Дзе пахаваныя тыя самыя Сымон і Алена, у памяць пра якіх названы Чырвоны касцёл?
Магчыма, не ўсе ведаюць гэтую гісторыю. Будаўніцтва Чырвонага касцёла спансаваў віцэ-старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдвард Вайніловіч. На магілах яго дзяцей амаль не захавалася помнікаў, а сам курган знаходзіцца ў полі – да яго няма дарогі. Чаму так адбылося?
Сумны лёс – не толькі ў цяпер закрытага храма, але і ў кургана, дзе Эдвард Вайніновіч пахаваў сваіх дзяцей, піша katolik.life.
Фота з кургана на радавым пахаванні Вайніловічаў апублікаваў краязнаўца, які на сваёй старонцы распавядае пра незвычайныя мясціны Беларусі. Ён нагадаў, што менавіта тут, у вёсцы Савічы Капыльскага раёна, пахаваныя дзеці фундатара Чырвонага касцёла ў Мінску – Сымон і Алена, у памяць пра якіх названы храм.
Магчыма, не ўсе ведаюць гэтую гісторыю. Будаўніцтва касцёла спансаваў віцэ-старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдвард Вайніловіч. У 12-гадовым узросце памёр ягоны сын Сымон. Хлопчыку рабілі аперацыю ў Варшаве, дзе ў той час бушавала скарлаціны, якой ён заразіўся. А дачка Алена не дажыла да 19-годдзя. Дзяўчына памірала пакутліва, а бацькі не маглі нічога зрабіць – у лекараў не было нават дакладнага дыягназу. Найбольш верагодна, што гэта было запаленне лёгкіх. Абодвух пахавалі ў кургане ў Савічах.
Што было далей з курганам, раскажам крыху пазней, а спярша адзначым, якімі цяжкасцямі даўся дазвол ад расійскіх царскіх уладаў пабудаваць новы каталіцкі храм у Мінску. Гэта быў час агрэсіўнай русіфікацыі, барацьбы з усім заходнім, уключаючы каталіцтва. Для значнай колькасці каталіцкіх вернікаў у горадзе меўся толькі адзін вялікі храм, які не мог у святочныя дні прыняць усіх жадаючых.
Таму вернікі звярнуліся з заявай у Мінскую гарадскую думу і атрымалі дазвол на будаўніцтва касцёла – у той час выдзеленая пляцоўка была на ўскраіне горада.
Аднак у Міністэрстве ўнутраных спраў Расійскай імперыі, спасылаючыся на тое, што рашэнне не было ўзгоднена з кіраўніцтвам Мінскай праваслаўнай епархіі і не атрымала падтрымкі ў самім міністэрстве, адпісалі, што рашэнне гарадской думы не можа быць прыведзена ў выкананне. Мінскі губернатар запатрабаваў ад гарадской думы, каб яна анулявала свой дазвол. На некалькі гадоў справу аб будаўніцтве касцёла давялося спыніць.
Але калі ў Вайніловіча памерлі дзеці і ён вырашыў пабудаваць храм у памяць пра іх, ён сам узяўся за гэтую справу. Да таго часу група вернікаў падала ў гарадскую думу новую заяву аб выдзяленні зямлі пад касцёл – за гэта сабралі 2 тысячы подпісаў. Праўда, грошай у ініцыятараў не было.
Затое, іх гатовы быў ахвяраваць Вайніловіч. Ён асабіста паехаў у Санкт-Пецярбург, каб дамагчыся дазволу на будаўніцтва храма, і падаў пра гэта прашэнне міністру ўнутраных спраў. Той даў згоду, нягледзячы на супрацьдзеянне Мінскага праваслаўнага епіскапа [падрабязна гісторыя апісана на сайце парафіі]
Вернемся ж да месца, дзе спачывае прах тым самых Сымона і Алены. На іх магілах нават амаль не захавалася помнікаў, а сам курган знаходзіцца ў полі – да яго няма дарогі. Чаму так адбылося?
Пасля рэвалюцыі бальшавікоў 1917 года мясцовыя сяляне, з якімі дваранін Вайніловіч вырас і правёў усё жыццё, разрабавалі сядзібу, спалілі бібліятэку, мала таго – разбілі надмагіллі на кургане, знеслі фігуру Панны Марыі, якая ўзвышалася над помнікамі.
Пліты расцягнулі па дварах, але фрагмент аднаго надмагілля – з месца пахавання Сымона – цудам збераглі і перанеслі пад Чырвоны касцёл, побач з перапахаванымі тут парэшткамі Эдварда Вайніловіча. А курган у Савічах у 1990-х гадах акультурылі католікі, усталявалі тут крыж і памятныя знакі. Толькі ахоўнага статусу курган дагэтуль не мае.