Bloomberg: Калегі Трампа ў Кангрэсе незадаволеныя яго рэзкім разваротам ад Украіны

Пакуль адміністрацыя Трампа ўсімі сіламі спрабуе пацвердзіць дапушчэнне свайго шэфа, што Расія хоча міру ва Украіне, нават аднапартыйцы прэзідэнта ЗША губляюць цярпенне і крытыкуюць яго выхадкі і заявы. А Расія працягвае «інфармацыйныя спецаперацыі» і вайну. Ідзе 1094 ждзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры саўдзеле ў ёй рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: РБК-Украіна

Фота: РБК-Украіна

За мінулыя суткі, 20 лютага, на фронце адбыўся 121 бой. Больш за ўсё расійцы ціснулі на Пакроўскім і Курскім кірунках, паведамляе Генштаб УСУ 21 лютага.

На Пакроўскім кірунку расійцы 34 разы атакавалі непадалёк населеных пунктаў Луч, Пакроўск, Пясчанае, Лісоўка, Вадзяное Другое і не толькі.

На Новапаўлаўскім кірунку адбіта 12 атак расіянаў. На Тарэцкім кірунку адбіта 10 атак у раёне Тарэцка.

На Купянскім кірунку расійцы атакавалі сем разоў паблізу Загрызава і Петрапаўлаўкі. На Ліманскім і Арэхаўскім кірунках адбітыя па пяць штурмаў. У Курскай вобласці Расіі УСУ адбілі 29 атак арміі РФ.

* * *

Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся пад Пакроўскам, пры гэтым там жа фіксуецца і прасоўванне расійскіх войскаў. Таксама войскі РФ актывізаваліся каля Вялікай Навасёлкі, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

На Пакроўскім кірунку ў вёсцы Запарожжа (на паўднёвы захад ад Пакроўска) ідуць баі за ўладанне гэтым населеным пунктам. Геалакацыйныя кадры ад 20 лютага паказваюць, што УСУ прасунуліся ў цэнтры вёскі, аднак на тых жа кадрах відаць, што войскі РФ нядаўна таксама прасунуліся ў цэнтры вёскі Запарожжа.

Прадстаўнік АСГВ «Хорціца» маёр Віктар Трэгубаў заявіў, што нядаўна ўкраінскія абаронцы ажыццявілі паспяховыя контратакі, якія адціснулі расійцаў ад Пяшчанага, і што інтэнсіўнасць расійскіх атак на Пакроўскім кірунку перыядычна зніжаецца.

Расійскія войскі нядаўна прасунуліся на поўдзень ад Вялікай Навасёлкі.

На астатніх участках фронту прасоўванняў не зафіксавана.

* * *

Расія ў ноч на 21 лютага выпусціла па Украіне 160 дронаў. Таксама балістычнымі ракетамі была атакаваная Адэская вобласць, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.

Сілы СПА знішчылі 87 дронаў. Яшчэ 70 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў). У выніку атакі пацярпелі Адэская, Кіеўская, Палтаўская і Харкаўская вобласці.

* * *

_rosijani_21_ljutoho_2025.jpg

* * *

Дзяржсакратар ЗША Марк Рубіо ў інтэрв'ю журналістцы Кэтрын Херрыдж заявіў, што Вашынгтон пагадзіўся на наўпроставыя перамовы з Расіяй, каб высветліць, наколькі сур'ёзна Расія настроеная на дасягненне міру ва Украіне. Але гэта пытанне так і засталося без адказу.

Па словах Рубіо, прамыя кантакты — гэта адзіны спосаб высветліць, ці сапраўды РФ настроена на мір. «Урэшце, мы павінны падтрымліваць стасункі з Расіяй, незалежна ад таго, падабаецца нам усё, што яны робяць, ці не, як гэта было з Савецкім Саюзам, і мы павінны мець магчымасць праверыць, ці сур'ёзна яны настроеныя на спыненне гэтай вайны», – адзначыў дзяржсакратар.

Ён распавёў, што на сустрэчы ў Эр-Рыядзе гаворка не ішла ні пра якія тонкасці патэнцыйнага мірнага пагаднення. На пытанне, ці бачаць ЗША зацікаўленасць Расіі ў міры, Рубіо адказаў: «Мы збіраемся гэта высветліць». «Я пакуль не магу адказаць, сур'ёзна яны настроеныя на мір ці не. Гэта будзе залежаць ад таго, як яны будуць дзейнічаць далей. Адзінае, пра што мы дамовіліся — гэта тое, што мы будзем казаць пра мір», — сказаў ён.

* * *

Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвід Лемі заявіў Reuters, што ён не адчувае імкнення Расіі да міру з Украінай. Такую выснову ён зрабіў пасля выступу кіраўніка МЗС РФ Сяргея Лаўрова на закрытай сустрэчы дыпламатаў краін G20 у Паўднёвай Афрыцы.

«Мы не наблізіліся да ўрэгулявання шляхам перамоваў. І я павінен сказаць, што калі я слухаю, што кажуць расійцы, і што Лаўроў толькі што сказаў у палаце сёння (20 лютага), я не бачу цягі да таго, каб сапраўды дайсці да гэтага міру», — сказаў ён, каментуючы выступ Лаўрова.

* * *

Расія скажае пазіцыю Кітая ў вайне ва Украіне, імкнучыся паказаць, што КНР падзяляе пазіцыю Крамля ў вайне ва Украіне больш, чым Кітай гатовы публічна прызнаць. Такую выснову зрабілі эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW), аналізуючы паведамленні аб сустрэчы міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова з кіраўніком МЗС Кітая Ван І на саміце міністраў замежных спраў G20 у Паўднёвай Афрыцы 20 лютага.

У афіцыйным паведамленні Міністэрства замежных спраў Расіі паказана, што Ван І падкрэсліў, што падыход КНР да развязання вайны ва Украіне засяроджаны на ліквідацыі «першапрычын вайны». Афіцыйнае паведамленне МЗС КНР аб гэтай сустрэчы істотна адрозніваецца і сцвярджае, што аб ліквідацыі «першапрычын вайны» заявіў Лаўроў, а не Ван І.

У ISW гэта называюць «мэтанакіраванай памылкай МЗС Расіі», якая «адлюстроўвае спробу РФ цалкам узгадніць пазіцыю КНР у вайне са сваёй, каб умацаваць свой міжнародны аўтарытэт і сфармаваць унутрырасійскае ўспрыманне стасункаў Расіі з Кітаем».

У справаздачы адзначаецца, што кіраўніцтва РФ выразна вызначыла «першапрычыны вайны» як нібыта парушэнне NATO абавязанняў не прасоўвацца на ўсход у раёнах паблізу расійскай мяжы, што сведчыць аб тым, што Крэмль і надалей імкнецца навязваць сваю волю і інтарэсы бяспекі ЗША і Еўропе, і не зацікаўлены ў кампрамісе гэтаму патрабаванню.

* * *

Рэспубліканцы ў Кангрэсе пачынаюць аказваць больш рашучы супраціў рэзкаму развароту Дональда Трампа ад прэзідэнта Украіны, папярэджваючы, што яны не пацерпяць саступак Уладзіміру Пуціну, паведамляе Bloomberg.

Кангрэсмен-рэспубліканец Браян Фіцпатрык не пагадзіўся з крытыкай Трампа на адрас прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, выказанай ім у апошнія дні, і папярэдзіў, што заканадаўцы ад абедзвюх партый «гатовыя, жадаюць і здольныя зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць узнагароджання дыктатара-камуніста Уладзіміра Пуціна за яго незаконнае ўварванне».

«Мы будзем выкарыстоўваць усе рычагі і ўсе галасы, якія ёсць у нашым распараджэнні, незалежна ад асабістых ці палітычных наступстваў», — напісаў Фіцпатрык у сетцы Х.

Ён заявіў, што Зяленскі не мае патрэбы ў тым, каб якая-небудзь краіна навязвала яму ўгоду, «што не гарантуе бяспеку і суверэнітэт украінскага народа, народа, які абраў яго больш чым 73% галасоў».

Заява Фіцпатрыка стала адной з самых рэзкіх на сёння крытыкай пазіцыі Трампа па Расіі і Украіне з боку рэспубліканцаў, якія да гэтага часу адмаўляліся выкарыстоўваць сваю большасць у Палаце прадстаўнікоў і Сенаце, каб запатрабаваць ад яго змены курсу.