Ня толькі Янка Купала: якія знакамітыя беларусы памерлі ў Маскве?
28 чэрвеня 1942 года беларускі пясьняр скончыў свой век у маскоўскім гатэлі. Яго забілі ці здарылася трагічная выпадковасьць – адказу няма дагэтуль. Купала быў не адзінай нашай знакамітасьцю, хто разьвітаўся з жыцьцём у гэтым месцы.
Янка Купала
Волат беларускай літаратуры не дажыў некалькі дзён да ўласных 60-ці гадоў. Другая сусьветная вайна застала Купалу ў Коўне, дзе 22 чэрвеня 1941 году ён спыніўся па дарозе з Рыгі, вяртаючыся са зьезду пісьменьнікаў Латвіі. Забраўшы зь Менску жонку, пісьменьнік зьехаў у Маскву, а адтуль напрыканцы кастрычніка эвакуяваны ў Пячышчы (Татарстан).
4 чэрвеня 1942 году Купала быў раптоўна выкліканы ў Маскву тэлеграмай ад старшыні Саўнаркаму камуністычнай Беларусі Былінскага. 28 чэрвеня ў Маскве Купала трагічна загінуў, калі ўпаў зь лесьвіцы ў гатэлі «Масква».
Як пісаў Пятро Васючэнка, было тры вэрсіі сьмерці.
Афіцыйная вэрсія — няшчасны выпадак. Па заключэньні сьледчых, паэту зрабілася блага (паводле іншых зьвестак, ён быў у стане алкагольнага ап’яненьня), ён абапёрся на парэнчы, але не ўтрымаўся, перакуліўся празь іх і зваліўся ў лесьвічны пралёт.
Другая вэрсія — забойства, справа рук НКВД. Ніякіх дакумэнтальных пацьвярджэньняў гэтаму няма, але шмат хто з дасьледнікаў прытрымліваецца гэтай вэрсіі. Ускосным пацьверджаньнем гэтага можна лічыць хіба тое, што ніякага грунтоўнага высьвятленьня абставінаў гібелі Купалы не праводзілася — кіраўнікі партыі толькі абвясьцілі: «Напіўся ды ўпаў…».
Апошняя вэрсія — самагубства. Дэпрэсія, у якой знаходзіўся паэт, таксама магла аказаць вялізны ўплыў на ягоны псыхічны стан, тым болей, што паэт раней ужо рабіў спробу самагубства ў 1930 годзе.
Галоўнаю прычынаю ўсіх трох вэрсіяў сьмерці Янкі Купалы маглі стаць чуткі пра прысваеньне ў акупаваным Менску адной з вуліцаў імя Івана Луцэвіча. Ціск камуністаў з НКУС і пастаянныя даносы на паэта пра ягоныя сувязі з нацыстамі, падагрэтыя гэтымі чуткамі, уплывалі на псыхалягічны стан паэта і маглі стацца прычынаю забойства.
Хоць насамрэч менская вуліца была названая ў гонар Івана Луцкевіча. А вуліца імя Янкі Купалы магла зьявіцца ў Менску яшчэ да вайны, аднак тагачасны сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка выкрасьліў з партыйнай пастановы прозьвішча паэта, унесенае з фармулёўкай «на прапанову працоўных».
Соф’я Вітаўтаўна
Дачка наймагутнейшага ўладара нашай зямлі па волі бацькі была аддадзеная замуж у Маскоўскае княства. Соф’ю сасваталі маскавіту Васілю I у 1390 годзе, калі сам Вітаўт разам з сям’ёю знаходзіўся ў выгнаньні ў Мальбарку. Вясельле адбылося 1 верасьня 1391 года. Дзякуючы гэтаму шлюбу паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Масквой усталяваліся мірныя дачыненьні на пэўны час.
У 1417 Васіль I у сваім тастамэнце перадаваў сталец малалетняму сыну Васілю, апекунамі над ім і Соф’яй Вітаўтаўнай прызначаліся Вітаўт і ўдзельныя князі. Па сьмерці Васіля I у 1425 годзе і намінальнай перадачы ўлады сыну Васілю II (унуку Вітаўта) узначаліла маскоўскі ўрад. Гэта быў час, прымеркаваны да рашучых дзеяньняў Вітаўта на ўсходніх межах нашай краіны, але вялікі князь быў ужо 75-гадовым. Шанец на грунтоўны ўплыў на суседзяў на ўсходзе быў згублены.
Памерла ў 1453 годзе прыблізна ў 82-гадовым узросьце.
Ян Пётар Сапега
Прадстаўнік знакамітага беларускага роду ўдзельнічаў у знакамітай інтэрвэнцыі Вялікага Княства Літоўскага і каралеўства Польскага ў Масковію ў пачатку XVII стагодзьдзя.
У жніўні 1607 года са згоды канцлера ВКЛ Льва Сапегі прапанаваў Дзьмітрыю Самазванцу II сваю дапамогу ў авалоданьні маскоўскім тронам. У ліпені 1608 года з войскам у 1720 жаўнераў перайшоў маскоўскую мяжу. 25 жніўня 1608 года заняў Вязьму, потым спаткаў Марыну Мнішак зь яе бацькам і прывёз іх у Тушына да Дзьмітрыя Самазванца II.
2 кастрычніка 1608 года разьбіў войска Шуйскага, аблажыў Троіца-Сергіеў манастыр, падпарадкаваў Замаскварэцкі край. У лютым 1610 года заняў Дзьмітраў. У ліпені 1610 года рушыў на Маскву. 27 ліпеня 1610 года, калі з стальца скінулі маскоўскага цара Васіля Шуйскага і ўсталявалася сямібаяршчына, прыехаў у Маскву і вёў перамовы пра перадачу ўлады Дзьмітрыю Самазванцу.
У ліпені 1611 заняў Аляксандраву Слабаду, аблажыў Пераяслаў-Залескі, 15 жніўня 1611 штурмам узяў Белы Горад у Маскве. На жаль 11 кастрычніка 1611 года памёр ад хваробы ў варожай Маскве.
Сімяон Полацкі
Нядаўна мы разважалі на старонках «Новага Часу» аб тым, ці зьяўляецца Сімяон здраднікам Радзімы. 343 гады таму ў Маскве памёр гэты чалавек, які справядліва лічыцца бліскучым асьветнікам і паэтам. Яго паходжаньне з беларускага Полацка дадае значнасьці ў вачах нашых дасьледчыкаў і суграмадзянаў. Але пакручастыя шляхі падчас самай страшэннай вайны ў гісторыі Беларусі прывялі Сімяона з роднага Полацка ў сталіцу агрэсара.
У 1664 годзе Сімяон Полацкі выпраўляецца жыць у Маскву разам з маці і пляменьнікам. Яшчэ нядаўна адбылося пасьпяховае паўстаньне магілёўцаў супраць расейскіх акупантаў, калі быў выразаны ўвесь гарнізон у 1661 годзе, але шлях манаха паклікаў на Ўсход. Там ён ствараў “латынскую школу” для шляхетных маскавітаў. Таксама шырокавядомы факт, што Сімяон удвая павялічыў колькасьць друкарняў у маскоўскай дзяржаве. Была адна – стала дзьве. У той час як у Рэчы Паспалітай іх было 134.
Таксама новыя рабы, вывезеныя з Вялікага Княства Літоўскага на маскоўшчыну акупантамі, сталі акторамі створанага Сімяонам у Маскве першага расейскага тэатру. Ці можна гэта назваць інакш чым працай на варога, — адказ падаецца відавочны.
Сімяона Полацкага часта называюць і вялікім настаўнікам, асьветнікам. Што ж, менавіта яго вучань Пётр І у родным для манаха Полацку ў 1705 годзе аддаў даніну павагі свайму настаўніку.
Пётр І увайшоў у манастыр, уступіў у алтар сьвятога Язафата, у размове з папом Феафанам аб яго абразе стукнуў папа кіем, потым даў аплявуху і зьбіў манаха з ног, стаў труціць яго ангельскім сабакам, потым шабляй рассек сьвятара напалову, а потым забіў і другога. У алтары раскідаў па падлозе сьвятыя дары. Калі поп Канстантын стаў іх падбіраць, Пётр І адсек яму вушы і загадаў павесіць за горадам, а потым целы трох гэтых пакутнікаў загадаў спаліць.
Затым, вярнуўшыся ў манастыр, забіў шабляй яшчэ пяцёх манахаў, астатнія разбегліся, папа Якава Клюшкоўскага катавалі цэлую ноч, а потым павесілі. Калі нейкія жанчыны сталі плакаць над трупамі, вучань Сімяона Полацкага загадаў абрэзаць ім смочкі на грудзях, а вуніяцкую царкву разрабавалі.
А ў 1710 па загаду Пятра І быў зруйнаваны полацкі Сафійскі сабор.
Канстанцыя Буйло
Беларуская паэтка пабачыла сьвет у 1893 годзе ў Вільні, пражыла вельмі насычанае жыцьцё, і апошні раз убачыла сонца ў чэрвені 1986 года ў Маскве. 7 чэрвеня 1916 яна выйшла замуж за Віталя Калечыца, сына надворнага дарадцы, які паходзіў з засьцянковай шляхты Менскага павету (у 1933 арыштаваны).
Пасьля кастрычніцкага перавароту працавала статысткай у Валакаламскім павятовым выканкаме рабочых і салдацкіх дэпутатаў, бугалтаркай саўгаса. З 1923 года пераехала ў Маскву да свайго мужа, дзе жыла да самай сьмерці.
Алесь Адамовіч
Слынны пісьменьнік і публіцыст, які стаіць у шэрагу найвялікшых прадстаўнікоў нашага народу, пасьля другога інфаркту, які атрымаў у студзені 1994 года, пакінуў гэты сьвет у сталіцы Расеі.
Крывасмокі Беларусі
Неверагодная колькасьць тых, хто праз усё жыцьцё зьнішчаў Беларусь і беларускасьць на пасадзе галоўнага камуніста, адказнага за нашую дзяржаву, апошні раз удыхнулі паветра ў так улюбёнай імі Маскве.
Ня кожны зь іх быў этнічным беларусам, але пасада вымагае разгледзіць іх у гэтым рэчышчы
Канстантын Гей
У 1930-м годзе гэты камуніст быў кіраўніком у нашай краіне. Вядома, гэтых невыбітных асобаў ніхто і блізка не абіраў у самой Беларусі. Іх трапленьне на беларускі чырвоны трон тлумачылася толькі і выключна іх здольнасьцю ісьці і працаваць у фарватары крамлёўскіх злачынцаў з камуністычнай партыі.
На пасадзе першага сакратара ЦК КП(б)Б браў актыўны ўдзел у барацьбе супраць гэтак званай «нацдэмаўшчыны»: пры ім быў сфальсыфікаваны працэс па справе створанага ў нетрах ГПУ — «Саюзу вызваленьня Беларусі». Прысуджаны да расстрэлу 25 лютага 1939 году ў сталіцы іх радзімы.
Ян Гамарнік
У 1928-1929 гадах узначальваў партыйцаў Сталіна ў Беларусі, дзе праводзіў палітыку калектывізацыі. Застрэліўся наконадні непазьбежнага арышту, як сьцьвярджалася ў прысудзе па «справе Тухачэўскага», «заблытаўшыся ва ўласных сувязях з антысавецкімі элемэнтамі і, відавочна, баючыся выкрыцьця». Пасьля сьмерці абвешчаны «ворагам народу». На пахаваньні ў 1937 годзе прысутнічалі 3 чалавекі — удава, дачка і шафёр.
Мікалай Гікала
Гэты партыец узначальваў ЦК камуністаў Беларусі ў 1932-1937 гадах. Гікала спрыяў прымусовай калектывізацыі, удзельнічаў у разгортваньні масавых рэпрэсіяў у Беларусі. Уваходзіў у склад так званых «троек», якія выносілі, ў асноўным, расстэльныя прысуды. Жонка Мікалая Гікала Чыжова (дырэктар Інстытуту журналістыкі), была старшынёй камісіі па чыстцы ва ўстановах культуры, адукацыі і навукі. Сямейны падрад.
25 красавіка 1938 года Гікалу расстралялі і самога ў Маскве.
Васіль Шаранговіч
Гэты чырвоны дзеяч у 1937 годзе быў адказным па Беларусі. У чэрвені 1937 на XVI зьезьдзе КП(б) Беларусі Шаранговіч абвясьціў:
«Мы павінны зьнішчыць дашчэнту рэшткі япона-нямецкіх і польскіх шпіёнаў і дывярсантаў, астаткі трацкісцка-бухарынскай банды і нацыяналістычнай падалі, раструшчыць і сьцерці іх у парашок, як бы яны ні маскіраваліся, у якую б дзіру ні хаваліся».
У час працы зьезду газэты паведамілі пра арышт, суд і расстрэл групы вядомых ваеначальнікаў. Сярод расстраляных значылася імя камандуючага Беларускай вайсковай акругі Ераніма Убарэвіча. Былы першы сакратар ЦК КП(б)Б Ян Гамарнік, знаёмы Галадзеда, пасьпеў застрэліцца перад арыштам. Сам Галадзед быў зьняты з пасады старшыні СНК БССР яшчэ 30 траўня, за дзесяць дзён да зьезду. На зьезьдзе Шаранговіч заявіў, што Галадзед праводзіў «праваапартуністычную практыку».
15 сакавіка 1938 года Шаранговіча расстралялі ў Маскве.
Панцеляймон Панамарэнка
Першы сакратар ЦК КП Беларусі ў 1938-1947 гадах. Даваў згоду на арышт і асуджэньне дзяржаўных і партыйных работнікаў Беларусі. З 15 верасьня па 15 лістапада 1938 году ў якасьці ўдзельніка «тройкі» НКУС вынес 4650 расстрэльных выракаў.
Дажываць свой век вырашыў, па традыцыі, у Маскве, дзе і памёр у 1984 годзе.
Мікалай Гусараў
Першы сакратар ЦК камуністычнай партыі Беларусі з 1947 па 1950 год. У часы яго кіраваньня Беларусьсю была актывізаваная барацьба з «нацыяналізмам», «буржуазнымі плынямі» у беларускай культуры, праводзілася масавая гвалтоўная калектывізацыя ў заходніх раёнах Беларусі. Памёр у Маскве ў 1985 годзе.
Мікалай Патолічаў
Гэты дзеяч кіраваў нашай краінай з 1950 па 1956 год. З 1958 і аж да 1985 года праліваў пот на пасадзе міністра зьнешняга гандлю СССР. У Маскве і памёр у 1989 годзе, крыху не дацягнуўшы да зьнішчэньня імпэрыі Зла.
Кірыла Мазураў
Чарговы галоўны камуніст Беларусі. Ён трымаў трон з 1956 па 1965 год. Намагаючыся аднавіць беларусізацыю, у студзені 1959 на сьвяткаваньні 40-годзьдзя БССР Кірыла Мазураў зрабіў даклад на беларускай мове. У перапынку Мікіта Хрушчоў, які сядзеў у прэзыдыюме, пачаў лаяць Мазурава: «Ни черта не понятно!» На прыступках БДУ Хрушчоў выказаўся яшчэ больш выразна: «Чем быстрее все мы будем разговаривать по-русски, тем быстрее построим коммунизм».
Памёр у 1989 годзе ў Маскве.
Такім чынам 8 так званых кіраўнікоў Беларусі (а па факту – прызначаных Крамлём старшыняў акупацыйнай адміністрацыі) памерлі ў чырвонай ад крыві Маскве.