Дзе ў Беларусі шукаць месцы Напалеона Банапарта?
12 (24) чэрвеня 1812 года Вялікая армія Напалеона Банапарта перайшла мяжу па Нёмане ў раёне Коўна. Так пачаўся расійскі паход французскага імператара. Па дарозе да Масквы Напалеон пакінуў значны след сваёй прысутнасці на беларускіх землях: да сёння па Беларусі параскіданы дубы, балконы, дамы Напалеона.
Жыхары Вялікага Княства Літоўскага сустракалі Напалеона як вызваліцеля, ускладалі на яго разам з абывацелямі Кароны Польскай спадзеў на адраджэнне Рэчы Паспалітай. І гэта не дзіва. За тыя няпоўныя 20 год знаходжання пад уладай Расійскай імперыі жыхары Вялікага Княства Літоўскага не пранікліся глыбокай любоўю да царскай улады з яе прыгонам, завышанымі падаткамі, дзіўнымі для мясцовых звычаямі і законамі.
Для спадзеву былі падставы. Некалькімі гадамі раней Банапарт аднавіў Варшаўскае герцагства ў межах прускага і часткова аўстрыйскага захопу зямель Рэчы Паспалітай. Літва чакала… Дух таго часу цудоўна можна падкрэсліць радкамі з «Пана Тадэвуша» пяра Адама Міцкевіча:
І сапраўды, у Вялікай арміі Напалеона дзейнічалі вайсковыя злучэнні жыхароў былой Рэчы Паспалітай.
Палякі і літвіны ішлі ў расійскі паход трыма вялікімі групамі. Асобна пад камандаваннем самога Панятоўскага выступіў V (нацыянальны) корпус Вялікай арміі (прыкладна 36 тысяч чалавек). Польскія і літвінскія падраздзяленні ўваходзілі таксама ў склад 7-й і 28-й французскіх пяхотных дывізій, у корпусную кавалерыю 1-га і 2-га армейскіх карпусоў, у 1-ю і 2-ю рэзервовыя лёгкія кавалерыйскія дывізіі, а таксама — у Маладую гвардыю.
Трэба ўлічваць, што гэтыя злучэнні ўвесь час папаўняліся: усяго ў кампаніі 1812 года ў складзе розных войскаў прынялі ўдзел 96 тысяч палякаў і літвінаў. Пры гэтым, у адрозненне ад немцаў, іспанцаў, італьянцаў і іншых, палякі і літвіны на вайну з Расіяй ішлі вельмі ахвотна і былі поўныя спадзеву.
Вялікая армія перайшла межы Расійскай імперыі, ход наступных падзей і іх наступствы — досыць вядомыя.
Акцэнт хацелася б зрабіць на французскім імператары Напалеоне Банапарце, а таксама на месцах, якія ў Беларусі звязаны з гэтым неардынарным чалавекам.
Горадня: няздзейснены начлег
На землі Вялікага Княства Літоўскага Напалеон разам са сваім штабам і старой гвардыяй заехаў з паўночнага захаду. Першы начлег імператара быў запланаваны ў Горадні. Але ў горадзе знаходзіўся кавалерыйскі корпус расійскага атамана Платава. Тут жа адбыўся і першы бой паміж рускімі казакамі і ўланамі з корпуса Юзэфа Панятоўскага, пляменніка апошняга караля Рэчы Паспалітай і ўраджэнца гэтых мясцін.
Першапачаткова Напалеон планаваў спыніцца на некалькі дзён у Гродзенскім новым каралеўскім замку, але перыядычныя перастрэлкі ўланаў з казакамі Платава зрабілі гэту задуму небяспечнай. Так французскі імператар абмінуў горад на Нёмане сваёй аўдыенцыяй.
Шчучын: адпачынак, як у Версалі
Горадня засталася за спінаю, Банапарт на невялікі адпачынак скіроўваецца ў горад Шчучын. Там ён спыняецца ў палацы князя Друцкага-Любецкага.
Шчучынскі палац па сваёй архітэктуры быў сваяком палацу Малы Трыянон на тэрыторыі Версаля — рэзідэнцыі французскіх каралёў. Тут Банапарт мог адчуць сябе як дома, прымаючы прадстаўнікоў мясцовай шляхты.
Мінск: помнік, опера, урачыстая сустрэча
Напрыканцы чэрвеня Вялікая армія Напалеона ўжо ўваходзіла ў Мінск. Маршал Даву быў урачыста сустрэты гараджанамі. Раніцай 26 чэрвеня дэлегацыя мінчан на чале з Камінскім і Манюшкам выехала за горад для сустрэчы французскіх войскаў. Праз дзве вярсты адбылася сустрэча. А яшчэ праз гадзіну на гарадской мяжы каля Ракаўскай заставы французскі картэж з хлебам і соллю сустрэлі начальнік другога дэпартамента губернскага суда Ян Ходзька, мінскі падкаморы князь Міхаіл Пузына і пан Серакоўскі.
Яны заявілі, што ў асобе маршала Даву гараджане вітаюць Напалеона.
Пры ўездзе Даву ў горад народ тоўпіўся вакол яго, a магістрат і цэхі віталі, падсцілаючы свае сцягі пад ступні пераможцы. Калі маршал са сваім штабам прыбыў на плошчу, званую Высокі рынак, грамадзяне заступілі яму дарогу, абсыпаючы яе кветкамі.
Кватэра маршалу была адведзена на Высокім рынку (цяпер — плошча Свабоды) у доме, які прымыкаў да касцёла. Плошча гэтая складала лепшую частку горада, бо ўпрыгожаннем яе служылі трохпавярховы будынак ратушы, езуіцкая калегія, уніяцкі манастыр, каталіцкія храмы.
А ўжо ў пачатку жніўня сустракаў Мінск і самаго Напалеона Банапарта. Тут ён начаваў у губернатарскім доме, які знаходзіцца ў раёне цяперашняй плошчы Свабоды. На самым жа пляцы намаганнямі гандляроў і рамеснікаў быў тэрмінова ўсталяваны помнік французскаму імператару ў бронзе, а ў мінскім дваранскім зборы адмыслова паставілі любімую оперу Напалеона — «Барды» Лесуара.
Віцебск: двухтыднёвы побыт
Наступная кропка на карце Беларусі, звязаная з Напалеонам — Віцебск. Тут французскі імператар пражыў амаль некалькі тыдняў. Віцебскі губернатарскі палац стаў рэзідэнцыяй Напалеона. На гэты час Віцебск стаў фактычна сталіцай вялікай імперыі — Банапарт пісаў адсюль да 100 лістоў у дзень, якія дасягалі Парыжа, Берліна, Неапаля…
Тут жа, у губернатарскім палацы, Напалеон 15 жніўня адзначыў 43-годдзе. Быў арганізаваны баль на 500 персон для генералітэту і прадстаўнікоў мясцовай шляхты. Банапарту падабалася ў Віцебску, і першапачаткова ён збіраўся менавіта тут застацца на зімовых кватэрах. Але яго світа, адурманеная лёгкімі еўрапейскімі перамогамі, пераканала яго адправіцца ў паход на Маскву, каб паспець захапіць яе да наступлення маразоў.
Пра гэта Напалеон і аб’явіў сваёй арміі і мясцоваму насельніцтву з балкончыка непадалёк ад гарадской ратушы. У Віцебску і зараз пакажуць балкон, на якім імператар у сваім знакамітым старым сурдуце і трывуголцы прамаўляў аб фатальным рашэнні наступаць на Маскву.
Дуб і балкон у Бешанковічах, начлег у кляштарах
Акрамя самога Віцебска, Напалеон пакінуў свой след і ў ваколіцах. У палацы ў Бешанковічах захаваўся аўтэнтычны балкон, дзе Банапарт піў каву разам са сваім асабістым ад’ютантам Дамінікам Радзівілам. Не так даўно там нават быў спілаваны дуб, пад якім, паводле легенды, адпачываў Напалеон.
Але звычайна Напалеон па-за буйнымі гарадамі начаваў у манастырах, якіх на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага было мноства.
У Оршы Банапарт спыняўся ў калегіуме езуітаў, а ў Талачыне ў праваслаўным манастыры, у Глыбокім ён знайшоў прытулак у кляштары кармелітаў.
І ўсюды запомнілі заваёўніка Еўропы як чалавека дапытлівага, вельмі далікатнага, які паважліва адносіцца да мясцовага насельніцтва.
Прытулкі на адваротным шляху
Пераправа праз Бярэзіну
Вяртанне ў Францыю было ўжо не такім камфортным і велічным для французскага імператара. На гэтым шляху можна адзначыць два знакавыя месцы: разбураны цяпер радзівілаўскі палац у Барысаве, дзе Напалеон пасля страшнай пераправы цераз Бярэзіну заначаваў.
5 снежня 1812 года апоўдні прыбыў Напалеон у Смаргонь. Ён размясціўся ў доме ўладальніка Смаргоні Караля Пшаздзецкага, які знаходзіўся побач з месцам, дзе пабудавана Спаса-Праабражэнская Царква. Тут ён абвясціў аб сваім рашэнні пакінуць войска і адправіцца ў Парыж. Камандаванне войскам было перададзена маршалу Мюрату. Каля 10 гадзін вечара Напалеон пакінуў Смаргонь. Там, па легендзе, імператар кінуў свой багаж разам з любімым старым мундзірам і трывуголкай.
Потым, у форме палкоўніка ўланскага літоўскага палка, разам са сваім ад’ютантам і эскадронам радзівілаўскай гвардыі інкогніта выехаў у Вільню.
І, канешне ж, прыгадаем, што знакаміты клад Напалеона Банапарта, які недзе прыхаваны ў Беларусі, усё яшчэ не знойдзены.