Сярэднявечны даследчык Беларусі з Аўстрыі: Сігізмунд Гербэрштэйн

Гэты чалавек на свае вочы ў 1517 і 1526 гадах бачыў нашую родную Беларусь. Заняты дыпламатычнымі даручэннямі, ён пакінуў пасля цікавыя звесткі і апісанне як месцаў, так і працэсаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Берасце, Менск, Ворша, Мазыр і іншыя гарады апісаны ў яго працы. Пачытаем!

Сігізмунд Гербэрштэйн

Сігізмунд Гербэрштэйн

Дыплямат і дасьледчык прадстаўляе сябе асабіста

“Што ж я скажу аб самім сабе? З якой асобай, пытаю, адважыўся б я столькі разоў езьдзіць у Польшчу і Літву, паказвацца на вочы каралёў польскіх, Жыгімонта і яго сына, прысутнічаць на соймах палякаў, глядзець на вяльможных паноў, калі б я дапамагаў у гэтай справе майму гасудару, ад імя і па даручэнні якога я вельмі часта гаварыў па-брацку, па-сяброўску, добразычліва і каралю і ўсім саслоўям усё, што можна гаварыць ад самага дружалюбнага, самага лепшага і найміласьцівейшага імпэратара?

Калі няма таямніцы, якая не выявіцца, то дакладна даўно б выйшла на сьвет, калі б я дазволіў сабе што-небудзь нявартае майго званьня”.

Сігізмунд Гербэрштэйн нарадзіўся 23 жніўня 1486 года ў замку Віпах, у Штырыі, што ў Аўстрыі. Рос у асяроддзі славенцаў (ды і сёньня гэтае месца знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай Славеніі). У адрозьненьне ад большасьці сваіх аднагодкаў, ён ужо ў малалецтве нароўні зь ляцінай вучыў і славенскую мову.

У 1499 годзе паступіў у Венскі ўнівэрсітэт, які перажываў тады эпоху росквіту. Ва ўзросьце 16 гадоў Гербэрштэйн атрымаў ступень бакалаўра.

З 1506 года ён знаходзіўся на службе дынастыі Габсбургаў, прыняў удзел у паходзе супраць Вугоршчыны, які ўзначаліў Максіміліян. Гербэрштэйн вызначыўся ў шэрагу бітваў. У 1508 годзе за пасьпяховую дастаўку правіянту ў абкладзеную крэпасьць і разгром варожага атрада Сігізмунд быў пасьвечаны ў рыцары самім Максіміліянам.

У той час у нашай дзяржавы адбываліся чарговыя войны з адвечным ворагам – Масквой.

Глядзіце таксама

Місію пасярэдніцтва паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Масковіяй узяў на сябе імпэратар Максіміліян. У якасьці яго прадстаўніка ў 1517 годзе ў Маскву прыехаў Сігізмунд Гербэрштэйн. Ён павінен быў угаварыць Васіля ІІІ адмовіцца ад Смаленска на карысьць Вялікага Княства Літоўскага, адзначае ўкраінскі гісторык Андрэй Зоткін.

Падчас сваіх місій (а другая дыпляматычная выправа была ў 1526 годзе) Сігізмунд Гербэрштэйн уважліва вывучаў і запісваў факты і ўласныя назіраньні. У выніку ў 1549 годзе ў Вене пабачыла сьвет яго праца “Нататкі пра Масковію”. У ёй аўтар апісваў сваю працу па дасягненьні міру, а таксама сацыяльна-палітычнае становішча Масковіі і дзяржаваў, якія знаходзіліся побач. Вялікі разьдзел прысьвечаны менавіта Вялікаму Княству Літоўскаму.

Першая старонка "Нататак..."

Першая старонка "Нататак..."

Раздзел пачынаецца панегірыкам Яўстафію Дашковічу, ад якога Гербэрштэйн даведаўся не толькі аб падрабязнасьцях набегу на Северскую зямлю, але і аб характары ўзаемадзеяньня літоўскіх і крымскіх войскаў падчас набегу 1521 года на маскавітаў, дэталях адносінаў Чаркаскага ваяводы з крымскім ханам Мухамэдам-Гірэ, як адзначае Віктар Белазаровіч.

“Літва вельмі блізкая да Масковіі. Я кажу зараз не пра адну толькі вобласьць, але і пра краіны, да яе прылеглых, якія разумеюцца пад агульным імем Літвы. Яна цягнецца доўгаю паласою ад горада Чаркас, які стаіць на Барысфэне, да самай Лівоніі.

У той год, калі мы былі ў Масковіі, Яўстафі Дашковіч разьбіў маскавітаў праз дзіўную хітрасьць. Гэтая справа здаецца мне годнай, каб расказаць пра яе тут. Некалькіх татараў, перараджаных у літоўскую сукенку, ён паслаў у Масковію, мяркуючы, што маскавіты без усялякага страху нападуць на іх, прыняўшы іх за літоўцаў.

Сам жа размясьціў у зручным месцы засаду і чакаў тых маскавітаў, якія стануць помсьціць за гэты набег. Татары, спустошыўшы частку паўночнай вобласці, пайшлі ў кірунку да Літвы. Даведаўшыся, што яны трымаюць шлях у Літву, маскоўцы лічылі з прычыны гэтай перамены шляху, што гэта літоўцы, і жадаючы адпомсьціць, наляцелі на Літву.

Жыгімонт Стары і Бона Сфорца, зь якім меў сустрэчы Сігізмунд Гербэрштэйн

Жыгімонт Стары і Бона Сфорца, зь якім меў сустрэчы Сігізмунд Гербэрштэйн

Спустошыўшы яе, яны вярталіся са здабычай, былі акружаны Яўстахам зь яго засады і ўсе да аднаго пабіты. Даведаўшыся пра гэта, маскоўскі князь адправіў паслоў да польскага караля скардзіцца на нанесеную яму крыўду. Кароль адказваў, што яго падданыя не наносілі крыўды, а толькі помсьцілі.

Такім чынам маскоўскі князь, двухразова ашуканы, вымушаны быў зьнесці страты і ганьбу”.

Апісаньні беларускіх месцаў

Уверх па Барысфэне, у 30 мілях ад Кіева знаходзіцца Мазыр (Mosier) на рацэ Прыпяці (Prepetz), якая ўпадае ў Барысфен 12 мілямі вышэй Кіева. Рака Тур (Thur), багатая рыбаю, упадае ў Прыпяць. Ад Мазыра да Бабруйска (Bobrauzko) 30 міль. Адтуль, уверх па цячэньні, 25 міль да Магілёва, ад якога за 6 міль стаіць Ворша.

З вылічаных ужо гарадоў па Барысфэне тыя, якія стаяць на правым беразе, падуладныя вялікаму князю літоўскаму, на левым жа беразе якія стаяць — маскоўскаму князю, акрамя Дуброўны і Мсціслаўля, якія належаць Літве. Пераправіўшыся пры Воршы праз Барысфэн і праехаўшы чатыры мілі, прыязджаеш у Дуброўну, а адтуль за дваццаць міль Смаленск (Smolenzko). З Воршы нам ляжаў шлях у Смаленск, а адтуль у Маскву.

Мапа з працы Гербэрштэйна

Мапа з працы Гербэрштэйна

Горад Барысаў (Borisovuo) стаіць у 22 мілях на захад ад Воршы, праз яго працякае рака Бярэзіна, якая ўпадае ў Барысфэн ніжэй за Бабруйск. Бярэзіна ж, як я суджу па вакамеру, некалькі шырэй Барысфэна пры Смаленску. Я ўпэўнены, што гэтую Бярэзіну старажытныя лічылі Барысфэнам, на што, здаецца, паказвае самы гук слова; бо калі паглядзім на апісаньне Пталамея, то яно больш падыходзіць да вытокаў Бярэзіны, чым да вытокаў Барысфэна, які называецца Дняпром.

Вільня — сталіца гэтага народа. Гэта шырокі горад, разьмешчаны паміж узгоркамі, пры зліцьці рэк. Рака Вілія некалькімі мілямі ніжэй Вільні ўпадае ў Кронан. Кронан жа працякае праз горад Гродна, імя якога даволі падобнае з назвай ракі.

Прусы (Prutheni), некалі падуладныя тэўтонскаму ордэну адлучаюцца ад самагітаў Кронанам у тым месцы. Нямецкае мора: там стаіць горад Мемель (Mumel). Бо немцы называюць Кронан Мемелем, а на тубыльнай мове ён называецца Нёманам (Nemen).

Полацк, княства, якое ў іх называецца ваяводзтвам. Яно знаходзіцца на рацэ Дзьвіне, якую іншыя называюць Рубонам (Rubo). Там нас прынялі з пашанай, пры вялізным зьбегу людзей, якія выйшлі нам на сустрэчу, і цудоўна пачаставалі і нарэшце праводзілі да бліжэйшага прывалу.

Глядзіце таксама

Паміж Вільняй і Полацкам знаходзіцца вельмі шмат азёраў, балотаў і неабсяжна-вялізных лясоў, якія цягнуліся на прасторы амаль 50 нямецкіх міль.

Менск, горад, адлеглы ад Ваўкавыска на 35 міль. Пачынаючы адсюль (inde praeterea), усе рэкі цякуць у Барысфэн, тым часам як іншыя, што засталіся ззаду, цякуць у Нёман.

З Бельска я скіраваўся ў Берасьце (Briesti), крэпасьць з драўляным горадам, на рацэ Бугу, у якую ўпадае Мухавец, - потым у горад Ламас; пакінуўшы тут Літву.

Літва вельмі лясістая. У ёй знаходзяцца велізарныя балоты і шмат рэкаў, зь якіх адны, як Буг (Bog), Прыпяць, Тур і Бярэзіна, цякуць на ўсход і ўпадаюць у Барысфэн, — іншыя ж, як Буг (Boh), Кронан і Нараў, цякуць на поўнач.

Клімат суровы, жывёлы ўсіх парод маларослыя.

Пра людзей, нашых продкаў

Краіна мае шмат хлеба, але жніво рэдка дасягае сталасьці. Народ бедны і прыгнечаны цяжкім рабствам, бо кожны, у каго ў распараджэньні натоўп слугаў, можа ўвайсьці ў дом сяляніна, беспакарана рабіць што заўгодна, выкрадаць і вынішчаць рэчы, неабходныя ў хатнім ужытку, і нават жорстка біць самога селяніна.

З пустымі рукамі сялянаў не пусьцяць да іх гаспадара ні за якой справай; калі нават яны і будуць дапушчаныя, то іх усёткі адашлюць да аканомаў (ad Officiales et Praefectos), якія без падарункаў нічога добрага не зробяць. Гэта адносіцца не толькі да людзей ніжэйшай клясы, але і да высакародных, калі яны жадаюць атрымаць што-небудзь ад вяльможаў.

Я чуў ад аднаго першараднага чыноўніка пры маладым каралі такі выраз:

"У Літве ўсякае слова каштуе золата"

Каралю яны плацяць штогадовую подаць на абарону межаў дзяржавы; гаспадарам абавязаны працаваць шэсьць дзён у тыдзень, акрамя аброку; нарэшце, у выпадку вясельля ці пахаваньня жонкі, таксама пры нараджэньні ці сьмерці дзяцей, яны павінны плаціць вядомую суму грошай парафіяльным сьвятарам (гэта робіцца падчас споведзі).

З часоў Вітаўта да самых нашых дзён іх трымаюць у такім жорсткім рабстве, што калі напрыклад каго прысудзяць да сьмерці, тады, паводле загаду гаспадара, ён павінен сам выканаць прысуд над сабою і павесіць сябе ўласнымі рукамі; а калі ён заўпарціцца, то яго жорстка высякуць, запакутуюць самым бесчалавечным чынам і ўсёткі павесяць.

З прычыны такой строгасьці бывае і так: суддзя або прызначаны на гэты выпадак начальнік пагражае рабу, які замарудзіўся, або толькі скажа: «Пасьпяшайся, спадар гневаецца», — і ён, няшчасны, баючыся жорсткага цялеснага пакараньня, сканчае сваё жыцьцё пятлёй”.

Варта безумоўна адзначыць, што падобнае апісаньне пакараньняў цалкам не стасуецца з законамі, прапісаныя ў Статутах Вялікага Княства Літоўскага, пачынаючы з 1529 года, а гэта значыць усяго праз некалькі гадоў пасьля падарожжаў Сігізмунда Гербэрштэйна.

“Гэты народ знаходзіўся ў стане росквіту да самых часоў Вітаўта. Калі з якога-небудзь боку пагражае ім вайна, і яны павінны абараняць свой здабытак ад гвалту непрыяцеляў; то яны зьяўляюцца на заклік у цудоўным убраньні больш з мэтай пахваліцца, чым для вайны; але неўзабаве пасьля набору яны і разыходзяцца.

Сігізмунд Гербэрштэйн

Сігізмунд Гербэрштэйн

Калі хто і застаецца, то ідзе ў паход як бы пад прымусам, зь невялікай колькасьцю коней і адзеньня, адаслаўшы дадому ўсё лепшае, з чым зьявіўся для запісваньня.

Зрэшты, магнаты, якія абавязаны пасылаць на вайну вядомы лік ваяроў на свой рахунак, адкупляюцца, даючы грошы правадыру, і застаюцца дома, — і гэта зусім не лічыцца ганебным, бо начальнікі апалчэньня і правадыры публічна абвяшчаюць на сойміках і ў лягеры, што калі хто жадае заплаціць, той можа быць звольнены ад службы і вярнуцца дадому.

У іх такая свабода рабіць усё, што заўгодна, — што яны не карыстаюцца, а злоўжываюць сваёй бязьмежнай вольнасьцю; яны валодаюць незакладзенымі маёнткамі караля, так што кароль, прыязджаючы ў Літву, не можа жыць там на ўласныя даходы без дапамогі правінцыйных жыхароў.

Нацыянальнае адзеньне прадаўгаватае. Яны носяць татарскі лук, і дзіду і шчыт, як у вугорцаў; для язды ўжываюць добрых коней, без жалезных падкоў.

Літоўцы вырабляюць гандаль мёдам, воскам, попелам — усяго гэтага ў іх у багацьці; гэтыя прадукты, у вялікай колькасьці вывозяцца ад іх у Данцыг (Gedanum), а адтуль у Галяндыю. Літва дастаўляе таксама ў багацьці смалу і будаўнічы лес, а таксама хлеб.

Яна мае патрэбу ў солі, якую набывае з Брытаніі. У той час, калі Хрысьцерн быў скінуты з дацкага пасаду, і мора было небясьпечна ад піратаў, соль прывозілася не з Брытаніі, а з Русі. Літоўцы і зараз карыстаюцца рускаю сольлю.

Жывёльны сьвет Вялікага Княства Літоўскага

Акрамя тых, якія водзяцца і ў Нямеччыне, у Літве ёсьць бізоны (Bisontes), буйвалы (Uri), ласі (Alces), па-іншаму званыя анаграмі, гэта значыць ляснымі канямі. На сваёй мове літоўцы называюць бізона зубрам (Suber).

Немцы няправільна называюць яго аurох - гэтае імя належыць буйвалу, які мае зусім выгляд быка, тады як бізоны вонкава зусім на іх не падобныя. Менавіта, у бізонаў ёсьць грыва; шыя і лапаткі ў іх касматыя, а з падбароддзя спускаецца нешта накшталт барады.

Поўсьць іх пахне мускусам, галава кароткая, вочы вялікія і лютыя, як бы падпаленыя, лоб шырокі, рогі па большай частцы настолькі разыходзяцца адзін ад аднаго і так растапыраныя, што паміж імі могуць усесьціся тры чалавекі моцнага целаскладу.

Зубр. Выява з кнігі Гербэрштэйна

Зубр. Выява з кнігі Гербэрштэйна

Кажуць, такі досьвед быў прароблены вялікім князем Жыгімонтам, бацькам цяперашняга Жыгімонта Аўгуста, — а мы ведаем, што ён быў прыроджаны і моцны целам, ды і ў таварышы ён узяў двух іншых не менш сябе.

На сьпіне ў іх узвышаецца нешта накшталт гарба, так што задняя частка цела ніжэй сьпіны.

Калі ж паляўнічы жадае перадыхнуць, то кідае яму чырвоны капялюш, на які той з лютасьцю накідваецца. Калі зубр не прыкончаны і іншаму паляўнічаму трэба будзе ўступіць у такую барацьбу (што бывае неабходна, калі яны жадаюць вярнуцца цэлымі), то ён лёгка можа выклікаць на сябе зубра, пракрычаўшы хоць раз гучным голасам (barbarico sono): лю-лю- лю.

Глядзіце таксама

Тая жывёла, якога літоўцы называюць на сваёй мове ласём (Loss), па-нямецку называецца Ellend; некаторыя ж называюць яго на ляціне alces. На хаду яны вельмі хуткія і бегаюць не так, як іншыя жывёлы. Капыты іх часта носяць як амулеты супраць падучай хваробы.

Бітва пад Воршай у працы Гербэрштэйна

Бітва пад Воршай. Выява ШІ (instagram.com/belarus_minulaja)

Бітва пад Воршай. Выява ШІ (instagram.com/belarus_minulaja)

8 верасьня 1514 года адбылася знакамітая Бітва пад Воршай, вялікая баталія паміж саюзнымі войскамі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага пад агульным камандаваньнем гетмана Канстантына Астрожскага і войскам Масковіі пад камандаваньнем ваяводы Івана Чалядніна.

Як піша гісторык Анатоль Грыцкевіч, барон Сігізмунд Гербэрштэйн, які наведаў у Вільні на пачатку 1517 года палонных Чалядніна і Булгакава-Голіцу і размаўляў зь імі пра бітву пад Воршай і даў у пазыку некалькі залатых (невядома, ці аддалі маскавіты пазычанае пасьля), расказваў у сваіх запісах: «Літоўцы, наўмысна адступіўшы да таго месца, дзе ў іх былі схаваныя гарматы, скіравалі іх супраць маскавітаў, якія насядалі, і паразілі іх заднія шэрагі, што выстраіліся ў рэзэрве, але занадта скучаныя, унеслі замяшаньне ў іх шэрагі і рассеялі.

Глядзіце таксама

Такі нечаканы баявы прыём прывёў маскавітаў у жах, яны кінуліся наўцёкі. Літоўцы, разгарнуўшыся і скіраваўшы ўсе свае сілы, перасьледавалі іх, гналі і забівалі. Толькі ноч і лясы спынілі гэтае вынішчэньне».

Паміж Воршай і Дуброўнай (якія знаходзяцца адзін ад аднаго на 4 германскіх мілі) ёсьць суднаходная рака Крапіўна: у ёй патанула столькі маскавітаў, якія беглі па яе небясьпечных і высокіх берагах, што плынь ракі запаволілася.

Узятыя былі ў гэтай бітве ўсе начальнікі войска і вайсковыя дарадцы.

Пачуўшы аб паразе сваіх войскаў, маскоўскі князь неадкладна пакінуў Смаленск і пасьпешна зьехаў у Маскву, загадаўшы спаліць крэпасьць Дарагабуж, каб не завалодалі ёю літоўцы.

Глядзіце таксама

Літоўскае войска скіравалася проста да горада Смаленска, але не магло ўзяць яго, бо маскоўскі князь моцна ўмацаваў яго і пакінуў у ім гарнізон. Да таго ж надыходзячая зіма замінала аблозе. Акрамя таго літоўцы былі абцяжараныя здабычай, якая дасталася пасьля бітвы, і многія патрабавалі вяртаньня дадому, мяркуючы, што яны ўжо дастаткова зрабілі.

Нарэшце літоўскае войска не магло ўзяць Смаленска і таму, што ні літоўцы, ні маскоўцы не ўмеюць браць крэпасьцей.