У 2025 годзе Расія захапіла менш за 1 адсотак тэрыторыі Украіны
Ва ужо мінулым годзе Расія захапіла 0,8 адсоткі тэрыторыі Украіны. Пры гэтым яе страты склалі ў сярэднім 78 салдат на квадратны кіламетр захопленай тэрыторыі. Траціна ўкраінцаў спадзяюцца на тое, што ўстойлівы мір будзе дасягнуты ў 2026 годзе. Ідуць 1407-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 131 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 1 студзеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 33 штурмы расіян ў раёнах Мірнаграду, Пакроўску, Удачнага, Котліна, Маладзецкага, Філіі, Грышына і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 16 атак у раёнах Аляксандра-Шульціна, Яблонаўкі, Пляшчыеўкі, Шчарбінаўкі, Торскага, Русінага Яру.
На Аляксандраўскім і Гуляйпольскім кірунках расіяне здзейснілі па 15 атак на кожным.
На Ліманскім кірунку адбылося 11 боесутыкненняў паблізу Навасёлаўкі, Ямпалю, Зарэчнага.
* * *
У снежні расійскія войскі крыху знізілі тэмпы штурмаў і захопу ўкраінскіх тэрыторый. Ім удалося захапіць на 12% менш тэрыторый, чым месяцам раней, паведаміў аналітычны праект DeepState.
«У снежні расіяне акупавалі 445 кв. км украінскай тэрыторыі — на 12% менш, чым у лістападзе. У той жа час паменшылася на 9% і колькасць штурмавых дзеянняў, што звязана з кадравымі праблемамі, якія ўсё часцей з’яўляюцца ў арміі РФ», — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле слоў аналітыкаў, калі глядзець па ўчастках, то найбольшае прасоўванне, а менавіта 35%, прыпадае на Славянскі кірунак. Страта Сіверска стала сур’ёзным ударам. На гэты ўчастак прыпадае ўсяго 5% штурмаў, што пацвярджае факт наяўнасці праблем у арміі Украіны і высокага ўзроўню эфектыўнасці штурмаў РФ, адзначаюць у DeepState.
На Пакроўскі ўчастак прыпала 26,5% страт тэрыторый і 32,5% штурмаў. Пры такой інтэнсіўнасці, і нягледзячы на большыя, чым звычайна, тэрытарыяльныя страты, абарона тут дагэтуль эфектыўная. Замыкае тройку Гуляйпольскі ўчастак, дзе на 10% страт прыпала 11% штурмаў. Але нягледзячы на гэта, абарончыя дзеянні тут нельга назваць дрэннымі, кажуць аналітыкі.
* * *
Расійскія войскі ў 2025 годзе паскорылі наступленне ва Украіне дзякуючы новай тактыцы, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
ISW паведамляе, што расійскія войскі захапілі 4831 квадратны кіламетр тэрыторыі Украіны і адваявалі прыкладна 473 кв. км, якія ўкраінскія войскі захапілі ў Курскай вобласці ў 2025 годзе. Расійскія заваёвы ва Украіне за 2025 год склалі 0,8% тэрыторыі Украіны.
Даныя Генштаба УСУ паказваюць, што расійскія войскі панеслі 418 170 страт на працягу 2025 года, што ў сярэднім складае 78 салдат на квадратны кіламетр захопленай тэрыторыі ва Украіне і Курскай вобласці.

Самыя высокія тэмпы прасоўвання расійскіх войскаў былі зафіксаваныя ў лістападзе — 20,99 кв. км у дзень, але гэты пік наступіў пасля аднаго з самых павольных месяцаў 2025 года — 8,8 кв. км у дзень у кастрычніку, і пасля запаволіўся да 15 кв. км у дзень у снежні.
Расійскія войскі пачалі прымяняць новую аператыўную мадэль, заснаваную на працяглай кампаніі па паветранай блакадзе баявой прасторы, тактычных мерапрыемствах па блакіраванні, місіях па пранікненні і масавых нападах невялікіх груп, што дазволіла расійскім войскам прасунуцца ў напрамках Пакроўска, Аляксандраўкі і Гуляйполя восенню 2025 года.
Расійскія войскі змянілі свае тактычныя метады нападу, адышоўшы ад высокавычэрпвальных наступальных аперацый пад кіраўніцтвам пяхоты ў чэрвені 2025 года да тактыкі пранікнення. Гэта змена тактыкі дазволіла расійскім войскам хутчэй прасоўвацца ў 2025 годзе, але яны працягваюць несці вялікія страты за невялікія поспехі.
* * *
У ноч на 1 студзеня 2026 года Расія атакавала Украіну 205 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, «Гербера» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 176 БпЛА. Атака працягваецца, у паветранай прасторы — некалькі варожых БпЛА.
Валынская вобласць на працягу ўсёй навагодняй ночы знаходзілася пад масіраванай атакай ударных БпЛА, ёсць трапленні па аб'ектах крытычнай інфраструктуры. Паводле інфармацыі «Валыньаблэнерга», цяпер адключана 103 341 абанентаў. Інфармацыя пра параненых і загінулых не паступала.
У ноч на чацвер, 1 студзеня, расіяне атакавалі Луцк. У выніку ўдару ў горадзе адбыўся пажар.
Расіяне за некалькі хвілін да надыходу Новага года нанеслі чарговы ўдар па энергетычнай інфраструктуры Адэскай вобласці. На адным з важных для цывільнага насельніцтва аб’ектаў адбыўся пажар. З-за абстрэлу фіксаваліся перабоі з электразабеспячэннем крытычна важных для Адэсы прадпрыемстваў.
У ноч на 1 студзеня шэраг рэгіёнаў РФ былі пад атакай БпЛА. У выніку траплянняў адбыліся пажары на НПЗ у Калужскай вобласці і Краснадарскім краі.
Пра ўражанне мясцовай нафтабазы паведамляюць з горада Людзінава Калужскай вобласці. Таксама пад атакай апынуўся Ільінскі нафтаперапрацоўчы завод Краснадарскага края.
* * *
* * *
Сярод украінцаў растуць чаканні міру. Пра гэта сведчаць вынікі чарговага штогадовага апытання End of Year Survey (EoY), якія былі апублікаваныя ў сераду, 31 снежня, сацыялагічнай групай «Рэйтынг» па замове міжнароднай сацыялагічнай асацыяцыі Gallup International.
Адзначаецца, што ў цэлым сцэнарыі адносна міру ў свеце падзяліліся прыкладна пароўну: адна траціна украінцаў лічыць, што год будзе больш мірным, другая — што такім жа, трэцяя — што больш неспакойным.
Аднак аналітыкі заўважылі тэндэнцыю росту надзеі на больш мірны свет: калі цяпер такое ўяўленне мае траціна украінцаў (прыкладна 33%), то яшчэ ў лістападзе 2023 года было 26%.
* * *
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што Еўропа павінна паскорыць развіццё ўласнай абароны і ўзяць на сябе канкрэтныя абавязацельствы па абароне Украіны. Пра гэта ён сказаў у сераду, 31 снежня, у сваім навагоднім тэлевізійным звароце да французаў.
Макрон адзначыў, што вайна Расіі супраць Украіны застаецца ключавым фактарам нестабільнасці на еўрапейскім кантыненце. Паводле яго слоў, свет назірае вяртанне імперый і падрыў міжнароднага парадку. Макрон акцэнтаваў увагу на абароне «нашай незалежнасці і нашых свабод», выступаючы за паскарэнне развіцця еўрапейскай абароны.
«Еўрапейская абарона ўжо даўно з’яўляецца прадметам дыскусій. Яна пачала фарміравацца, і ў 2026 годзе гэта паскорыцца, пачынаючы з 6 студзеня ў Парыжы, калі шматлікія еўрапейскія і саюзныя дзяржавы возьмуць на сябе канкрэтныя абавязацельствы па абароне Украіны і забеспячэнні справядлівага і трывалага міру на нашым еўрапейскім кантыненце», — заявіў прэзідэнт Францыі.
* * *
Украіна не атакавала ні расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна, ніводную з яго рэзідэнцый падчас нядаўняга ўдару БПЛА. Пра гэта ў сераду, 31 снежня, паведаміла The Wall Street Journal са спасылкай на прадстаўнікоў нацыянальнай бяспекі ЗША.
Выданне адзначае, што гэтая выснова пацвярджаецца ацэнкай Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення, якая не выявіла ніводнай спробы нападу на Пуціна.
Азнаёмлены з разведданымі амерыканскі чыноўнік распавёў выданню, што Украіна імкнулася нанесці ўдар па ваеннай мэце, па якой Кіеў ужо наносіў удары. Мэта размешчана ў тым жа раёне, што і загарадная рэзідэнцыя Пуціна, але не побач.
Нагадаем, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зрабіў рэпост публікацыі New York Post з загалоўкам: «Заява аб атацы на Пуціна паказвае, што менавіта РФ стаіць на шляху міру».
29 снежня Расія абвінаваціла Украіну ў атацы на рэзідэнцыю Пуціна і паабяцала «ўдар у адказ». Украіна назвала гэта «яшчэ адной хлуснёй» РФ.