Жыхароў Гомельшчыны сталі радзей судзіць за «экстрэмізм». Хронікі рэпрэсій 17 лютага
Жыхароў Гомельшчыны сталі радзей судзіць за «экстрэмізм». Аб скарачэнні колькасці адміністрацыйных спраў за палітыку паведаміла крыніца Флагштока, звязаная з праваахоўнымі органамі аднаго з раёнаў Гомельскай вобласці. Па словах крыніцы, райсуд стаў неахвотна прымаць да разгляду міліцэйскія пратаколы па тыповых «экстрэмісцкіх» артыкулах Адміністрацыйнага кодэкса. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 17 лютага.

Сайт Электроннага судаводства на дадзены момант паказвае ў раскладзе судоў Гомельскай вобласці на бліжэйшы тыдзень толькі чатыры «экстрэмісцкія» адміністрацыйкі: два суды за «падпіскі» ў Гомелі, па адной у Гомельскім і Мазырскім раёнах. На мінулым тыдні ў Гомельскай вобласці зафіксавана 10 судовых працэсаў паводле тыповых палітычных артыкулаў. Важна адзначыць, што не ўсе «экстрэмісцкія» адміністрацыйныя справы трапляюць у расклад судоў.
Для параўнання: паводле інфармацыі праваабаронцаў Гомельскай Вясны за два месяцы восені 2024 года па палітычных артыкулах было асуджана 337 жыхароў Гомельскай вобласці.
Увага! Фэйкавы бот «Нашай Нівы»
У праўладных каналах з'явілася інфармацыя пра фэйкавы бот нібыта «Нашай Нівы», піша @nashaniva.

«Ні ў якім разе не адпраўляйце ім інфармацыю! Звяртаем увагу, што мы цяпер увогуле не практыкуем сувязі праз боты. Бяспечна камунікуйце з Рэдакцыяй праз рэдакцыйны акаўнт @nn_editor».
Палітзняволенага грамадзяніна Арменіі будуць судзіць за «непадпарадкаванне адміністрацыі» ваўкавыскай калоніі
51-гадовага жыхара Віцебска і грамадзяніна Арменіі Ярванда Марцірасяна асудзілі летась да двух гадоў калоніі за «абразу Лукашэнкі».
Паводле версіі абвінавачвання, мужчына нападпітку ў службовым аўтамабілі пры супрацоўніках аддзела Дэпартамента аховы неаднаразова негатыўна выказаўся на адрас Аляксандра Лукашэнкі.
У кастрычніку мінулага году мужчыну адправілі адбываць тэрмін у калонію № 11 у Ваўкавыску.
27 лютага ў судзе Ваўкавыскага раёна адбудзецца разгляд справы Ярванда паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Справу будзе разглядаць Ганна Каралевіч.
У суд накіравана крымінальная справа ў дачыненні да арганізатараў фонду салідарнасці «BYSOL», а таксама яго структурных падраздзяленняў «Voices from Belarus» і «Digital Solidarity»
Пра гэта паведамляе пракуратура. Сцвярджаецца, што прадстаўнікам ініцыятыў інкрымінаваныя:
• прадастаўленне і збор грашовых сродкаў і іншай маёмасці для заведамага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361-1 КК);
• наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне варожасці (ч. 3 арт. 130 КК);
• публічная абраза Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК);
• вярбоўка, навучанне, іншая падрыхтоўка і выкарыстанне людзей для ўдзелу на тэрыторыі замежных дзяржаў ва ўзброеных фармаваннях аднаго з супрацьлеглых бакоў, узброеных канфліктах, а таксама фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці (ч. 2 арт. 361-3 КК);
• прапаганда тэрарызму і яго публічнае апраўданне, у тым ліку з выкарыстаннем сеткі Інтэрнет (ч. 1 арт. 289-1 КК).
У ведамстве адзначылі, што абвінавачанне прад'яўлена і па іншых складах злачынстваў.
Блогер Лапшын: у Беларусі затрымалі армянскую блогерку Бэлу (Розу Бабаханян)
Пра гэта Аляксандр Лапшын напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.
«Як мне паведамілі неафіцыйныя крыніцы ў пасольстве Рэспублікі Беларусь у Арменіі, армянскую блогерку Бэлу арыштавалі ў Беларусі на 15 сутак і далей меру стрымання будзе вызначаць суд. У яе два грамадзянствы, Арменіі і Беларусі.
Абвінавачваюць яе па наступных артыкулах крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:
- Артыкул 130 — Распальванне варожасці;
- Артыкул 123 — Прапаганда вайны;
- Артыкул 188 — Паклёп;
- Артыкул 369 — Абраза прадстаўніка ўлады;
- Артыкул 186 — Пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Абвінавачанні, наколькі я зразумеў, ёй ужо прад'яўленыя, але афіцыйнай заявы ні МУС Беларусі, ні МЗС Беларусі яшчэ не зрабілі».
Сілавікі арыштавалі мазырскую актывістку і блогерку Паліну Зыль
Як стала вядома «Нашай Ніве», дзяўчыне выставілі абвінавачванні ва ўдзеле ў пратэстах і датычнасці да «экстрэмісцкага фармавання». Яна чакае суда ў СІЗА.
Разам з ёй быў арыштаваны яе хлопец Максім Шуканаў. Інфармацыі пра яго вызваленне не было, хутчэй за ўсё, ён таксама ў СІЗА.
Паліне 31 год. Яна родам з Ельска, вучылася ў Мазыры. У 2020-м дзяўчына падтрымала пратэсты, нават трапіла на суткі. Пасля Паліна адышла ў цень, але заставалася ў краіне.
Былога памежніка пачынаюць судзіць за «здраду дзяржаве»
Сяргею Цераховічу 42 гады. Ён нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Гродне. Па звестках «Белпола», ён да канца 2016 года служыў старшым тэхнікам у памежнай часці 2141, якая абслугоўвала пункт «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы.
Служба скончылася незразумелым інцыдэнтам на мяжы — Сяргей самастойна адкрыў шлагбаўм і дазволіў «грамадзянцы Цераховіч» (незразумела, гэта яго сваячка ці не) выехаць з пункту пропуску.
Па звестках Digital Intelligence Team, пасля 2016 года Цераховіч заняўся ўласным бізнэсам. Сяргей стаў дырэктарам фірмы «Севіры Сэрвіс», якая надавала рытуальныя паслугі. Таксама ў яго ёсць статус ІП, сферай дзейнасці якога пазначана «Паштовая ды кур'ерская дзейнасць», піша «Наша Ніва».
Суд над Сяргеем пачынаецца 17 лютага ў Гродзенскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Суддзя — Юрый Казакевіч.
За ўдзел у пратэстах пачынаюць судзіць вядомую фітнэс-інструктарку Наталлю Наважылаву
17 лютага ў судзе Маскоўскага раёну Мінска пачынаюць разглядаць справу ў дачыненні да Наталлі Мікалаеўны Наважылавай. Ёй інкрымінаваны «народны» артыкул 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях). Суддзя — Кацярына Мурашка.
Ініцыялы жанчыны цалкам супадаюць з ініцыяламі фітнэс-інструктаркі міжнароднага класа катэгорыі «Elite» Наталлі Наважылавай.
Наталля — старшыня міжнароднага грамадскага аб'яднання «Федэрацыя фітнэсу», майстарка спорту па спартыўнай гімнастыцы, чэмпіёнка СССР, стваральніца Нацыянальнай школы фітнэс-трэнераў. Наталля Мікалаеўна з'яўляецца таксама афіцыйнай прадстаўніцай Фітнэс праграм універсітэта Reebok і Nike.
Яна таксама праводзіць Усебеларускія канферэнцыі па праграме «За здаровы лад жыцця». Узнагароджана Ганаровай граматай Лукашэнкі «За значны ўклад у прапаганду здаровага ладу жыцця».
У Брэсце за «масавыя беспарадкі» ў 2020-м судзяць трох мужчын
У судзе Ленінскага раёна Брэста распачаўся суд паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) трох мясцовых жыхароў: Алега Шылава, Вадзіма Карпава і Сяргея Гаруна.
Вядома, што Сяргея Гаруна затрымалі напрыканцы кастрычніка мінулага года. На «пакаяльным відэа» мужчына казаў, што ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года, кідаў брук у бок сілавікоў і заблакаваў лавачкай дарогу.
Справу супраць іх разглядае Аляксандр Семянчук.
Агулам паводле ч. 2 арт. 293 КК за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту 2020-га асудзілі мінімум 180 чалавек.
Уласніка гродзенскай этнакрамы «Цудоўня» Андрэя Несцяровіча затрымалі па палітычным артыкуле
Паводле інфармацыі Hrodna.life ад крыніц, не звязаных з сям’ёй Несцяровіча, яго затрымалі 6 лютага. Супраць прадпрымальніка завялі крымінальную справу па артыкуле 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). У бліжэйшы час яго павінны перавесці ў гродзенскі СІЗА № 1.
Андрэй Несцяровіч заснаваў этнакраму «Цудоўня» ў 2015 годзе. Пасля выбараў 2020 года крама сутыкнулася са штрафамі і пазбаўленнем памяшкання. Андрэй заставаўся ў Беларусі і падтрымліваў свой бізнес, бо лічыў яго важным для захавання і развіцця беларускай культуры. У яго два малых дзіцяці, аднаму з якіх няма яшчэ года.
Работніка Мазырскага НПЗ, якога жорстка затрымліваў мінскі ГУБАЗіК, будуць судзіць па двух артыкулах
26 лютага ў Мазырскім раённым судзе пачынаецца закрыты працэс над 62-гадовым супрацоўнікам лабараторыі інфарматыкі і сувязі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Ігарам Шуканавым. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах: «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК) і «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (ч. 1 арт. 342 КК).
Ігара Шуканава паказальна жорстка затрымлівалі 1 жніўня 2024 года. Па яго з Мінска прыехалі губазікаўцы. Яго затрымалі проста на працоўным месцы. Затым заводскім аўтамабілем «УАЗ-Patriot» вывезлі за прахадную завода.
Недалёка ад аўтобуснага прыпынку, на паркоўцы каля галоўнай прахадной завода, дзе ў той час былі людзі, губазікаўцы зладзілі паказальнае збіццё Шуканава — выцягнулі з УАЗа, кінулі тварам на асфальт і, націснуўшы каленам на галаву, надзелі кайданкі, піша «Наша Ніва».