Беларусь — радзіма сланоў і дэмагогіі?
Раней мы думалі, што Беларусь — краіна калі не адсталая, то не ў сусветных лідарах дакладна. Аднак цяпер, калі ўвесь свет звар'яцеў, мы разумеем, што былі наперадзе планеты ўсёй. Нашы кіраўнікі паехалі з глузду, і гэтае першынство мы ўпэўнена працягваем трымаць.

Так, па вядомасці і цытуемасці мы не пераплюнем Трампа. Але мы можам з упэўненасцю заявіць, што нашыя адказныя асобы пачалі рабіць заявы, падобныя трампаўскім, значна раней за яго. І пасварыцца з усім светам мы паспелі задоўга да Трампа. І цяпер мы ўпэўнена трымаем марку.
Вось, напрыклад, намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандр Ягораў у інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню заявіў, што тэмпы росту эканомікі, набраныя летась, захаваюцца і ў 2025-м. Гэтая заява была зроблена на падставе таго, што ў першы месяц года ВУП краіны вырас на 3,7%.
Па словах Ягорава, гэта важна, таму што «як пачнеш, так і скончыш». Акрамя таго, паводле яго слоў, «мы паглядзелі такі паказчык, як рост ВУП, ну, не ў традыцыйным разрэзе, як яго паказваюць, да папярэдняга, аналагічнага перыяду папярэдняга года, а з пункту гледжання ВУП росту квартал да квартала, чацвёрты квартал да трэцяга, трэці — да другога. Тут прысутнічае такая рэч, як сезоннасць, таму што нейкія тавары больш актыўна прадаюцца, дапусцім, у трэцім квартале, нейкія — у чацвёртым квартале. І вось калі гэтую сезоннасць прыбраць, то можна атрымаць таксама нейкую яшчэ апраксімуецца ацэнку таго, як развіваецца эканоміка. І дадзеныя паказваюць, што ў нас няма нейкіх скокаў па кварталах, у нас даволі раўнамерна кожны квартал эканоміка расце».
Гэта значыць, тут актуальнымі застаюцца дзве рэчы. Першая — гэта хрэстаматыйнае «не важна, як галасуюць, важна, як лічаць». І другая — параўнанне сённяшняй сітуацыі з 1913-м годам.
Бо відавочна, што спадар Ягораў прыдумаў альтэрнатыўную, зручную яму і дзяржаўнай прапагандзе методу падліку, прыбраў з яе пэўныя нязручныя фактары, і выдаў аптымістычны вынік, дый яшчэ з ухілам у містыку і прыкметы: «як пачнеш, так і скончыш». Зрэшты, магічнае мысленне нашай улады даўно ўжо нікога не здзіўляе.
А вось даследчы цэнтр BEROC піша, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў перагрэтым і разбалансаваным стане, і на гэтым фоне можна чакаць запаволення тэмпаў росту ВУП да 1,5-2% у 2025 годзе.
Праявай «перагрэтага стану» ёсць «прыкметнае пагаршэнне знешнегандлёвай пазіцыі краіны, паглыбленне праблемы дэфіцыту работнікаў, а таксама падвышаная інфляцыя там, куды шчупальцы цэнавага кантролю не дацягваюцца, па меншай меры, наўпрост. Пры гэтым эканамічная палітыка не дэманстравала відавочнай нацэленасці на барацьбу з назапашанымі макраэканамічнымі дысбалансамі ў бягучым годзе», — апісаў сітуацыю навуковы супрацоўнік BEROC Анатоль Харытончык.
Вядома ж, няма ніякай патрэбы змагацца з макраэканамічнымі дысбалансамі, паколькі такая барацьба — справа цяжкая і няўдзячная. Лепш у чарговы раз задзейнічаць МАРГ. Гэта міністэрства зноў вызначыла паказчыкі штомесячнага дапушчальнага росту коштаў. За год яны не павінны вырасці больш чым на 5%, пастанова пра гэта была апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набыла моц.
Цэнам загадана расці не больш чым на 5% у год. Больш за тое — там распісана, на колькі цэны павінны вырасці за кожны месяц. А калі кошты будуць расці больш — МАРГ будзе шукаць вінаватых. І гэтых вінаватых выдатна адшукае ГУБАЗіК.
Вось, напрыклад, памятаеце, як ужо больш за 10 гадоў таму па краіне шукалі «дармаедаў»? Іх шукала падатковая. Шукала Мінэканомікі. Той жа МАРГ прыклаў сваю руку, імкнучыся выканаць «дэкрэт аб дармаедах». Нічога і не дапамагло — давялося рандомна рассылаць «лісты шчасця» ў спадзевах, што хто-небудзь на іх купіцца, пры тым, што гэты «хто-небудзь» мог быць ужо цалкам сабе памерлым. А потым прыйшлося гэтыя выплаты ў тэрміновым парадку вяртаць, памятаеце?
А ўсё таму, што шукалі «дармаедаў» не тыя людзі. Цяпер пошукамі «дармаедаў» зоймецца міліцыя — прынамсі, у Мінску. «Кіраўнік МУС пазначыў першарадную задачу: актуалізаваць інфармацыю ў базе дадзеных працаздольных асоб, не занятых у эканоміцы. Для іх выяўлення ва ўсіх раёнах Мінска пройдуць пазапланавыя адпрацоўкі», — паведамляе прэс-служба мінскай міліцыі.
«У Мінску гэтая катэгорыя будзе адпрацаваная на 100%. Працаваць павінны ўсе, хто карыстаецца сацыяльнымі выгодамі, якія дае дзяржава», — заявіў кіраўнік МУС Кубракоў.
Вось цікава, як міліцыя будзе вызначаць, хто дармаед, а хто не? Будуць традыцыйна здымаць «пакаянныя відэа», і праганяць усіх праз Акрэсціна? З 2020 года інструментар вызначэння «экстрэмістаў» істотна пашырыўся, цяпер яго выпрабуюць і на «дармаедах»?
Падобна, гэтай катэгорыі насельніцтва таксама час ехаць за мяжу, што зноў адаб'ецца на «паглыбленні праблемы дэфіцыту работнікаў».
Тым больш, што Лукашэнка на нядаўняй сустрэчы з прадстаўнікамі прыватных кампаній паабяцаў «жорстка падтрымліваць» прыватны бізнес. Гэта яшчэ не «жэстачайшэ падтрымліваць», але ўжо блізка. Так што, напэўна, тым, хто яшчэ застаецца ў РБ, усё ж такі варта задумацца.
Ну а калі план па «жорсткай падтрымцы» і па ВУП праваліцца, нягледзячы на ўсе арыфметычныя і сілавыя маніпуляцыі — вінаватыя ў гэтым ужо знойдзеныя. Іх зноў знайшлі сілавікі — гэтым разам Генпракуратура.
Генпракурор Андрэй Швед на канферэнцыі «Генацыд савецкага народа: гісторыка-прававая ацэнка» заявіў, што праз чалавечыя страты ў часы ВАВ Беларусь не атрымлівае палову валавога ўнутранага прадукту.
Паводле яго, калі б не было вайны, то цяпер у Беларусі пражывала б каля 17 мільёнаў чалавек, «гэта значыць на 80% больш сучаснай колькасці жыхароў краіны». «У сувязі з гэтым эканоміка краіны недаатрымлівае каля паловы валавога ўнутранага прадукту штогод», — прыводзіць словы Шведа прэс-служба Генпракуратуры.
Так і напрошваецца на язык прымаўка, што калі б бабуля мела пэўныя полавыя прыкметы, то гэта быў бы як мінімум трансгендар. Таварышы, сёлета мы будзем святкаваць 80 гадоў як вайна скончылася! І Беларусь ужо больш за 30 гадоў, як незалежная дзяржава. Мы не будзем успамінаць татара-мангольскае ярмо, таму што яго ў нас не было, але можам успомніць ВКЛ і падумаць: а калі б Вялікае Княства дагэтуль было «ад мора да мора», які б у нас цяпер быў ВУП?
Ці не хоча Швед нечага палічыць? Мы б потым выкацілі прэтэнзію спадкаемцу Расійскай Імперыі, а?
Справядлівасці дзеля адзначым, што апетыты спадара Шведа ўсё ж зменшыліся. Палова ВУП Беларусі за мінулы год (якую мы нібыта недаатрымліваем) складае каля 38 млрд долараў. Два гады таму Швед казаў, што «мінімальная сума матэрыяльнай шкоды складае 43,5 тысяч тон золата, альбо ў цяперашнім курсе долара ЗША 2,3 трлн». А першая ацэнка, названая Шведам, складала больш за 500 млрд долараў.
Цікава, апетыты таварыша Трампа пры яго паступовым вяртанні ў рэальнасць будуць ўсыхаць гэтак жа, як у Шведа?