Топ-10 фільмаў, каб паставіць на фоне пры падрыхтоўцы да Новага года
Калі ў кватэры ўжо пахне мандарынамі, на стале грукаюць талеркі і келіхі, а з кухні чуваць вечнае «дзе мая форма для салаты?», вельмі хочацца аднаго, каб сьвята пачало складвацца ў атмасферу, а не дробныя сваркі. Для гэтага не абавязкова ўключаць «самы галоўны фільм года» і сядзець, не дыхаючы. Лепшым варыянтам стане паставіць стужку, якая грэе, і не патрабуе ўсёй увагі. Мы склалі аўтарскі сьпіс з дзесяці такіх стужак. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Знаёмцеся, Джо Блэк (Meet Joe Black). 1998

Містычная, казачная драма Марціна Брэста прыйдзецца даспадобы бадай што ўсім. Пад выглядам простай гісторыі з жыцьця аднае сям'і, стваральнікі здолелі блізка падыйсьці да таемнай і страшэннай тэмы непазьбежнай сьмерці кожнага чалавека. Ня будзе перабольшваньнем казаць, што сэр Энтані Хопкінс тут – трымае на сабе ўвесь фокус рэжысэра. Кожная сцэна зь яго ўдзелам – як майстар-кляса акторскага майстэрства найвышэйшага гатунку.
Што б вы рабілі, калі б да вас прыйшла сьмерць, і дала вам пару дзён. Ці паверылі б вы ў такое? Брэд Піт выглядае ўпэўнена, але галоўны герой, безумоўна іншы.
Нумар 9. Халоднае сэрца (Frozen). 2013

Калі марозіцца – тады па поўнай. Страшэнны заклён стварыў з багатай і радаснай краіны спрэс ільдзяное каралеўства. Прынцэса Ганна можа выратаваць радзіму, калі адшукае сваю сястру Эльзу. Прыгатуйцеся паўдзельнічаць у дзівосных сьнежных прыгодах.
Між іншым сьнег выглядае на экране зусім рэалістычна – стваральнікі прыдумалі адмысловае праграмнае забесьпячэньне, якое дазволіла рабіць падобны эфект.
Вось бы так і ў жыцьці – каб выратаваць радзіму, неабходна растапіць адно замерзлае сэрца.
Героі мультыплікацыі сустрэнуцца з філязофскім пытаньнем – калі пачне ўрэшце цяплець, і жыцьцё прыходзіць у норму – аднаму зь іх – сьнегавіку Олафу прыйдзецца зьнікнуць пад сонцам?
Нумар 8. Эльф (Elf). 2003

Прыгожая сямейная камедыя Джона Фаўра. Прыгоды сапраўднага (ну амаль) эльфа сярод звычайных людзей. Галоўны герой Бадзі рос у дзіцячым доме, але аднойчы схаваўся ў мех з падарункамі Санты і апынуўся на Паўночным полюсе. Пазьней, ужо даросламу Бадзі, якога выхоўвалі эльфы, Санта дазваляе яму адправіцца ў Нью-Ёрк, каб знайсьці свайго роднага бацьку-недарэку. Бацька ўвесь час знаходзіўся ў чорным спісе Санты за сваё чэрствае сэрца, і вядома ніколі не атрымліваў падарунікаў. Больш за тое – ён нават не здагадваўся, што Бадзі нарадзіўся. Але Эльф трапляе ў горад.
Вельмі мілая казка, якая ўздыме вам настрой, нават калі за вакном, верагодна, не хапае сьнегу і свабоды.
Нумар 7. Знаёмства з бацькамі (Meet the Parents). 2000

У кожнай пары адбываецца гэты няёмкі момант, калі неабходна пазнаёміць сваю «палову» з бацькамі. Усё можа пайсьці па ідэальным сцэнары, але што калі нехта валодае непераадольнымі супярэчаньнямі? Што калі гэтыя людзі не могуць знаходзіцца ў адным пакоі? Робэрт Дэ Ніра грае ролю вельмі падазронага бацькі, а Бэн Стылер – небараку – жаніха, якому неабходна выкарастаць усе свае здольнасьці, каб завалодаць блаславеньнем патэнцыйнага цесьця.
Стужка пранізаная сьмешнымі сытуацыямі, у якія трапляюць героі. Паспрабуйце паставіць сябе на месца аднаго зь іх? Яшчэ больш вясёлым прагляд фільма будзе, калі сумясьціце яго з агульна-сямейнай сустрэчай. Няхай ужо няёмка будзе ўсім. Праходзіць праз такое – тая яшчэ забава.
Нумар 6. Прыгажуня (Pretty Woman). 1990

Калі вас раптоўна абудзіць сярод ночы і папрасіць назваць некалькі фільмаў, прагляд якіх прыносіць радасьць, стужка Гары Маршала хутчэй за ўсё абавязкова будзе сярод іх. Шмат разоў прагледжаная, яна не губляе шарму і праз столькі гадоў, калі сюжэтныя хады добравядомыя, і рамантычныя сцэны вывучаныя як у школе.
Джулія Робэртс і Рычард Гір стварылі эталонную экранную пару, за адносінамі якой неверагодна прыемна назіраць. Прыгажуня - гэта сучасная казка пра Папялушку, у якой ёсьць квіток у сапраўднае жыцьцё, і яна абавязкова павінна ім скарыстацца.
Нумар 5. Вам ліст (You've Got Mail). 1998

Рэжысэрка фільма – Нора Эфрон, стварыла шыкоўную рамантычную камедыю, падзеі ў якой распачынаюцца ў яшчэ цёплую восень. Героі Мэг Раян і Тома Хэнкса ў перапынках ад сваёй працы атрымліваюць паведамленьні на настольны камп'ютар (не лэптоп, і яшчэ, вядома, не на смартфон), пра тое, што ім прыйшла пошта.
У іх перапіска з рамантычным ухілам. Раз на дзень ці на некалькі дзён яны чакаюць адказ на мінулы ліст. Праўда, нашыя героі нават і не бачыліся ўжывую, і нават не могуць падумаць, што іх праца вельмі падобная: гераіня Мэг Раян кіруе маленькай сямейнай кнігарняй, а герой Тома Хэнкса – сын уласьніка вялізнай сеткі па продажы кніг. Іх новы кніжны гіпермаркет мае адчыніцца ў непасрэднай блізкасьці ад кнігарні Мэг Раян. Гэта ставіць пад пагрозу маленькі бізнэс.
Як жа гэта адгукнецца на іх рамантычных лістах? І калі ўрэшце яны зразумеюць, хто той невядомы, з кім вядзецца ліставаньне?
Нумар 4. Адзін дома (Home Alone). 1990

Хутчэй за ўсё вы гэта глядзелі, і, верагодна, не адзін раз. Што стане з вашым дзіцём і домам, калі вы выпадкова забудзеце яго дома напярэдадні Раства? Легендарная камедыя, якая штораз глядзіцца як па-новай. У ролі аднаго са злодзеяў, якія жадаюць абрабаваць дом – Джо Пешы, які паказаў акторскае майстэрства ў незвычайным камедыйным амплуа: звычайна ён грае таксама гангстэраў, але ў дарослых фільмах пра мафію.
«Адзін дома» – гэта і запаветная мара любога дзіцяці, і страшэнны сон любых бацькоў. Што можа быць лепш за тое, калі прачынаешся ў доме, і робіш што жадаеш. Але разам са свабодай прыходзіць і адказнасьць. Як засьцерагчыся ад гасьцей, якіх не чакаў?
Нумар 3. Крама за вуглом (The Shop Around the Corner). 1940

Гэтая стужка стала натхненьнем для стваральнікаў іншай прыгожай гісторыі – фільма «Вам ліст» з Томам Хэнксам і Мэг Раян у 1999 годзе. Арыгінал калядных прыгодаў выйшаў з удзелам Джэймса Сьцюарта і Маргарэт Салаван. Што цікава, самому Тому Хэнксу ўсё жыцьцё жадалася быць падобным да Сьцюарта, быць у нейкай ступені такім самым акторам «усёй Амэрыкі», якім быў Джэймс. Гэта, упрынцыпе, яму атрымалася.
Стужка Эрнста Любіча паказвае двух супрацоўнікаў унівэрсальнай крамы ў Будапэшце, якія маюць колкія адносіны на працы. У вольны час яны пішуць лісты таямнічым людзям, зь якімі ўсталёўваюцца фантастычныя блізкія стасункі. Мы ўжо разумеем, што яны лістуюцца між сабою. Але ў жыцьці – гэта стане вядома далёка не адразу.
Нумар 2. Цуд на 34-й вуліцы (Miracle on 34th Street). 1947

Што знаходзіцца на гэтай самай 34-й вуліцы ў Нью-Ёрку? Вялізная ўнівэрсальная крама «Мэйсі». Яна штогод арганізуе сьвяточны парад напярэдадні Раства, дзе на чале ідзе Санта Клаўс, дакладней актор, які грае Санту. Але што рабіць, калі актор прыйшоў п’яным? Трэба неадкладна знайсьці кагосьці, хто б здолеў яго замяніць, а тым больш вось і ідзе вясёлы сталага веку чалавек з уласнай белай барадой.
Пасьля ён кажа, што ён і ёсьць сапраўдны Санта, Сьвяты Мікалай. Ну што ж: шмат хто шмат чаго сцьвярджае, але да гэтага Санты цягнуцца дзеці, а за дзецьмі бацькі, якія будуць набываць падарункі – правільна, на 34-й вуліцы.
Чароўная казачная гісторыя, у якую ўплеценыя і рамантычныя адносіны, і перажываньні маленькай дзяўчынкі, якая не ведае, ці верыць ёй у Санту, і карпаратыўныя правілы вялікай кампаніі.
Нумар 1. Некаторыя любяць па-гарачэй (Some Like It Hot). 1959

Выдатная камедыя Білі Ўайлдэра праз дзесяцігоддзі пасьля выхаду на экраны не губляе свайго фантастычнага эфекту на новыя і новыя пакаленьні гледачоў. Бэнэфіс Мэрылін Манро, які падмацоўваецца моцным выкананьнем яе партнэраў – Тоні Кёрціса і Джэка Лемана.
Бясконцая гульня ў пераапрананьні. Мафія, шоў-кабарэ і шмат музыкі. Перамяшайце гэтыя інгрыдыенты і атрымаецца вельмі гарачы кактэйль. Мэрылін Манро выглядае звышарганічна ў шыкоўным ансамблі.
Разам з тым па-за межамі здымачнай пляцоўкі ў акторкі віравала сапраўдная драма. Падчас здымкаў яна была цяжарнаю, але розныя фактары прывялі да таго, што Манро згубіла дзіця. Камедыя скончылася трагедыяй.
Мэрылін не была прыемным чалавекам. Засталося зусім мала сьведчаньняў яе калегаў, ці знаёмых, дзе яе ўзгадвалі па-сапраўднаму цёплым словам. Вось і рэжысэр гэтага фільма, як і акторы ў галоўных ролях былі надзвычай незадаволеныя яе падыходам да працы.
Зрэшты, фільмы з Мэрылін Манро глядзелі, глядзяць і будуць глядзець, не зважаючы на любую крытыку. І гэта правільна.
Прыемнага прагляду!