Як за адзін дзень вынішчыць «рускі мір»
Пазбавіцца маскаля няпроста, але беларусы маюць адпаведны гістарычны досьвед. На працягу ўсяго аднаго дня быў зьнішчаны вялізны гарнізон у Магілёве. На ўспамін гэтага горад мае «Пагоню» ў сваім гербе. Зазірнем у гісторыю.
Сумнавядомы сусед з Усходу спрадвек скрыгатаў зубамі і драпежна рваў на часткі нашую радзіму. Самая страшэнная і спусташальная вайна ў Беларусі адбылася з 1654 па 1667 год. Менавіта тады, а не ў Другую сусьветную, загінула найбольш жыхароў. Кожны другі ў Вялікім Княстве Літоўскім быў забіты маскоўскай рукой. Вораг адчуваў сябе ўпэўнена і непераможна. Шматлікія гарады былі акупаваныя, у тым ліку і сталіца — Вільня.
Гісторыя, на якой спынемся, адбылася ў іншым буйным месцы — Магілёве. Напачатку той страшэннай вайны, у 1654 годзе, жыхары Магілёва фактычна бяз бою здалі горад маскавітам. Спадзяваліся і верылі ў вялікага расейскага цара Аляксея Міхайлавіча. Месьцічы нават прысягнулі на вернасьць замежнаму акупанту. У сувязі з гэтым наш вялікі князь Ян Казімір Ваза забраў у горада Магдэбурскае права на самакіраваньне.
У 1660 годзе Рэч Паспалітая заключае мірнае пагадненьне са Швэцыяй, што дазволіла актывізаваць ваенныя дзеяньні супраць маскавітаў. І адначасова з гэтым, у захопленых расейцамі беларускіх гарадах, як адзначае Мікола Ермаловіч, расла незадаволенасьць жыхароў. За некалькі гадоў яны пасьпелі атрымць поўную інфармацыю аб норавах і парадках азіяцкага кіраваньня.
1 лютага 1661 года адбылося знакамітае паўстаньне жыхароў акупаванага Магілёва. Напярэдадні войскі Вялікага Княства Літоўскага разьбілі маскоўкую армію ў бітве на рацэ Басі, што на Магілёўшчыне. Безумоўна, вестка аб гэтым мусіла натхніць нашых продкаў у самім Магілёве.
Як сцьвярджаюць гістарычныя крыніцы, расейцы ў Магілёве «з жыхарамі абыходзіліся груба, штодзённа ўчынялі ім розныя крыўды, ад якіх нідзе не знаходзілі для сябе ўправы і абароны, хаця і неаднаразова скардзіліся».
Напярэдадні паўстаньня гаспадары дамоў, у якіх кватаравалі маскоўскія акупанты, вынулі са стрэльбаў крэмні. Такім чынам агнястрэльная зброя была выведзеная з ужытку.
Раніцай 1 лютага на гарадзкім кірмашы, як і ў іншыя дні, расейцы расхажвалі гуртамі і чапляліся да нашых гандлярак. Акупанты навідавокі кралі ежу, выстаўленую на продаж. Узьняўся віскат, і паводле паданьня, умоўны заклік «Пара!» тады вымавіў ля ратушы бурмістар Язэп Левановіч, што кіраваў падрыхтоўкай паўстаньня.
На гукі звону зьбегліся жыхары, узброеныя хто чым. Неўзабаве ім на дапамогу прыйшлі выпушчаныя зь вязьніцы ваеннапалонныя. Завязаўся бой, і праз некалькі гадзінаў увесь расейскі гарнізон быў выразаны.
Колькасьць зьнішчаных акупантаў складала да сямі тысячаў чалавек. Адзінкі выжылі, зь якіх некалькі афіцэраў і ваяводаў былі ўзятыя ў палон і перададзеныя на сойм у Варшаву. Некалькі маскавітаў здолела дабегчы да горада Рослава, дзе, як кажуць дакумэнты паведамілі: “магілёўскія месьцічы…здрадзілі… ратных людзей у Магілёве ўсіх парубілі”.
Такія ж паўстаньні ў той час адбыліся таксама ў Гомелі, Дзісьне, Себежы, Старым Быхаве, Амсьціславе і іншых гарадах. Гэта яскрава сьведчыла, наколькі нашае насельніцтва вызвалілася ад ранейшых ілюзіяў. І сёньня гэта актуальна як ніколі.
За ўдзел у паўстаньні найбольш актыўныя ўдзельнікі атрымалі шляхетную годнасьць. А ў стане ворага было наадварот: патрыярх РПЦ Нікан праклянуў жыхароў горада.
Вялікі князь літоўскі Ян Казімір Ваза пасьля рашучага народнага ўздыму і слаўнай перамогі зноў надаў Магілёву Магдэбурскае права, а таксама быў зьменены герб горада. Замест мінулай Вежы ў блакітным полі, што была гербам з 1577 года дзякуючы Стэфану Баторыю, зьявіўся новы, які не сапсаваны дагэтуль.
«У блакітным полі тры вежы, у адчыненай сярэдняй браме — рыцар у панцыры з узьдзетай шабляй у руцэ; на вежы круглы шыльд з выявай дзяржаўнага герба «Пагоня».
За адзін дзень жыхары Магілёва пазбавіліся «Рускага міру».
Цікава, што парэшткі акупантаў былі пахаваныя каля сучаснай вуліцы Арджанікідзэ ў Магілёве, тое месца ажно да сярэдзіны ХХ ст. называлася «Касьцярня».
У 1909 годзе сумныя расейскія публіцысты ў «Магілёўскіх епархіяльных ведамасьцях» уздыхалі з прычыны таго, што пахаваньні ніяк не ўпарадкаваныя і гераічна не аформленыя.
Далей расейскі аўтар прапаноўваў пакаяцца жыхарам Магілёва за грэх сваіх продкаў і паставіць агароджу.
У 2007 годзе на тым месцы мясцовы гарвыканкам паставіў аўтазапраўку. Вельмі сымбалічна атрымалася. Парэшткі расейскіх жаўнераў былі скінутыя экскаватарам у роў.