Сенатары пачалі расследаванне адносна Трампа за неўвядзенне санкцый супраць Расіі
Дональд Трамп, які абяцаў скончыць вайну ва Украіне за адзін дзень, у чарговы раз расчараваны Пуціным, з якім ён гадзіну размаўляў па тэлефоне без аніякага выніку. І адразу пасля гэтай размовы Расія зноў маштабна атакавала Украіну. А амерыканскія сенатары вырашылі падштурхнуць Трампа да прыняцця даўно абяцаных санкцый супраць РФ. Ідзе 1227-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 148 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 4 ліпеня.
Па-ранейшаму асноўны наступ расіян засяроджаны на Пакроўскім кірунку, дзе абаронцы Украіны спынілі 54 атакі арміі РФ у раёнах Мірнага, Міралюбаўкі, Малінаўкі, Разіна, Луча, Удалага, Новасергіеўкі, Арэхавага, Аляксееўкі, Дачнага і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 19 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Новага Свету, Грэкаўкі, Рэдкадубу, Карпаўкі, Зялёнай даліны, Торскага, Надзеі і іншых.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 16 атак расійцаў.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 13 штурмаў у раёнах Запарожжа, Вольнага Поля, Мірнага, Паддубнага і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку адбылося 10 боесутыкненняў у раёнах Ваўчанска і Свірнавага. Сем атак расійцы здзейснілі на Тарэцкім кірунку.
* * *
У ноч на 4 ліпеня аналітычны праект DeepState паведаміў аб акупацыі двух населеных пунктаў Харкаўскай вобласці — расійцы акупавалі Крэйдавае і Страеўку. Паводле звестак DeepState, расійцы прасоўваюцца паблізу Таполі ў Харкаўскай вобласці, а таксама Фёдараўкі і Паддубнага ў Данецкай вобласці.
* * *
У ноч на 4 ліпеня Расія атакавала Украіну 550 сродкамі паветранага нападу:
- 539 ударнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў;
- 1 аэрабалістычнай ракетай Х-47 М2 «Кінжал»;
- 6 балістычнымі ракетамі Іскандэр-М/KN-23;
- 4 крылатымі ракетамі Іскандэр-К.
Асноўная мэта ўдару — сталіца Украіны горад Кіеў.
Супрацьпаветранай абаронай абясшкоджана 478 сродкаў паветранага нападу, 270 збіта агнявымі сродкамі, 208 — лакацыйна страчаныя:
- 268 БПЛА збіта агнявымі сродкамі, 208 — лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ;
- 2 крылатыя ракеты Іскандэр-К збіта.
У Кіеве пацярпелі жылыя дамы, адукацыйная, медыцынская і транспартная інфраструктура. На гэты час вядома пра 23 пацярпелых, 14 з іх шпіталізаваныя. Астатнім аказалі дапамогу амбулаторна або на месцы, паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко. Сярод параненых — 10-гадовая дзяўчынка.
У Кіеве таксама пашкоджаная чыгуначная інфраструктура. Рух пасажырскіх цягнікоў часткова абмежаваны, а асобныя рэйсы затрымліваюцца да дзвюх гадзін.
Расійскія войскі ўначы 4 ліпеня атакавалі Кіраваградскую і Палтаўскую вобласці. У Кіраваградскай вобласці часткова пашкоджаны жылы дом, нескладаныя раненні атрымала 52-гадовая жанчына. У Палтаўскай вобласці ў выніку падзення абломкаў БпЛА пашкоджаны жылыя дамы, раненні атрымалі 4 чалавекі.
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга адзначыў, што масіраваная атака на Кіеў рушыла адразу пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагаварыў па тэлефоне з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным.
«Пуцін выразна дэманструе сваё поўнае грэбаванне да Злучаных Штатаў і ўсіх, хто заклікаў да спынення вайны, — адзначыў Сібіга. — Перастаньце чакаць міру — дзейнічайце, каб дасягнуць яго. Мір праз сілу».
Сібіга заклікаў ЗША і саюзнікаў неадкладна ўзмацніць санкцыі супраць Масквы і даць Украіне ўсе неабходныя сродкі для абароны. «Няправільныя рашэнні толькі падштурхоўваюць агрэсара да новых злачынстваў. Кожны дыктатар цяпер уважліва сочыць за Пуціным. Калі яму ўсё сыдзе з рук — гэта стане сігналам для астатніх», — сказаў ён.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас размовы з журналістамі на авіябазе «Эндрус» у Вашынгтоне заявіў, што Штаты працягваюць прадастаўляць зброю Украіне, нягледзячы на занепакоенасць з нагоды знясілення ўласных арсеналаў.
Адказваючы на пытанне рэпарцёра аб прыпыненні паставак зброі Украіне, Трамп заявіў: «Мы не спынялі. Мы даем зброю, і мы ўжо далі вельмі шмат. Мы супрацоўнічаем з імі, спрабуем дапамагчы, але не спынялі пастаўкі... Байдэн спустошыў усю нашу краіну, падаючы зброю, і мы павінны пераканацца, што ў нас дастаткова зброі для сябе».
Таксама Дональд Трамп заявіў, што застаўся незадаволены вынікам тэлефоннай размовы з Пуціным, падчас якой яму не ўдалося дасягнуць ніякага прагрэсу ў пытанні спынення вайны Расіі супраць Украіны.
«У нас быў званок. Гэта была даволі доўгая размова. Мы гаварылі пра шмат рэчаў, у тым ліку пра Іран, а таксама, як вы ведаеце, пра вайну з Украінай, і я не ў захапленні. Я не дасягнуў ніякага прагрэсу з імі сёння наогул», — паведаміў Трамп.
* * *
Трое сенатараў-дэмакратаў — Джын Шахін, Элізабэт Уорэн і Крыс Кунс — абвясцілі пра пачатак расследавання дзеянняў адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, якая напрацягу больш за пяці месяцаў не ўводзіла новых санкцый супраць Расіі праз яе вайну супраць Украіны, піша The Hill.
«Замест таго каб выкарыстоўваць даступныя рычагі ціску на агрэсара, прэзідэнт Трамп не робіць нічога. Мы будзем расследаваць гэтую страчаную магчымасць наблізіць канец вайны», — заявілі сенатары.
З моманту пачатку другога тэрміну Трампа ў студзені ЗША не ўвялі ніякіх новых санкцый у дачыненні да РФ, а ў некаторых выпадках нават аслабілі абмежаванні. Сенатары мяркуюць, што такая бяздзейнасць дазваляе расійскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну працягваць вайну.
«Амерыканцы павінны спытаць, чаму прэзідэнт, які абяцае скончыць вайну, дазваляе агрэсару дзейнічаць беспакарана», — адзначылі яны.
Акрамя прыпынення дапамогі Украіне, адміністрацыя Трампа ўжо пяць месяцаў блакуе абнаўленне санкцый і экспартнага кантролю, што, са слоў сенатараў, адкрывае шлях для краін кшталту Кітая дапамагаць расійскаму ВПК.
* * *
ЕС пераадолеў супраціў 18-му пакету санкцый з боку Славакіі, паведаміў рэдактар «Радыё Свабода» Рыкард Ёзвяк. Са слоў Ёзвяка, «Славакія, падобна, атрымала неабходныя ёй запэўніванні ад Еўрапейскай камісіі аб паступовай адмове ад расійскай энергетыкі да 2027 года».
«Гэта можа прывесці да прыняцця наступнага пакета санкцый (18-га) супраць Расіі ўжо найбліжэйшым часам», — напісаў ён.
Журналіст адзначыў, што Вугоршчына, якая традыцыйна тармозіць прыняцце рашэнняў у падтрымку Украіны, не выказвала адкрытых пярэчанняў супраць новага пакета санкцый.
* * *
У Федэральным урадзе Германіі працуюць над экстраным рашэннем, каб забяспечыць Украіну новымі сістэмамі супрацьпаветранай абароны і дастатковай колькасцю ракет-перахопнікаў, піша Bild.
Па інфармацыі выдання, Берлін чакае пацверджання ад міністра абароны ЗША Піта Хегсета аб прадастаўленні двух сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot, якія Германія будзе фінансаваць для Украіны. Гэты запыт Германія накіравала некалькі тыдняў таму.
Гэтае пытанне, паводле інфармацыі Bild, абмяркоўвалася на пасяджэнні ўрада Германіі ў сераду, падчас якога «стала зразумела, што скасаваныя пастаўкі зброі з ЗША не могуць быць кампенсаваныя». «Аднак Германія і іншыя хаўруснікі цяпер хочуць паспрабаваць даць Украіне хоць бы сістэмы Patriot з уласных запасаў», — дадае Bild.
* * *
Міністр замежных спраў Кітая Ван І падчас чатырохгадзінных перамоваў з галоўным дыпламатам Еўрапейскага Саюза Каяй Калас заявіў, што Пекін не можа дапусціць паразы Расіі ў вайне супраць Украіны, паведамляе South China Morning Post са спасылкай на некалькіх чалавек, знаёмых з ходам перамоваў.
Са слоў крыніц, падчас закрытай сустрэчы з Калас кіраўнік МЗС Кітая заявіў, што параза Расіі для Пекіна непрымальная. Ван І патлумачыў гэта асцярогай, што ЗША тады цалкам пераключаць сваю ўвагу на Кітай.
Гэтая заява фактычна пацвярджае тое, што многія ў Брусэлі лічаць рэальнай пазіцыяй Пекіна, хоць афіцыйна Кітай працягвае сцвярджаць, што ён «не з'яўляецца бокам канфлікту».
Аднак Ван І катэгарычна адхіліў абвінавачванні ў фінансавай або ваеннай падтрымцы Расіі. Ён адзначыў, што калі б Кітай сапраўды дапамагаў Маскве, «вайна ўжо даўно б скончылася».