Новыя затрыманні і прысуды. Хронікі рэпрэсій 29 снежня

У Беларусі працягваюцца палітычныя прысуды і крымінальныя справы: былога міліцыянера і футбаліста асудзілі за «экстрэмізм», у «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 11 чалавек, анархіст Ігар Аліневіч трымаў галадоўку, а дыпламата і супрацоўніка Чырвонага Крыжа адправілі ў калонію.

1_1097_1.png

Былога міліцыянера і футбаліста асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Антону Макараву 31 год. Паводле звестак «Кіберпартызанаў», да 2017 года ён працаваў у сілавых структурах: быў міліцыянерам-кіроўцам у аператыўна-дзяжурнай службе Заводскага РУУС Мінска, меў званне старшага сяржанта. У студзені 2017 года Макараў звольніўся з органаў і пасля працаваў у іншых сферах.

Макараў — аматар футбола, гулец каманды «Фенікс», якая выступае ў Аматарскай лізе футбола. У сезоне 2025 года ён быў адным з ключавых абаронцаў, а ў вясновым турніры 2025-га яго прызналі найлепшым гульцом спаборніцтваў. Каманда заняла трэцяе месца, піша «Наша Ніва».

Антона Макарава асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле дзвюх частак артыкула 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Паводле наяўнай інфармацыі, яму прызначылі альбо пазбаўленне волі ў калоніі, альбо «хімію» з накіраваннем.

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 11 чалавек

24 снежня МУС абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у спісе 6127 прозвішчаў.

Сярод новых фігурантаў — былыя ваяры палка Каліноўскага Васіль Верамейчык і Васіль Грачыха. 

Анархіст Ігар Аліневіч месяц трымаў галадоўку ў мазырскай калоніі

Асуджаны на 20 гадоў калоніі анархіст Ігар Аліневіч на працягу месяца трымаў галадоўку ў папраўчай калоніі ў Мазыры. Пра гэта паведамляе @a_partisans.

Пра перавод Аліневіча ў Мазыр стала вядома ў кастрычніку — пасля заканчэння тэрміну турэмнага рэжыму. Адразу пасля пераводу яго змясцілі ў ШІЗА, цяпер ён утрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу.

Ігар Аліневіч — актывіст анархічнага руху. Яго затрымалі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года пры пераходзе мяжы Беларусі. Яго абвінавацілі ў шэрагу крымінальных артыкулаў, у тым ліку за падпалы службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз у Гомельскай вобласці. Суд прысудзіў яму 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Падлеткаў асудзілі на тэрміны да 13 гадоў у «справе Чорных салаўёў»

Шасцярых падлеткаў асудзілі на тэрміны ад 10 да 13 гадоў зняволення ў так званай «справе Чорных салаўёў».

Стваральніцай суполкі ўлады называлі 16-гадовую грамадзянку Украіны Марыю Місюк. Сярод затрыманых таксама Трафім Барысаў, Сяргей Жыгалёў, Дзмітрый Захарошка, Анастасія Кліменка і Аляксандра Пуліновіч. Усіх абвінавачвалі ў «акце тэрарызму». У прапагандысцкім фільме таксама паказалі 18-гадовага Даніілу Гарасіма.

Праваабаронцам сталі вядомыя падрабязнасці пра Аляксандру Пуліновіч. На момант затрымання 16-гадовая дзяўчына вучылася ў выпускным класе мінскай школы. У СІЗА яе на некалькі дзён змяшчалі ў карцар. Нягледзячы на зняволенне, яна працягвала навучанне і здавала цэнтралізаванае тэставанне.

Прысуды: Пуліновіч — 10 гадоў і 3 месяцы, Місюк — 13 гадоў, Барысаву і Жыгалёву — па 12 гадоў, Захарошку — 10,5 года. Даніілу Гарасіму прызначылі 10 гадоў калоніі і штраф у памеры 600 базавых велічыняў.

Першага сакратара пасольства Беларусі ў ЗША асудзілі за «экстрэмізм»

35-гадовага Дзмітрыя Ільюхіна, былога першага сакратара пасольства Беларусі ў ЗША, асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Ільюхін — ураджэнец Наваполацка. Ён скончыў юрыдычны факультэт БДУ, а затым Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін (МДІМА). Таксама праходзіў стажыроўку ў Свабодным універсітэце Берліна і атрымаў магістарскую ступень на факультэце міжнародных адносінаў БДУ.

Кар’еру ў МЗС ён пачаў у 2012 годзе, працаваў у пасольствах Беларусі ў Егіпце і Канадзе, а ў 2021–2022 гадах быў першым сакратаром у Нью-Ёрку і Вашынгтоне. У Канадзе Ільюхін уваходзіў у склад выбарчай камісіі на выбарах 2020 года — на ягоным участку перамагла Святлана Ціханоўская.

Пасля звальнення з дыпламатычнай службы ён працаваў у прадстаўніцтве Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа ў Мінску, дзе займаўся рэфармаваннем Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, піша «Наша Ніва».

Невядома, калі менавіта Ільюхіна затрымалі, але адбылося гэта каля года таму. Яго судзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК. Прысуд уступіў у сілу ў снежні 2025 года. Цяпер ён адбывае пакаранне ў калоніі. Дома яго чакаюць жонка і маленькае дзіця.

У справе сям’і Міронцавых затрымалі маці і дачку

Стала вядома, што ў межах крымінальнай справы затрымалі маці і адну з дачок сям’і Міронцавых — Лукер’ю і Вераніку. Яны ўтрымліваюцца ў СІЗА-1.

Вікторыя, Анастасія і Аляксандра Міронцавы ў жніўні 2020 года заступіліся за грамадзян, якіх збіваў АМАП. Аляксандра змагла з’ехаць з краіны, а Вікторыю і Анастасію затрымалі ў кастрычніку 2020-га. Вікторыю асудзілі на 2,5 года зняволення, Анастасію — на 2 гады калоніі. У 2022 годзе абедзве выйшлі на волю, цалкам адбыўшы тэрміны.

У снежні 2025 года арыштавалі маці і малодшую дачку — пра гэта паведамляе dissidentBY.