Чаго чакаць ад баскаў?

Па выніках выбараў у парламент Краіны Баскаў абрана рэкордная колькасць нацыяналістаў. Ці варта чакаць абвяшчэння ў бліжэйшай перспектыве незалежнасці краю? Пра гэта журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з іспанскім палітолагам Ларэнца Эпіноза.
 



9bb6dee73b8b0ca97466ccb24fff3139.jpg

— На выбарах 21 кастрычніка выбаршчыкі аддалі перавагу дзвюм нацыяналістычным партыям — Баскскай партыі нацыяналістаў (PNV) і левым нацыяналістам з кааліцыі «Bildu». Абедзве партыі маюць, адпаведна, 36 і 21 месца ў парламенце, які складаецца з 75 дэпутатаў. Тэарэтычна, зараз павінен пачацца працэс разводу Віторыі (сталіца Краіны Баскаў) і Мадрыда.


— Давядзецца пачакаць. Калі вы паглядзіце на загалоўкі іспанскіх газет, то заўважыце цікавы факт. Перамога нацыяналістаў не выклікала асаблівых хваляванняў у Мадрыдзе. Хіба што нервова адрэагавала асацыяцыя AVT, якая аб’ядноўвае ахвяр тэрарыстаў ЕТА або іх родных. Гэтыя людзі баяцца, што «Bildu» пастараецца рэабілітаваць дзейнасць ЕТА. Дарэчы, сапраўды кіраўніцтва блоку «Bildu» патрабавала стварэння ў парламенце камісіі па гістарычнай справядлівасці. У іншым назіраецца поўны штыль. Значна большую ўвагу іспанскія палітыкі надаюць падзеям у Каталоніі, дзе Артур Мас (лідар ураду) пагражае пасля мясцовых выбараў у лістападзе назваць дату правядзення рэферэндуму пра выхад рэгіёну са складу Іспаніі.


Гэта тлумачыцца, на маю думку, тым, што большасць у парламенце CAV (так называюць баскскую аўтаномію) атрымала PNV. Гэта партыя шмат разоў фармавала ўрад аўтаноміі. І хаця на словах яна выступае за незалежнасць, асаблівым сепаратызмам не запомнілася.


— З чым звязана такая нестыкоўка? Як вядома, ідэалагічны дыскурс PNV базіруецца на вельмі радыкальнай дактрыне бацькі баскскага нацыяналізму Сабіна Арана, які не тое, што выступаў за незалежнасць, але нават крытыкаваў шлюбы баскаў з іншаземцамі...


— Мяркую, што для гэтага трэба ўзгадаць часы transición (пераходны этап ад дыктатуры да дэмакратыі ў Іспаніі). Дагэтуль PNV дзейнічала, як правіла, у эміграцыі і амаль не ўплывала на сітуацыю ў Краіне Баскаў, дзе было вельмі моцнае падполле ЕТА, якая ў ідэалагічных каардынатах была блізкая да мааістаў. Ужо зараз вядома, што ў тым ліку з дапамогай ЦРУ і Ватыкана быў прыдуманы праект адраджэння і раскруткі PNV у СМІ як альтэрнатывы партыям, сфармаваным на базе ЕТА. Так, фактычна, наноў стварылася партыя PNV, якая па рыторыцы вельмі нацыяналістычная, аднак паводле аналізу канкрэтных учынкаў — хутчэй паступовая рэфармісцкая, гатовая на кампрамісы па самых прынцыповых для нацыяналістаў пытаннях.


Менавіта PNV дапамагла Мадрыду легітымізаваць уключэнне Краіны Баскаў у склад Іспаніі падчас распрацоўкі канстытуцыі 1978 года. Напрыклад, пагадзіліся на фармулёўку: «Іспанскі народ ёсць галоўная крыніца суверэнітэту». Менавіта на гэтыя пункты канстытуцыі цяпер спасылаюцца ў Мадрыдзе, калі тая ж Каталонія патрабуе рэферэндуму наконт суверэнітэту. Добра, кажуць мадрыдскія юрысты, хай будзе рэферэндум, аднак, паводле асноўнага закону, даць свабоду каталонцам у кампетэнцыі выключна ўсяго іспанскага народу. Таму давайце правядзём плебісцыт ва ўсёй Іспаніі.


З улікам былога, цяжка чакаць ад PNV чагосьці радыкальнага. Хутчэй за ўсё, партыя Іньіга Уркулью (цяперашні лідар PNV) зноў паспрабуе прапанаваць так званы «План Ібарэчэ» (El Plan Ibarretxe) — праект рэформы статусу аўтаноміі, які распрацаваў у 2005 годзе тагачасны лідар PNV Хуан-Хасэ Ібарэчэ. Адпаведна плану, Краіна Баскаў павінна была стаць асацыіраваная дзяржавай у складзе Іспаніі і атрымаць канстытуцыйнае права на самавызначэнне праз рэферэндум. Пасля таго, як план быў завалены ў іспанскім парламенце, пра яго ўсе хутка забылі.


— Ці можа Іньіга Уркулью і Артур Мас стварыць баскска-каталонскі саюз супраць Мадрыду?


— Зараз Артур Мас больш радыкальны за баскскага калегу. Акрамя таго, PNV і CiU (партыя Артура Маса) даўно канфліктуюць з-за таго, куды больш пойдзе грошай з бюджэту — у Каталонію або ў Краіну Баскаў. Так, нядаўна PNV галасавала супраць прапанаванага Барселонай праекту мадэрнізацыі інфраструктуры Каталоніі за кошт іспанскага бюджэту.


— Адпаведна цяперашняму раскладу, у парламенце PNV не мае большасці і для нармальнай дзейнасці свайго ўраду павінна шукаць партнёраў. Ці можа быць сфармаваная кааліцыя з левымі нацыяналістамі з «Bildu»? Ці магла б такая кааліцыя дамагацца незалежнасці?


— У левых нацыяналістаў і PNV цэлы гістарычны шлейф узаемных канфліктаў. Тая ж PNV вітала забарону дзейнасці партыі «Batasuna» — папярэдніцы «Bildu». У 1980-я гады правальваліся ўсе спробы стварэння так званага «mesa national» — стала дзеючага каардынацыйнага органа нацыяналістычных партый. Аднак калі нават мінулыя крыўды ў імя незалежнасці будуць забытыя, застаецца яшчэ пытанне Навары.


Як вядома, падмуркам дзяржаўнасці баскі лічаць сярэднявечнае Наварскае каралеўства, якое ў XVI стагоддзі гвалтоўна далучылі да Кастыліі. Таму левыя нацыяналісты разглядаюць правінцыю Навара, якая не ўваходзіць у CAV, як частку гістарычных баскскіх земляў. Памплона, або, па-баскску, Ірунья, — сталіца Навары, а не Віторыя — сталіца CAV, лічыцца сапраўднай сталіцай Краіны Баскаў. Наўрад ці «Bildu» пагодзіцца на сцэнар, калі CAV стане на шлях незалежнасці, а Навара пры гэтым застанецца іспанскай.


У дадатак «Bildu» — левая партыя, якая арыентуецца на рабочы рух, экалагічныя і фемінісцкія ініцыятывы. Для іх важна, каб у працэсе здабыцця незалежнасці быў моцны сацыяльны складнік, асабліва цяпер, у час крызісу. PNV, у сваю чаргу, — правая цэнтрысцкая партыя. Таму пакуль фармату кааліцыі паміж гэтымі сіламі я не бачу. Хутчэй за ўсё, PNV будзе шукаць падтрымкі з боку сацыялістаў, якія маюць трэцюю фракцыю ў парламенце.


— Выбары можна ў любым выпадку лічыць гістарычнымі, паколькі, яны адбыліся, як піша іспанская прэса, «без ЕТА», якая ўпершыню ніяк не ўплывала на ход выбарчай кампаніі. Ці гэта значыць, што баскскі тэрарызм канчаткова стаў часткай гісторыі?


— Хацелася б верыць. Сапраўды, апошнім часам у ЕТА, па словах экспертаў, дамінуе фракцыя, якая выступае за паступовую адмову ад вайсковых дзеянняў. Ёсць інфармацыя, што банда нават гатовая самараспусціцца ў абмен на амністыю для сваіх сябраў у турмах Іспаніі. Аднак трэба ўлічыць, што пацыфікацыя адбываецца на не вельмі зручным эканамічным фоне. Іспанія на мінулым тыдні пабіла чарговы рэкорд — кожны чацвёрты іспанец, паводле статыстыкі, апынуўся беспрацоўным.


Маргіналізацыя грамадства стварае ідэальную сацыяльную базу для палітычнага экстрэмізму, паколькі губляецца давер да дэмакратыі. Лепшым прыкладам з’яўляецца імклівая эрозія электарату партыі сацыялістаў, якая з трэскам прайграла выбары ў Галіцыі і ў Краіне Баскаў. Сацыялісты заўсёды шукалі вырашэнне сацыяльных праблем праз кампраміс, але, як бачым, кампрамісы і дыялогі цяпер зусім не модныя.