Пуцін трымае Трампа за карыснага ідыёта. І Лукашэнка паспрабуе
Чаму стары-новы прэзідэнт ЗША — знаходка для Масквы і Мінска.

Фота ЕРА
Дональд Трамп працягвае страсаць сусвет. Дайшла справа і да Украіны, і выявілася, што 47-мы амерыканскі прэзідэнт гатовы спыніць вайну на ўмовах Уладзіміра Пуціна. То-бок фактычна здаць Украіну, як раней і прадказвалі некаторыя аналітыкі.
Сказаць, што дэмакратычны свет засмучаны і разгублены — нічога не сказаць. Вядома, шмат фрустрацыі і ў самой Украіне. А вось у Крамлі — свята. Як і ў Мінску, хаця Лукашэнка прылюдна радавацца не спяшаецца.
Галоўная навіна месяца ў Беларусі — візіт у Мінск намесніка памочніка дзяржсакратара Крыстафера Сміта. Амерыканскі дыпламат забраў з беларускіх турмаў не толькі палітзняволеных Андрэя Кузнечыка і Алену Маўшук, але і грамадзяніна ЗША Мікалая Шугаева. А самае важнае ў тым, што праз яго нібыта вядзецца камунікацыя наконт вялікай здзелкі паміж Вашынгтонам і Мінскам.
Сутнасць гэтай здзелкі: Лукашэнка вызваляе палітвязняў (усіх ці вялікую частку) і спыняе рэпрэсіі, а наўзамен ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію і банкаўскай сферы. І ўвогуле размарожваюць двухбаковыя адносіны.
Паведамлялася, што Вашынгтону такая ўгода патрэбная, каб адцягнуць Беларусь ад крамлёўскага ўплыву і дадаць Мінску суб’ектнасці, прасторы для манеўру. Гэта, маўляў, крыху аслабіць геапалітычнае становішча Масквы, бо асноўны саюзнік у Еўропе стане больш самастойным.
Глядзіце таксама

Ацэньваць гэтую сітуацыю можна з двух бакоў — гуманітарнага і палітычнага. З першым усё ясна: вызваленне палітвязняў — вельмі добрая справа, і калі ў новай амерыканскай адміністрацыі гэта атрымаецца, то нізкі паклон з боку мільёнаў беларусаў ёй забяспечаны.
З палітычным складнікам усё нашмат складаней, і тут, бадай, можна казаць пра дзіўную наіўнасць амерыканскага боку. Так, Лукашэнка хацеў бы змякчэння санкцый, асабліва супраць калійных угнаенняў. Але ён дакладна дзеля гэтага не возьме на сябе абавязацельствы спыніць рэпрэсіі.
Вызваліць частку палітвязняў — гэта цалкам рэальна. Уласна беларускі дыктатар іх памалу і вызваляе з лета мінулага года, дасылаючы вядомыя сігналы на Захад. Рэпрэсіі ж пры гэтым працягваюцца, і яны будуць працягвацца, бо менавіта палітычны гвалт і пераслед дазваляюць лукашэнкаўскаму рэжыму існаваць. У Мінску гэта добра разумеюць, таму рэпрэсіўная машына працуе без выходных і перапынкаў на абед.
Тое ж самае тычыцца і залежнасці ад Расіі. Лукашэнка, можа, і не супраць, каб яна зменшылася, каб яго марыянеткавы статус не так кідаўся ў вочы. Але якой цаной? Пасварыцца дзеля гэтага з карміцелем Крамлём? Гэта для Лукашэнкі цяпер — палітычнае самагубства. Трамп сёння ёсць, заўтра няма — а ласункі ад дарагога Уладзіміра Уладзіміравіча патрэбныя штодзённа.
Іншымі словамі, повязь Мінска і Масквы стала такой моцнай, што ўсе чырвоныя рысы даўно пяройдзеныя. З крамлёўскага кручка беларускі аўтакрат ужо не саскочыць. І пытанне тут хіба ў тым, што ў Вашынгтоне гэтага чамусьці не бачаць. Нягледзячы на тое, што каманда Трампа яшчэ ў яго першую прэзідэнцкую кадэнцыю спрабавала рэалізаваць такі сцэнар. Тады нічога не атрымалася, што ж казаць пра сённяшні дзень, калі Беларусь па самыя вушы захрасла ў зоне маскоўскага ўплыву.
Наіўнасцю амерыканцаў Лукашэнка, канешне, скарыстаецца. Даўно з боку Захаду на яго не глядзелі з такой дзіцячай даверлівасцю. То чаму б не? Дамовіцца, атрымаць бенефіты, надзьмуцца ад уласнай важнасці… А потым банальна кінуць контрагента. Да гэтага беларускі рэжым добра спрактыкаваны.
Тое ж самае цяпер спрабуе рабіць з Трампам і Пуцін — карыстаецца яго ружовай наіўнасцю. Трохі ліслівасці, крыху рыторыкі супраць папярэдняга прэзідэнта Джо Байдэна, дазавана — майстэрства вярбоўкі па методыках часоў КДБ у асабістай тэлефоннай размове. Доўгія перамовы ў Саўдаўскай Аравіі з удзелам найбліжэйшых паплечнікаў. І вось ужо руды Дональд на ўвесь свет раскідвае наратывы крамлёўскай прапаганды. У вайне вінаватыя ЗША і НАТО. У Зяленскага рэйтынг 4%, таму ва Украіне трэба правесці выбары. Амерыканскія грошы ў Кіеве цалкам раскрадалі. Расія бараніла сябе, распачынаючы «спецыяльную ваенную аперацыю».
Здаецца, яшчэ трохі — і Трамп скажа, што разню ў Бучы здзейсніла па заданні Байдэна і Харыс ЦРУ. Магчыма, пасля асабістай сустрэчы с Пуціным, якая анансуецца ледзьве не да канца лютага, ён так і скажа.
Асноўная праблема цяперашняга прэзідэнта ЗША — бадай, менавіта ў гэтым. Не ў высокай самаацэнцы, не ў нарцысізме, не ў кансерватыўных поглядах і канспіралагічным мысленні — а ў палітычнай наіўнасці на мяжы з інфантылізмам.
Менавіта гэтая непісьменнасць, недасведчанасць вызначае, напрыклад, некаторыя яго кадравыя прызначэнні. Калі міністрам аховы здароўя становіцца ваяўнічы антываксер, кіраўніком Пентагона — тэлевядучы Fox News, а дырэктарам Нацыянальнай выведкі — прыхільніца сірыйскага дыктатара Башара Асада.
Дональд Трамп хоча падавацца жорсткім і моцным лідарам, але на справе наўрад ці ім з’яўляецца. Вопытныя палітыкі кшталту таго ж Пуціна бачаць гэта і карыстаюцца гэтым. Карысны ідыёт — заўсёды добры спадарожнік у кепскіх справах.
Глядзіце таксама

Украіна можа стаць ахвярай недасведчанасці сённяшняй амерыканскай адміністрацыі. Але можа і не стаць. Бо, па-першае, паміж словамі Трампа і яго справамі — вялікая дыстанцыя (прывітанне планам стварыць у сектары Газа блізкаўсходнюю Рыўеру). Бо ў прэзідэнцкай камандзе ўсё ж ёсць разумныя людзі. Бо ёсць яшчэ Еўропа, якая працягвае падтрымліваць украінцаў і пачынае разумець, што патрэбныя ўчынкі, а не вечная «заклапочанасць». І ўласна ёсць сама Украіна, якая здавацца перад Крамлём не збіраецца.
Працэс урэгулявання ва Украіне яшчэ ў самым пачатку, і ёсць надзея, што маніпуляваць Трампам у Крамля доўга не атрымаецца. Тое ж самае можна сказаць і наконт разліку Лукашэнкі набраць свае палітычныя ачкі на наіўнасці амерыканскага прэзідэнта. Але нельга адмаўляць, што ў двух дыктатараў — маскоўскага і мінскага — з’явіўся добры шанец перазагрузіць свае адносіны са знешнім светам. І яны паспрабуюць гэтым вашынгтонскім шанцам скарыстацца.