Адно жаданне на ўсіх: Мы ўсё яшчэ — адзіная нацыя, нягледзячы на межы і краты
Недзе ў інтэрнэтах я бачыў жарт пра тое, што лічыць поспехам у эміграцыі. Свой бізнес, нерухомасць, машыну? Не. «Не здох — гэта ўжо поспех». Жарт змрочны, але нельга не адзначыць, што ў 2025-м мы выжылі — і ў эміграцыі, і ў Беларусі.

Малюнак з ay.by
Так, гэты год быў вельмі няпростым. У ім здарылася шмат такога, чаго б мы не хацелі, але вымушаныя былі абмяркоўваць, і самае галоўнае — не ўсё гэта залежала ад нас. Па ідэі, галоўнай падзеяй 2025 года ў Беларусі павінны былі быць прэзідэнцкія выбары — яны прайшлі яшчэ ў пачатку года. Але ў канцы года — хто пра іх успомніў?
Уся нашая ўвага была занятая іншымі рэчамі — спробамі Дональда Трампа даламаць і так практычна паламаную сістэму міжнароднай бяспекі, суцішыць вайну ва Украіне (хай нават і для задавальнення сваіх нобелеўскіх амбіцый), перапісаць сусветны эканамічны парадак… Увогуле, было шмат такога, да чаго была прыкаваная нашая ўвага.
Але тым не менш, мы выжылі і жывем далей. І цешыць тое, што мы застаемся адным народам, адной нацыяй — дзе б мы ні былі, і ў Беларусі, і ў эміграцыі.
Мы радаваліся і сумавалі праз адны і тыя ж рэчы. Радаваліся, калі вызвалялі палітычных зняволеных. Мы ўспаміналі пра нашыя прагнозы аб тым, што «яны ўвесь свой тэрмін сядзець не будуць». Хай гэтыя нашыя прагнозы спраўдзіліся не так, як мы хацелі — але яны ўсё-ткі спраўдзіліся.
Спачуванні з нагоды смерці Мікіты Мелказёрава прыходзілі не толькі з эміграцыі — мноства каментароў было і з Беларусі.
Нягледзячы на тое, што нас спрабавалі і спрабуюць «узяць і падзяліць» на «збеглых» і нейкіх іншых — мы не дзелімся. Гэта, бадай, для мяне галоўнае дасягненне 2025 года.
І мы — развіваемся. Сёлета недзе ў Беларусі ўзніклі новыя беларускія музычныя гурты, выходзілі новыя беларускія кнігі, некаторыя бізнесы знялі рэкламу на беларускай мове, і (заўважце) на фоне перамоў Лукашэнкі і ЗША практычна сціхлі розныя Бондаравы і «рускамірцы». Яны, вядома, не зніклі, — але іх злёгку «прыцішылі».
Гэта значыць, што нас можна затармазіць, але нельга спыніць. «Мяккая беларусізацыя», аказваецца, не заслуга нябожчыка Макея, гэта натуральны працэс. Таму што, як і казалася ў 2020-м, грамадства даўно перарасло сваю ўладу.
Ну а ўлада, у адрозненне ад грамадзян, засталася там, дзе была. Пакуль мы ствараем новае, яна ўсё яшчэ рэфлексуе наконт 2020-га, усё яшчэ працягвае рэпрэсіі (што прыкра) і дзейнічае, як у мінулым. Таму што разумее: яна ўжо не дагоніць сваіх грамадзян ніколі.
Развіццё — гэта тое, чаго хацелася б пажадаць усім нам у 2026-м. І каб на гэтае развіццё нам хапіла сіл і сродкаў. І мы будзем прыкладаць усе намаганні, каб хапіла, праўда?
Ну і мы па-ранейшаму хочам, каб у нас споўнілася адно жаданне на ўсіх. Тое самае, так?