Хронікі рэпрэсій, 12 жніўня. Апгрэйд Крымінальнага кодэкса і 20 гадоў зняволення (завочна)

"Хапун" у Смаргоні, драконаўскі тэрмін фігуранту справы «падрыхтоўкі тэракту ў Дзень перамогі» і новыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс. З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 12 жніўня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1_1.png

У Смаргоні на адным з буйных прамысловых прадпрыемстваў за "распаўсюд экстрэмізму" затрымалі 8 чалавек. Пра гэта паведаміла раённая газета. Публікацыю ў яе папяровай версіі заўважылі праваабаронцы.

Затрыманні прайшлі 7 жніўня: і на працоўных месцах, і па месцы жыхарства. Усіх затрыманых завезлі ў кайданках у раённы аддзел міліцыі, дзе на іх склалі адміністрацыйныя пратаколы. Відаць, ужо прайшлі суды. Смаргонцаў ці адправілі пад арышт, ці аштрафавалі.

*****

Юрый Васкрасенскі агітуе родных палітвязняў пісаць прашэнне аб памілаванні.

Праўладны палітолаг Юрый Васкрасенскі тэлефануе родным палітвязняў, ён распавядае ім пра ўмовы памілавання і агітуе за напісанне прашэнняў, пра гэта піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у месцах зняволення па ўсёй краіне палітвязняў таксама прымушаюць пісаць прашэнні аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

У ліпені праваабаронцам стала вядома, што ў ПК-1 у Наваполацку кожны дзень прыязджалі супрацоўнікі пракуратуры і таксама казалі аб памілаванні.

****

Палітвязня Сяргея Раманава зноў змясцілі ў ПКТ. Па інфармацыі @a_partisans, Сяргея, які толькі ў траўні выйшаў з ПКТ, дзе правёў паўгода, зноў адправілі туды ў ліпені на 5 месяцаў. 

Нагадаем, 22 снежня 2021 года Мінскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме. 

У сакавіку 2023 года Раманаву дадалі яшчэ 11 месяцаў зняволення паводле арт. 411 КК за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі". 

Месца ўтрымання Сяргея: ПК № 9. 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16

*****

Актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля да канца тэрміну перавялі на турэмны рэжым, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Афнагель, асуджаны на 7 гадоў, ужо правёў два гады на турэмным рэжыме, пасля чаго яго вярнулі ў калонію ў Наваполацку. Там яго адразу ж адправілі ў ШІЗА, дзе ён правёў 45 сутак, а потым перавялі ў ПКТ.

Чарговы суд па змене рэжыму адбыцця пакарання прайшоў 29 ліпеня. Як піша «Вясна», актывіста ўжо этапавалі ў магілёўскую турму.

Яўгена Афнагеля судзілі ў траўні 2021 года паводле артыкула аб масавых беспарадках і падрыхтоўцы да іх (частка 3 артыкула 293, частка 1 артыкула 13 і частка 2 артыкула 293 КК). Разам з ім судзілі іншых актывістаў і палітыка Паўла Севярынца.

****

Фігуранта справы «падрыхтоўкі тэракту ў Дзень перамогі» завочна асудзілі да 20 гадоў калоніі

Суд па гучнай справе за «падрыхтоўку тэракту ў Дзень перамогі» распачаўся ў Мінгарсудзе 26 ліпеня ў закрытым рэжыме. Падрабязнасці справы агучваліся ў прапагандыскім фільме АНТ.

Судзілі адразу пяць чалавек: 25-гадовага Валера Водзіна (завочна), Андрэя Грыгор'ева, 30-гадовую Вікторыю Волчак, 25-гадовую Ганну Савачкіну і яе маці Таццяну Русак. Іх абвінавачвалі у тым ліку ў «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «падрыхтоўцы да акту тэрарызму» (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289 КК). Працэс па справе скончыўся 9 жніўня.

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што 25-гадовага Валера Водзіна судзілі ў парадку спецвытворчасці і прызначылі 20 гадоў калоніі і буйны штраф у памеры 600 базавых велічыняў (24 000 рублёў). Пакаранні яшчэ чатыром фігурантам высвятляюцца. 

*****

У Брэсцкім абласным судзе 8 жніўня асудзілі палітзняволеную 63-гадовую пенсіянерку Наталлю Малец паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суддзя Руслан Сянько прызначыў Наталлі тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі.

Наталля ўжо была асуджана ў снежні 2022 года за «абразу прадстаўніка ўлады» на 1,5 года «хатняй хіміі».

У верасні 2023 года жанчыну зноў затрымалі і змясцілі пад варту. Сілавікоў зацікавіла «падазроная актыўнасць жанчыны ў ажыццяўленні грашовых пераводаў». Верагодна, затрыманне звязана з удзелам Наталлі ў закрытай суполцы ў Facebook «Письма Солидарности Беларусь 2020», якую ў снежні прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

*****

Сілавікі заявілі пра затрыманне на мяжы мужчыны, які прыехаў з Польшчы.

На відэа затрыманы кажа, што працуе ў Польшчы, прыехаў да сваякоў у адпачынак. Ён заявіў, што наведваў несанкцыянаваныя мітынгі і пакідаў «негатыўныя каментары».

*****

У Крымінальны кодэкс прапануюць унесці новыя артыкулы: аб распаўсюдзе фота і відэа вайсковай тэхнікі і пра гвалт у дачыненні да экс-прэзідэнта Беларусі ці яго сваякоў.

Новы артыкул 375-3 (несанкцыянаванае распаўсюджванне інфармацыі аб размяшчэнні або перамяшчэнні падраздзяленняў, узбраення, ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў) прадугледжвае штраф, арышт або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін. Пры гэтым прыцягваць да крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле будуць калі інфармацыя распаўсюджвалася ў перыяд правядзення контртэрарыстычнай аперацыі, дзеянні надзвычайнага альбо ваеннага становішча.

За тыя ж дзеянні, учыненыя групай асоб, па папярэдняй змове або з карыслівых меркаванняў новы артыкул прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.

А Лукашэнка прапанаваў дапоўніць Крымінальны кодэкс новым артыкулам — 366-1.

Прапанаваны Лукашэнкам артыкул гучыць так: «Гвалт альбо пагроза гвалтам, знішчэннем або пашкоджаннем маёмасці ў дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у тым ліку які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў у сувязі са сканчэннем тэрміну яго знаходжання на пасадзе альбо датэрмінова ў выпадку яго адстаўкі або стойкай няздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць абавязкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, членаў яго сям'і».

Санкцыя артыкула прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

Акрамя таго, папраўкі ў Крымінальны кодэкс прадугледжваюць, што дзеянне артыкулаў аб паклёпе на прэзідэнта і абразе прэзідэнта (артыкулы 367 і 368 КК) будзе распаўсюджвацца і на «асоб, якія спынілі выкананне сваіх паўнамоцтваў у сувязі са сканчэннем тэрміну яго знаходжання на пасадзе альбо датэрмінова ў выпадку яго адстаўкі або стойкай няздольнасці па стане здароўя».