Патрыярх Кірыл 15 гадоў на чале РПЦ: Галоўныя «дасягненьні»
Уладзімер Гундзяеў пасьля пострыгу ў манахі ўзяў новае імя, зь якім пражыў большую частку жыцьця. 27 студзеня 2009 г. на Памесным Саборы Расейскай праваслаўнай Царквы быў абраны новым кіраўніком гэтай арганізацыі. Беларусь РПЦ разглядае як «кананічную тэрыторыю», а нашае праваслаўнае духавенства і вернікі знаходзяцца ў непасрэдным духоўным падпарадкаваньні Маскве і Кірылу. Прасочым, чаго дасягнуў спадар Гундзяеў за гэтыя 15 гадоў.
Як нядаўна сказаў архімандрыт РПЦ Кірыл Гаварун: «Патрыярх Кірыл пачынаў як адзін з самых прагрэсіўных герархаў РПЦ. Адзін з самых празаходніх, лібэральных, можна сказаць. З адкрытым поглядам на сьвет, на іншыя канфэсіі. І паступова ён эвалюцыянаваў у сваю супрацьлегласьць таму, чым ён быў». Гаварун мяркуе, што на зьмену яго поглядаў паўплываў комплекс чыньнікаў. «Безумоўна, гэта практычна абсалютная ўлада ўнутры царквы, якую ён атрымаў і якую яшчэ больш абсалютызаваў, калі стаў патрыярхам», – заявіў архімандрыт.
Рэтраспэктыўна паглядзім на дзіўнае жыцьцё галоўнага праваслаўнага ў Расейскай праваслаўнай Царкве.
2023
Патрыярх Кірыл заявіў, што расейская ядзерная зброя была «божым промыслам» і дазволіла Расеі застацца «незалежнай і свабоднай». Заяву аб паходжаньні расейскай ядзернай зброі патрыярх Расейскай праваслаўнай царквы зрабіў падчас цырымоніі ўзнагароджаньня ганаровага навуковага кіраўніка фэдэральнага ядзернага цэнтру Радзія Ількаева ордэнам прападобнага Сергія Раданескага I ступені.
«Калі б ня праца Курчатава, Радзія Іванавіча [Ількаева], іх калег, субратоў, цяжка сказаць, ці існавала б наша краіна. Яны стварылі зброю пад покрывам прападобнага Серафіма Сароўскага, таму што па невымоўным божым промысьле гэтая зброя стваралася ў прыстанку прападобнага Серафіма. Дзякуючы гэтай сіле Расея засталася незалежнай, свабоднай», — заявіў патрыярх Кірыл.
Патрыярх Кірыл і раней неаднаразова падтрымліваў расейскую агрэсію ва Ўкраіне і нават зладзіў 20-хвілінную лекцыю празь відэасувязь Папу Рымскаму Францішку, пасьля чаго кіраўнік каталіцкага Касьцёла заклікаў патрыярха Кірыла не апускацца да ўзроўню «пуцінскага алтарніка».
Таксама нядаўна кіраўнік РПЦ заявіў, што «імкненьне захаваць жыцьцё — чужая Расеі ілжывая каштоўнасьць». Таксама ён казаў, што ўсялякае жаданьне зьнішчыць Расею будзе азначаць канец сьвету, і што «Госпад не пакіне прэзідэнта РФ».
2022
Кіраўнік РПЦ паабяцаў расейскім мабілізаваным, што «яны ўваскрэснуць». Патрыярх заклікаў «часткова» мабілізаваных не баяцца паміраць на вайне ва Ўкраіне. «Хрыстос уваскрос — і вы ўваскрэсьнеце», — сказаў ён. На думку Кірыла, пры такім зыходзе наперадзе іх чакае «вечнае жыцьцё».
А сумнавядомую ігуменьню жаночага манастыра ў Горадні Гаўрыілу патрыярх Кірыл уганараваў адной з найвышэйшых узнагарод Расейскай Праваслаўнай Царквы — ордэнам сьвятой роўнаапостальнай княгіні Вольгі I ступені. Для жанчынаў яна ўвогуле найвышэйшая.
Узнагарода з пункту гледжаньня таго, хто яе дае, цалкам заслужаная, бо Гаўрыіла ідзе цалкам у фарватары кірунку РПЦ, зададзенага самім Кірылам. Яна вядомая як актыўная прыхільніца Лукашэнкі, зацята змагаецца з нацыянальным беларускім рухам, апраўдвае ваенную агрэсію Расеі супраць Украіны і ўвогуле апантана прасоўвае ідэі «рускага сьвету».
2021
Патрыярх Кірыл зьвярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам мірна вырашаць праблемы ў грамадзтве. Патрыярх згадаў падзеі ва Ўкраіне і заявіў: яе досьвед павінен навучыць усіх, што пераўтварэньні ў грамадзтве мусяць праходзіць без нарастаньня ўнутранай напружанасьці і радыкалізацыі адносінаў паміж людзьмі. Па яго словах, ніхто, нідзе і ніколі не дасягаў міру, спакою і дабрабыту пры дапамозе гвалту. Таму да лепшага заўсёды варта імкнуцца без рэвалюцыяў.
«Таму наш заклік да Беларусі — усе пытаньні трэба вырашаць мірна. Але калі пытаньні існуюць, іх трэба вырашаць, і гэта ўжо зварот і да беларускіх уладаў. Нельга адкладаць тое, што выклікае нязгоду і напружаньне ў грамадзтве», — заявіў патрыярх.
2018
Сінод РПЦ вырашыў цалкам разарваць адносіны з Сусьветным патрыярхатам у Канстантынопалі. Гэты крок РПЦ стаў адказам на рашэньне сінода Канстантынопальскага патрыярхату пачаць працэс прадастаўленьня аўтакефаліі (незалежнасьці) праваслаўнай царкве Ўкраіны.
Напярэдадні Канстантынопальскі патрыярхат зьняў анафэму (адлучэньне ад царквы) з кіраўніка Ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэта і адмяніў дакумэнт XVII стагодзьдзя, па якім, як лічыць РПЦ, у яе юрысдыкцыю былі перададзеныя тэрыторыі цяперашняй Беларусі і Ўкраіны.
«Уступленьне ў зносіны з тымі, хто схіліўся да расколу, а тым больш адлучанымі ад царквы, раўнавартаснае ўхіленьню ў раскол і сурова асуджаецца канонамі сьвятой царквы», — сказана ў заяве РПЦ.
Сьвятой, яны, як падаецца, называюць сваю царкву – РПЦ.
У тым жа годзе Айцец Аляксандар Шрамко, які служыў клірыкам Сьвята-Міхайлаўскай праваслаўнай царквы ў Менску, быў выведзены за штат Менскай япархіі без права служэньня, нашэньня ярэйскага крыжа і выкладаньня багаслоўя за крытыку ў «Фэйсбуку» патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Да сёньняшняга дня сьвятар не вернуты да сваіх абавязкаў.
2017
Патрыярх РПЦ Кірыл усклаў асноўную віну за рэвалюцыю 1917 года на інтэлігенцыю.
«Усё, што адбылося ў ХХ стагодзьдзі, гэтая мясарубка, якая перамалола ўсю інтэлігенцыю, ці не ёсьць арганічным вынікам страшных злачынстваў, якія інтэлігенцыя зьдзейсьніла супраць веры, супраць Бога, супраць свайго народа, супраць сваёй краіны?» — заявіў ён. Кіраўнік РПЦ лічыць, што «інтэлігенцыя ў першую чаргу несла адказнасьць за страшныя падзеі стогадовай даўнасьці».
Патрыярх таксама выказаў шкадаваньне, што зараз працягваецца «вайна гістарычных аргументаў». «Грамадства да гэтага часу не прымірылася ў поўнай меры ў тым, што тычыцца ацэнкі падзей стогадовай даўніны. Напэўна, трактоўкі застануцца рознымі, але неабходна зрабіць усё, каб іх разнастайнасьць не правакавала новых грамадзянскіх канфліктаў», — падкрэсьліў ён.
2016
«Узьяднаньне РПЦ з Рыма-Каталіцкім Касьцёлам было б Божым цудам, калі б мы калі-небудзь да яго дажылі», — заявіў Патрыярх Кірыл у размове з журналістамі пасьля свайго падарожжа па краінах Латынскай Амэрыкі і ў Антарктыку. Ён падкрэсьліў, што «Царкве немагчыма зьблізіцца, нават не тое, што аб’яднацца, дамоўленасьцю паміж дзьвюма лідэрамі». «Пайду далей: Цэрквы нельга аб’яднаць нават дамоўленасьцю ўсёй герархіі», — сказаў ён, маючы на ўвазе герархію як праваслаўную, так і каталіцкую.
Патрыярх Маскоўскі нагадаў, што падчас яго сустрэчы з Папам Францішкам не абмяркоўваліся тэалягічныя пытаньні, рознагалосьсі па якіх захоўваюцца. «Мы сумленна кажам аб падзеле. Мы застаемся на тых пазыцыях, на якіх былі нашы айцы».
2015
«На жаль, нашы праціўнікі выкарыстоўваюць словы «Рускі сьвет» як нейкі жупел, як пудзіла, заяўляючы, быццам гэта нейкая дактрына, якая служыць выключна зьнешнепалітычным інтарэсам Расейскай Федэрацыі, — працытаваў словы патрыярха прэс-сакратар. — Аднак няма нічога больш далёкага ад ісьціны, чым атаясамліваць Рускі сьвет выключна з Расейскай Федэрацыяй».
Патрыярх Кірыл адзначыў, што «Рускі сьвет — гэта адначасова і Ўкраінскі сьвет, і Беларускі сьвет. Гэта сьвет усяе Русі. Гэта сьвет, які створаны праз хрост ў Дняпры, гэта сьвет князя Ўладзіміра (таго, хто забіў Рагвалода і згвалтаваў Рагнеду – П.Х.), гэта сістэма каштоўнасьцяў, якая пранікла ў культуру, у побыт нашага народа».
Патрыярх Кірыл упэўнены, што пры «паслабленьні ролі расейскай мовы» паміж украінцамі, расейцамі, беларусамі, як і многімі іншымі народамі, «шматразова ўскладняцца зносіны, таму што мова — гэта натуральны сродак падтрыманьня ўзаемаадносінаў людзей, якія належаць да адной культурнай і духоўнай супольнасьці».
2014
«Тое, што адбываецца на Ўкраіне, вельмі раніць маё сэрца. Для мяне Ўкраіна гэта родная краіна, гэта родны народ, гэта мой народ і мая паства. І тое, што я цяпер раблю, зьвязанае з маім унутраным духоўным жыцьцём. Я малюся за Ўкраіну, я малюся за гэты народ. Я разумею, што існуе пагроза падзелу нацыі. Пагрозы чарговага вітка грамадзянскай канфрантацыі. Наогул тое, што мы зараз бачым, - гэта рэвалюцыйная сітуацыя», — сказаў патрыярх Кірыл.
2013
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл заявіў, што манахам не варта карыстацца інтэрнэтам, каб ахаваць сябе ад спакусаў.
«Цяпер вялікай спакусай зьяўляецца інтэрнэт. Многія манахі паступаюць, на мой пагляд, зусім неразумна: з аднаго боку, яны сыходзяць ад сьвету, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для выратаваньня, а зь іншага боку — бяруць свой мабільны тэлефон і пачынаюць уваходзіць у інтэрнэт, дзе, мы ведаем, мноства грахоўнага і панадлівага», — сказаў патрыярх Кірыл.
«Цяжэй за ўсё выратавацца ў сьвеце, там людзі сутыкаюцца тварам да твару са спакусамі, ілжэвучэньнямі», — падкрэсьліў патрыярх. «Калі манах бярэ ў рукі мабільны тэлефон, каб увайсьці ў інтэрнэт, ці не павінен ён падумаць, ці варта яму наогул у манастыры знаходзіцца?» — задаў ён пытаньне.
2012
Патрыярх Кірыл трапіў у кватэрны скандал, які скончыўся судом. У працэсе высьветліліся некаторыя акалічнасьці. Яны прымушаюць задумацца, ці не парушыў Кірыл шэраг зарокаў. Аднак царква называла ўсё гэта спробамі дыскрэдытацыі.
Былы міністр аховы здароўя, вядомы расейскі хірург-кардыёляг (і адначасова праваслаўны сьвятар) Юры Шаўчэнка набыў у прэстыжным раёне Масквы кватэру. У часе рамонту кватэру патрыярха нібыта пашкодзілі, засыпалі пылам.
У судзе бок пацярпелых ад рамонту прадстаўляла нейкая Лідзія Лявонава, якая, як высьветлілася, была прапісаная ў той кватэры. А належыць кватэра... Уладзіміру Міхайлавічу Гундзяеву. А гэта сьвецкае імя патрыярха Кірыла.
Суд налічыў Шаўчэнку каля 650 тысяч даляраў за рамонт. Кватэра з відам на сабор Хрыста Збаўцы і Крэмль каштуе каля 1,5 мільёна даляраў. У кадастравых ведамасьцях пазначана, што кватэра была куплена прыкладна ў 2004 годзе. За патрыярхам і раней заўважаліі схільнасьць да дарагіх рэчаў. У свой час украінскія журналісты сфатаграфавалі ягоны гадзіньнік за 30 тысячаў эўра.
А жанчына? Расейскія журналісты адшукалі, што Лідзія Лявонава была дачкой кухара Ленінградскага абкама КПСС і што іх з мітрапалітам, будучым патрыярхам, адносіны зьвязваюць 30 гадоў, а на сёньняшні дзень ужо і больш за 40.
2009
Як адзначаў у першы год улады Кірыла Барыс Тумар, «ніколі раней ніводзін патрыярх Маскоўскі не зьвяртаў столькі ўвагі на Беларусь і беларускую культуру. Патрыярх прызнаў богавызначанасьць незалежнасьці Беларусі і легітымізаваў беларускую культуру, у адной прамове працытаваўшы і Быкава, і Багдановіча, і Коласа. Вось эфект яе ўзмацненьня.
У той жа час сьвяцейшы госьць цьвёрда абсёк Лукашэнку: Беларусь не мост між Усходам і Захадам, а частка Русі. І выказаў поўную палітычную падтрымку адміраючаму саюзу Беларусі і Расеі. Дэманстратыўнай пстрычкай была адмова ад пасярэдніцкіх паслугаў Лукашэнкі ў арганізацыі сустрэчы з Папам Бэнэдыктам XVI.
Гаворачы пра каштоўнасьці, ён адкінуў вартасьць посьпеху любым коштам і дабрабыту па-над усё. Падмуркі заходняй цывілізацыі — пад сумнеў. Прычым гаварылася ўсё тое вельмі сучаснай мовай, без вэрбальнага стараабрадзтва.
З трыбуны лукашэнкаўскага палацу ў 2009 годзе прамаўляў новы расейскі Нікан — патрыярх, які ўладарна ўмешваецца ў палітыку і ставіць сябе па-над дзяржаўнымі ўладамі.
Пры ўсёй сучаснасьці Кірылавай рыторыкі яна ў сутнасьці сваёй застаецца антызаходняй і антымадэрнай, што робіць яе не да канца прыдатнай рэфарматарскай уладзе, як не быў да канца даспадобы цару Аляксею празьмерна энэргічны Нікан. Зацятая барацьба іх урэшце скончылася перамогай цара, сын якога Пятро І увогуле скасаваў патрыяршаства».
Праз 15 гадоў відавочна, што любоўны хаўрус Кірыла і Пуціна быў пазбаўлены нават відавочнасьці непаразуменьня. Рука ў руку, са шчыльнымі пацалункамі.
А вось палітык Юры Хадыка тады разважаў наступным чынам: «Патрыярх Кірыл, можна сказаць, найбольш адукаваны чалавек з тых, хто ў розныя часы ўзначальваў Расейскую праваслаўную царкву. І гэта, канечне, дае пэўныя спадзяваньні на зьмякчэньне пазыцыі гэтай царквы адносна хрысьціянскага адзінства. Разам з тым ён у сваіх выказваньнях неаднаразова выглядаў непрыкрытым шавіністам. І гэта не абяцае нічога добрага тым, хто ў Беларусі спрабуе дамагчыся аўтакефаліі праваслаўнай царквы. Але ў любым выпадку адукаваны чалавек — лепш за неадукаванага фанатыка. Ня думаю, што патрыярх Кірыл будзе лібэралам».
Хутчэй бы гэтая эпоха крамлёўскіх дзеячаў скончылася.