«Трамп абяцаў вырашэнне столькіх пытанняў, што калі паабяцаць яшчэ адно, то нічога не зменіцца»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае пра тое, што Дональд Трамп вырашыў заняцца Беларуссю. Аднак ад гэтага рашэння наўрад ці можна чакаць чагосьці большага, чым вербальныя інтэрвенцыі. 

Карыкатура з colonelcassad.livejournal.com

Карыкатура з colonelcassad.livejournal.com

Павінен табе прызнацца, што я нешта апошнім часам ... ну хай будзе «здзіўляюся» ад гэтых навін. На самай справе слова «здзіўляюся» не перадае ўсю паўнату маіх адчуванняў. Але такое слова, якое перадае, мы тут з табой не ўжываем. Таму што, насамрэч, я ўвогуле нават здзіўляцца на іх ужо не паспяваю.

Нават Пуцін і гарант асабістай стабільнасці разам узятыя не паспелі столькі ўсяго за такі кароткі тэрмін. Ім на гэта спатрэбіліся гады, а тут не прайшло нават месяца. Заваяваць Грэнландыю, анэксаваць Канаду, купіць Сектар Газа ў ХАМАС, накласці кантрыбуцыі на Украіну…

Праўда, з усяго гэтага атрымалася толькі перайменаваць Мексіканскі заліў. І толькі ў Амерыцы. Затое атрымалася арганізаваць мірныя перамовы паміж Расіяй і Украінай у Саудаўскай Аравіі. Праўда, Украіна на іх не прыйшла. 

Затое, можна нешта зрабіць з Еўрасаюзам. Праўда, ніхто не зразумеў, што канкрэтна. Але гэта ўжо дробныя дэталі. Таму што мой тэзіс пра вербальныя інтэрвенцыі і перасоўванне грузаў, упакаваных у баваўняную тару, застаецца ў сіле.

І сярод усіх гэтых актыўнасцяў у Трампа знайшоўся час, каб заняцца вырашэннем беларускага пытання. Пішуць, што ён паабяцаў гаранту стабільнасці адмяніць яму санкцыі ў абмен на вызваленне «значнай колькасці» палітвязняў. Таму што хоча адарваць гаранта ад Расіі. 

Улічваючы, што Трамп збіраецца аддаць Расіі Украіну і вывесці амерыканскія войскі з балтыйскіх краін, я не вельмі разумею, навошта яму адрываць гаранта ад Расіі. Але, мабыць, не трэба спрабаваць знайсці логіку. Трэба проста запомніць, што Трамп паабяцаў канчатковае вырашэнне беларускага пытання.

Ну, а што тут такога? Трамп абяцаў канчатковае рашэнне столькіх пытанняў, што калі паабяцаць яшчэ адно, то нічога прынцыпова не зменіцца. Яно ад гэтых абяцанняў наогул ніяк не зменіцца. Таму што «значная колькасць палітвязняў» — гэта ж такое вельмі адноснае паняцце. Вось трое, якіх пакуль вызвалілі — гэта яшчэ не значная колькасць. А шэсць ці восем, калі лічыць адносна траіх, можна ўжо палічыць як значнае. Таму што галоўнае — не колькі вызваляюць. Галоўнае — хто лічыць.

А я так разумею, што ў Трампа ёсць спецыялісты, якія ўмеюць лічыць не горш за беларускую электаральную камісію. Таму яны яму ўсё правільна пералічаць. Так, каб вырашэнне беларускага пытання можна было запісаць у спіс дыпламатычных дасягненняў. Таму што з вырашэннямі пытанняў там усё значна горш, чым з вербальнымі інтэрвенцыямі. Таму якое-небудзь пытанне хацелася б, вядома, вырашыць канчаткова.

Вось беларускае пытанне для канчатковага вырашэння цалкам падыходзіць. Таму што росквіт у беларускага гаранта аказаўся трошкі не той сістэмы. Таму апошні час росквіт кульгае. Так-та ён добры, але чамусьці кульгае.

Таму, калі пакінуць росквіт сам-насам з санкцыямі, ён можа ўпасці, і не адразу зможа падняцца. Так што, у абмен на адмену санкцый сёй-той, я думаю, радасна дапаможа Трампу ў канчатковым вырашэнні беларускага пытання. Асабліва калі для яго самога гэта рашэнне будзе не занадта цяжкім.