Эвалюцыя Акрэсціна: як мяняліся парадкі і ўмовы ўтрымання ў ЦІП ад пачатку 2020 года
Жыхар Мінска Мікалай (прозвішча героя інтэрв’ю не называецца ў мэтах бяспекі) тройчы за апошнія гады адбываў адміністрацыйны арышт у Цэнтры ізаляцыі парушальнікаў на Акрэсціна. Гэта здаралася з перыядычнасцю адзін раз на два гады: у 2020, у 2022 і ў 2024 годзе. Ён пагадзіўся распавесці »Вясне» аб тым, як за гэты час мянялася стаўленне адміністрацыі і супрацоўнікаў ізалятара, а таксама пра змены ва ўмовах утрымання арыштаваных.

Першы раз Мікалая затрымалі 13 верасня 2020 на адной з нядзельных акцый пратэсту – “Маршы герояў”, ужо недзе напрыканцы. У той дзень толькі ў Мінску было затрымана па звестках праваабаронцаў каля 500 чалавек.
“Частка мітынгоўцаў вырашылі пайсці маршам да дома Ярмошынай. І вось мы падыходзім да Арэна-сіці, а далей шлях заводзіць нас у нейкі тупік, на вуліцу Ціхую. Многіх там затрымалі, завезлі у Цэнтральны РУУС, там збівалі, дасталося таксама і мне. Білі аж да таго часу, пакуль я не страціў прытомнасць. Палівалі вадой, каб прыйшоў у сябе. Яшчэ хацелі пароль ад тэлеграма атрымаць, але я яго забыў. Затым павезлі на Акрэсціна.
Глядзіце таксама

Назаўтра адбыўся суд па скайпу. Далі дзесяць сутак арышту. Суддзя Вікторыя Шабуня запыталася, ці ёсць заўвагі. Я ёй сказаў, што мяне катавалі, інфармацыя пра збіццё хутка разляцелася па СМІ. І тады да мяне ў камеру прыйшлі нейкія сілавікі, можа губазікаўцы, можа яшчэ якія. Пачалі пагражаць крыміналкай, калі я на відэа не скажу, што гэта я для хайпу так сказаў, што ўсё гэта хлусня.
На наступны дзень я патрапіў на ЦІП, і мяне і яшчэ некалькі чалавек ізноў паклікалі на першы паверх. Там чакалі ўзброеныя міліцыянты. Нас закінулі ў “бобік” і адвезлі ў Следчы камітэт па Кастрычніцкаму раёну Мінска на допыт. Была адвакатка, а следчы ўжо паказвае загатоўку па крымінальнай справе паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса”, – распавядае Мікалай.
"Разгадвалі сканворды з дапамогай кавалачкаў шакаладу"
Мікалай кажа, што ў верасні на ІЧУ было ўсё амаль лаяльна. Верагодна, супрацоўнікі баяліся і не былі ўпэўненыя, якімі будуць наступныя дні:
“Усе збольшага ветлівыя, перадачкі для арыштаваных прымаюць. І гігіену, і ежу, і кнігі, і часопісы. Валанцёры неяк перадалі нам сканворды “Вялікая клетка”. Але у камеры ні алоўкаў ні асадак не было, таму што нельга. Тады мы адломлівалі кавалачкі шакаладу, абгортвалі туалетнай паперай, каб не раставалі ў руках і так вось і запаўнялі клеткі ў сканвордах. Такія вось лакшэры яшчэ здараліся на той час. Тады на ЦІПе яшчэ і пасцельная бялізна была ў камерах і ніякай хлоркі не лілі на падлогу. Нас у пяцімеснай камеры знаходзілася пяць чалавек".
"Спецыяльна падкідвалі бяздомных, ці алкаголікаў, каб яны па начах "рабілі нам нервы"
Другі раз Мікалай патрапіў на Акрэсціна праз два гады. За гэты час стаўленне да арыштаваных прыкметна змянілася.
“У 2022 годзе я хадзіў назіральнікам на суд да сяброўкі, якую судзілі па 342 артыкуле. І вось 30 чэрвеня ўжо ў новым будынку суда Савецкага раёна на рамцы стаяў нейкі малады міліцыянт. Стаў чапляцца да мяне за налепку з “Пагоняй” на тэлефоне. Кажа: “Ого, дык гэта нацысцкі сімвал! Зараз разбярэмся". Ну і выклікаў на мяне нарад. Склалі пратакол, завезлі ў суд. У пратаколе было напісана, нібыта я ў памяшканні суда парушаў грамадскі парадак: лаяўся, размахваў рукамі. А відэакамера ў той час нібыта не працавала, таму я не мог нічога даказаць, А ўжо вечарам адвезлі на Акрэсціна.
Нас закінулі ў гэтак званую “кантрольную хату” на першым паверсе. Тут ужо сітуацыя памянялася. Камера была перапоўненая, умывальнік зламаны, увесь час цякла на падлогу вада. Там я быў нядоўга. На суд на гэты раз вазілі.
Атрымаў на гэты раз 14 сутак. Пасялілі мяне ў 20-ю ці 22-ю камеру. Там 20 чалавек, усе распранутыя, таму што спёка і на вуліцы, і ў камеры. А камера разлічаная была на чатырох”, – прыгадвае субяседнік.
Мікалай выказвае здагадку, што камеры для “палітычных” наўмысна перапаўнялі, каб было цяжэй выносіць спёку. Пры гэтым побач былі зусім пустыя камеры.
“Ну яшчэ нам спецыяльна падкідвалі бяздомных, альбо алкаголікаў, каб яны па начах не давалі адпачыць і “рабіць нам нервы”. Даводзілася спаць на драўлянай падлозе, бо ўжо не было матрацаў, а на металічных пласцінах доўга не вытрымаеш.
Глядзіце таксама

Ад спёкі ратаваліся абліваннем. На ўсю камеру былі дзве пластыкавыя бутэлькі, набіралі ў іх ваду і абліваліся.
Яшчэ былі дзве жанчыны -“прадольныя”, адна добрая, адна злая. У добрай можна было выпрасіць туалетнай паперы і кавалачак “акрэсцінскага” мыла. Яна магла нават падказаць, у каго ў дакументах ёсць адзнака “перазатрыманне”. Гэта калі ты выходзіш, а на цябе складаюць новы пратакол і зноў на суткі. Ужо ў 2022 годзе арыштаваных будзілі па начах на праверкі, альбо грукалі дубінкамі па “тармазах” (дзверы ў камеру). Каб мы “падрываліся”, – кажа Мікалай.
Яшчэ мужчына адзначае, што на той час у камерах не было ні клапоў, ні тараканаў.
“Некалькі разоў мяне вадзілі на незразумелыя допыты, пыталіся шмат пра што, але безмэтава. Мяркую, што можа на нас вучылі маладых следчых праводзіць допыты. Адказы пры гэтым запісвалі ў блакноцікі, а не ў пратаколы”, – распавядае ён.
"Толькі заснеш і праз хвілін 15 адчуваеш, як цябе ўжо паўсюль грызуць клапы"
Апошні раз, у другой палове жніўні 2024 года Мікалая затрымлівалі ўжо супрацоўнікі КДБ. Ён мяркуе, што такая ўвага да яго з’явілася з-за таго, што ён перад гэтым правёў некалькі публічных мерапрыемстваў. На адным з івентаў у памяшканне ўварваліся кэдэбэшнікі ў цывільным і некалькі сілавікоў. Усіх забралі і завезлі ў Заводскі РУУС, маўляў, трэба ўсіх апытаць і даведацца хто арганізатар.
“Ізноў пачалі патрабаваць доступу да тэлефона і ноўтбука, але я адчуў, што біць мяне не будуць, як гэта было ў 2020 годзе. І можна крыху панаглець. Але пагражалі, што адразу на 15 сутак забяруць. Але ён не адбыўся, нешта няправільна было аформлена. Ну і далей па старым сцэнарыі: пратакол, ІЧУ, “кантрольная хата”.
Назаўтра начапілі кайданкі і павезлі ў РУУС, дзе мусіў адбыцца наш суд. Але ён не адбыўся, нешта няправільна было аформлена. І таму вазілі двойчы ў той жа самы дзень. Ізноў атрымаў 15 сутак, нібыта хуліганіў. Пасля суда змясцілі ў ЦІП, у саму жорсткую кічу, камера №6, дзе адкідныя шконкі", – узгадвае мужчына.

"У шостай камеры было шмат тараканаў і добра што яны не кусаюцца"
Мікалай адразу заўважыў перамены, якія адбыліся ў горшы бок.
"Што там змянілася за два гады? З’явіліся клапы і тараканы, але была нарэшце гарачая вада. Спаў на падлозе і раніцай быў моцна пакусаны. Там ужо на кафельную падлогу ва ўсю лілі хлорку. Гэтая прэс-хата была перапоўненая, шмат было бяздомных. Ракавіны не было, вада цякла з крана, умантаванага ў сцяну.
Мне распавядалі, што ежу развозіла дзіўная жанчына, якая магла проста выліць суп палоўнікам праз кармушку на падлогу ў камеру: “Вось вам, ежце!”
Спаць не дазвалялі нават стоячы, прытуліўшыся да сцяны. Калі заўважыць “прадольны” – то маглі пакараць усіх стаяннем на паўдня.
У шостай камеры было шмат тараканаў і добра што яны не кусаюцца.
Праз некалькі дзён перавялі ў звычайную камеру, у 20-ю, дзе я ўжо быў два гады назад, дзе таксама хапала “траблаў”. Камеру раніцай “шманалі” маладыя дзяўчаты-прадольныя – прастуквалі дубіналам сценкі, і драўляныя рэчы. І пры гэтым яшчэ напявалі сабе пад нос нешта такое “мур-мур”, ці адна адной анекдоты распавядалі. Пры гэтым рэчы раскідвалі па падлозе.
Ужо ў 2024 прадольныя больш з арыштаванымі не размаўлялі і маглі толькі рыкнуць на некага. Нават колькі часу запытаеш – то не адказваюць.
Яны ўжо рабілі на Акрэсціна адмысловыя “палітычныя хаты”: дзве мужчынскія і адна жаночая. І вось тады ў камеры на чатырох змяшчалі чалавек 20.
Глядзіце таксама

У адрозненне, напрыклад з 2020 годам, калі я сядзеў з арыштаванымі дваравымі актывістамі, з журналістамі, ці з 2022 годам, калі сядзеў ужо з тымі, каго затрымлівалі за ўкраінскую стужку, за каментары розныя, то цяпер шмат было тых, хто сядзеў за татухі розныя. Публіка было больш разнастайная, дробныя крадуны, хуліганы, затрыманыя за выпадковыя падпіскі. Многія перазатрымліваліся, па формуле: 15-15-15 сутак.
Быў адзін у нас, які 48 сутак адсядзеў, і вось мы развіталіся. Але не паспеў ён выйсці, як нешта зноў яму напісалі і яго вярнулі назад у камеру. Думаю, ну вось так, 60 сутак запар мужык адсядзеў. І гэта рэальна дэмаралізуе.
З'ехаў з Беларусі з-за пільнай увагі кэдэбістаў
Далей Мікалай распавядае пра харчаванне і побытавыя ўмовы ў ЦІП у 2024 годзе.
"Спачатку прыносяць гарбату і сухі крохкі брыдкі хлеб, якога і есці нельга, бо можа скруціць жывот. Называліся яны “Лотас” (белы) і “Кастрычніцкі” (чорны). Потым давалі кашу, зусім несалёную, без тлушчу. Звычайна аўсянку альбо сечку.
Сняданак рабілі па часе, а абед мог спазніцца на гадзіну і болей. На абед супчыкі ці боршчыкі рэдзенькія. Давалі да кашы сасіску, яйка варанае, альбо брыдкую катлету. Было пару разоў марынованыя гуркі і гэта было прыемна. Часам рыба была, скумбрыя, напрыклад. Гэта было крута. Некалькі разоў давалі разбаўлены кампот ці кісель.
Была гарачая вада, мыла і вядро, у якое можна было набраць вады, бо ракавіны не было.
Больш за ўсё мы наракалі на вялікую колькасць клапоў. Толькі заснеш і праз хвілін 15 адчуваеш, як цябе ўжо паўсюль грызуць клапы. Некалькі разоў прадольныя на ноч вырубалі святло. Здавалася ж, гэта класна. Але мы прасілі, каб уключалі, бо мы памром, нас сажруць клапы. А так, пры святле, іх можна душыць. На дзень клапы некуды хаваліся. Камусьці перадавалі нейкую пасту, якой мазаліся ад укусаў", – распавядае мужчына.
Пасля вызвалення кэдэбісты праяўлялі да Мікалая павышаную ўвагу, пры размовах, на якія выклікалі, намякалі на супрацоўніцтва і тады, маўляў, крымінальная справа будзе прыпыненая. Інакш – будзеш сядзець.
“Не мог я на такое пагадзіцца, таму напачатку схаваўся ў знаёмых, а пры першай магчымасці з’ехаў з Беларусі”, – падводзіць рысу Мікалай.