Генеральны сакратар NATO: Расія з беспрэцэдэнтнай хуткасцю рыхтуецца да новай вайны
Расія з беспрэцэдэнтнай хуткасцю рыхтуецца да новай вайны, і спроба захапіць Еўропу можа стаць толькі прамежкавым этапам на шляху да галоўнай мэты — нападу на ЗША, лічыць генеральны сакратар NATO Марк Рутэ. Адначасова Кітай захопіць Тайвань. Але пакуль РФ загразла ва Украіне. Ідзе 1229-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 200 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 ліпеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 59 атак расіян у раёнах Палтаўкі, Малінаўкі, Міралюбаўкі, Луча, Лісоўкі, Шаўчэнка, Разіна, Арэхавага, Дачнага, Удалага, Новасергіеўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 37 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Новаегораўкі, Грэкаўкі, Карпаўкі, Зялёнай Даліны, Студні, Новага свету, Рэдкадубу, Торскага, Рыгораўкі і іншых.
На Паўночна–Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 23 атакі расійцаў. На Новапаўлаўскім кірунку сілы расійцы здзейснілі 18 штурмаў у раёнах Запарожжа, Шаўчэнка, Новаполю і іншых.
Па восем атак расіян на кожным адбылося на Купянскім і Гуляйпольскім кірунках. Па сем боесутыкненняў на кожным зафіксавана на Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) і Северскім кірунках. Па шэсць баёў на кожным адбылося на Краматорскім і Тарэцкім кірунках.
* * *
У бліжэйшыя месяцы войска РФ будзе спрабаваць акружыць Пакроўск і з захаду абысці ўмацаваную лінію Сіл абароны Украіны ў Данецкай вобласці, прагназуе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўночны ўсход ад Пакроўска і, верагодна, паспрабуюць наступаць далей у кірунку горада Дабраполле. Геалакацыйныя відэаматэрыялы, апублікаваныя 4 ліпеня, сведчаць, што войскі РФ захапілі вёскі Копцева і Шаўчэнкі Першае на паўночны ўсход ад Пакроўска і прасунуліся да паўднёва-ўсходняй ускраіны Разіна.
Таксама эксперты канстатуюць спробы расійцаў прасунуцца на паўночны ўсход ад Пакроўска і засяродзіцца на прасоўванні ўздоўж трасы Т-0504 Пакроўск — Канстанцінаўка.
Расійскае вайсковае камандаванне, імаверна, мае намер выкарыстоўваць выступ паміж Пакроўскім і Тарэцкім для ахопу Пакроўска з паўночнага ўсходу і поўначы або для абыходу ўкраінскіх абарончых пазіцый у Канстанцінаўцы з паўднёвага захаду і захаду.
Расійскае прасоўванне на захад і паўночны захад ад Разіна непасрэдна падтрымлівае спробы ахопу Пакроўска і Мірнаграда — аперацыйнай мэты, якую расійскія сілы пераследуюць на працягу апошніх 18 месяцаў. «ISW яшчэ ў снежні 2024 года прагназаваў, што для ахопу Пакроўска з паўночнага ўсходу расійскім сілам трэба ажыццявіць істотнае прасоўванне ў кірунку Радзінскага (на захад ад Разіна), і апошнія прасоўвання РФ паблізу Разіна адпавядаюць гэтай ацэнцы», — гаворыцца ў справаздачы.
У той жа час, адзначаюць у ISW, з канца 2024 года расійскія войскі адчуваюць складанасці з прасоўваннем на паўднёвы ўсход, поўдзень і паўднёвы захад ад Пакроўска. Са студзеня 2025 года расійцы практычна не змянілі свае пазіцыі ў гэтых раёнах.
* * *
Акрамя таго, адзначаюць у ISW, расійскія войскі дагэтуль не змаглі прарвацца з Тарэцка і рэалізаваць істотныя прасоўванні ў Часавым Яры альбо на поўнач ад вадасховішча Клябан-Бык (на паўночны захад ад Тарэцка). Гэта ўскладніла рэалізацыю плана РФ па аперацыі супраць Канстанцінаўкі (на паўночны захад ад Тарэцка) і ўсёй умацаванай лініі.
У ISW не выключаюць, што камандаванне РФ, імаверна, карэктуе свой план, і можа паспрабаваць стварыць наступ у сельскагаспадарчых раёнах і малых населеных пунктах паміж Дабраполлем і Канстанцінаўкай для абыходу ўмацаванай лініі з захаду.
Для ўтрымання такога выступу расійскім войскам давядзецца ў некалькіх месцах фарсіраваць раку Казённы Тарэц і забяспечыць належнае забеспячэнне сіл на заходнім (правым) беразе. Таксама ім, верагодна, прыйдзецца захапіць шэраг населеных пунктаў уздоўж лініі Пакроўск — Аляксандраўка (на поўнач ад Дабраполля), каб цалкам перарэзаць наземныя лагістычныя маршруты Украіны да ўмацаванай лініі.
На думку экспертаў, пакуль незразумела, ці здольная Цэнтральная групоўка войскаў РФ на Пакроўскім кірунку правесці падобную аперацыю сіламі, якія зведалі значнае знясіленне.
«Расійскія войскі, верагодна, дасягаюць крытычнага ўзроўню стомленасці і страт пасля больш за год актыўных наступальных дзеянняў на гэтым кірунку. Такая аперацыя, хутчэй за ўсё, стане шматгадовым працэсам з вялікімі стратамі ў асабовым складзе і павольнымі вынікамі. Зрэшты, расійскае камандаванне неаднаразова дэманстравала гатоўнасць весці менавіта такія зацяжныя кампаніі», — перакананыя ў ISW.
* * *
Расія ў ноч на 6 ліпеня атакавала Украіну 157 дронамі і 4 зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300. Сілы супрацьпаветранай абароны абясшкодзілі 117 дронаў: 98 збілі, 19 — лакацыйна страчана/задушана РЭБ.
У Кіеўскай вобласці ў выніку атакі БПЛА пацярпелі тры чалавекі, пашкоджаныя дзве шматпавярхоўкі і прыватныя дамы, знішчаныя 4 гаражныя памяшканні.
Расійцы масіравана атакавалі Нікалаеў дронамі тыпу Shahed131/136. Пад ударам была партовая інфраструктура. У выніку атакі пашкоджаныя склады і электрасеткі, пацярпелых няма.
* * *

* * *
Перад дзяржавамі-чальцамі NATO, перш за ўсё, перад ЗША, стаіць надзвычай сур'ёзны геапалітычны выклік. Расія з беспрэцэдэнтнай хуткасцю рыхтуецца да новай вайны, і спроба захапіць Еўропу можа стаць толькі прамежкавым этапам на шляху да галоўнай мэты — нападу на ЗША. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю Тhe New York Times генеральны сакратар NATO Марк Рутэ.
Рутэ адзначыў, што бяспека ЗША залежыць ад сітуацыі ў трох стратэгічна важных рэгіёнах: Арктыцы, Атлантычным акіяне і Еўропе. Ён падкрэсліў, што Арктыка ператварылася ў зону ўплыву Расіі і Кітая, а бяспека Атлантыкі крытычна важная, бо гэта — «наша мора».
«ЗША патрэбная бяспечная Еўропа, таму што менавіта побач знаходзіцца Расія, і яна з неверагоднай хуткасцю пераўзбройваецца — не для таго, каб атакаваць Нарвегію, а каб урэшце здзейсніць напад на ЗША. Калі Арктыка, Атлантыка і Еўропа не будуць бяспечныя, Злучаныя Штаты сутыкнуцца з надзвычайнай праблемай», — падкрэсліў ён.
Рутэ дадаў, што цяперашняя сітуацыя стварае сур'ёзны геапалітычны выклік.
«Расія ажыццяўляе пераўзбраенне з тэмпамі, якія не маюць аналагаў у найноўшай гісторыі. Цяпер яны вырабляюць у тры разы больш боепрыпасаў за тры месяцы, чым усё NATO разам узятае — за год. Расійцы супрацоўнічаюць з Паўночнай Карэяй, Кітаем, Іранам у сваёй несправакаванай агрэсіі супраць Украіны», — сказаў Рутэ.
* * *
Кітай можа прымусіць Расію напасці на краіны NATO, каб адцягнуць увагу блока ад Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну. Калі Пекін збярэцца атакаваць Тайвань, ён з вельмі высокай імавернасцю выкарыстоўвае Расію для нападу на Еўропу. Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю Тhe New York Times генеральны сакратар NATO Марк Рутэ.
Рутэ мяркуе, што Кітай можа выкарыстоўваць Расію, каб адцягнуць увагу ЗША ў Еўропе, каб захапіць Тайвань. Рутэ лічыць, што амерыканцам і еўрапейцам не варта быць «наіўнымі ў гэтых адносінах»:
«Калі б Сі Цзіньпін напаў на Тайвань, ён бы спачатку патэлефанаваў свайму малодшаму партнёру Уладзіміру Уладзіміравічу Пуціну, які пражывае ў Маскве, і сказаў бы яму: "Гэй, я збіраюся гэта зрабіць, і мне трэба, каб ты займаў іх у Еўропе, атакуючы тэрыторыю NATO"».
На думку Рутэ, гэты сцэнар з'яўляецца адным з найбольш верагодных у будучыні. Ёсць дзве рэчы, якія трэба зрабіць для стрымлівання расійцаў і кітайцаў. Першая з іх — зрабіць перспектыву атакі на NATO настолькі суіцыдальнай для Крамля, каб ён ніколі не пагадзіўся на гэта пайсці.
«А па-другое, супрацоўнічаць з Інда-Ціхаакіянскім рэгіёнам — тое, што прэзідэнт Трамп вельмі актыўна прапагандуе. У нас ёсць цесная ўзаемасувязь, сумесная праца ў абароннай прамысловасці, інавацыях паміж NATO і Інда-Ціхаакіянскім рэгіёнам», — дадаў генсек NATO.
* * *
Асцярогі, што амерыканскія запасы зброі нібыта занадта знясіленыя — прычына, па якой міністр абароны ЗША Піт Хегсет спыніў ўзгодненыя раней пастаўкі ваеннай дапамогі Украіне — неабгрунтаваныя. Так лічаць дэмакраты ў Кангрэсе, піша The Guardian.
Адзначаецца, што спыніў пастаўкі зенітных ракет і высокадакладных боепрыпасаў ва Украіну асабіста Хегсет, галоўны абаронны дарадца Дональда Трампа і былы вядучы Fox News. «Гэта ўжо трэцяя блакіроўка паставак, і гэтым разам — праз нібыта страх празмернага скарачэння запасаў ЗША», — паказвае выданне.
У Пентагоне патлумачылі, што рашэнне было прынятае, каб паставіць інтарэсы ЗША ў аснову пасля перагляду аб'ёмаў вайсковай дапамогі іншым краінам.
Дэмакраты настойваюць: няма ніякіх доказаў дэфіцыту. «Нашы запасы не менш, чым былі за ўвесь час вайны ва Украіне за апошнія тры з паловай гады», — сказаў журналістам дэмакрат Адам Сміт, вядучы член Камітэта па пытаннях Узброеных Сіл Палаты прадстаўнікоў.
* * *
На фоне цяжкіх страт на фронце Расія амаль цалкам засакрэціла дэмаграфічную статыстыку, паведамляе расійскі навінавы праект Агенцтва.Навіны.
Расстат апублікаваў 2 ліпеня чарговы зборнік статыстычнай інфармацыі, у якім не аказалася аднаго з найважнейшых раздзелаў — «Дэмаграфія». Расійская ўлада схавала амаль усю інфармацыю пра насельніцтва, акрамя двух паказчыкаў: сумарны каэфіцыент нараджальнасці па рэгіёнах і сумарны каэфіцыент трэціх і наступных дзяцей.
Цяпер у Расіі засакрэчаныя такія базавыя статыстычныя даныя як:
- колькасць пастаяннага насельніцтва,
- колькасць народжаных,
- колькасць памерлых,
- колькасць шлюбаў і разводаў,
- колькасць імігрантаў.
У бліжэйшы час павінен быць апублікаваны рэгулярны бюлетэнь «натуральны рух насельніцтва», але, падобна, яго таксама засакрэцяць.