«Скурка гаранта ўжо высушаная, выпрасаваная, павешаная на плечыкі і чакае пакуль за ёй прыйдуць»
Калі Трамп і Пуцін дзеляць паміж сабой Украіну, гарант сабе ўяўляе, што «на яе месцы мог бы быць я», лічыць аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі». Таму гарант маўчыць і чакае якіх-небудзь ад каго-небудзь гарантый, каб захаваць у цэласнасці сваю скурку.

Я вось табе мінулы раз казаў, што здзіўляюся я ад усіх гэтых навін. Дык сёння я хачу табе сказаць, што я нават здзіўляцца ўжо не паспяваю. Я, можа, меркаваў, што ўсё так будзе. Але я нават уявіць сабе не мог, што ўсё будзе так хутка і так бессаромна. З альтэрнатыўнай арыфметыкай пра рэйтынгі і даўгі. З тлумачэннямі, што Украіна сама вінаватая, бо адразу не здалася.
Усё ж такі мне здавалася, што калі цябе выбралі прэзідэнтам такой самавітай краіны, то трэба знайсці ў сабе трошкі пачуцця ўласнай годнасці. А калі свайго не хапае, то ў Зяленскага можна было пазычыць. Дакладна было б больш карысна за неіснуючыя пяцісот мільярдаў рэдказямельных металаў.
Карацей, я ў поўным здзіўленні, але на тое яно, мабыць, і разлічана. Раскідаць вакол сябе вербальныя інтэрвенцыі, каб ніхто не паспеў ухіліцца.
Але ведаеш, хто яшчэ ў поўным здзіўленні? Прычым, па-мойму, ён яшчэ больш здзіўлены, чым я. Мне хоць ёсць што сказаць.
А ты звярнула ўвагу, што сказаў гарант асабістай стабільнасці з нагоды ўсіх гэтых геапалітычных манеўраў? І я не звярнуў. Таму што ён нічога не сказаў. Манеўры манеўруюцца вакол другі тыдзень, а гарант маўчыць. Тэлевізар у яго аж павісквае і падскоквае ад захаплення, а ён яшчэ ані разу ні з кім не падзяліўся сваімі геапалітычнымі мудрасцямі. Ён жа цяпер павінен кукарэкаць, як птушка салавей.
А было ж столькі магчымасцяў. У аўторак вунь прыязджаў цэлы лівійскі фельдмаршал. Якая яшчэ табе патрэбная нагода? Хоць гаранту ў прынцыпе не патрэбная ніякая нагода. Ён сваімі геапалітычнымі мудрасцямі дзяліўся нават з палярнікамі. І скажы «дзякуй», што побач не было пінгвінаў, а то б ён і з пінгвінамі падзяліўся.
Не, я, вядома, мяркую, што гарант яшчэ прыйдзе ў сябе і з кім-небудзь абавязкова падзеліцца. Але ацані ўсю моц дзіўнага эфекту, калі ён ужо столькі дзён маўчыць.
А ведаеш чаму? Таму што пакуль Трамп і Пуцін дзеляць паміж сабой Украіну, гарант сабе ўяўляе, што «на яе месцы мог бы быць я». А можа быць, нават і быў. Таму што Украіну, каб падзяліць, трэба спачатку перамагчы. А з гэтым якраз ёсць некаторыя цяжкасці. Пра «падзяліць Украіну» Пуцін дамовіўся з самім сабою яшчэ тры гады таму. І дзе, запытваемся, Кіеў за тры дні?
А скурка гаранта ўжо высушаная, выпрасаваная, павешаная на плечыкі і чакае пакуль за ёй прыйдуць. І каб захаваць гэтую скурку ў яе адносна цэласным стане, гаранту патрэбныя чые-небудзь гарантыі. На самай справе ўжо нават усё роўна якія.
Таму, калі гаранту хоць хто-небудзь хоць дзе-небудзь прапануе хоць якую-небудзь здзелку, то яму трэба хапацца за гэтую прапанову ўсімі членамі сваёй душы, ці што там у яго на гэтым месцы засталося. Потым позна будзе. Потым ужо нічога не прапануюць і нічога не дадуць.
Таму што сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома Урада яшчэ ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.
Глядзіце таксама
