Амерыканская разведка: Пуцін думае, што перамагае
Ідуць 1092-я суткі шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. І ў той час, як Трамп і яго адміністрацыя размаўляюць з Пуціным, эксперты і разведчыкі па-ранейшаму не назіраюць гатоўнасці Расіі да міру ва Украіне.

Ілюстарцыйнае фота. Крыніца: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі адбылося 156 баявых сутыкненняў, піша ў ранішняй зводцы 19 лютага Генштаб УСУ.
На Пакроўскім кірунку УСУ адбілі 50 атак расіян непадалёк населеных пунктаў Вадзяное Другое, Малінаўка, Прамень, Пясчанае, Котліна, Улаклы і іншых. На Купянскім кірунку адбылося 16 баявых сутыкненняў паблізу Петрапаўлаўкі, Загрызавага і Лазовай.
На Ліманскім кірунку Сілы абароны Украіны спынілі 12 атак праціўніка. На Тарэцкім кірунку расіяне 18 разоў спрабавалі рушыць наперад у раёнах Крымскага, Тарэцка і Шчарбінаўкі.
Сілы абароны працягваюць стрымліваць ворага на Новапаўлаўскім кірунку. У раёне Разлеглага і ў напрамках Канстанцінопаля расійцы 17 разоў спрабавалі прарваць украінскія абарончыя рубяжы.
На Гуляйпольскім кірунку войскі РФ 14 разоў рабілі спробы прасунуцца наперад у раёнах Навасёлкі і Наваполя.
На Курскім кірунку расійскія войскі за мінулыя суткі правялі 10 штурмаў пазіцый украінскіх падраздзяленняў, нанеслі 35 авіяўдараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 44 КАБ.
* * *
З вечара 18 лютага расійская армія атакавала Украіну 2 балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» і 167 ударнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі розных тыпаў. 106 дронаў атрымалася знішчыць, яшчэ 56 не даляцелі да мэты.
У ноч на 19 лютага расійскія войскі нанеслі ўдар дронам па Харкаве. У Слабадскім раёне пацярпела грамадзянскае прадпрыемства, абышлося без пацярпелых.
Расійскія войскі з вечара 18 лютага і ў ноч на 19 лютага масіравана атакавалі Адэсу. З прычыны варожай атакі ў адным з раёнаў горада больш за паўтысячы шматпавярховак (прыблізна 250 тысяч чалавек) засталіся без святла і ацяплення. Без святла і цяпла таксама аказаліся 14 школ і 13 дзіцячых садкоў, істотна пацярпела дзіцячая паліклініка.
Вядома пра чатырох пацярпелых. Мясцовыя ўлады разгортваюць палаткі абагравання і «пункты нязломнасці».
У ноч на 19 лютага ў Самарскай вобласці Расіі падвергнуўся атакам беспілотнікаў Сызранскі нафтаперапрацоўчы завод. У выніку ўдару на тэрыторыі прадпрыемства ўспыхнуў пажар.
* * *
Расійскія акупацыйныя адміністрацыі на часова акупаваных тэрыторыях Данецкай вобласці афіцыйна запусцілі мабілізацыйныя мерапрыемствы, спрабуючы схаваць іх пад выглядам «навучальных збораў», паведамляе Цэнтр нацыянальнага супраціву Украіны.
Па дадзеных ЦНС, гаўляйтар так званай «ДНР» Дзяніс Пушылін падпісаў распараджэнне па падрыхтоўцы мясцовага насельніцтва да службы ў расійскай арміі. Дакумент грунтуецца на расійскіх нормах па зборах рэзервістаў, аднак у самім тэксце рэзервісты не згадваюцца. Гэта паказвае на спробы акупантаў схаваць фактычную мабілізацыю пад выглядам звычайных вайсковых вучэнняў.
«У распараджэнні выразна напісана аб мэтанакіраваным прызыве і размеркаванні мабілізаваных у войскі РФ, што цалкам абвяргае міф аб добраахвотным удзеле ў гэтых зборах», — адзначаюць у ЦНС.
* * *

* * *
Перамовы ў Саудаўскай Аравіі паміж ЗША і Расіяй доўжыліся амаль 5 гадзін. Іх адзіным вынікам можна назваць дамоўленасць, што Расія і ЗША адновяць ранейшую колькасць штата пасольстваў у Маскве і Вашынгтоне.
Што тычыцца Украіны, то падчас перамоваў расійцы ў сваёй традыцыйнай манеры вылучалі ўльтыматумы. У прыватнасці, у МЗС РФ паралельна заяўлялі, што «сяброўства Украіны ў NATO непрымальнае». Пры гэтым у Крамлі сцвярджалі, што «не бачаць перашкод» для ўступлення Украіны ў ЕС, бо, маўляў, гэта не вайсковы блок.
Прадстаўнік ад расійцаў Ушакоў па выніках перамоваў заявіў, што асобныя групы расійскіх і амерыканскіх перагаворшчыкаў нібыта «пачнуць кантакты з Украінай у належны час». Прычым склад расійскай групы вызначыць асабіста Пуцін.
Амерыканская дэлегацыя заявіла, што ўсе бакі (Украіна і РФ) павінны быць згодныя з фінальным рашэннем аб спыненні вайны. Дзяржсакратар ЗША Марк Рубіо заявіў, што мэта складаецца ў тым, каб пакласці канец гэтаму канфлікту справядлівым, доўгім, устойлівым і рашэннем, якое будзе дапушчальна для ўсіх бакоў.
Дарадца прэзідэнта ЗША па нацбяспецы Майкл Уолтц адзначыў, што Еўропа павінна лідзіраваць у забеспячэнні гарантый бяспекі для Украіны.
Тым не менш, гэтая сустрэча стала самым шырокім кантактам паміж ЗША і Расіяй з моманту поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. Апошні раз Лаўроў і тагачасны дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен коратка размаўлялі ў кулуарах саміту G-20 у Індыі амаль два гады таму.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) аналізуе паводзіны на сустрэчы ў Эр-Рыядзе міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова. Эксперты адзначаюць, што рыторыка Расіі не змянілася: Лаўроў па-ранейшаму апраўдваў поўнамаштабнае ўварванне Расіі, перакладаючы адказнасць за вайну на Украіну і Захад, паўтараючы прапагандысцкія тэзісы Крамля пра нібыта «першапрычыны» вайны, сярод якіх пашырэнне NATO і «дыскрымінацыя» расійскамоўнага насельніцтва ва Украіне.
Эксперты адзначаюць, што такая рыторыка з'яўляецца часткай больш шырокай інфармацыйнай кампаніі Крамля, якая спрабуе прадставіць поўнамаштабнае ўварванне Расіі як вымушаны крок у адказ на дзеянні Украіны і Захаду. Масква такім чынам імкнецца апраўдаць сваю агрэсію, падмяняючы рэальныя прычыны вайны прапагандысцкімі тэзісамі.
Лаўроў таксама паўтарыў патрабаванні Пуціна, вылучаныя яшчэ ў канцы 2021 года, сярод якіх нейтралітэт Украіны, адмова ад уступлення ў NATO, абмежаванне колькасці ўкраінскага войска і фактычнае адхіленне ўкраінскага ўрада ад улады.
Падчас сустрэчы амерыканскія афіцыйныя асобы прапанавалі расійскай дэлегацыі мараторый на ўдары па энергетычных аб'ектах Расіі і Украіны. Лаўроў адказаў, што расійскія войскі нібыта наносяць удары толькі па аб'ектах, якія «непасрэдна падтрымліваюць» украінскіх вайскоўцаў.
* * *
Амерыканская выведка не назірае гатоўнасці Пуціна да ўсталявання рэальнага міру з Украінай. Верагодна, кіраўнік Крамля хоча кантраляваць усю Украіну, паведаміла NBC News. «У нас няма ніякіх разведданых пра тое, што Пуцін цяпер зацікаўлены ў рэальным мірным пагадненні», — заявіла выданню крыніца ў Кангрэсе ЗША.
Па словах шасці неназваных чыноўнікаў, Пуцін усё яшчэ лічыць, што ён «зможа перачакаць» Украіну і Еўропу, каб у выніку ўсталяваць кантроль над усёй украінскай тэрыторыяй. Пуцін можа пагадзіцца на спыненне агню і больш шырокае мірнае пагадненне, паколькі гэта дасць яго арміі час на перазагрузку і аднаўленне.
Таксама кіраўнік Крамля можа пагадзіцца на перамовы, каб убачыць, якія саступкі ён можа атрымаць. Суразмоўцы выдання сцвярджаюць, што Пуціну «спадабаліся» заявы амерыканскіх чыноўнікаў, што сяброўства Украіны ў NATO «нерэалістычнае». «Ён думае, што перамагае», — сказаў NBC News прадстаўнік выведкі.
* * *
Дзяржаўны сакратар ЗША Марк Рубіо заявіў, што адміністрацыя Дональда Трампа захавае санкцыі супраць Расіі прынамсі датуль, пакуль не будзе дасягнутае пагадненне аб спыненні вайны ва Украіне. Гэтае пытанне ён абмяркоўваў па тэлефоне з еўрапейскімі хаўруснікамі, паведаміў Bloomberg.
Bloomberg дадаў, што хоць Масква і звярнулася да ЗША з просьбай аб змякчэнні санкцый, аднак у ЕС цяпер няма планаў змякчаць меры ў дачыненні да Расіі.
* * *
Краіны ЕС абмяркоўваюць магчымасць прадастаўлення Украіне аднаго з найбуйнейшых пакетаў ваеннай дапамогі. Яго кошт складзе прынамсі 6 млрд еўра, паведамляе Politico.
Па даных выдання, у пакет могуць увайсці больш за 1,5 млн артылерыйскіх снарадаў, а таксама сістэмы СПА. Ёсць імавернасць, што пакет апублікуюць перад візітам еўракамісараў ва Украіну 24 лютага — у гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расіі.
Пры гэтым 6 млрд еўра — толькі адпраўная кропка. Кошт пакета можа павялічыцца і да 10 млрд еўра, калі краіны ЕС знойдуць больш узбраення ў сваіх запасах.
Адзін з неназваных дыпламатаў удакладніў, што Украіне могуць даць як вайсковую тэхніку, так і грашовыя сродкі. Уклад краін ЕС будзе прапарцыйны іх валавому нацыянальнаму даходу.
Politico піша, што новая вайсковая дапамога дапаможа Украіне стрымаць расійскія атакі на лініі фронту і абараніць свае гарады ад удараў з паветра. Гэта таксама можа падмацаваць аргументы ЕС на карысць удзелу блока ў мірных перамоваў.