Як Эдвард Вайніловіч і Раман Скірмунт стварылі кансэрватыўную партыю ў Беларусі

17 чэрвеня 1907 году па ініцыятыве Рамана Скірмунта ў Вільні адбыўся зьезд землеўласьнікаў шасьці губэрняў, які прыняў рашэньне стварыць партыю. У адрозьненьні ад БСГ яна мела відавочны правы кірунак.

Дэпутаты «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расейскай імпэрыі ў 1906—1909

Дэпутаты «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расейскай імпэрыі ў 1906—1909

Перадумовы стварэньня кансэрватыўнай партыі

У ходзе рэвалюцыі 1905 – 1907 гадоў царскі маніфэст 17 кастрычніка 1905 года аб перабудове дзяржаўнага ладу Расейскай імпэрыі стварыў ніжнюю палату парлямэнта (Дзяржаўную Думу) і зьмяніў функцыі Дзяржаўнага Савета, які стаў верхняй палатай. Беларускія шляхцічы-кансэрватары з сельскагаспадарчых таварыстваў, якія былі прыхільнікамі «краёвасьці» (павышэньня фармальнага статусу літоўска-беларуска-ўкраінскіх земляў («Заходняга краю») праз увядзеньне іх адміністрацыйна тэрытарыяльнай аўтаноміі ў складзе імпэрыі), вырашылі абірацца дэпутатамі ў абедзьве палаты.

Як адзначае дасьледчык Андрэй Раюк, ужо 7 кастрычніка 1905 года на старонках віленскай газэты «Kurier Litewski» была апублікаваная іх ініцыятыва стварэньня ў будучай Думе асобнай фракцыі з дэпутатаў-каталікоў Заходняга краю, а 17  лістапада 1905 года лідары Менскага таварыства сельскай гаспадаркі на чале з Эдвардам Вайніловічам ужо прапанавалі стварыць «Краёвую партыю Літвы і Русі» для фармараваньня ў Думе дэпутацкай фракцыі пад назвай «Краёвае кола Літвы і Русі».

Чалец думскага «Краёвага кола Літвы і Русі» у 1906 годзе граф Юзаф Патоцкі прызнаваў існаваньне супярэчнасьцей і з раздражненьнем заўважыў пра дэпутатаў сваёй фракцыі:

«Я заўсёды выказваюся як паляк, а некаторыя іншым разам выступаюць як беларусы».

У польскамоўнай газэце «Dziennik Kijowski» у 1906 годзе быў апублікаваны ананімны ліст «грамадзяніна Забранага краю П. В.», дзе аўтар абураўся паводзінамі «польскіх» дэпутатаў ад Менскай губэрні, якія нібы публічна прызналі, што зьяўляюцца «тутэйшымі», а таксама «беларусамі польскай культуры», а ў якасьці гэтых «здраднікаў» фігуравалі дэпутаты «Краёвага кола Літвы і Русі» – князь Геранім Друцкі-Любецкі, Віктар Янчэўскі, Раман Скірмунт і Пётр Масоніус.

У верхняй палаце (Дзяржаўным Савеце) у 1906 годзе ад Беларусі таксама была створаная дэпутацкая група шляхцічаў-кансэрватараў «Кола Літвы і Русі», на чале з Эдвардам Вайніловічам.

Эдвард Вайніловіч

Эдвард Вайніловіч

Пасьля абмеркаваньняў у Менску Раман Скірмунт надрукаваў 11 студзеня 1906 года ў газэце «Kurier Litewski» адозву стварэньня «Краёвай партыі Беларусі і Літвы». Лідары Менскага таварыства сельскай гаспадаркі ўжо акрэсьлівалі тэрыторыю для дзеяньня новай партыі толькі беларуска-літоўскімі землямі (Менская, Магілёўская, Віцебская, Гарадзенская, Віленская і Ковэнская губэрні).

Самым знакавым у гэтай падзеі стала тое, што ўпершыню за 600 год гісторыі беларускія шляхцічы паставілі «Беларусь» на першым месцы ў назве палітычнага праэкта, а «Літву» – на другім. Гэта была праява фэнаменальнага пералому ў іх сьвядомасці – вываду Беларусі на першы плян у тыя часы, калі менскія каталіцкія шляхцічы-кансэрватары яшчэ не казалі аб стварэньні самастойнай беларускай дзяржавы, а толькі аб беларуска-літоўскай аўтаноміі ў складзе Расейскай імпэрыі.

У 1907 годзе ў III Дзяржаўнай Думе каталіцкія дэпутаты-краёўцы ад нашых земляў ўжо назвалі сваю фракцыю «Польска-літоўска-беларускае кола», дзе ўпершыню прысутнічала азначэньне «беларускае».

Партыя

17 чэрвеня 1907 году па ініцыятыве Рамана Скірмунта ў Вільні адбыўся зьезд, які прыняў рашэньне пра стварэньне «Краёвай партыі Літвы і Беларусі», зацьвердзіў яе праграму (падпісала 23 дэлегаты з 30). Праграма заклікала да самакіраваньня краю, роўнасьці ўсіх нацыяў, увядзеньня адукацыі на роднае мове, лічыла недапушчальным адчужэньне панскае зямлі. Старшынём рады партыі абраны Эдвард Вайніловіч.

Паводле Чэслава Янкоўскага, непасрэднага ўдзельніка падзеяў, у Вільні на зьездзе 17–18 чэрвеня Раман Скірмунт агучыў праэкт краёвай партыі ў форме шырокага партыйнага хаўрусу з трох нацыянальных фракцый (польскай, літоўскай і беларускай). Гэта было патрэбна, каб прывабіць і па максімуму прыцягнуць усе сацыяльныя і нацыянальныя групы ў беларуска-літоўскім краі – для стварэньня аднаго агульнага краёвага хаўрусу.

Аднак праэкт будучага прэм-ер-міністра БНР Рамана Скірмунта ня быў падтрыманы большасьцю. Пасьля доўгіх дэбатаў Краёвая партыя Літвы і Беларусі была створана як «польская» партыя без фракцый, зазначае дасьледчык Андрэй Раюк.

Глядзіце таксама

Разам з гэтым, прафэсар Аляксандар Смалянчук лічыць, што адмова на віленскім зьездзе стварыць краёвую партыю як міжнацыянальны партыйны хаўрус была выклікана той прычынай, што на арганізацыйным сходзе тон задавалі «тыя землеўласьнікі, для якіх інтарэсы ўласнага маёнтку адыгрывалі, прынамсі, не меншую ролю, чым інтарэсы Краю». І прыпісвае такія намеры ў тым ліку Эдварду Вайніловічу.

У новую партыю адмовіліся ўступіць прадстаўнікі Ковэнскай губэрні, бо праграма партыі не ўлічвала іх «сувязі» з літоўскім сялянствам, а таксама сам Раман Скірмунт. Смалянчук выказвае меркаваньне, што Раман Скірмунт, у адрозьненьне ад іншых, выступаў за больш радыкальныя падыходы ў вырашэньні аграрнага пытаньня – за продаж сялянам часткі прыватных панскіх маёнткаў.

З праграмы партыі:

«Мы вырашылі стварыць Краёвую партыю Літвы і Беларусі на наступных прынцыпах:

1. Галоўнай задачай нашай палітыкі і першым абавязкам дзейнасьці нашай партыі мы лічым працу ўнутры краю і для яго дабра, абапёртую на сумленнай і справядлівай ацэнцы і прызнаньні яго сапраўдных патрэбаў і ўмоваў.

2. Усе нацыянальнасьці нашага краю павінны карыстацца роўнымі правамі ва ўсіх сферах палітычнага і грамадзянскага жыцьця і мець магчымасьць свабоднага разьвіцьця сваёй нацыянальнай культуры. Шчыра і цалкам мы прызнаем значэньне для краю і выяўленую жыватворнасьць літоўскай нацыі, яе права на поўнае і ўласнае культурнае разьвіцьцё.

У роўнай меры мы будзем шанаваць і праяўленыя беларусамі тэндэнцыі да самастойнага нацыянальнага і культурнага разьвіцьця.

Краёўцы ў 1906 годзе

Краёўцы ў 1906 годзе

Кіруючыся прынцыпамі поўнай справядлівасьці да іншых, адначасова мы будзем імкнуцца да атрыманьня паўнаты палітычных і грамадзянскіх правоў для нас саміх і да здабыцьця ўмоваў для далейшага разьвіцьця нашай уласнай культуры.

Мы разумеем і цалкам прызнаем карысьць і патрэбу паразуменьня з расейцамі, якія імкнуцца дзейнічаць разам з намі дзеля агульнай карысьці для краю і на прынцыпах агульнага раўнапраўя.

Урэшце, патрабаваньні раўнапраўя з боку габрэяў мы прызнаем слушнымі».

Як зьнікла краёвасьць

У 1910 – 1911 гадах адбылося разьмежаваньне сярод кансэрватыўных шляхцічаў-каталікоў, што ў значнай ступені было выклікана адсутнасьцю земстваў у Ковэнскай, Віленскай і Гарадзенскай губэрнях і іх увядзеньнем у 1911 годзе ў Менскай, Віцебскай і Магілёўскай.

Як піша дасьледчык Андрэй Раюк, адна частка краёўцаў-кансэрватараў, якая паходзіла з першых трох губэрняў, прыйшла да перакананьня, што ў іх мала супольнага з літоўскім, габрэйскім, расейскім ці беларускім сацыялізмам і нацыяналізмам, і пачала схіляцца да думкі аб неабходнасьці далучэньня Віленшчыны і Гарадзеншчыны (а магчыма, і іншых земляў) да Польшчы на ўнітарнай аснове як гарантыі захаваньня ўплыву мясцовых сярэдніх і буйных землеўласьнікаў.

Глядзіце таксама

Іншая частка каталіцкіх шляхцічаў-кансэрватараў (Эдвард Вайніловіч, Раман Скірмунт, князь Геранім Друцкі-Любецкі і іншыя) сканцэнтравалася на дзейнасьці ў земствах Менскай, Віцебскай і Магілёўскай губэрняў, шукаючы кампрамісы з адміністрацыяй, расейскімі землеўласьнікамі, беларускімі інтэлігенцыяй і сялянствам, а ў 1917 годзе пачала выказваць і рэалізоўваць ідэю палітычнай суб’ектнасьці Беларусі (аж да стварэньня самастойнай беларускай дзяржавы).

Так, у траўні 1917 года ў Менску ў паседжаньні Беларускага нацыянальнага камітэта разам з беларускімі сацыялістамі, удзельнічалі каталіцкія шляхцічы кансэрватары (Эдвард Вайніловіч, Раман Скірмунт, князь Станіслаў Вільгельм Радзівіл, князь Геранім Друцкі-Любецкі і іншыя). Яны выказаліся за аўтаномію Беларусі ў складзе Расеі і адхілілі чуткі аб прапольскай арыентацыі і жаданьні злучэньня Беларусі з Польшчай.

Аляксандар Смалянчук прыводзіць прыгожую цытату князя Гераніма Друцкага-Любецкага, які ў сваёй прамове адзначыў, што паходзіць з роду беларускіх князёў, і заявіў, «што ён не вінаваты, што над яго калыскай пяялі не беларускія, а польскія песьні».

Пасьля абвяшчэньня 25 сакавіка 1918 года незалежнасьці БНР менскія шляхцічы, імкнучыся зьмяніць першапачаткова сацыялістычны характар БНР на больш кансэрватыўны, у сярэдзіне кастрычніка дзясяткамі ўвайшлі ў склад Рады БНР: Эдвард Вайніловіч, князь Геранім Друцкі-Любецкі, Станіслаў Хржанстоўскі, Мечыслаў Пароўскі, Эдмунд Івашкевіч, Чэслаў Крупскі, Юзаф Свянціцкі, Казімір Петрусевіч, Людвік Уняхоўскі, Уладзіслаў Асяцімскі, Казімір Рыбінскі і іншыя.

Кансэрватыўная, шляхетна-каталіцкая палітычная гісторыя Беларусі пачатку ХХ стагодзьдзя скончылася на мяжы другога і трэцяга дзесяцігодьдзя. Тады стала відавочным, што ўлада, што на ўсходзе, што на захадзе нашай краіны перайшла да прыхільнікаў сацыялістычнага ладу.