«Мае жанчыны» Юлі Ілюхі: жаночы досвед вайны

У 2024 годзе кніга «Мае жанчыны» Юлі Ілюхі, украінскай паэткі, празаіцы, журналісткі і валянтэркі руху дапамогі ўкраінскім вайскоўцам стала «Кнігаю году BBC-2024». Гэтая літаратурная ўзнагарода з 2006 году штогод прысуджаецца BBC News Україна. Ю. Ілюха вядомая таксама як дзіцячая пісьменьніца, але паралельна шмат піша для дарослай публікі.

1767122727448blob.jpg

«Мае жанчыны» — зборнік кароткай прозы, які складаецца з гісторыяў украінскага жаночага досьведу цяперашняй расейска-ўкраінскай вайны. Аўтарка пачала пісаць тэксты і разьмяшчаць іх у сацсетках, потым гісторыі ўвайшлі ў асобную кнігу.

Кароткія, нібыта простыя гісторыі, якія спазнае кожны і кожная, бо яны спазнаюцца з жудасных здымкаў вайны, як, напрыклад, вусьцішны здымак пэдыкюру забітай кабеты ў Бучы. Насамрэч, кніга зусім ня простая — моцная і страшная. Праўда, часам сьмешная і пераможная. Асабліва шармуе і пераконвае тое, што пісьменьніца ўсіх жанчынаў: героек і здрадніцаў, жывых ды мёртвых лічыць сваімі, украінскімі. У гэтым моц і цуд кнігі. 

1767122682910blob.jpg

Зборнік ужо перакладзены на многія мовы Эўропы. Да ўсяго кніга аздобленая незабыўнымі малюнкамі і ілюстрацыямі дваццаці адной мастачкі. І гэта таксама ўсе тыя жанчыны, якіх аўтарка называе сваімі. Шыкоўны і дзівосны праект, які пад сілу хіба непераможным кабетам, у краіну якіх уварваліся барбары.

З дазволу аўтаркі пераклад адной гісторыйкі з кнігі «Мае жанчыны» прапануем беларускаму чытацтву ў якасьці навагодняга падарунку ад Юлі Ілюхі. Гісторыя жанчыны, якая страціла ўсіх сваіх родзічаў, нікога не пакіне абыякавым. Насамрэч, у гэтай гісторыі спазнаюць сябе і многія беларусы-кі...  

Уладзіслаў Гарбацкі

1767122699627blob.jpg

Жанчына, якая страціла ўсіх сваіх родзічаў, пачувалася абсалютна шчасьліваю.

усе ейныя родзічы раптоўна памёрлі ў адзін дзень. яны маглі б згарэць ад цяжкай хваробы або, напрыклад, загінуць у ДТЗ ці ў выніку няшчаснага выпадку на працоўным месцы. але самі родзічы выбралі іншую сьмерць — бязглуздую, бясслаўную і сьмешную. яны загінулі ў інфармацыйнай вайне, захлынуліся ў гнілых хвалях прапаганды.

родзічы працягвалі гібець дзесьці ў расеі, але для жанчыны яны памёрлі.

яна шчыра намагалася. тэлефанавала, размаўляла, пераконвала, крычала, кідала слухаўку. дасылала здымкі й відэа зруйнаваных местаў, мёртвых целаў, выпаленай зямлі. але родзічы былі сьляпыя і глухія. яны прасілі жонку трошкі пацярпець. хутка яе вызваляць. «мы ж адзін народ, - тарочылі яны жанчыне, - здавайцеся, і будзеце жыць, як мы».

і жанчына здалася, але ня так як хацелі ейныя родзічы.

з чыстым сэрцам і сьветлаю душою яна паслала іх нахуй, калі высока лунала нота паветранай трывогі, сказала «амен» і ўсьмяхнулася.

Юля Ілюха, Мае жанчыны // Юлія Ілюха. Мої жінки / My Women. — Київ : Білка, 2025

Пераклад з украінскае Ў. Гарбацкага