Асобная думка. Успаміны пра будучыню
Больш за тыдзень еўрапейскі «фронт-офіс» бадзёра варушыцца і аператыўна выкрэслівае з свайго вакабуляру словы аб «занепакоенасці» ды «глыбокай заклапочанасці». Што робіцца ў «бэк-офісе» — пакуль невядома, але можна ўпэўнена казаць аб не меншай, а то і большай узбуджанасці. Спадар Трамп і ягонае атачэнне лінулі кіпню ў чарговы мурашнік, і вось ужо еўрачынавенства абурана грукаціць тэчкамі па сталах, склікае экстранныя пасяджэнні, а ўсім вядомыя кіраўнікі «брацкіх народаў» пасылаюць за шампанскім і задаволена пасміхаюцца ў маршчыны.

Сёння ўсе «эксперты» літаральна нарасхват! Хто яшчэ не паспеў нагадаць пра сваю «экспертнасць» — самы час гэта зрабіць і з важным выглядам распавесці аб тых ці іншых наступствах чарговага радка з інфармацыйных паведамленняў на шмат крокаў наперад. Нагодай для ўсяго гэтага гармідару сталі ўсё больш эксцэнтрычныя паводзіны новаабранага прэзідэнта ЗША. Ён, не саромеючыся ў выказваннях, літаральна кожны дзень вярбальна ірве ціхі ды спакойны «сусветны парадачак» на кавалкі, даючы працу і заробак разнастайным тлумачальнікам ягоных словаў з розных канцоў свету.
Магчыма ў гэтым і ёсць пэўная рацыя, але ж давайце памятаць, што гэта толькі словы і анічога больш. Мы ўсе вельмі добра памятаем аб «заканчэнні вайны за 24 гадзіны» і «канкрэтны план заканчэння вайны». Неяк вельмі доўга цягнуцца гэтыя гадзіны, і зусім не падобна, што хоць нейкі план увогуле існуе. Давайце памятаць таксама, хто такі спадар Трамп. Бізнесовец, папуліст-шоўмэн, чалавек, у якога, па ягоным жа выразе, «грошай больш, чым можа спатрэбіцца», герой шматлікіх крымінальных спраў і скандалаў. Карацей, дастаткова пажылы і эксцэнтрычны чалавек з процьмай грошаў! Для яго гэты прэзідэнцкі тэрмін — апошняя магчымасць як след пацешыцца і пабыць у цэнтры ўвагі ўсяго свету. Гэта — найпершае і адно, што яго насамрэч сёння цікавіць і захапляе.
Менавіта адсюль ягоныя амаль штодзённыя пасажы ад Грэнландыі да Бліжняга Усходу. І хто што яму зробіць? Ён жа помнік (закрэслена) прэзідэнт ЗША, разумець трэба! Гэтыя паводзіны вельмі блізкія яшчэ як мінімум двум «прэзідэнтам», якіх вы добра ведаеце. Такая рыторыка цалкам адпавядае іх светапогляду і пакуль што добра працуе, нягледзячы ні на якія намаганні цывілізаванай часткі свету. Тым не менш, шампанскае адкаркоўваць гэтым «кіраўнікам» рана, бо пакуль словы застаюцца словамі, якія «да пратаколу не падшыеш». І гэта мусіць быць галоўнай праблемай для тых самых «першых асобаў», хто сам свабодна ставіцца да сваіх жа спічаў. Ім вельмі варта прыгадаць аб Трампе як бізнесоўцы, які дзесяцігоддзямі будаваў сваю бізнес-імперыю і даволі паспяхова.
Па словах самога Трампа, галоўным і самым прывабным для яго застаецца заключэнне здзелак, і чым буйней і прыбытковей — тым лепш. Цяпер у якасці прэзідэнта ледзьве не самай уплывовай краіны свету. У свеце бізнесу словы і абяцанкі часта не каштуюць і кроплі часу, які быў выдаткаваны на іх прамову. Казаць можна што заўгодна, але кошт мае дакумент з чоткім і ясным зместам, подпісамі ды штампамі. А яшчэ рэальныя справы з рэальным вынікам, якія падмацоўваюць раней сказанае, але пакуль не аформленае. Астатняе — пустое страсенне паветра і нічога больш. Цікава, што ў сусвеце двух «сяброў-прэзідэнтаў» дзейнічаюць тыя ж самыя амаль крымінальныя «паняцці», дзе «кінуць лоха» — святая справа, але ж на месцы таго самага «лоха» яны сябе ўявіць чамусьці лічаць немагчымым.
Калі звярнуцца да крымінальнай тэрміналогіі, Трамп спачатку спрабуе ўсіх «узяць на арапа» — груба і нахабна аджаць, карыстаючыся самымі рознымі прыёмамі. Менавіта такой была спроба «ўзяць на спалох» датчан з Грэнландыяй, канадцаў з Канадай і ўкраінцаў з карыснымі выкапнямі. Не прайшло з першага разу? Значыць будзем працягваць больш тонка, пакуль не атрымаем жаданае ці па пысе. Абодва варыянта цалкам верагодныя і жыццяздольныя, нягледзячы на веліч тытула аджымацеля. Ну можа ж так здарыцца, што бамбіза, спрабуючы абрабаваць хлопца ў акулярчыках, не пазнае ў ім чэмпіёна свету па муай-тай, няхай і ў найлягчэйшай вазе? І не такое здараецца...
Галоўнае пытанне, якое спрабуюць высветліць усе эксперты: што будзе далей? А далей будзе толькі цікавей. Спадар Трамп ні ў якім разе не захоча губляць хоць крышачку свайго, як казалі ракаўскія кантрабандысты, «інтэраса» і будзе часам прыемна, а часам непрыемна (гэта ўжо як каму) здзіўляць свет, «прэзідэнтаў брацкіх краінаў» і шматлікіх тлумачальнікаў сэнсаў сваімі вербальнымі практыкаваннямі, гуляць у міратворцу ды трымацца на першых старонках СМІ і навінавых стужак. Трэба будзе глядзець на справы і вынікі, а не слухаць словы. І тычыцца гэта не толькі Трампа.