Сергій Мельянец: Я адчуваю розніцу паміж тым, кім я быў да Акрэсціна і тым, які я зараз

Збіццё, катаванне, ізалятары, суды, а цяпер эміграцыя. Гэта ўсё прыйшлося прайсці галаве шматдзетнай сям'і, пратэстанту Сергію Мельянцу. Ён распавёў для «Хрысціянскай візіі», як яго сям'і зараз прыходзіцца нанава ўладкоўваць сваё жыццё ў эміграцыі. 

Сергій Мельянец

Сергій Мельянец

Сергій Мельянец – евангельскі прапаведнік, бард, актывіст, бацька семярых дзяцей быў затрыманы 19 сакавіка 2024 года ў Менскім гарадскім судзе. Сергій прыйшоў туды, каб малітоўна падтрымаць падсуднага журналіста каталіцкага веравызнання Ігара Карнея. Сергій — хрысціянскі і дэмакратычны актывіст, які заставаўся ў Беларусі да сярэдзіны вясны 2024 года, пры гэтым хадзіў на суды да палітзняволеных, падтрымліваў іх і пісаў справаздачы з судоў у свой фэйсбук, гэтыя допісы станавіліся крыніцай інфармацыі для праваабаронцаў і смі.

Два адміністрацыйныя тэрміны агульнай працягласцю 25 сутак, цяжкія ўмовы ўтрымання, катаванні і здзекі не зламалі Сергія. Наадварот – умацавалі яго веру і наблізілі да Хрыста.

Доўгі час сям’я прапаведніка пакутавала ад ціску з боку ўладаў. Сёлетняе затрыманне стала апошняй кропляй. Цяпер Сергій, яго жонка і сямёра дзяцей спрабуюць распачаць новае жыццё ў Польшчы. Да ад’езду прапаведнiк актыўна дапамагаў украінскім уцекачам: даваў начлег, харчаванне, вырашаў пытанні з дакументамі.

— Як прайшоў ваш пераезд?

— Нам дапамаглі людзі, у тым ліку мае сябры з сацсетак. Таксама дапамагла «Хрысціянская візія» — і я заахвочваю тых хрысціян, якія церпяць у Беларусі пераслед і маюць патрэбу ў дапамозе звяртацца да іх, альбо наўпрост праз людзей з «Хрысціянскай візіі», якіх вы ведаеце, альбо пісаць ім у бот у тэлеграме: @christianvisionBot.

Мы пакуль яшчэ не ўладкаваліся. Адна пратэстанцкая царква дала нам жыллё на два месяцы. Гэтая кватэра была ў дрэнным стане, яе збіраліся рамантаваць, а тут з’явіліся мы. Неяк жывем. Прыбіраем кватэры людзям. Дачка дапамагае ў польскай сям’і як няня.

Шукаем жыллё на даўжэйшы тэрмін, пасля чаго будзем думаць пра школу для дзяцей. Кватэру з трыма пакоямі для нашай шматдзетнай сям’і, якая падыходзіць нам па кошце, вельмі складана знайсці ў Варшаве ці ў яе ваколіцах. Вядома, мы разглядаем таксама прапановы і ў іншых месцах, дзе крыху танней. Але ў маленькіх населеных пунктах менш працы і знаёмых. 

Глядзіце таксама

— Як перажываюць пераезд вашыя дзеці?

— Яны сумуюць па сваіх сябрах, па нашай хаце. Сын Амадэй сумуе па сваім фартэпіяна. Нам людзі аддалі старое. Ён любіў па некалькі разоў на дзень падыходзіць да інструмента і прайграваць розныя мелодыі. Некаторыя нават сам выдумаў. 

Умовы пражывання рэзка памяняліся. Чатыры сыны спяць на двух’ярусных ложках з Ікеі ў маленькім пакоі, дачуркі спяць утрох у прахадным пакоі, а мы з жонкай – на падлозе на матрацы.

Зараз разбіраемся з медыцынскімі пытаннямі. Нядаўна па страхоўцы хацелі запісаць дачку Дамініку на планавы агляд да афтальмолага, але сутыкнуліся з праблемай вялікіх чэргаў. Бліжэйшая дата – праз год.

Сергій Мельянец з сям’ёй. Фота з архіва героя.

Сергій Мельянец з сям’ёй. Фота з архіва героя.

— Вы працягваеце сваё служэнне ў Польшчы?

— Так, у Варшаве я служу ўжо ў некалькіх пратэстанскіх цэрквах як прапаведнік. Нядаўна выступаў з пропаведдзю на маладзёжнай сустрэчы, выканаў сваю песню. У нядзелю на сходзе далі магчымасць прамовіць асноўную пропаведзь і таксама праспяваць.

Дарэчы, гэта царква мае домік за 120 кіламетраў ад Варшавы, дзе яны праводзяць з’езды, канферэнцыі. Нядаўна з сынам ездзілі прыбірацца там. Складвалі дровы, касілі траву, раўнялі зямлю.

— Гэта валанцёрства?

— Так, вядома. Нешта ж павінна быць не дзеля грошай, а дзеля Госпада.

Яшчэ пазнаёміліся з хрысціянскай фундацыяй, якая дапамагае ўцекачам і зараз там служым разам з нашымі дзецьмі па аўторках.

— Сярод пратэстанскіх вернікаў ёсць беларусы, якія пераехалі з-за рэпрэсій?

— Сярод пратэстанскіх вернікаў ёсць беларусы, якія пераехалі з-за рэпрэсій?

—  У асноўным гэта людзі, якія вырашылі пераехаць у Польшчу, таму што стаміліся ад сітуацыі, якая склалася ў Беларусі, ці зрабілі гэта з-за пагрозы рэпрэсій.

Мы тут літаральна выжываем. Я пакуль не сустракаў чалавека, у якога ўсё добра і якому ўсё лёгка даецца. Шмат людзей вымушана пакінулі Беларусь і мараць, як і нашая сям’я, вярнуцца дадому. Гэта не было нашым рашэннем. Нас прымусілі.

Напрыклад, у Варшаве ёсць царква, якую заснавалі прыхаджане з Мінску. Пастар Тарас Цялькоўскі, які таксама пацярпеў ад рэпрэсій, зараз служыць тут. 

— Як рэпрэсіі адбіліся на вашым здароўі?

— У жніўні 2020 года мяне катавалі шокерам і збівалі, пасля чаго ў мяне з’явілася нешта накшталт панічных нападаў, калі не хапае паветра. Доўгі час я палохаўся, калі нехта заходзіў з-за спіны. Узніклі болі ў сэрцы, якія пасля затрымання ў 2024 толькі пачасціліся.

Я адчуваю розніцу паміж тым, кім я быў да Акрэсціна і тым, які я зараз. Я не ўяўляю, як людзі гадамі сядзяць у гэтых умовах. Велізарны стрэс, няякасная ежа, якая не дае ўсе неабходныя вітаміны і мінералы. Зьявіліся праблемы з зубамі. Мне нават здаецца, што я пачаў больш актыўна лысець.

Глядзіце таксама

— Як усё, што вы перажылі, паўплывала на вашу духоўнасць?

— Я бачу якасныя змены ў маіх адносінах з Богам. Калі здароўю быў нанесены ўрон, то для веры гэтая сітуацыя пайшла на карысць.

Калі жыццё працякае спакойна, то інфармацыя аб тым, што Бог усюдыісны і ўсемагутны, што Ён любіць і клапоціцца – яна не такая актуальная. Але калі ты трапляеш у такую ​​сітуацыю, калі ў цябе нічога не засталося, толькі Бог побач, тады пачынаеш шукаць Яго волю, спрабуеш давяраць Яму сапраўды ўсяцэла.

Першапачаткова, калі мяне затрымалі, я шукаў сваю волю. Я маліўся Богу і прасіў: «Госпадзе, я не хачу тут быць, я хачу дадому». Але нічога не адбывалася. Нават наадварот. Першы тэрмін у мяне пачаўся 19 сакавіка, у аўторак, са здзекаў, пратаколу, «абяз’янніка», потым я начаваў у ІЧУ, потым зноў апынуўся ў «абяз’янніку». Суддзя вынес прысуд, і ўжо ў сераду ўвечары я быў у камеры.

Калі праз 13 дзён скончыўся мой першы адміністратыўны тэрмін, мяне адразу ж зноў арыштавалі і паставілі ў яшчэ больш жорсткія ўмовы.

Мяне ў панядзелак 1 красавіка з раніцы закоўваюць у кайданы, катаюць ў машыне тварам у падлогу некалькі гадзін, збіваюць. Потым мяне адпраўляюць у «абяз’яннік» і ўвечары вязуць з бяздомнымі ў ІЧУ на два дні. Потым зноў у «абяз’яннік» на цэлы дзень, потым зноў у ІЧУ, суд, жорстка збіваюць зноў. Толькі ў чацвер ноччу я апынуўся на ЦІП Акрэсціна. Тамака «калідорны» у масцы распранае мяне дагала, прымушае прысядаць трыццаць разоў, потым стаяць ля сцяны некалькі гадзін з шырока разведзенымі нагамі. Гэта быў кашмар.

І я маліўся: «Госпадзе, я ж прасіў, каб мяне выпусцілі». Крыху пазней я пачаў разумець, што можа быць Божая воля не ў тым, каб я выйшаў. 

Ва ўсіх месцах, дзе быў, я ўсюды стараўся казаць людзям пра Бога. Звычайна яны ўважліва слухалі. Нарэшце зразумеў, што можа Бог жадае, каб я працягваў гэта рабіць. Я адказваў на пытанні пра Госпада, пра сэнс жыцця, пра іншыя рэлігіі, пра канфесіі хрысціянскія. У рэшце рэшт я памаліўся той малітвай, якую Ісус прамовіў у Гефсіманскім садзе: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца» (Лк 22, 42).

У такіх абставінах заўсёды хочацца ўспамінаць гісторыі з добрым канцом, калі, напрыклад, анёл вызваліў апостала Пятра з турмы або пра вызваленне апостала Паўла, калі адбыўся землятрус.

Далей пачынаеш успамінаць беднага Іосіфа, які прасядзеў 10 гадоў у вязніцы з-за ілжывага абвінавачання, і становіцца зразумела, што няма аднаго сцэнара для ўсіх. І так страшна, з аднаго боку. Не жадаеш сядзець ні 10 гадоў, ні год, ні месяц… Хочацца дадому, да сям’і. 

Сергій Мельянец з сям’ёй. Фота з архіва героя.

Сергій Мельянец з сям’ёй. Фота з архіва героя.

— Калі адбыўся пераломны момант?

— Тады, калі я сказаў: «Госпадзе, Ты лепш ведаеш і мяне, і маю сітуацыю, і маю жонку, і маіх дзяцей. Ты ведаеш, што лепей для нас. Хай будзе воля Твая». І гэта насамрэч вельмі страшныя словы. Я не ведаю, як гэта ўдалося вымавіць Ісусу тры разы ў Гефсіманскім садзе, але для мяне гэта была вельмі цяжкая малітва.

Цяпер я на практыцы разумею, наколькі Бог добры, міласэрны і наколькі ён любіць мяне і маю сям’ю. 

Я спачуваю тым, хто працягваюць знаходзіцца ў турме. Я не ведаю, чаму я тут, а яны там. Напрыклад, Вольга Залатар, у якой пяцёра дзяцей… Думаю, што Бог так зрабіў, бо Ён ведае, колькі я магу вытрымаць, бо кожнаму даецца па сілах. Значыць тыя, якія там, у турме, яны мацнейшыя за мяне.

— У вас ёсць практыка сямейнай малітвы?

— Так, мы імкнемся мінімум раз на тыдзень вывучаць Біблію разам (бывае і часцей). Цяпер гэта «Першая кніга Царстваў». Мы чытаем, дзелімся думкамі адзін з адным, а потым разам молімся.

— Аб чым вы просіце Бога?

— Молімся аб дабрабыце і абароне нашай сям’і, а таксама за вязняў сумлення і тых, хто пакутуе з-за вайны ва Украіне, у Ізраілі.

Некаторых людзей мы ўзгадваем па імёнах: Паўла Севярынца, Змітра Дашкевіча, Мікалая Статкевіча і іншыя. Мае дзеці ўжо ведаюць, хто гэта.

Цяпер шмат мітусні, але я стараюся знаходзіць час і заходзіць на Telegram-канал ПЦ «Вясна», каб памаліцца за новых пацярпелых, а таксама за вязняў сумлення, хто адзначае дзень нараджэння ў турме.

— Як вера дапамагае вам прытрымлівацца актыўнай пазіцыі?

— Пасля 2020 года я задаў сабе пытанне: чым я магу дапамагчы людзям, якія апынуліся ў турме? Можна было пісаць лісты — я пісаў, можна было перадаваць рэчы — я перадаваў. Але таксама я разумеў, што магу болей.

Пачаў наведваць суды, каб людзі, якія апынуліся там з-за рэпрэсій, адчувалі падтрымку, каб бачылі, што за іх моляцца, што пра іх памятаюць. Я рабіў гэта цягам трох гадоў, пакуль мяне самога не затрымалі.

«…быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне» (Мц: 25:36). Гэта словы Хрыста. Любы невінаваты чалавек, які знаходзіцца за кратамі, гэта Ісус. Гэта Ісус, які пакутуе ў вязніцы. І тут няма ніякіх «я хачу» ці «я не хачу». Гэта запаведзь: клапаціцца аб тых, хто ў турме, гэта запаведзь аб гасціннасці, аб тым, што трэба дзяліцца ежай і адзеннем з немаёмнымі. Такія людзі названыя «авечкамі», праведнікамі, якія паслухмяныя голасу Пастыра.

Біблія змяшчае папярэджанне аб жудасных наступствах для тых, хто палічыў за лепшае ігнараваць прамое ўказанне Госпада. Тыя, хто не адчыняе дзвярэй сваёй хаты, хто не наведвае зняволеных, не дзеліцца з тымі, хто ў патрэбе, ежай і рэчамі, пападаюць пад катэгорыю «казлоў».

«Авечак паставіць праваруч, а казлоў — леваруч… Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: «iдзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным»… І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця» (Мц 25, 33-46).

Гэта перасцярога. Я стараюся не забываць пра гэтыя словы Хрыста. Калі ўсё добра і нікога не пераследуюць, тады ўсе навокал вернікі і добрыя. А калі ўзнікаюць праблемы, тады становіцца зразумела, хто ёсць хто. У нас ёсць «інструкцыя» ад Бога, што рабіць і зараз прасвядны час для таго, каб кожны мог праявіць сябе як сапраўдны хрысціянін.

— Бог наказваў любіць сваіх ворагаў. Як гэта рабіць тым, хто сядзіць у акопах?

— Любіць ворага — гэта, у тым ліку, спыніць яго на шляху разбурэння. Не дапусціць, каб ён прычыніў зло іншым. Гэта таксама любоў. Пакаранне для злачынцы — гэта дабро.

Часам мяне пытаюцца, што я думаю пра тых людзей, якія з мяне здзекаваліся за кратамі, а таксама пра суддзяў і следчых, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях. Я адказваю, што жадаю ім дабра. Вядома, я не адчуваю да іх нейкіх палымяных пачуццяў. Гэта было б дзіўна.

Як хрысціянін, я жадаю кожнаму з іх, па-першае, пакаяння. Важна, каб чалавек усвядоміў, што ідзе ў няправільным кірунку, робіць зло бліжняму. Па-другое, трэба, каб ён папрасіў прабачэння ў Бога. Па-трэцяе, каб захацеў выправіць тое зло, якое прычыніў. Падчас затрымання я маліўся за гэта кожны дзень.

Мае дзеці — не ворагі мне (смяецца — заўв.рэд.), але ў выхаванні ўсё тое ж самае. Я зраблю зло сваім дзецям, калі буду бачыць, што яны робяць нешта няправільнае, і заплюшчу на гэта вочы. Калі яны грашаць, калі паступаюць дрэнна, з майго боку праявай кахання будзе спыніць іх і зрабіць усё, каб дапамагчы ім выправіцца.

— Раскажыце аб сваёй дапамозе бежанцам з Украіны.

— Аднойчы мне патэлефанаваў пастар адной з брэсцкіх цэркваў. Ён сказаў, што ёсць жанчына з дзіцём, якім патрэбна дапамога. У яе няма дакумэнтаў, іх трэба сустрэць, праводзіць. Я заняўся гэтым.

Яна звярнуліся ва ўкраінскую амбасаду. Спачатку ёй не хацелі дапамагаць з дакументамі, прыйшлося ўмяшацца. У выніку ўсё атрымалася. Трэба было заплаціць унёсак 30 долараў. У жанчыны грошай не было. Мы пайшлі ў банк, купілі даляры. Потым пакарміў іх з дзіцём і пасадзіў на цягнік.

І такіх гісторый рабілася больш і больш. Розныя людзі і сытуацыі. Але крыніца гора адна — вайна, развязаная Расіяй.

Хрысціяне арганізавалі аўтобусныя рэйсы, якія эвакуіравалі людзей з Украіны, аказвалі ім медыцынскую дапамогу, дапамагалі з адзеннем, ежай. Колькасць бежанцаў была вельмі вялiкай. Асабліва ў 2022-2023 гадах. Разам з іншымі валанцёрамі я карміў іх, даваў магчымасць пераначаваць і адпраўляў далей.

— Як вы лічыце, ці існуе паняцце «справядлівая вайна»?

— Вайна — гэта зло. Для мяне такога паняцця, як «справядлівая вайна», няма. Ёсць права абараняцца. Калі чалавек абараняецца ад зладзеяў, якія ўварваліся ў ягоны дом, калі народ абараняецца, то праўда на іх баку. У Бібліі ёсць тэкст «…перастаньце рабіць зло; навучэцеся рабіць дабро; шукайце праўды; ратуйце прыгнечанага; абараняйце сірату; заступайцеся за ўдаву» (Іс 1:16б-17). Абараняць безабаронных — гэта Божая запаведзь.

Таму сёння праўда на баку Украіны. Вайну развязала Расія, і яна не будзе апраўдана. Яна ўжо церпіць ад наступстваў, і будзе яшчэ больш пакараная Богам за тое зло, якое прычыніла ўкраінцам і іншым народам. У тым ліку і беларусам.

— Украінцы абараняюць сваю радзіму, але што наконт людзей з іншых краін? Калі беларус ідзе ў полк Каліноўскага, дык гэта можна лічыць хрысціянскім учынкам?

— Я думаю, што па-хрысціянску — гэта рабіць тое, што можаш, у тыле. Аказваць дапамогу ці дапамагаць параненым на перадавой. Ці ісці са зброяй у руках? Гэта пытанне вельмі складанае. Зразумела, што некаму гэта трэба рабіць.

Калі пачалася вайна, я думаў, якім чынам магу дапамагчы ўкраінцам. І я дапамагаў уцекачам. А ісці і забіваць кагосьці…

Мне запомніўся фільм «Па меркаваннях сумлення», заснаваны на рэальных падзеях. Галоўны герой, Дэсманд Досвэл, падчас Другой Сусветнай вайны павёў сябе, як сапраўдны хрысціянін. Нягледзячы на ​​ціск з боку людзей, ён адмовіўся забіваць і абраў для сябе шлях медбрата. У выніку яму ўдалося выратаваць 75 чалавек. Вось гэты варыянт па мне.

— На Сусветным рускім народным саборы, старшынёй якога з’яўляецца Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл (Уладзімір Гундзяеў), ваенныя дзеянні ва Украіне былі названыя «святой вайной»…

— Я думаю, што тэрмін «святая вайна» можна прымяніць да ваенных дзеянняў, якія санкцыянаваны непасрэдна Богам супраць народаў, якія загразлі ў страшных рытуалах ідалапаклонства. Мы бачым гэта на старонках Старога Запавету. Стваральнік Сусвету мае права вырашаць, каму жыць, а каму паміраць.

Якое трэба мець нахабства, каб выступаць ад імя Бога і аб’яўляць захопніцкую вайну — свяшчэннай? Да таго ж яны ваююць з хрысціянскім народам, які самі нядаўна звалі брацкім. Відавочна, што гаворачыя такое — ілжэпрарокі, якія не маюць нічога агульнага з хрысціянствам.

Глядзіце таксама

— Гэта блюзнерства?

Так, выкарыстанне Бога для апраўдання сваіх злачынных інтарэсаў — гэта блюзнерства. Гэта грэх, які павінны публічна асудзіць усе хрысціянскія канфесіі свету. Вельмі страшна, што праваслаўная царква ў Расіі апусцілася да гэтага. Частка пратэстантаў і католікоў таксама заплямілі сябе.

На шчасце, ёсць святары Рускай Праваслаўнай Царквы, якія не падпарадкоўваюцца грахоўным указам зверху і не моляцца аб перамозе ў гэтай вайне. Іх рэпрэсуюць, пазбаўляюць сану. Але, нягледзячы на ​​рэпрэсіі, яны не здраджваюць Хрысту, захоўваюць чысціню сумлення і годна нясуць свой крыж. Тое самае з пратэстантамі і католікамі. Я ведаю выпадкі, калі хрысціянам далі рэальныя тэрміны ў турме за іх адмову ўдзельнічаць у братазабойчай вайне.

Калі ў вас ёсць магчымасць дапамагчы сям’і знайсці кватэру, то пішыце Сергію Мельянцу ў фэйсбуку.

Калі вы жадаеце дапамагчы сям’і фінансава, то вось іх банкаўскія рэквізіты:

Account holder: Melyanets Siarhei

Account Nr:

IBAN: PL 87102049000000870236809016

Kod BIC (SWIFT): BPKOPLPW

Bank name: PKO Bank Polski SA

ці пэйпал: smm73508@gmail.com