Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны патрабуюць спыніць дыпламатычныя кантакты з беларускім рэжымам
Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны патрабуюць спыніць любыя дыпламатычныя кантакты з беларускім рэжымам, акрамя як у пытаннях бежанцаў і палітвязняў. Такі заклік апублікаваў у Фэйсбуку народны дэпутат Аляксей Ганчарэнка.
Нардэп апублікаваў заяву Міжфракцыйнага аб'яднання Вярхоўнай Рады Украіны «За дэмакратычную Беларусь» аб затрыманні беларускага апазіцыянера Рамана Пратасевіча.
«23 траўня самалёт "Ryanair", які накіроўваўся з Афін у Вільню, ажыццявіў пазапланавую пасадку ў аэрапорце Мінск. На борце самалёта знаходзіўся Раман Пратасевіч, заснавальнік найбуйнейшага беларускага апазіцыйнага тэлеграм-канала "NEXTA". Як паведамляюць як апазіцыйныя, так і пралукашэнкаўскія беларускія СМІ, каб прымусіць пасажырскі самалёт, які перавозіў Рамана Пратасевіча, прызямліцца ў мінскім аэрапорце, рэжым Лукашэнкі падняў ваенны знішчальнік МіГ-29.
Такім чынам, можна канстатаваць, што дыктатар Аляксандр Лукашэнка, які прымусова ўтрымлівае ўладу ў Беларусі:
— працягвае беспрэцэдэнтны пераслед апазіцыі, журналістаў і рэпрэсіі супраць уласнага народа;
— непасрэдна пагражае міжнароднай бяспецы, пагражаючы ўзяць у закладнікі пасажырскі самалёт. Гэта можна разглядаць як акт міжнароднага тэрарызму альбо паветранага пірацтва.
Зыходзячы з вышэйсказанага, міжфракцыйнае аб'яднанне Вярхоўнай Рады Украіны "За дэмакратычную Беларусь" заклікае да наступнага. Пакуль што дыктатар Аляксандр Лукашэнка сілай утрымлівае ўладу ў Беларусі:
— афіцыйна прызнаць беларускі рэжым пагрозай міжнароднай бяспецы;
— прыпыніць усе дыпламатычныя кантакты з беларускім рэжымам, за выключэннем пытанняў бежанцаў і палітвязняў;
— неадкладна спыніць імпарт электраэнергіі з Беларусі;
— спыніць любыя авіязносіны з або над Беларуссю;
— падрыхтаваць новы пакет санкцый супраць дзеячаў рэжыму, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі;
— на афіцыйным узроўні называць Аляксандра Лукашэнку "самаабвешчаным прэзідэнтам Беларусі" і выкарыстоўваць гэтае вызначэнне ў афіцыйных дакументах.
Мы заклікаем прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці і ўсіх дэмакратычных краін далучыцца да гэтых патрабаванняў і падтрымаць жорсткі адказ на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Гэта адзіны спосаб прымусіць рэжым Лукашэнкі вызваліць Рамана Пратасевіча і іншых палітвязняў.
Жыве Беларусь!»