Уладзімір Зяленскі: мірны план па Украіне з 20 пунктаў узгоднены на 90%
Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп заявілі, што ўзгаднілі мірны план па Украіне на 90%. Аднак невядома, што з гэтай нагоды думае Расія. Трамп, нібыта, размаўляў з Пуціным, але канкрэтыкі няма. У той жа час РФ вымушаная выдумляць сабе перамогі, бо зрабіць іх рэальна яна не ў стане. Ідуць 1405-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 209 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 29 снежня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 52 штурмавыя дзеянні расіян у раёнах Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Новаэканамічнага, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 26 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Пляшчыеўкі, Шчарбінаўкі, Русінага Яру, Яблонаўкі, Клебан-Быка і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку расійцы правялі 22 атакі паблізу Ялты, Вішнёвага, Рыбнага, Аляксандраграду і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку УСУ спынілі 19 спроб прасунуцца ў раёнах Гуляйполя, Салодкага, Даражнянкі, Белагор’я і ў бок Варвараўкі.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 14 разоў каля Навасёлаўкі, Зарэчнага, Мірнага і іншых.
* * *
Услед за Гуляйполем і Мірнаградам расіяне нафантазіравалі захоп яшчэ аднаго населенага пункта — Стэпнагорска Запарожскай вобласці. Гэта абумоўлена сустрэчай лідараў Украіны і ЗША, заявілі Сілы абароны Поўдня ў Telegram.
«Заявы Пуціна і даклады Герасімава адносна Гуляйполя і Стэпнагорска нагадваюць сітуацыю з Купянскам, які яны "захоплівалі" ўжо некалькі разоў», — адзначылі ўкраінскія абаронцы.
«Сітуацыя ў Гуляйполі сапраўды складаная, частка населенага пункта знаходзіцца пад кантролем расійскіх войскаў. Яны актыўна праводзяць штурмавыя дзеянні і спрабуюць завесці групы замацавання», — паведамілі ва УСУ.
Адзначаецца, што расіяне маюць значную перавагу і ў жывой сіле, і ва ўзбраенні, актыўна выкарыстоўваюць беспілотнікі і артылерыю, наносяць авіяўдары КАБамі і спрабуюць выцесніць абаронцаў з горада.
«Цяпер сітуацыя ў Гуляйполі вельмі цяжкая. Але ў цяперашні час расіяне не маюць поўнага кантролю над гэтым населеным пунктам», — гаворыцца ў заяве.
У Стэпнагорску таксама працягваюцца абарончыя дзеянні УСУ. «Расіяне спрабуюць інфільтравацца па галоўнай дарозе, якая вядзе ў пасёлак, і за яго таксама ідуць жорсткія баі. Але частка пасёлка знаходзіцца пад кантролем украінскіх абаронцаў», — распавялі ў Сілах абароны Поўдня.
* * *
У Расіі ўвечары 28 снежня і ў ноч на 29 снежня адбыліся выбухі. Пад ударам быў аэрадром «Ханская» ў горадзе Майкоп.
Таксама расійская Тула была атакаваная, верагодна, балістыкай. У горадзе чулі каля 14 выбухаў, паведамляюць расійскія Telegram-каналы.
Выбухі былі зафіксаваныя ў Заводскім раёне Тулы, дзе размешчана мноства прадпрыемстваў, у тым ліку абаронна-прамысловага комплексу. Сярод іх такія заводы, як Імператарскі Тульскі зброевы завод (ТОЗ), Шчаглоўскі вал, Туламашзавод, Тэхпрыбор, Тулачермет і іншыя важныя вытворчасці.
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі лідараў Украіны і ЗША заявіў, што мірны план з 20 пунктаў узгоднены ўжо на 90%. У той жа час гарантыі бяспекі ад ЗША — на ўсе 100%.
«20-пунктны план на 90% узгоднены, гарантыі бяспекі ад ЗША — 100%, гарантыі ад ЗША і Еўропы — 90%, ваеннае вымярэнне — 100%, план росквіту фіналізуецца», — сказаў кіраўнік Украіны на прэс-канферэнцыі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп таксама пацвердзіў, што ў цэлым фіналізавана 95%.
Гаворачы пра мірны план, Трамп выказаў спадзяванне, што спатрэбіцца «некалькі тыдняў», калі «ўсё пойдзе добра». Але ўсё можа «пайсці дрэнным шляхам». «Калі нічога не атрымаецца, прыйдзецца ваяваць і паміраць. Гэта дрэнна. Але калі не атрымаецца нічога — смерці працягнуцца. А мы, Зяленскі і Пуцін не хочам, каб гэта было», — заявіў ён.
* * *
Падчас перамоў прэзідэнтаў Украіны Уладзіміра Зяленскага і ЗША Дональда Трампа не ўдалося вырашыць пытанне Данбаса, паведамілі яны па выніках сустрэчы.
«Гэтае пытанне яшчэ не вырашана, але мы значна наблізіліся. Гэта вельмі складанае пытанне, але, я ўпэўнены, мы яго вырашым», — сказаў Дональд Трамп.
На каментарый журналіста, што пазіцыя расіян заключаецца ў тым, што Украіна павінна пакінуць усю тэрыторыю Данецкай вобласці, Трамп адзначыў: «Гэта тое, што яны хочуць. Але гэтае пытанне яшчэ будзе прапрацоўвацца. Я думаю, што мы рухаемся ў правільным кірунку».
Пасля Трамп выказаў меркаванне, што пытанне захопленых Расіяй тэрыторый Украіны вырашыцца «на працягу наступных месяцаў».
Зяленскі назваў пытанне Данбаса «вельмі складаным». «Вы ведаеце нашу пазіцыю. Мы павінны паважаць наш закон, наш народ, нашу тэрыторыю... У нас з расіянамі тут абсалютна розныя пазіцыі», – сказаў ён.
«Калі мы гаворым аб рэферэндуме, гэта можа быць адзін з ключоў... Ёсць магчымасць прагаласаваць у парламенце ці правесці рэферэндум», — дадаў Зяленскі.
Дональд Трамп у сваю чаргу адзначыў, што Расія не згодная на спыненне агню для правядзення рэферэндуму ва Украіне.
«Пуцін не хоча спынення агню для рэферэндуму. Ён не хоча апынуцца ў сітуацыі, калі ён спыніць агонь, а потым зноў трэба будзе пачынаць весці агонь, і я разумею гэтую пазіцыю», — заявіў Трамп.
* * *
РФ павінна праявіць адказнасць і адкрытасць да перамоў, пацвердзіўшы рэальную гатоўнасць да спынення баявых дзеянняў. Да такой высновы прыйшлі еўрапейскія лідары падчас апошніх падзей мірнага ўрэгулявання, паведамляе сайт урада Італіі.
Прэм'ер-міністр Італіі Джорджыя Мэлані разам з іншымі еўрапейскімі лідарамі правяла тэлефонную размову з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і кіраўніком Белага дома Дональдам Трампам пасля перамоў у Фларыдзе.
Прадстаўнікі ЗША, Еўропы і Украіны пацвердзілі неабходнасць максімальнай узгодненасці па пытаннях, якія тычацца жыццёва важных інтарэсаў Украіны і яе партнёраў.
«Бакі прыйшлі да згоды, што менавіта Расія павінна прадэманстраваць адказнасць і адкрытасць да перамоў, пацвердзіўшы рэальную гатоўнасць да спынення баявых дзеянняў», — гаворыцца на сайце Савета міністраў Італіі.
* * *
Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен у сацсетцы Х заявіла, што на перамовах з прэзідэнтамі Украіны і ЗША Уладзімірам Зяленскім і Дональдам Трампам, а таксама еўрапейскімі лідарамі быў дасягнуты добры прагрэс.
«Мы правялі добрую гадзінную размову з прэзідэнтам Трампам, прэзідэнтам Зяленскім і некалькімі еўрапейскімі лідарамі, каб абмеркаваць іх сённяшнюю сустрэчу. Быў дасягнуты добры прагрэс, які мы вітаем», — напісала фон дэр Ляен.
Яна дадала, што Еўропа гатовая працягваць працаваць з Украінай і амерыканскімі партнёрамі, каб замацаваць гэты працэс.
«Першараднае значэнне ў гэтых намаганнях мае наяўнасць непарушных гарантый бяспекі з першага дня», — рэзюмавала кіраўніца ЕК.