Маркес у падарунак
Я доўга вагаўся, ці варта распавядаць гэтую гісторыю, бо, здаецца, тут нешта вельмі асабістае. Але нарэшце прыйшоў да высновы, што трэба дзяліцца прыгажосцю, якую вывальвае на цябе жыццё.
Тым больш што пасля майго мінулага тэксту пра Гародню магло падацца, што я не шаную гэты цудоўны горад. Але мой скарб — як бы з яго ні праглядала сапраўднае, нябачнае, гарадзенскае жыццё — зусім не пра Гародню. Ён пра Габрыэля Гарсія Маркеса.
Перад пачаткам нашай сустрэчы, прысвечанай “Возеру Радасці”, да мяне падышоў густоўна апрануты чалавек, які вельмі ўрачыста сказаў, што чытаў мае раманы, што сочыць за маёй пісанінай і што на знак павагі хацеў бы зрабіць мне незвычайны падарунак.
Тут трэба зазначыць, што я ў той момант вельмі хваляваўся перад сустрэчай з чытачамі, таму слухаў незнаёмца, думаючы пра тое, як і што казаць. Мой суразмоўца тым часам тлумачыў нешта вельмі незвычайнае — пра тое, што ў 1980-я ён удасканальваў сваю іспанскую мову і выпісваў для таго газету Diario de la juventud cubana — веснік кубінскай рэвалюцыйнай моладзі. І ў гэтай газеце аднойчы было апублікаванае апавяданне Маркеса. Яно так уразіла майго суразмоўцу, што ён адклаў газету і ўзгадваў пра тое апавяданне ўсё астатняе жыццё.
— Дык вось, пэўны час таму я паспрабаваў адшукаць тое апавяданне ў рускамоўных зборах твораў Маркеса. І не знайшоў. Але выйшаў на апавяданне з аналагічнай назвай, El avión de la bella durmiente, значна даўжэйшае і не такое раскошнае. І таму я вярнуўся да падшыўкі і пераклаў той, першы, варыянт для вас. І далучыў да пакунка той, што выйшаў пасля, — з гэтымі словамі ён падаў мне файлік з друкаванымі паперамі і сканамі зжаўцелых газетных старонак, і мы абодва пайшлі ў залу.
Пасля мы яшчэ крышачку перамовіліся на аўтограф-сесіі, але я праз вялікую колькасць пераездаў ды мітусні хутка пра падарунак забыўся. І вось у метро, калі з’явіліся вольныя 20 хвілін, я згадаў пра пакунак і палез па старонкі. Мне спатрэбілася два прыпынкі, каб прачытаць тэкст. І яшчэ дванаццаць прыпынкаў, каб яго абдумаць. Я выйшаў з вагона і зразумеў, што я на канцавой, “цягнік далей не ідзе, калі ласка, пакіньце вагоны”.
Калі каротка, гэта было падобна на статус у фэйсбуку. Вандроўны Маркес ляціць з Парыжа ў Нью-Ёрк і сустракае маладую дзяўчыну ў рысіным паліто, у блузцы “з амаль нябачнымі кветкамі”, і раптам разумее, што яна самая прыгожая з тых, каго ён бачыў у сваім жыцці. Ён даверліва распавядае, як яна села поруч з ім і як вокамгненна ахінула сваё месца аўрай утульнасці, расклаўшы пад рукамі рэчы, якія могуць ёй прыдацца. Маркес адчуў сябе жыхаром яе дому. Пасля гэтага яна замовіла вады, выпіла дзве таблеткі і загадала сцюарду не турбаваць яе ўвесь пералёт.
І далей выбудоўваецца сюжэтны цуд. Паміж Маркесам і прыгажуняй нічога не адбываецца, але ён глядзіць на “цені сненняў, што танцуюць на яе вейках”, і згадвае іншую гісторыю, не меней прыгожую. У суплёце гімну жаночай прыгажосці, пачынае пульсаваць дынаміка настолькі прыгожая, што я не ўяўляю, як ён змясціў яе на трох старонках.
Пры гэтым допіс на кожным сваім павароце падкрэслівае: гэта пра жыццё, а не пра нейкіх умоўных герояў. Часам класіку быццам не хапае цярплівасці выказаць свае думкі больш выкшталцона, чым фразай “я заўсёды лічыў, што няма ў прыродзе нічога прыгажэйшага за прыгожую жанчыну”, але гэта толькі падкрэслівае ўзрушаны стан наратара. Гэта шарм гісторыі, выпадкова падслуханай у кавярні.
Самае галоўнае, апякло мяне згадкай, я — хіба не адзіны чытач гэтага апавядання ў Беларусі: на рускую гэтая кароткая версія не перакладалася. Пасля я праглядаю другі твор, які сёння паўсюдна ўключаны ў хрэстаматыі ды зборы твораў, і разумею ўсю каштоўнасць гэтага падарунка. Той, другі, тэкст быў звычайнай навелай, дзе аўтар надзейна схаваны за дыялогі, якіх ніколі не было.
У першай, газетнай, не “белетрызаванай” версіі Маркес гаварыў з чытачом менавіта з інтанацыяй разгубленай горычы, якой і трэба распавядаць пра самую прыгожую дзяўчыну на зямлі, з якой ты так і не пазнаёміўся.
Канечне ж, я знайшоў візітоўку. Канечне ж, выявілася, што мой суразмоўца — паважаны чалавек, Уладзімір Пятровіч Удавічэнка, дацэнт кафедры фармакалогіі, аўтар капітальных навуковых прац у галіне. Я вокамгненна звязаўся з Уладзімірам Пятровічам і горача падзякаваў яму за інтэлектуальную асалоду. Цяпер мы сябры па ліставанні, абмяркоўваем Генры Мілера і Борхеса.
Я з гэтай гісторыі раблю тры высновы.
Першае — у Беларусі да халеры інтэлігентных, начытаных людзей. І той факт, што глыбокая размова пра літаратуру знікла з буйных медыяў, а тоўстыя часопісы адышлі ў нябыт, не ёсць прыкметай смерці чалавека разумнага. Ён побач з намі, недзе там, за суседскай сценкай, перакладае Маркеса адзіным у свеце перакладам.
Другое — перакладчык, які здольны канвертаваць прыгажосць з аднаго моўнага коду ў другі моўны код, у сітуацыі перавытворчасці напісаных тэкстаў робіцца постаццю ці не больш важнай за аўтара. Бо ён ёсць сапраўдным менеджарам плыняў сэнсу, ён кантралюе ўсе транзакцыі з культуры ў культуру.
І, нарэшце, трэцяе: у працы над любым тэкстам варта ведаць, дзе паставіць кропку, каб не даць словам сапсаваць тыя светлыя плямы сэнсаў, што праглядаюць па-за недагавораным. Што і спяшаюся выканаць.