Па загадзе Трампа: ЗША аднаўляюць пастаўкі зброі Украіне

Дональд Трамп запэўніў Уладзіміра Зяленскага, што не аддаваў загаду спыняць пастаўкі зброі Украіне, і нават заявіў, што будзе падтрымліваць Украіну «колькі зможа». Гэта даволі сенсацыйная заява, паколькі ў час прэзідэнцтва Трампа не быў зацверджаны ніводзін пакет дапамогі Украіне. Ідуць1231-я суткі вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

_viyskoviy_148__artileriyska_brigada__boepripas__vesna_2024_roku__donetska_oblast_gettyimages_2153041282_0a176987127c6f488a05ed9819703b79_650x410.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 188 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 8 ліпеня.

Траціна боесутыкненняў адбылася на Пакроўскім кірунку — там зафіксавана 68 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Папова Яру, Разіна, Міралюбаўкі, Новаэканамічнага, Лісоўкі, Шаўчэнка, Новаўкраінкі, Зверава, Удалага, Навасергіеўкі, Аляксееўкі і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку армія РФ 30 разоў атакавала пазіцыі Сіл абароны Украіны ў раёнах Паддубнага, Фёдараўкі, Васкрасенкі, Ялты, Шаўчэнка, Навасёлкі, Вольнага Поля, Новаполю.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 27 разоў, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Новага свету, Рэдкадубу, Зялёнай Даліны, Торскага, у Серабранскім лесе.

На Паўднёва-Слабажанском (Харкаўскім) кірунку расіяне ажыццявілі 19 штурмаў у раёнах Ваўчанска, Зялёнага, Свірнавага, Чырвонага Першага, Каменкі.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося восем боесутыкненняў. Па чатыры атакі на кожным зафіксавана на Тарэцкім, Гуляйпольскім, Арэхаўскім кірунках.

* * *

У ноч на 8 ліпеня аналітычны праект DeepState паведаміў аб прасоўванні расійскіх войскаў адразу ў некалькіх кірунках у Запарожскай і Данецкай абласцях. Па даных DeepState, расійцы прасунуліся ў населеным пункце Каменское ў Запарожскай вобласці, а таксама ў Яблонаўцы, Камары, Тарэцку і Запарожжа ў Данецкай вобласці.

* * *

Украінскія войскі прасунуліся ў раёне Новапаўлаўкі, а расійскія на поўначы Сумскай вобласці і ў раёнах Тарэцка і Пакроўска, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя даныя паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на Курскім кірунку — на поўнач ад Юнакоўкі. У Мінабароны РФ сцвярджаюць, што УС РФ захапілі населены пункт на ўсход ад Цёткіна і прасунуліся на поўдзень.

Украінскі эксперт Канстанцін Машавец паведаміў, што УСУ прасунуліся не менш чым на 2,5 кіламетра паміж Кандратаўкай і Канстанцінаўкай і ўвайшлі ў Новамікалаеўку.

Геалакацыйныя даныя паказалі, што расійскія войскі прасунуліся на паўночны захад ад Дыліеўкі на поўнач ад Тарэцка. Украінскім абаронцам удалося адбіць штурм у раёне Папова Яру.

Таксама нядаўна расійскія войскі прасунуліся на Пакроўскім кірунку. У той жа час украінскія і расійскія войскі прасунуліся ў кірунку Новапаўлаўкі: УСУ прасунуліся ў паўночнай частцы Дачнага, а расійцы — у раёне Талстога.

* * *

У ноч на 8 ліпеня Расія атакавала Украіну 4-ма зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300/400 і 54-ма ўдарнымі БпЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай абясшкоджана 34 БПЛА : 26 збіта агнявымі сродкамі, 8 лакацыйна страчана/задушана РЭБ.

* * *

516523806_1086009430378801_3949307222642514338_n.jpg

* * *

Пентагон заявіў, што ЗША адправяць Украіне дадатковае ўзбраенне ў рамках ваеннай дапамогі. Адпаведнае ўказанне выдаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

«На ўказанне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Міністэрства абароны ЗША адпраўляе дадатковую абарончую зброю ва Украіну, каб гарантаваць, што ўкраінцы змогуць абараніць сябе, пакуль мы працуем над забеспячэннем трывалага міру і гарантуем спыненне забойстваў», — сказана ў паведамленні.

Таксама ў Пентагоне паабяцалі, што працягнуць сачыць за вайсковымі пастаўкамі іншым дзяржавам, каб не змяніць прынцыпу «Амерыка перш за ўсё», які прасоўвае прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, падчас тэлефоннай размовы з украінскім калегам Уладзімірам Зяленскім запэўніў апошняга ў працягу падтрымкі з боку Вашынгтона, піша The Wall Street Journal.

Са слоў асоб, знаёмых з размовай лідараў, Трамп заявіў Зяленскаму, што даручыў правесці праверку запасаў боепрыпасаў Пентагона пасля таго, як Штаты атакавалі іранскія ядзерныя аб'екты ў мінулым месяцы, але не загадваў Міністэрству абароны ЗША замарожваць пастаўкі ўзбраення Украіне.

«Трамп запэўніў Зяленскага, што ЗША дадуць столькі вайсковай дапамогі, колькі змогуць», — дадае WSJ.

Па даных выдання, сумесны штаб Пентагона ўжо завяршыў ацэнку замарожанай дапамогі Украіне, а кіраўнік Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў Дэн Кейн рыхтуе рэкамендацыю для міністра абароны Піта Хегсета аб аднаўленні паставак.

* * *

Сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм чакае, што Сенат будзе прасоўваць двухпартыйны законапраект аб антырасійскіх санкцыях, які дазволіць уводзіць тарыфы супраць краін, што падтрымліваюць вайну РФ. Пра гэта Грэм напісаў у сацсетцы Х.

Грэм заявіў, што «час пакласці канец гэтай крывавай бойні», каментуючы навіну аб найбуйнейшым паветраным абстрэле Кіева з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі.

«Чакаю, што Сенат будзе прасоўваць двухпартыйны законапраект аб санкцыях супраць Расіі, які дазволіць уводзіць тарыфы і санкцыі ў дачыненні да краін, што падтрымліваюць вайсковую машыну Пуціна і не дапамагаюць Украіне», — напісаў Грэм.

Сенатар дадаў, што цяпер законапраект ужо мае 85 суаўтараў і іх колькасць, па словах Грэма, расце.

Днямі Грэм заявіў, што Дональд Трамп падтрымаў прыняцце гэтага законапраекта ў Кангрэсе. Сенатар анансаваў, што новыя санкцыі супраць РФ ухваляць у ліпені.

* * *

Міністр замежных спраў Францыі Жан-Ноэль Баро ў інтэрв'ю французскаму тэлеканалу TF1 заявіў, што Еўрапейскі Саюз з ініцыятывы Францыі і ў каардынацыі з амерыканскімі сенатарамі рыхтуе новы пакет самых жорсткіх санкцый супраць Расіі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

Міністр адзначыў, што пасля агучанай прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам прапановы аб 30-дзённым спыненні агню, якую падтрымала Украіна, колькасць расійскіх удараў па ўкраінскіх гарадах узрасла ў пяць разоў.

«Гэта не можа працягвацца далей, гэта павінна спыніцца. Каб гэтага дасягнуць, у каардынацыі з амерыканскімі сенатарамі Еўропа рыхтуецца ўвесці на аснове французскіх прапаноў самыя строгія санкцыі, якія мы ўводзілі за апошнія тры гады. Яны непасрэдна знясіляць рэсурсы, якія дазваляюць Уладзіміру Пуціну працягваць сваю вайну».

Па словах Баро, у цэнтры новага пакета не толькі энергетычны сектар, у прыватнасці даходы ад экспарту нафты, але і фінансавыя гульцы ў самой Расіі і за яе межамі. Гаворка ідзе пра юрыдычных і фізічных асоб, якія дапамагаюць Крамлю абыходзіць уведзеныя санкцыі. Менавіта таму, са слоў Баро, Пуцін захоўвае здольнасць весці вайну, нягледзячы на рост міжнароднага ціску.

«Пуцін больш не прасоўваецца на фронце і цяпер абмяжоўваецца абстрэламі жылых раёнаў дронамі і ракетамі. Гэта прыводзіць да шматлікіх ахвяр сярод мірнага насельніцтва. Гэта павінна спыніцца», — падкрэсліў Баро.