай Беларусі»)
Адказ
Праз сто гадоў пасля напісання Янкам Купалам прарочага верша «А хто там ідзе?» быў знойдзены годны адказ на пастаўленае пытанне: «Нашы!».
Прышвін
Дзённікі Міхаіла Прышвіна напісаны адчайным глыбокім рускім чалавекам. Да словаў Прышвіна ёсць давер, таму і чытаюцца яго тэксты, таму і задумваешся над імі. Хоць бы і над такім параўнаннем народаў: «Тагор у Маскве. Вось прыехаў з Індыі глядзець, а я не магу з Сергіева ехаць у Маскву. Тут шмат асабістага. Тагор багаты, я жабрак. У яго народ, у які ён верыць, у яго школа. У мяне народ, які нібыта знікае…».
Пасля такіх словаў што можна сказаць пра мой беларускі народ, які ўвесь час жыве пад пагрозаю паглынання?.. Хіба што паўтарыць за Купалам:
Ў народ і край свой толькі веру
І веру ў самаго сябе.
Скварцова
На тэатральнай афішы прачытаў: «Раскіданае гняздо». Зноў-наноў паставілі драму Янкі Купалы. Кватэрнае пытанне, праблемы з домам і хатнімі справамі будуць актуальныя заўжды. Добра, што купалаўская п’еса пойдзе на сталічнай сцэне. Былі на плакаце слупкі з прозвішчамі стваральнікаў і ўдзельнікаў спектакля. Кінулася ў вока «Скварцова». Чаму яна Скварцова, а не Шпакоўская ці Шпак? Па-беларуску — шпак і шпакоўня, а не скварэц і скварэчня. Ведаю-ведаю, прозвішчы не перакладаюцца. Рускіх Кавалёвых не перапісваюць у Кузняцовы. Але ж майго дзеда Броніка з Кісяля зрабілі ў тамбоўскім шпіталі Кісялёвым. Так у нашым доме родныя браты пачалі хадзіць пад рознымі прозвішчамі, добра, што праз гэта наша «гняздо» не раскідалася.
Чыгуначная станцыя
У юнацтве я зачытваўся ранняй лірыкай Купалы. З томікам ягоных вершаў ездзіў з Мінска на станцыю Радашковічы. Там я гуляў у летніх правінцыйных краявідах, поўных зялёнай лістоты. Было такое адчуванне, што на нейкай са сцежак я абавязкова сустрэну вялікага паэта. Не сустрэў, але чаканне такой сустрэчы доўгі час не пакідала мяне.
Шкада, што цяпер не ма́ю жадання паехаць з Мінска на электрычцы, каб сысці на станцыі Радашковічы.
Галоўнае
Кепскае пра Янку Купалу, добрае пра Янку Купалу… Адзнакі мала каштуюць, бо галоўнае — тое, што гутарка вядзецца пра нашага прарока Янку Купалу.
Раман
Каб Янка Купала напісаў раман, ён стаў бы Якубам Коласам…
Далікатнасць
У кнізе Міколы Хведаровіча «Памятныя сустрэчы» ёсць успаміны і пра Купалу. Мяне спыніў адзін сказ: «У друкарні ўсе ведаюць і памятаюць свайго любімага Янку Купалу, самага далікатнага і чулага грамадзяніна нашага горада». У расповедзе старога рабочага парадавала тое, што Купала быў далікатны. Асабіста я ні разу ў жыцці не бачыў далікатнага паэта. Пэўнае каліва далікатнасці яшчэ мелася і цанілася ў паводзінах некаторых літаратараў з пакалення маіх бацькоў. У маладзейшых пісьменнікаў тае далікатнасці ўжо не было зусім. Выветрылася яна з пісьменніцкага асяроддзя, як знікла і з мастакоўскіх майстэрняў. У сучасных артыстах я гэтаксама не бачу далікатнасці. Можа таму і веру, што яна была ў Купалы. Зрэшты, у каго яшчэ з нашых паэтаў магла быць далікатнасць? Ні ў кога...
Дэцэбэлы
Купала ў «Тутэйшых» і вось гэтак саркастычна апісвае беларусаў: «Народность ныне распадается на две родовые ветві: племя — белорусы і племя — тоже-белорусы, ісходзяшчэе от рэнегатов і дзегенератов».
Скажу праўду: мяне заўсёды цікавілі «тоже-белорусы». Цікавілі не менш за ўласна беларусаў. Я для іх нават сваё азначэнне вынайшаў — сУчаснікі, а каб не называць іх «рэнегатамі і дзегенератамі», я іх часам называю больш ласкава — дэцэбэлы.
Сялянка
Янка Купала з гуртом дробных паэтаў прыехаў у Маскву. Гуляючы па сталіцы СССР, беларускія паэты апынуліся каля манумента Мухінай «Рабочы і сялянка». Купала зрабіў кола вакол манумента і сказаў, што ў сялянкі выдатная дупа і ён не адмовіўся б з такой дупай пераспаць. Дробныя паэты панапісвалі на Купалу даносы. Маўляў, пясняр ганіў савецкі помнік і бэсціў савецкую сялянку. Дробныя паэты яшчэ не здагадваліся, што Янка Купала сам ператворыцца ў вялізную металічную мінскую скульптуру, якая будзе адпавядаць памерам той маскоўскай сялянкі, з якой паэт падумваў пераспаць.
«Я»
Несупынныя змены, штодзённая мітусня, стракаты каледаскоп падзей, крыкушчыя навіны, — ад усяго гэткага плывучага і віраўтваральнага галава кругам ідзе. Шукаеш апірышчы і не знаходзіш, намацваеш пэўнасць, а яна не намацваецца, яна выслізгвае, расцярушваецца, крышыцца і рассыпаецца ў пыл. Ні рэлігія, ні веды, ні каханне не даюць спакою, а зноў жа множаць колькасць уражанняў. Што ты маеш нязменнага ў рухомым свеце, дзе не было, няма і не будзе нічога вечнага? Гэтак думаецца пасярод ночы. Згадваеш сябе зусім малога — хлопчыка ў ложку, які ўжо заплюшчыў вочы, але яшчэ не спіць. У тым хлопчыку і ў табе сённяшнім аднолькавае «я». Яно засталося нязменным, тваё маленечкае «я». За пяцьдзясят пяць гадоў яно не змянілася. Таму я іду ўслед за паэтам Купалам, які сказаў, што верыць у самога сябе.
Пасрэднасці
Патануць у пасрэднасці? Горш і не бывае. Ведаю. Але ж як спакусліва напісаць пра тэлебабу, раздзьмутую ад пыхі, ці накрэмзаць колькі смешных слоў пра чубатага культуролага, які несупынна трашчыць у ютубе. Напішаш — і прачытаюць, і пагалоскі пойдуць пра напісанае. Пасрэднасці любяць чытаць пра пасрэдных. Пэўна любяць. Чытаць напісанае табой пра Шапэнгаўэра ці пра Канфуцыя пасрэднасці не стануць. Правяраў. Пісаў і публікаваў думкі, запісаныя на маргінэсе старонак з тэкстамі Канфуцыя і Шапэнгаўэра… — маўчанне і асуджэнне, толькі бацька ўхваліў. Можна было б і кінуць пісанне пра вялікіх і таленавітых, ды не кінуў, бо, пішучы пра Пікаса ці Ван Гога, я раблюся лепшым. Малюю постаць генія і адчуваю далучанасць да розума, да веры і святла. Хаця святло тое жорсткае і пякучае, таму ім нельга злоўжываць. Напішаш пра Хармса і сыходзіш у цень да змрочных пасрэднасцяў, каб адпачыць сярод дурняў і няздараў, сярод сквапных і зайздросных, сярод злых і лянівых... Адпачнеш і вяртаешся да Мікалая Гогаля ці да тутэйшага генія — Янкі Купалы.
Зносак
Працуючы над экранізацыяй п’есы «Тутэйшыя», мы — вясёлыя сцэнарысты — былі падумалі, што варта напісаць трагікамедыю пра лёс аўтара — Янкі Купалы, убачаную вачыма персанажа — Мікіты Зносака. Біяграфіі Купалы ў нас нібыта і пішуцца, і бачацца яны вачыма Заходняга вучонага, Усходняга вучонага, Здольніка, але найпраўдзівая біяграфія Янкі Купалы можа быць напісана толькі вачыма ягонага самага беларускага і самага жыццялюбівага персанажа — Зносака, які табе і Зносілов, і Знасілоўскі, меджду протчым, мамаша. Калі быць паскудна-праўдзівым, што цяжка і брыдка, дык варта ўсё ж сказануць, што біяграфіі Янкі Купалы насамрэч пішуцца Зносакамі, якія пераапранаюцца ў Заходніх вучоных, Усходніх вучоных і Здольнікаў, а напраўду яны ўсе — Зносакі ўзорныя, ваўкі пазорныя, меджду протчым. Таму мы і адмовіліся пісаць трагікамедыю пра Янку Купалу — нашага прарока.
Вучоныя
З напісання трагічна-смяшлівых сцэн «Тутэйшыя» мінула тудэма-сюдэма ажно сто гадоў. Тэрмін, скажу табе, меджду протчым, вялікі. Таму наспеў час паразважаць пра новую абноўленую і дапоўненую версію, скажам так — «Тутэйшыя-2». Не сумняюся, што ў новы варыянт смяшліва-трагічных сцэн Купала дадаў бы яшчэ адну пару вучоных. Да Заходняга вучонага ў канфедэратцы і Усходняга вучонага ў касаваротцы далучыліся б Паўночны вучоны ў зялёным фрэнчы з алюмініевымі гузікамі і Паўднёвы вучоны ў шаўковых сініх шараварах. Паўночны вучоны быў бы падобны да Заходняга з дадаткам малаўцямных выказванняў пра моцны паўночны характар; а Паўднёвы вучоны меў бы падабенства з Усходнім і перакручваў бы ягоныя думкі пра місію, веліч і наканаванасць. Што да Мікіты Зносака, дык у размовах з Паўднёвым вучонным ён называў бы сябе Мыкыта Знасько, а ў гутарках з Паўночным — Мікітас Знасікас.
Фэйкі
Ангельскія вучоныя сказалі... Японскія эксперты запэўнілі... Замежныя спецыялісты паведамілі... Амерыканскія аналітыкі напісалі... Чуеш такое і разумееш — фэйк. Здаецца, што ўсе мусяць разумець і прамотваць глупствы з такімі і да іх падобнымі пачаткамі. Ды дзе там... Нават я часам выслухоўваю нешта падобнае, да словаў «а беларусы не цэняць», «а беларусы не разумеюць», «а беларусы...»... Пасля гэткіх словаў я зазвычай забаньваю распаўсюдніка фэйкаў. Баню, бо ведаю правільны працяг верша:
А беларусы нікога ж не маюць,
Няхай жа хоць будзе Янка Купала...
Сціпласць
Праглядаючы зборнік «Успаміны пра Янку Купалу», заўважыў, што шмат хто згадвае сціпласць вялікага паэта. Калі ўспомніць помнікі і карціны, прысвечаныя беларускаму генію, дык там я раней не заўважаў гэтай важнай рысы, як не заўважаў яе і ў фотаздымках, з якіх рабіліся карціны і помнікі.
Безумоўна, Купала быў сціплы. У гэтым не сумняюся, але чаму літаратары вылучалі і падкрэслівалі менавіта гэткую рысу ў характары прарока? Адказ я знайшоў у іншым зборніку, гэта «Апавяданні пра Леніна» Міхаіла Зошчанкі. Ленін у творах Зошчанкі неверагодна сціплы чалавек. Ён паказальна сціплы. Ён сціплы кананічна. У часы сусветнай вайны і рэвалюцыйных пераўтварэнняў, у часы гвалту, антычалавечай крыважэрнасці і татальных разбурэнняў, у часы рэальнага, а не міфалагічнага, апакаліпсісу новы герой мусіў вылучыцца стрыманасцю, ціхамірнасцю і сціпласцю. Таму з Леніна, а за ім і з Купалы пісьменнікі рабілі і зрабілі паказальна сціплага генія. Тая ўзорная сціпласць, як гэта ні парадаксальна прагучыць, была запазычана ў вобраза біблейскага, у вобраза Хрыста.
Харчовыя тавары
Ёсць людзі, чыім успамінам давяраеш. Адзін з такіх — паэт Павел Пруднікаў, які ў часы сваёй бурапеннай маладосці падпісваў вершы псеўданімам Буравей. Згадваючы Янку Купалу, Пруднікаў напісаў: «...пайшоў “пад нож” увесь тыраж аднатомніка выбраных твораў Я. Купалы, напісаных ім за 10 гадоў савецкага часу — 1918—1928 г.г. Імі потым на працягу года, як і “Крывічамі” Міхася Зарэцкага, загортвалі харчовыя тавары ў прадуктовых магазінах Мінска».
Чытаю і згадваю, як у 1985 годзе пайшоў «пад нож» мой першы зборнік вершаў «Груд». Вялікага недахопу паперы ў той год не было, і ў аркушы з маімі санэтамі ніхто не загортваў харчовыя тавары ў мінскіх крамах. Хоць у гэтым мне было лягчэй перажываць зніштажэнне кнігі.
Наканаванне
Ёсць творцы, якім наканавана загінуць. Усё іх жыццё коціцца да выніку, які ўкладаецца ў два словы «трагічна загінуў». Так загінуў Вінсэнт Ван Гог, так загінула Мэрылін Манро, так загінуў Джон Ленан... Нечакана і трагічна абарвалася жыццё геніяльнага Купалы.
Сведка той ракавой падзеі — Кандрат Кандратавіч Крапіва — згадвае: «Апошні раз я бачыў Янку Купалу зноў жа ў Міхася Лынькова за гадзіну да яго трагічнай смерці. Апроч нас трох, у нумары было яшчэ чалавек пяць нашых агульных знаёмых. Я на кароткі час адлучыўся ў горад, а калі вярнуўся ў гасцініцу, мяне як громам паразіла вестка: Янка Купала загінуў».
Ёсць некалькі розных версій пра апошнія імгненні жыцця найвялікшага з беларускіх пісьменнікаў, толькі галоўным у іх застаецца факт: 28 чэрвеня 1942 года ў Маскве загінуў паэт Янка Купала.
Нумізматыка
Калекцыянаванне, збіранне самых розных каштоўнасцяў, захапленне філатэліяй ці нумізматыкай больш пасуе навукоўцам, чым людзям творчым. Таму я крыху здзівіўся, прачытаўшы ва ўспамінах Гаўрылы Гарэцкага, што паэт Купала шукаў на рынку ў Смаленску старадаўнія манеты. Праўда, мяне суцешыў той факт, што частку багатай нумізматычнай калекцыі разам з дзвюма кнігамі па нумізматыцы Янка Купала падараваў братам Гарэцкім — Максіму і Гаўрылу. Мне падаецца, у такім падарунку ёсць ажно тры станоўчыя складнікі. Па-першае — Янка Купала быў шчодры, што добра; па-другое — паэт Купала не меў заганнага азарту, на які так часта хварэе большасць калекцыянераў і збіральнікаў, па-трэцяе — каштоўнасць падарунка запэўнівае мяне ў тым, што Купала высока цаніў талент Максіма Гарэцкага, шанаваў талент іншага творцы, што не так і часта сустракаецца ў творчых асяродках.
Графінчык
Любіў я выпіць, піў рознае, нешта больш падабалася, а штосьці — менш. Трапляліся напоі, якія мне моцна не падабаліся. Ну проста не — і ўсё. Сярод іх і настойка «Зуброўка». Усё ў ёй не маё: і колер, і смак, і пах. Нешта ў ёй для мяне — парфумнае, і парфумнага ў ёй моцны перабор. Настойку «Белавежскую» я заўсёды любіў, былі часы, калі толькі белавежскую і купляў; а зуброўку адзін раз пакаштаваў, каб яе больш ніколі і не ўжываць. Таму мяне здзівіў той факт, што Купала сам рабіў з гарэлкі зуброўку, сам у графінчык з гарэлкаю кідаў тры травінкі зуброўкі.
Паэт Алесь Звонак так згадаў травінкі: «Намнога пастарэў наш «дзядзька Янка», як тады ласкава называлі яго ўсе мы, маладзейшыя; выгляд у яго быў хваравіты, груз перажытага і незаслужанай крыўды ціснуў яму плечы, трошкі горбіўся ён пад іх цяжарам, але не падаваў выгляду, стараўся жартаваць, частаваў гарэлкай са свайго графінчыка з трыма травінкамі зуброўкі і сялянскімі прысмакамі накшталт вэнджанай шынкі, паляндвічкі, кілбаскі...».
Купала шмат каго частаваў самаробнай зуброўкаю. Усе лічылі за вялікі гонар выпіць з Купалам. Вядома, і я так лічу, але ад зуброўкі я адмовіўся б. Ну не маё, як не маё — пераліваць гарэлку ў грыфінчык. Я спрабаваў, не прыжыўся на маім стале графін. Раней, калі ў маім далёкім дзяцінстве гаспадыня стаўляла на стол графінчык, дык у ім была вішнёўка ці слівоўка, якія лічыліся жаночымі напоямі. Мужчыны пілі чыстую гарэлку, а настойку з графінчыка налівалі жанчынам.
Зрэшты, мне падабаецца гэткая шляхетная дэталь у вобразе паэта Янкі Купалы — ён меў свой графінчык з гарэлкай, у якой стаялі тры травінкі зуброўкі.
Твардоўскі
У занатоўках пісьменніка Аляксея Кандратовіча, прысвечаных успамінам пра паэта Аляксандра Твардоўскага, ёсць шмат згадак і пра Купалу. «...для Твардоўскага Мінск не толькі цэнтр рэспублікі, цэнтр беларускай культуры, але яшчэ і “горад Янкі Купалы”...».
Для мяне Мінск таксама горад Купалы, няхай не ўвесь, але тая ягоная частка, дзе стаіць музей Янкі Купалы, дзе ўзвышаецца помнік, дзе ў скверыку, пад помнікам некалі збіраліся мае раўналеткі-хіпі... Там мой Мінск — горад Янкі Купалы. Дарэчы, і ў доме, дзе я абсталяваў сабе мастакоўскую студыю, ёсць уваход на станцыю метро «Купалаўская».
«Смаленне»
Не сакрэт, што Янка Купала курыў. Любіў ён цыгаркі. Такі быў свет, што ледзь не ўсе мужчыны «смалілі» тытунь, дый жанчыны недалёка ад іх адставалі. Купала курыў паўсюль, курыў у шынках за кухлем піва, курыў на трамвайных прыпынках, курыў і ў працоўным кабінеце, дзе было шмат кніжак, на паліцах у шафах.
Янка Купала вельмі любіў і збіраў кнігі. Аднаго разу, калі Свіслач выйшла з берагоў і затапіла ягоны дом па самыя вокны, дык уратаваць бібліятэку дапамаглі маладыя паэты, якія папераносілі кніжныя скарбы на гарышча.
Гэтыя два захапленні — любоў да кніжак і да тытуню — раптам сышліся ў нечаканым эпізодзе, расказаным навукоўцам педагогам Аляксандрай Шкляевай, якая сябравала з сям’ёй Янкі Купалы і апісала вечар чэрвеня 1942 года, напярэдадні ягонай апошняй паездкі ў Маскву: «У гэты вечар мы сядзелі на верандзе, размаўлялі. Успамінаю, як Купала звярнуўся да майго сына Пятра, папрасіў у яго папяроснай паперы скруціць цыгарку. Уладзіслава Францаўна была незадаволена: “Зноў будзеш смаліць!”. Мой сын тут жа стаў думаць, дзе ўзяць паперы, і раптам схапіў з кніжнай паліцы нейкую кнігу. У кнізе ілюстрацыі былі перакладзены папяроснай паперай. Янка Купала застаўся задаволены, стаў рабіць самакруткі з гэтай паперы і “смаліць”...».
Вайна. Свет руйнуецца. Купала, для якога бібліятэка была адной з найвялікшых каштоўнасцяў, скурвае вырваныя з кнігі старонкі. Жыццё вялікага паэта сканчаецца, і яно скончыцца напрыканцы таго самага чэрвеня.
Дамок
Цячэ праз Мінск рэчка Свіслач, а ў ёй адлюстроўваюцца розныя дамы́. Свіслач цячэ няспешна і несупынна, вада ў ёй мяняецца, змяняюцца і дамы на яе берагах. У адным з такіх надрэчных дамоў некалі жыў паэт Купала, а раней у тым доме прайшоў першы з’езд сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Купала каля таго дома пасадзіў і даглядаў ружы. Паэт павінен любіць кветкі, інакш і быць не можа. Купала любіў ружы.
Часы мяняліся. Загінуў паэт. Зруйнавалі дамы на берагах рэчкі. Пасля каля Свіслачы паставілі дамок, падобны да таго, дзе праходзіў з’езд, а на другім беразе пабудавалі музей Янкі Купалы. У дзяцінстве мяне разам з аднакласнікамі вадзілі па тых музеях. З тых экскурсій мне запомніліся навюткія крэслы ў музейных інтэр’ерах, думалася, што было б добра і ў сваёй кватэры мець хоць бы адно зграбнае крэсла.
Ёсць у чалавека такая здатнасць: усё бачанае ў музеях і крамах прымерваць на сябе. Так, ідучы першы раз па Празе, я пабачыў у краме шыкоўны скураны фатэль. Такі фатэль можна паставіць у музеі Шэрлака Холмса, пагатоў ён і прадаваўся ў краме пад шыльдаю «Шэрлак Холмс». Мне ўявілася, як лонданскі дэтэктыў курыць піпку, седзячы ў ім. Яшчэ падумаў, што я ніколі не набуду гэткі фатэль і не пастаўлю ў сваёй кватэры.
Я быў недальнабачны, бо праз які год я пабачыў фатэль у музеі з’езда, дзе палову памяшкання перарабілі ў мэблевую краму. Набыў я скураны галандскі фатэль і паставіў у сваім працоўным кабінеце. Неўзабаве мэблевая крама з’ехала з музея...
Свет зноў змяніўся, але Свіслач як цякла праз Мінск, так усё яшчэ і цячэ, а ў ёй адлюстроўваюцца самыя розныя надрэчныя дамкі.