Ці можам мы назваць Сімяона Полацкага здраднікам Радзімы?

343 гады таму ў Маскве памёр Сімяон, які справядліва лічыцца бліскучым асьветнікам і паэтам. Яго паходжаньне з беларускага Полацка дадае значнасьці ў вачах нашых дасьледчыкаў і суграмадзянаў. Але пакручастыя шляхі падчас самай страшэннай вайны ў гісторыі Беларусі прывялі Сімяона з роднага Полацка ў сталіцу агрэсара. 

1_776.jpg

Вартасьць і каштоўнасьць літаратурнай спадчыны манаха не выклікаюць сумневаў. У гэтым артыкуле ня будзе крытычнага агляду творчасьці Сімяона, мы спынемся на яго ўчынках і паспрабуем даць ім ацэнку.

Даваенны час

Самойла Сітняновіч (а менавіта такім было імя героя артыкула да яго сыходу ў кляштар) нарадзіўся ў слаўным горадзе Полацак у 1629 годзе. Яго бацька купецкага стану памёр, калі Самойла яшчэ быў маленькім, і маці пабралася шлюбам з іншым заможным купцом Пятроўскім.

Сучасны славуты палачанін, гісторык Уладзімер Арлоў адзначае: «Свой шлях у навуку малы Самусь пачаў з брацкай школкі полацкага Богаяўленскага манастыра, а працягваў у Кіева-Магілянскай калегіі, якую праваслаўныя лічылі найлепшай навучальнай установаю Рэчы Паспалітай.

Прага ведаў прывяла Самуся ў Віленскую акадэмію. На той час апрача роднай беларускай ён ужо настолькі дасканала авалодаў лацінай, царкоўнаславянскай і польскай мовамі, што пісаў на ўсіх чатырох вершы. Адукаваны палачанін зрабіўся прыхільнікам мірнага паяднаньня хрысьціянскіх цэркваў, і гэта прывяло яго ў грэка-каталіцкі (вуніяцкі) Ордэн базылянаў».

У Кіеве Сімяон атрымаў званьне «дыдаскала» (настаўніка) і пасьля вяртаньня ў Полацак быў тым самым настаўнікам для братчыкаў мясцовага манастыра.

Вайна з Масквой 1654-1667

Дамо слова Ўладзімеру Арлову: «Якраз тады, калі Самойла быў віленскім студэнтам, пачалася вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй. Вільню захапіла расейскае войска. Царскія стральцы і казакі рабавалі дамы і храмы. Яны здымалі званы, абдзіралі з абразоў каштоўныя аправы, мучылі і забівалі манашак з манахамі. У касьцёле сьвятога Міхала захопнікі разбурылі магілу канцлера Льва Сапегі. Заадно спалілі і некалькі праваслаўных цэркваў.

Глядзіце таксама

У раскошнай карэце па Вільні ехаў маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч. Дарогу перад ім засцілалі крывава-чырвонай тканінаю. Апрача войска, цара ніхто не сустракаў. Палова віленцаў загінула, астатнія ратавалі жыцьцё хто як мог.

Самойла скіраваўся ў Полацак. Родны горад сустрэў падарожніка пажарышчамі і падазронымі позіркамі маскоўскіх стральцоў, якія гаспадарылі на вуліцах. Самым надзейным прытулкам для адукаванага чалавека быў у такое ліхалецьце манастыр».

Далей пачынаецца цікавая гульня.

У акупаваны Полацак у 1656 годзе прыяждае расейскі захопнік Аляксей Міхаілавіч. На сустрэчу зь ім прыходзіць мясцовы манах Сімяон і даруе дарагому госьцю вершаваны твор «Мэтры», поўны захапленьня:

Ты, Цару, — ёсьць наша Сонца, бо Русь асьвяцілася,

Як хмары ерэтыкоў ад нас аддаліліся.

Сонца, — бо вокам сваім усіх даглядаеш,

Як сонечнае кола, усіх асьвятляеш.

Сонца плянэтам сьвятла пазычае,

Сонца, — бо ўсё сьвятлом тваім зьзяе!

(пераклад з расейскай – Іван Саверчанка).

Напісаны Сімяонам "Буквар" для дзяцей расейскага цара

Напісаны Сімяонам "Буквар" для дзяцей расейскага цара

Цікавы факт, невядома ці сьвядома, але Сімяон параўнаў расейскага акупанта з сучасьнікам на іншым баку Эўропы – французам Людовікам XIV, якога называлі Кароль-Сонца.

У гэты самы час, калі беларускі манах расьпінаецца перад Аляксеям, яго родны горад зьнішчаюць з твару зямлі. У Полацку перад расейскім уварваньнем жыло блізу 100 тысячаў людзей. Праз 13 гадоў, у 1667 годзе іх засталася адна тысяча.

Гісторык Генадзь Сагановіч фіксуе: «Беларусь выйшла з трынаццацігадовай вайны з катастрафічнымі стратамі. Яе насельніцтва зьменшылася на 53%. Асабліва пацярпелі паўночныя ды ўсходнія раёны, што найдаўжэй заставаліся пад акупацыяй. Там не засталося нават траціны ад даваеннай колькасьці жыхароў!»

Зямляк Сімяона Ўладзімер Арлоў у наш час піша: «Мэтры» у гонар расейскага цара нельга разглядаць як праяву шчырае прыхільнасьці, бо яны былі, па сутнасьці, пераніцоўкаю аднаго выдадзенага на паўстагодзьдзя раней твора, дзе такія ж велягурыстыя параўнаньні адрасаваліся кіеўскаму мітрапаліту. Па-першае, паэт мусіў спрыяць манастыру, што даў яму прытулак. Па-другое - і гэта галоўнае - ён шукаў мецэната, пад абаронаю якога ў тую жорсткую эпоху мог бы спакойна служыць сваёй музе».

З шаноўным гісторыкам Арловым у дадзеным выпадку складана пагадзіцца. «Служыць сваёй музе» – азначала прывітаць таго, хто ў гэты ж час зьнявечвае тваю Радзіму, хто забівае, гвалтуе, рабуе сотні тысячаў жыхароў Вялікага Княства Літоўскага. У гэтых абставінах Сімяон Полацкі шукаў мецэната? Пагадзімся, што так яно і было. І калі гэта быў сьвядомы выбар полацкага манаха – гэты выбар шмат кажа пра асобу.

Тут будзе вартым прыгадаць іншых землякоў Сімяона: Рагнеду і яе сына Ізяслава. Дачка полацкага князя Рагнеда была згвалтаваная забойцам свайго бацькі – кіеўскім князям Уладзімерам. Гвалтаўнік перавез Рагнеду ў Кіеў, дзе нарадзіўся яе сын Ізяслаў. Маленькі хлопчык вырашыў адпомсьціць за дзеда і маці і не збаяўся ўзьняць руку на прыгнятальніка роднага краю. Рагнеда і Ізяслаў былі вернутыя ў Полацкае княства.

Сімяон Полацкі прысьвяціў акупанту шэраг віншаваньняў з нагоды ўзяцьця пэўных гарадоў у вайне: «Вершы на шчасьлівы зварот літасьцівага цара з-пад Рыгі», «Віншаваньне з выпадку ўзяцьця Дорпата», «Віншаваньне з выпадку абраньня на польскае каралеўства» і іншыя.

У 1664 годзе Сімяон Полацкі выпраўляецца жыць у Маскву разам з маці і пляменьнікам. Яшчэ нядаўна адбылося пасьпяховае паўстаньне магілёўцаў супраць расейскіх акупантаў, калі быў выразаны ўвесь гарнізон у 1661 годзе, але манах скіраваўся на Ўсход. Там ён ствараў «латынскую школу» для будучых шпіёнаў расейскае дзяржавы.

Глядзіце таксама артыкул пра Магілёўскае паўстаньне

Да таго ж Сімяон удвая павялічыў колькасьць друкарняў у маскоўскай дзяржаве. Была адна – стала дзьве. У той час як у Рэчы Паспалітай іх было 134.

Таксама новыя рабы, вывезеныя з Вялікага Княства Літоўскага на маскоўшчыну, сталі акторамі створанага Сімяонам у Маскве першага расейскага тэатру. Ці можна гэта назваць інакш чым працай на варога? Адказ падаецца відавочным.

«Да ад'езду яго змушала і нянавісьць полацкага праваслаўнага біскупа Каліста. Гэтага сьвятара Масква паставіла на пасаду ў абыход царкоўных законаў. Сімяон быў нязгодны і ў адным сваім вершы пасьмяяўся з незаконнага біскупа. Тады Каліст прызначыў паэту ганебнае пакараньне працаю ў манастырскім хляве. Потым Сімяона наогул кінулі ў астрог і закавалі ў кайданы. Болей паэт не мог трываць такіх зьдзекаў. Сімяон хацеў, не баючыся за сваё жыцьцё, займацца навукаю і пісаць кнігі», – апісвае прычыны ад’езду з краіны, якая ваюе, у сталіцу дзяржавы ворага Ўладзімер Арлоў.

3_638.jpg

Вось такія зразумелыі інтэнцыі пабегу. Пісаць кнігі ў краіне, дзе іх могуць выдаць у 134 разы меньш друкарняў? Што ж, яго права, з гэтым мы не спрачаемся.

Васіль Быкаў падчас Другой сусьветнай вайны, калі ўжо іншы вораг руйнаваў Беларусь, а сам пісьменьнік ваяваў на фроньце, не вырашыў сяліцца ў Бэрліне, каб «служыць сваёй музе».

Як заўважае спадар Арлоў, «яшчэ больш умацавалася становішча Сімяона, калі ў 1667 годзе яго прызначылі выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей. Ён асабіста вучыў спадкаемцаў трона царэвічаў Аляксея ды Фёдара і царэўну Соф'ю, а таксама наглядаў за выхаваньнем царэвіча Пятра.

Сімяона Полацкага часта называюць вялікім настаўнікам, асьветнікам. Што ж, менавіта яго вучань Пётр І у родным для манаха Полацку ў 1705 годзе аддаў даніну павагі свайму настаўніку.

Пётр І увайшоў у манастыр, уступіў у алтар сьвятога Язафата, у размове з папом Феафанам аб яго абразе стукнуў папа кіем, потым даў аплявуху і зьбіў манаха з ног, стаў труціць яго ангельскім сабакам, потым шабляй рассек сьвятара напалову, а потым забіў і другога. У алтары раскідаў па падлозе сьвятыя дары. Калі поп Канстантын стаў іх падбіраць, Пётр І адсек яму вушы і загадаў павесіць за горадам, а потым целы трох гэтых пакутнікаў загадаў спаліць.

Затым, вярнуўшыся ў манастыр, забіў шабляй яшчэ пяцёх манахаў, астатнія разбегліся. Папа Якава Клюшкоўскага катавалі цэлую ноч, а потым павесілі. Калі нейкія жанчыны сталі плакаць над трупамі, вучань Сімяона Полацкага загадаў абрэзаць ім смочкі на грудзях, а вуніяцкую царкву разрабавалі.

А ў 1710 па загаду Пятра І полацкі Сафійскі сабор быў пераўтвораны ў склад з выбухоўкай, якая і зьнішчыла велічны беларускі храм.

Дык што ж, ці можам мы назваць Сімяона Полацкага здраднікам Радзімы?