Дональд Трамп паабяцаў «разабрацца» з пастаўкамі зброі для Украіны

Падаецца, нават прэзідэнт ЗША быў не ў курсе рашэння Пентагона спыніць пастаўкі зброі Украіне. Прынамсі, ён паабяцаў «праверыць, што было затрымана, калі нешта было затрымана». Найперш Украіну хвалюе, канешне, супрацьпаветраная абарона: ў гэтую ноч яе атакавалі больш за 300 «Шахедаў». Ідзе 1228-мы дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

514702368_1081861574126920_8488491590554275554_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 183 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 5 ліпеня.

Траціна штурмаў — 66 атак — прыйшлася на Пакроўскі кірунак. Сілы абароны УСУ адбівалі расійскія войскі каля Палтаўкі, Разіна, Міралюбаўкі, Луча, Удалага, Новасергіеўкі, Катляроўкі, Аляксееўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 27 разоў, спрабуючы прасунуцца ля Надзеі, Грэкаўкі, Карпаўкі, Рэдкадубу, Зялёнай Даліны, Торскага, Дубровы.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) і Новапаўлаўскім кірунках украінскія абаронцы адбілі па 17 атак расіян на кожным.

На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 11 атак у раёнах Раманаўкі і ў бок Русінага Яра і Яблонаўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку армія РФ 10 разоў спрабавала прарваць абарону УСУ у раёнах Ваўчанска, Глыбокага, Зялёнага, Каменкі.

На Купянскім кірунку адбылося восем атак. Па тры атакі на кожным зафіксавана на Северскім, Арэхаўскім, Прыдняпроўскім кірунках.

* * *

У ноч на 5 ліпеня Расія атакавала Украіну 322-цю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай абясшкоджана 292 БПЛА, 157 збіта агнявымі сродкамі, 135 — лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.

Расійскія войскі нанеслі масіраваны ўдар БПЛА па горадзе Чугуеў у Харкаўскай вобласці, пацярпелі 11 чалавек, з іх 2 дзіцяці.

У Барыспальскім раёне Кіеўскай вобласці ў выніку атакі пашкоджаны будынкі школы, кацельні, крамы, дома культуры, прыватнага дома. У памяшканнях выбітыя дзверы, вокны, пашкоджаныя фасады. Пацярпелых сярод насельніцтва няма.

Сілы абароны Украіны атакавалі беспілотнікамі аэрадром «Барысаглебск» у Варонежскай вобласці Расіі ў ноч на 5 ліпеня. Там базуюцца расійскія самалёты Су-34, Су-35С і Су-30СМ. Паводле ўкраінскага боку, уражаны склад з кіраванымі авіябомбамі, вучэбна-баявы самалёт і, верагодна, іншыя самалёты. Вынікі паразы ўдакладняюцца.

Выданне ASTRA апублікавала кадры атакі 5 ліпеня на ваенны аэрадром у Энгельсе ў Саратаўскай вобласці. Апублікавана відэа, на якім, як сцвярджаецца, зафіксаваны момант «прылёту» на аэрадром, пасля якой над ім быў бачны вялікі слуп дыму.

* * *

515047376_1083712480608496_8670934584340853594_n.jpg

* * *

Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін не ў захапленні ад амерыканскіх санкцый супраць расійскай эканомікі, але раней РФ атрымоўвалася з імі спраўляцца, заявіў журналістам прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

«Мы шмат размаўляем пра санкцыі. Ён не ў захапленні ад іх. Яму ўдавалася спраўляцца з санкцыямі, але гэтыя санкцыі (будучыя) дастаткова жорсткія. Ён разумее, што новыя санкцыі могуць быць уведзеныя. Ён прафесіянал», — заявіў прэзідэнт ЗША.

Трамп падкрэсліў, што ён ставіцца да Расійскай Федэрацыі больш жорстка, чым да Ірана або любой іншай краіны, але за паўгода ягонага прэзідэнцтва санкцыі ЗША супраць Расіі толькі мякчэлі. Амерыканскія сенатары нават ініцыявалі расследаванне таго, што на працягу больш за пяці месяцаў Трамп не ўвёў новых санкцый супраць Расіі праз яе вайну супраць Украіны.

* * *

Тэлефонная размова паміж прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам адбылася 4 ліпеня. Як паведаміў кіраўнік украінскай дзяржавы, сярод іншага яны абмеркавалі пастаўкі сістэм СПА і начныя атакі РФ па Кіеве.

«Мы сёння гаварылі пра сітуацыю: пра расійскія паветраныя удары і шырэй — пра сітуацыю на фронце. Прэзідэнт Трамп вельмі добра інфармаваны, дзякуй за ўвагу да Украіны. Абмеркавалі магчымасці па СПА і дамовіліся, што будзем працаваць над павелічэннем абароны неба. Дамовіліся аб адпаведнай сустрэчы нашых каманд», — распавёў Зяленскі.

Партал Axios напісаў, што Трамп у размове з Зяленскім паабяцаў дапамагчы з пастаўкамі сістэм СПА. «Трамп сказаў, што хоча дапамагчы з супрацьпаветранай абаронай і што ён праверыць, што было затрымана, калі нешта было затрымана», — паведаміла крыніца выдання.

Сам Трамп сказаў, што ў яго з Зяленскім была «добрая размова». «Мы размаўлялі пра розныя рэчы... Я думаю, вельмі стратэгічная размова», — заявіў прэзідэнт ЗША.

Трамп запэўніў, што ЗША дапамагалі Украіне, «і мы будзем працягваць ім дапамагаць». На пытанне аб пастаўках Украіне ракет для Patriot Трамп адказаў: «Яны ім патрэбныя для абароны. Я не хачу бачыць, як забіваюць людзей».

Пры гэтым амерыканскі лідар заявіў пра складанасць урэгулявання вайны і нагадаў пра размову з Пуціным. «Гэта даволі складаная сітуацыя. Паглядзім, што будзе далей. Я ўжо казаў вам, што быў вельмі незадаволены маёй размовай з Пуціным, і складваецца ўражанне, што ён хоча ісці да канца і проста працягваць забіваць людзей. Гэта дрэнна. Я быў незадаволены», — сказаў прэзідэнт ЗША.

* * * 

Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ выказаў надзею на «гнуткасць» ЗША, каб ва Украіны былі неабходныя рэсурсы для самаабароны, піша Bloomberg.

«ЗША павінны пераканацца, што запасы знаходзяцца на ўзроўні, які нам патрэбны для ЗША, таму што яны маюць вырашальнае значэнне для нашай калектыўнай абароны. У той жа час, вядома, мы спадзяемся на гнуткасць, мы павінны пераканацца, што Украіна можа рухацца наперад», — сказаў Рутэ журналістам, каментуючы рашэнне Пентагона прыпыніць пастаўкі ўзбраення Украіне да заканчэння рэвізіі запасаў узбраенняў у ЗША.