Аршанская бітва: нараджэнне палітычнага міфа

За апошнія дзесяцігоддзі дата 8 верасня стала вядомай як святочны «Дзень беларускай вайсковай славы». У гэты дзень у 1514 годзе адбылася вялікая Аршанская бітва. Як сталася, што бітва 500-гадовай даўніны выйшла на авансцэну гістарычнай памяці?

Дзень Беларускай вайсковай славы, Мінск, 1997 год, фота Уладзіміра Сапагова

Дзень Беларускай вайсковай славы, Мінск, 1997 год, фота Уладзіміра Сапагова


Палітычныя міфы — гэта не кепска. Яны ёсць у кожнай сталай нацыі. Палітычны міф — гэта аповед пра падзеі мінулага, які надае даўнім справам асаблівае значэнне для сучаснага. Пры стварэнні гераічнага міфа ў гісторыі знаходзіцца значная для грамадства падзея. Пры гэтым міф можа нарадзіцца сам, а можа быць мэтанакіравана створаны інтэлектуаламі. Галоўнае тут тое, што палітычны міф — гэта рэакцыя на рэчаіснасць, адказ на выклік. Плённым грунтам для палітычных міфаў з’яўляюцца пераможныя бітвы з гераічнага мінулага.
Асабліва для грамадства, якое знаходзіцца ў стане змены каштоўнасцей. На хвалях аднаўлення беларускай дзяржавы ў 1990-я падзеяй для стварэння моцнага палітычнага міфа стала Аршанскай бітва 1514 года.

Колькі важных слоў пра бітву

Яшчэ сучаснікі называлі Аршанскую бітву «Вялікая бітва». Перамога пад Оршай — прыклад поспеху ў справе змагання супраць знешняга ворагу нароўні са здабытай на стагоддзе раней перамогі пад Грунвальдам. Бітва адбылася 8 верасня 1514 года на полі недалёка ад Оршы. Войскамі Вялікага Княства Літоўскага камандаваў славуты гетман Канстанцін Астрожскі. Пасля перамогі літоўскае войска пачало вяртаць занятыя ворагам гарады, вайсковы поспех спыніў актыўны наступ маскоўскага войска ўглыб Вялікага Княства Літоўскага.

Знакаміатя карціна, дзе адлюстравана Аршанская бітва

Знакаміатя карціна, дзе адлюстравана Аршанская бітва

Падзея значная, але для палітычнага міфа факта адной гучнай перамогі ўсё ж мала. Трэба адметнасць і «разынка». Для Аршанскай перамогі такой фішкай стала суаднясенне бакоў: 30-35 тысяч войска Астрожскага і 80 тысяч для маскоўскага войска. Такія лічбы разбітага ўшчэнт ворага не могуць пакінуць абыякавым!
Але тут мы трапляем у гістарычную пастку. Гэтыя лічбы войска ў гісторыяпісанні мінулых эпох фіксуюцца небеспадстаўна, але яны не адпавядаюць рэальнай карціне, бо з’явіліся на падставе чутак ад сучаснікаў бітвы. Дый і палітычныя матывы не абмінулі падачу такіх касмічных лічбаў. Сучасны беларускі даследчы Аршанскай бітвы Алесь Казакоў колькасць войска Вялікага Княства Літоўскага ацэньвае паміж 16 і 17 тысячамі, а наконт маскоўскага войска адзначае, што яго колькасці, нават прыблізнай, дагэтуль не ведае ніхто. Фактам застаецца тое, што маскавітаў было аб’ектыўна болей, чым ваяроў Вялікага Княства Літоўскага. Больш, але не ў суадносінах 30 на 80 тысяч.

Выспяванне міфу: што пісалі пра бітву ў ХХ стагоддзі  

Натуральна, што цягам ХХ, а пагатоў у ХІХ стагоддзі, пра «Дзень беларускай вайсковай славы» ніхто не ведаў і такое свята не адзначалася. Але ў аб’ектыў гісторыкаў і мысляроў пачатку ХХ стагоддзя падзеі 1514 года пад Оршай траплялі. Па-сутнасці, у гэты час адбывалася ненаўмыснае вырошчванне будучага міфу. Растлумачыць гэта можна тым, што акцэнт не рабіўся на адной Аршанскай бітве ці якой-небудзь іншай, у тыя часы адбываліся глабальныя працэсы: стваралася і папулярызавалася гісторыя беларусаў як самастойнага народа. Фактычна ў першай палове ХХ стагоддзя бітва падавалася ў двух іпастасях: стрымана — як аб’ектыўны гістарычны факт, і ўзнёсла — як гераічная старонка слаўнага мінулага.

Прафесар Мітрафан Доўнар-Запольскі

Прафесар Мітрафан Доўнар-Запольскі

Пра Аршанскую бітву ў стрыманым рэчышчы пісаў патрыярх айчыннай гістарычнай навукі Мітрафан Доўнар-Запольскі. У сваёй фундаментальнай працы «Гісторыя Беларусі» ён змяшчае Аршанскую бітву ў кантэкст пачатку супраціўлення Вялікага Княства Літоўскай і Масквы. «Страшная параза, якую пацярпелі маскавіты пад Оршай ад князя Астрожскага, зрабіла іх больш саступлівымі», — так характарызуе падзеі 1514 года М. Доўнар-Запольскі.

Адам Станкевіч

Адам Станкевіч

У падобным рэчышчы перамогу пад Оршай падае ксёндз Адам Станкевіч — стрымана, але больш каларытна. У сваёй працы «Расказы з гісторыі Беларусі для школы і народу» каталіцкі святар, як і Доўнар-Запольскі, Аршанскую бітву змяшчае ў ланцужок падзей літоўска-маскоўскага супрацьстаяння. Станкевіч піша, што «Астрожскі разграміў маскоўцаў, нягледзячы на тое, што яго армія была меншая ўдвая. Ад Оршы ён гнаў маскоўцаў аж да граніц Беларусі».

Вацлаў Ластоўскі

Вацлаў Ластоўскі

Інакш пра Аршанскую бітву пісаў Вацлаў Ластоўскі. У 1910 годзе на старонках «Нашай Нівы» і ў асобным выданні пабачыла свет «Кароткая гісторыя Беларусі з 40 рысункамі». Ластоўскі пісаў: «Недалёка ад Оршы вялікі гетман князь Астрожскі выйграў дзве бітвы. Астрожскі камандаваў усяго толькі 35 тысячамі чалавек, а маскоўскага войска было 80 тысяч чалавек і, нягледзячы на гэта, перамог». І далей ён робіць эпічнае падсумаванне: «З гэтага часу змаганне за Беларусь вядзецца безупынна».
Фактычна Ластоўскі закладае падмуркі будучага палітычнага міфа Аршанскай перамогі, акцэнтуе ўвагу на каласальную колькасць удзельнікаў бітвы, робіць яе адпраўной кропкай пастаяннага змагання за Беларусь, якое працягвалася і пры яго жыцці. Да таго ж Вацлаў Юстынавіч прычыніўся да міфалагізацыі Аршанскай перамогі праз публікацыю у зборніку «Выпісы з беларускай літаратуры» нібыта народнай песні, дзе гучаць усім вядомыя словы:
«Слава Воршы ўжо ня горшаСлаўся, пан Астрожскі!»
Гісторыкі ставяць пад сумнеў «народнае» паходжанне песні, хутчэй яе напісаў сам Ластоўскі альбо істотна перарабіў нешта пачутае ў народзе. Але ўпікаць яго за гэта і вінаваціць у фальсіфікацыі не трэба, бо ён рабіў усё ж добрую справу: ствараў версію нацыянальнай гісторыі з уласнага гледзішча. Ластоўскі рабіў тое, што ў шэрагу еўрапейскіх краін было зроблена на дзесяцігоддзі раней. І без міфатворчасці тут не абысціся.

Усевалад Ігнатоўскі.

Усевалад Ігнатоўскі.

Падхапіў справу Ластоўскага яго калега па гістарычным цэху Усевалад Ігнатоўскі. У «Кароткім нарысе гісторыі Беларусі» Ігнатоўскі шмат у чым паўтарае тое, што сказаў яго папярэднік і не адмаўляецца ад каларыту: «Ад Оршы Астрожскі гнаў маскоўскае войска аж да Дарагабужу. Трыццаць тысяч трупаў беларусаў, літвінаў і маскоўцаў заслалі ўсю гэтую дарогу…».

Забыццё ў савецкіх падручніках

Пасля татальных чыстак і рэпрэсій 1930-х працы Ластоўскага і Ігнатоўскага, а таксама Доўнар-Запольскага сталі недасяжныя для чытачоў. Дый сама Аршанская перамога не ўпісвалася ў генеральную плынь гісторыі БССР.
Калі разгарнуць акадэмічнае выданне «Гісторыя БССР» пад рэдакцыяй Перцава, Шабуні і Абэцэдарскага, то непасрэдных згадак пра падзеі 8 верасня 1514 года мы там не сустрэнем. Але пра падзеі тых часоў даведацца можна. Што праўда, войны Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай XVI стагоддзя аўтары лаканічна акрэсліваюць як «рух Беларусі да ўз’яднання з рускай дзяржавай» і звязваюць яго з паўстаннем князя Міхаіла Глінскага, на дапамогу якому ў змаганні з літоўскімі магнатамі прыйшлі маскоўскія войскі. А галоўны вынік вайсковай кампаніі 1514 года, калі і адбылася Аршанская бітва — «вызваленне Рускай дзяржавай Смаленска». Можна тут задацца рытарычным пытаннем: ад каго ж яго «вызвалілі»? У наступных падобных выданнях сітуацыя з падачай гістарычнага матэрыялу не змянілася.

Акадэмічнае выданне гісторыі БССР

Акадэмічнае выданне гісторыі БССР

Трэба адзначыць, што пасля Другой Сусветнай існавала як бы два паралельных беларускіх асяродка гістарычнага пісання. Першы — савецкі, падкантрольны ідэалагічным устаноўкам камуністычнай партыі, альтэрнатыва яму — кола беларускай эміграцыі. У ім як раз і захоўвалася памяць пра Аршанскую бітву, якую сфармуляваў Вацлаў Ластоўскі. Напрыклад, калі паглядзець у невялікае выданне «Кароткі агляд гісторыі Беларусі», які склаў у 1968 годзе П. Рогач з супольнасці «Беларуская школа» (Кліўленд-Нью-Ёрк), то там гаворыцца, што «Астрожскі з войскам перайшоў праз Дняпро ды напаў на маскоўцаў, якіх было каля 80 000, але гетман разграміў іх ўшчэнт. Цар, які быў у Смаленску, спалохаўся ды вярнуўся ў Маскву». Суправаджае тэкст «народная» песня пра векапомную бітву.    

karotki_ahljad_historyi_belarusi.jpg


Дзень беларускай вайсковай славы

Калі ў 1991 годзе Беларусь стала незалежнай, адноўленай дзяржаве трэба былі новыя патрыятычныя сімвалы і святочныя даты. І тут вельмі дарэчы прыйшлася Аршанская перамога — сімвал паспяховай вайсковай кампаніі з мінулага з мноствам эпічных сімвалаў: мужны гетман, разгромлены шматлікі вораг, мужныя рыцары…
Кінутае ў нацыянальную глебу зерне амаль праз стагоддзе дало плён. На дзень угодкаў Аршанскай бітвы ў 1992 годзе ў сталіцы грамадскае аб’яднанне «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў» зладзіла на плошчы Незалежнасці прыняцце прысягі на вернасць Беларусі. Нацыянальныя харугвы, партрэты гетманаў, шыхты вайскоўцаў, узнёслыя словы… Так адбылося першае святкаванне новага свята — Дня беларускай вайсковай славы, якое мелася стаць традыцыйным.
У той жа год на старонках часопіса «Спадчына» быў апублікаваны артыкул славутага гісторыка Анатоля Грыцкевіча «Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г.», які можна смела назваць праграмным. Гэта праца абагульніла і завяршыла фармаванне палітычнага міфа аб слаўнай Аршанскай перамозе. Гісторык пісаў: «Бітва пад Оршай з’яўляецца славутай старонкай беларускай вайсковай гісторыі. Яна цалкам упісваецца ў агульны шэраг гістарычных перамог беларускага войска на працягу некалькіх стагоддзяў падчас існавання самастойнай, незалежнай і моцнай дзяржавы беларускага народа — Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага».
Канешне, у плане навуковага даследавання артыкул не даў вялікага плёну, але ж і мэта ў яго была іншай: сфармаваць альтэрнатыўны палітычны міф. Зноў жа, як і ў выпадку з Ластоўскім, не варта ўпікаць яго аўтара ў стварэнні наўмысных міфаў. Плеяда гісторыкаў, да якіх належаў Анатоль Грыцкевіч, — гэта гісторыкі-рамантыкі, «рыцары адраджэння», якім прыйшлося змагацца з моцнымі ўкрапінамі камуністычнай ідэалогіі. Іх зброя — стварэнне новых, нацыянальных міфаў. Адным з іх стала перамога пад Оршай.  
     

P.S. Свята ў часы незалежнасці    

Дзень беларускай вайсковай славы спачатку прыжыўся і ўрачыста адзначаўся. У 1993 годзе кадры фота і відэа хронікі зафіксавалі шэсце «Беларускага згуртавання вайскоўцаў» па цэнтральным праспекце Ф. Скарыны ў Мінску і ўрачысты мітынг каля Опернага тэатру. На наступны, юбілейны, год Аршанскай перамогі па цэнтральнай вуліцы Мінска ехаў конны рыцар з вялікім бел-чырвона-белым сцягам, а за ім — святочнае шэсце.

dzen_belaruskaj_vajskovaj_slavy__1994_hod.jpg

 

Дзень беларускай вайсковай славы, 1990-я, фота Уладзіміра Сапагова

Дзень беларускай вайсковай славы, 1990-я, фота Уладзіміра Сапагова

minsk__1993_hod__dzen_belaruskaj_vajskovaj_slavy__dzen_arszanskaj_bitvy___autar_fota_uladzimir_sapahou.jpg

Мінск, 1993 год, Дзень беларускай вайсковай славы, аўтар фота Уладзімір Сапагоў У наступныя гады Дзень беларускай вайсковай славы адзначаўся на вуліцах сталіцы і іншых гарадоў. У Мінску святкавалі каля Опернага тэатра, у парку Янкі Купалы. У 2000 годзе 8 верасня яшчэ ўскладалі кветкі на Плошчы Перамогі, а каля помніку Янкі Купалы была невялікая рыцарская рэканструкцыя.


У наступныя гады Дзень беларускай вайсковай славы ў вузкіх колах нацыянальнай інтэлігенцыі адзначаўся ў полі пад Оршай, дзе меркавана і адбылася бітва.