Дарадца Зяленскага: Трамп можа завяршыць вайну ва Украіне да канца 2025 года
Санкцыі, якія Дональд Трамп плануе ўвесці ў дачыненні да хаўруснікаў Расіі, могуць завяршыць вайну ва Украіне да канца 2025 года, лічыць кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак. Таму некаторыя еўрапейскія міністры настойваюць, каб ЗША ўвялі іх як мага хутчэй. Тым часам на фоне вайны ў свеце адбываецца новая «гонка ўзбраенняў». Ідзе 1240-вы дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 160 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 ліпеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 51 штурмавое і наступальнае дзеянне расіян ў раёнах Палтаўкі, Міралюбаўкі, Лісоўкі, НОваўкраінкі, Зверава, Котліна, Удалага, Аляксееўкі і іншых.
Ра 22 атакі расіян на кожным зафіксавана на Ліманскім і Новапаўлаўскім кірунках. На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія воіны адбілі 21 штурм расіян.
На Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку расіяне 13 разоў штурмавалі пазіцыі ўкраінскіх падраздзяленняў у раёнах Ваўчанска, Зялёнага, Строеўкі.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 9 атак у раёнах Шчарбінаўкі, Неліпаўкі, Тарэцка, Русінага Яра і Аляксандра-Калінавага. Сем боесутыкненняў зафіксавана на Краматорскім кірунку ў раёне Арэхава-Васільеўкі і ў бок Белай Гары і Прадцечына.
* * *
Расійцы ў ноч на 17 ліпеня атакавалі Украіну 64 ударнымі беспілотнікамі тыпу Shahed і дронамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта 36 дронаў, яшчэ 5 БПЛА ла4кацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.
У ноч на 17 ліпеня расейскія войскі ўдарылі дронамі па Дняпры і Днепрапятроўскай вобласці. У горадзе пашкоджаныя прадпрыемствы. Загінуў адзін чалавек. Агулам у горадзіе і вобласці пацярпелі 10 чалавек, трое з іх — у цяжкім стане.
* * *

* * *
Міністарка замежных спраў Латвіі Байба Бражэ заклікала прэзідэнта ЗША Дональда Трампа не марудзіць з ціскам на Пуціна і ўвесці другасныя санкцыі супраць Расіі раней, чым праз 50 дзён. Пра гэта яна заявіла ў кулуарах Аспенскага форуму бяспекі ў Каларада (ЗША), піша Politico.
Паводле яе слоў, зацягванне дае кіраўніку Расіі Уладзіміру Пуціну час працягваць ваенную агрэсію супраць Украіны. Таму Захад павінен неадкладна ўзмацніць ціск на Маскву, каб паспрабаваць прымусіць Пуціна сесці за стол перамоваў. Неадкладнае ўвядзенне санкцый можа стаць адным са спосабаў зрабіць гэта.
«ЗША і іх хаўруснікі павінны пераканацца, што Расія разумее, што з кожным днём ёй будзе не лепш, а горш», — заявіла Бражэ. Яна таксама адзначыла, што разведданыя і агульная ацэнка сведчаць аб адсутнасці ў Пуціна жадання завяршаць вайну. Трамп прыйшоў да такой жа высновы пасля таго, як спрабаваў «трымаць дзверы адчыненымі» для Расіі, сцвярджае яна.
«Гэта было пытаннем часу, калі стала зразумела, што Пуцін проста дурыць усіх і зацягвае час», — сказала Бражэ.
* * *
Спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША ў пытаннях Украіны і Расіі Кіт Келаг назваў украінскія дроны «неверагоднымі інавацыямі». Пра гэта ён у ноч на чацвер, 17 ліпеня, напісаў у сацсетцы Х.
Ён распавёў, што быў на «некаторых абаронных базах Украіны». «Я на ўласныя вочы бачыў, як ствараюцца і распрацоўваюцца дроны ўкраінскай вытворчасці. Неверагодныя інавацыі, асабліва ў сферы дронаў», — напісаў Келаг. Паводле яго, абаронна-прамысловая база ЗША павінна звярнуць на гэта ўвагу.
* * *
Спікер Дзярждэпартамента ЗША Тэмі Брус заявіла, што ЗША не атрымалі пазітыўных сігналаў ад Расіі пасля ультыматуму Трампа.
Падчас брыфінгу ёй было зададзенае пытанне аб 50-дзённым тэрміне для Расіі, і ці атрымлівалі ЗША сігналы ад РФ аб зацікаўленасці ў дыпламатычным развязанні вайны ва Украіне. Яна адказала:
«Я б сказала, што, мабыць, лепш за ўсё пра гэта кажуць выказванні прэзідэнта Трампа — яны даюць нам найбольш непасрэднае ўяўленне пра тое, ці лічыць ён сітуацыю пазітыўнай і ці задаволены дзеяннямі Уладзіміра Пуціна. І, вядома ж, мы чулі ад яго, што ён незадаволены — я б так гэта ахарактарызавала».
Спікер Дзярждэпу дадала, што Трамп не ўражаны тым, як развіваюцца падзеі і яшчэ раз падкрэсліла, што ён незадаволены.
«Але я ўжо казала, што, хоць ён і дыпламат і заўсёды спадзяецца на поспех дыпламатыі, ён таксама і рэаліст. І свет гэта бачыў, Іран гэта бачыў, а цяпер і Расія бачыць гэта дзякуючы новым дзеянням прэзідэнта — ён цярплівы чалавек, але не за кошт свайго бачання і імкнення яго рэалізаваць», — рэзюмавала Брус.
* * *
Кампанія BAE Systems распрацоўвае новую зброю на базе беспілотніка, каб прапанаваць больш танны сродак барацьбы з дронамі. Дрон Malloy T-150 абсталяваны лазернай сістэмай навядзення APKWS, якая дазваляе запускаць 70-міліметровыя ракеты. Падчас выпрабаванняў гэтая камбінацыя паспяхова ўразіла іншы БПЛА.
Новы дрон пазіцыянуецца як даступная альтэрнатыва дарагім сістэмах СПА, такім як Patriot. Прадстаўнік BAE Systems Энтані Грэгары адзначыў, што кошт боепрыпасаў для новай платформы складае тысячы долараў, а ракеты Patriot — сотні тысяч.
Попыт на такія сістэмы ўзмацніўся пасля масавага прымянення дронаў Расіяй супраць Украіны, а таксама Іранам супраць Ізраіля. Гэта заахвоціла BAE прапанаваць больш эканамічнае і мабільнае рашэнне.
Баявой модуль можа быць зняты з БПЛА менш чым за гадзіну, што дазваляе выкарыстоўваць апарат для іншых мэтаў: яго можна ўжываць для перавозкі грузаў або паветранай выведкі. Дрон ужо выкарыстоўваецца марской пяхотай ЗША і брытанскім Каралеўскім флотам для дастаўкі абсталявання паміж караблямі, замяняючы частку аперацый з верталётамі.
* * *
Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп можа завяршыць вайну ва Украіне да канца 2025 года, заявіў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак у інтэрв'ю падкасту The Times «The General and the Journalist».
Ярмак лічыць, што толькі эканамічныя праблемы могуць па-сапраўднаму націснуць на расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна і прымусіць яго ўсвядоміць, што працяг гэтай вайны яму абыходзіцца занадта дорага. Трамп сапраўды можа завяршыць вайну ва Украіне «да канца гэтага года», калі выканае сваю пагрозу ўвесці значныя новыя санкцыі супраць любога, хто купляе расійскую нафту і газ.
Па словах дарадцы ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, пагроза другасных санкцый спрацуе, паколькі яна будзе ціснуць на Кітай і Індыю — двух найбуйнейшых імпарцёраў расійскага выкапнёвага паліва, каб яны настойвалі на здзелцы, каб пазбегнуць уласных новых гандлёвых войнаў з Белым домам.
«Яны (санкцыі) створаць вельмі моцны ціск на Пуціна, і ён страціць велізарную колькасць грошай. І краіны, якія купляюць расійскую нафту, таксама будуць ціснуць на яго», — лічыць Ярмак.
Згодна з планам Трампа, калі за 50 дзён не будзе заключаны мір ва Украіне, то пошліны ў памеры 100 працэнтаў будуць спаганяцца з тавараў, імпартуемых у ЗША з любой краіны, якая імпартуе любыя тавары з Расіі.