Школа, гендар, стэрэатыпы. Як адукацыя ўплывае на гендарную няроўнасць у грамадстве?

Адукацыя мае на мэце не толькі даць веды, але і выхаваць асобу. Як падчас навучання фармуюцца розныя стэрэатыпы і што на гэта ўплывае?

Фота мае ілюстрацыйны характар

Фота мае ілюстрацыйны характар

Правілы, прынцыпы і каштоўнасці, якіх прытрымліваецца чалавек, фармуюцца ў дзяцінстве, і на гэты працэс уплываюць як бацькі, так і сябры дзіцяці. І далёка не ў апошнюю чаргу — школа. Няўрадавая арганізацыя «ОЕЕС» прааналізавала школьныя падручнікі і высветліла, якую ролю яны займаюць у фармаванні гендарных стэрэатыпаў.

1. Гендарная няроўнасць — «уклад жыцця грамадства»?

Гендарная роўнасць палягае ў аснове правоў чалавека і каштоўнасцей Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Яна заўжды падкрэсліваецца як неабходная ў дасягненні паўнавартаснай рэалізацыі свайго жыцця. На сайце Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека адзначаецца, што, нягледзячы на забарону гендарнай дыскрымінацыі практычна ўсімі дамовамі ў галіне правоў чалавека, «мільёны жанчын і дзяўчынак па-ранейшаму зазнаюць гвалт і дыскрымінацыю, пазбаўленыя раўнапраўя, годнасці і самастойнасці, а часам і права распараджацца сваім жыццём». 

Таксама на сайце падкрэсліваецца: «Дыскрымінацыя і гвалт у дачыненні да жанчын і дзяўчынак, якія сыходзяць каранямі ва ўклад жыцця грамадства, — устойлівыя і сістэмныя з’явы. У апошнія гады зноў назіраюцца скептыцызм і адмаўленне міжнародных стандартаў, якія тычацца правоў жанчын, гендарнай роўнасці і гендарнага гвалту, а жанчыны і дзяўчынкі ўсё часцей выступаюць з патрабаваннем забяспечыць раўнапраўе, у тым ліку ў рамках фемінісцкіх рухаў». 

Гэта падштурхнула «OEEC» звярнуць увагу на беларускі кантэкст. На падставе якіх прыкладаў мы бачым фарміраванне гендарнай няроўнасці? Што можа быць нябачным, схаваным, але пры гэтым мець значны ўплыў гендарнага вымярэння?


Глядзіце таксама

Сапраўды, у аснове дыскрымінацыйных практык і культуры гвалту ляжаць гендарныя стэрэатыпы. Аналіз ніжэй — гэта спроба разгледзець, наколькі навучальныя школьныя дапаможнікі нейтральныя ў выкладанні аб’ектыўных ісцін. Ці магчыма без наўмысных намаганняў не трансляваць гендарныя стэрэатыпы ў тых тэкстах і тэмах школьнай адукацыі, што не тычацца непасрэдна гендарнай тэматыкі.

2. Школа — гендарны сацыяльны інстытут

Звычайна, калі людзі адкрываюць для сябе новыя важныя факты або з’явы, яны часта ўсклікваюць: «Гэтаму ж у школе трэба вучыць!» Зразумела, не школа цалкам адказная за тое, якімі дарослыя людзі бачаць сябе і іншых, які жыццёвы выбар здзяйсняюць. Але і доля ўплыву школы на тое, якімі вырастаюць людзі, вялізная. Адна з адчувальных і вымерных праяў гэтага ўплыву — выявы і ролі людзей у грамадстве, з дапамогай якіх падручнікі расказваюць і перадаюць аб’ектыўныя веды.

Хоць у нашай краіне ўжо шмат дзесяцігоддзяў дзяўчаты і хлопцы маюць роўны доступ да адукацыі, навучаюцца ў гендарна-змешаных групах (класах, школах) па аднолькавых праграмах, школьная адукацыя няспынна стварае і ўзнаўляе гендарныя адрозненні, пастаянна вылучае пол дзяцей, нібы сартуе іх у дзве розныя скрыні, такім чынам узнаўляючы гендарную няроўнасць. Асаблівасць адукацыі як сацыяльнага інстытута ў тым, што гэта адбываецца схавана.

Кожны тып і ўзровень адукацыйных устаноў (дзіцячы сад, школа, ВНУ) мае пэўны пакет дакументаў, які апісвае яго прызначэнне і структуру, дэталізуе назвы дысцыплін, колькасць вучэбных гадзін, змест, задачы — гэта значыць вучэбны план. Гэты афіцыйны дакумент адлюстроўвае прадпісаны змест адукацыі, што складае яе вонкавы вобраз.

Тым не менш, ёсць нешта ў адукацыі, што ўплывае на нас па-за межамі фармальнай вучэбнай праграмы. «Схаваны план» у школе стварае і надае вялікае значэнне мноствам адрозненняў: паміж жанчынамі і мужчынамі, паміж беднымі і багатымі, паміж гарадскімі і вясковымі і г. д. «Схаваны план» даследуецца ў трох вымярэннях: арганізацыя самой навучальнай установы, змест адукацыі і стыль навучання. Ніжэй разгледжана аднв з крыніц зместу адукацыі — школьныя падручнікі.

Катэгорыі гендарнага аналізу школьных падручнікаў выцякаюць з ключавых адрозненняў у існуючым гендарным парадку: знешні выгляд, паводзіны, прафесіі і хобі, бюджэт часу, роля ў сям’і, валоданне рэсурсамі.

Чым больш трывалыя межы гэтых адрозненняў, тым лепш узнаўляюцца гендарныя стэрэатыпы, тым больш устойлівая гендарная няроўнасць у грамадстве.

Таксама падчас аналізу важна заўважаць сумесную дзейнасць хлопчыкаў і дзяўчынак у кожным з крытэраў. Прыклады таго, як героі і гераіні  тэкстаў занятыя чымсьці разам, разбураюць стэрэатып пра крытычную несумяшчальнасць жаночага і мужчынскага жыццёвага досведу. То-бок ідэю пра тое, што жанчыны і мужчыны могуць сустрэцца толькі ў сваіх рамантычных ролях, што розная анатомія прыводзіць да рознага лёсу, што мы належым да розных біялагічных тыпаў, як, напрыклад, вожыкі і конікі.


Глядзіце таксама

Наступная важная катэгорыя — аўтарства падручнікаў. Гэта можа падацца неістотным, бо прозвішчы ёсць на вокладцы, а імёны — на заднім форзацы. Але стэрэатыпны вобраз аўтара значнага тэксту ў нашай культуры — мужчына (успомніце нізку партрэтаў у кабінетах літаратуры ў школах). Двухтомнік англійскай Бонк, падручнік па матэматыцы Петерсан, шкала Апгар — ці шмат хто з нас усведамляе, што гэтыя ўзорныя методыкі стварылі Наталля Аляксандраўна, Людміла Рыгораўна і Вірджынія? Згадваць, падкрэсліваць аўтарства жанчын важна, каб справядліва адлюстроўваць гісторыю ведаў і запрашаць да аўтарства новых ведаў і дзяўчынак, і хлопчыкаў.

Пра тое, наколькі фундаментальныя і ўстойлівыя ўяўленні, сфармаваныя ў дзяцінстве, гавораць лічбы на прыкладзе прафесійнага самавызначэння. Калі спыталі 20 тысяч дзяцей ва ўзросце ад 7 да 11 гадоў з 20 краін, у тым ліку з Беларусі, высветлілася, што ўжо 7-гадовыя дзеці адрозніваюць «жаночыя» і «мужчынскія» прафесіі і робяць стэрэатыпны выбар у «правільнай» сферы: хлопчыкі маюць намер працаваць з прадметамі (напрыклад, інжынеры), дзяўчынкі — з людзьмі (настаўніца, медсястра). Самы распаўсюджаны кар’ерны план для хлопчыкаў — паліцыя або армія, для дзяўчынак — школа.

Парадаксальна, але наш прафесійны выбар развіваецца не праз пашырэнне жыццёвага досведу і набыцця новых ведаў, а праз адсейванне варыянтаў. Гэты працэс пачынаецца несправядліва рана:

  • Ва ўзросце 3–5 гадоў дзеці адрозніваюць дарослых ад дзяцей, разумеюць, што прафесійная праца — гэта свет дарослых. З кар’ерных опцый выбываюць жывёлы і фантастычныя персанажы.
  • Ва ўзросце 6–8 гадоў дзеці цвёрда выдзяляюць гендарныя ролі ў грамадстве па вонкавым выглядзе і тыповай занятасці. З кар’ерных опцый выкасоўваюцца прафесіі «не сваёй» ролі.
  • У 9–13 гадоў дзеці ведаюць пра сацыяльны статут. З кар’ерных опцый выкасоўваюцца тыя, што здаюцца ім нізкага ці занадта высокага сацыяльнага ўзроўню для сябе.
  • Пасля 14 гадоў дзеці пачынаюць выбіраць з тых прафесій, што засталіся, з фокусам на свае ўнікальныя схільнасці і жаданні. А ці яшчэ ёсць з чаго выбіраць?

3. Аналіз школьных падручнікаў

Падручнікі не толькі нейтральна і аб’ектыўна адлюстроўваюць стан ведаў у пэўнай дысцыпліне. Яны таксама ацэньваюць існуючыя веды, ствараюць новыя веды і абмяркоўваюць сацыяльныя змены. Як сацыяльны інстытут, школа ўдзельнічае ў стварэнні і падтрыманні гендарнай няроўнасці. Аналіз прапануе паглядзець на тое, як склад лікаў і правапіс суфіксаў звязаныя з гендарам.

«ОЕЕС» прыклалі рамку гендарнага аналізу (Harvard Analytical Framework) да падручнікаў 1 класа па матэматыцы і 9 класа па беларускай мове і прачыталі іх тэксты ў адпаведнасці з аналітычнымі катэгорыямі:

  1. Ролі мужчын і жанчын;
  2. Заняткі мужчын і жанчын;
  3. Рэсурсы (часу, маёмасці);
  4. Фактары, якія вызначаюць такое размеркаванне.

Былі запісаныя кантэксты згадвання герояў асобна для дзяўчынак і жанчын, хлопчыкаў і мужчын і параўнаныя спісы. Давайце звернемся да канкрэтных прыкладаў. Лічбы ў дужках азначаюць колькасць разоў.

1. Ролі мужчын і жанчын:

У падручніку з дзецьмі пастаянна ўзаемадзейнічаюць двое персанажаў — хлопчык і дзяўчынка. Яны згадваюцца блізкую колькасць разоў (51% дзяўчынка, 49% — хлопчык). Аднак пры аналізе іншых катэгорый відавочна, што колькасная справядлівасць не азначае справядлівасці якаснай.

2. Заняткі мужчын і жанчын:

Прафесійныя заняткі згадваюцца для дзяўчынак і жанчын 8 разоў: жанчыны пякуць ці прадаюць хлеб (4), дзяўчынка шые (2) і дзяўчынка будуе дом (2). Для хлопчыкаў — 12 разоў, сярод іх ён будуе дом (4), водзіць самалёт, аўтобус ці малюе машынкі (3), кожны раз хлопчык апрануты ў прафесійную форму будаўніка / архітэктара / пілота / машыніста.

Адзіная згадка лідараў у класе звязана з матэматыкай і правам прадстаўляць школу на алімпіядзе, з 4-х прэтэндэнтаў усе хлопчыкі.

Дзяўчынкі занятыя рэгулярнымі хобі 4 разы: даглядаюць кацяня, гадуюць ружы і атрымліваюць у падарунак прылады для актыўных хобі (лыжы, канькі, санкі) — даволі нестэрэатыпны ўчынак з боку дарослых. Акрамя таго, чатыры дзяўчынкі дзейнічаюць разам, ідучы ў тэатр. Хлопчыкі занятыя хобі 10 разоў, адзін з іх — у нестэрэатыпнай ролі клопату пра кацяня (праілюстравана), астатнія разы яны гуляюць у актыўныя шумныя гульні ці з мячом (4), маюць камп’ютар, ходзяць у цір і выйграюць спаборніцтвы.

За рознымі заняткамі дзяўчынкі апісаны 16 разоў, хлопчыкі — 10 разоў, за сумеснымі заняткамі — таксама 10 разоў. 


Глядзіце таксама

Заняткі дзяўчынак прысвечаны камунікацыі ці здароўю: яны адпраўляюць паштоўкі (2) і гуляюць у лесе на лыжах (2), 2 разы дзяўчаты занятыя чымсьці разам (вядуць карагод, дзеляцца яблыкамі). Таксама дзяўчынка мае патрэбу ў дапамозе, бо спазнілася, не завёўшы гадзіннік, ці згубілася (2), даглядае ці збірае кветкі (3) і няспынна малюе (4).

Лад жыцця хлопчыка менш варыятыўны: ён запісвае фільм на флэшку, заводзіць свой гадзіннік, пускае змея, рыбачыць, сустракаецца са сваімі сябрамі. З кветкамі хлопчык звязаны праз дарэнне букета дзяўчынцы (1), хлопчыкі разам робяць урокі.

Усё, што хлопчык і дзяўчынка робяць 10 разоў разам, цудоўна сваёй нестэрэатыпнасцю і ідэяй сумеснасці: будуюць снежную крэпасць, шукаюць шчанюка, едуць у цягніку, пераадольваюць перашкоды, катаюцца на роліках, ядуць торт і г. д.

3. Рэсурсы (часу, маёмасць):

Выпадкі выканання хатняй працы размеркаваны нераўнамерна і адпавядаюць стэрэатыпным уяўленням пра жаночую і мужчынскую зоны адказнасці: 17 разоў сярод дзяўчынак/жанчын і 5 разоў сярод хлопчыкаў/мужчын. Хлопчык нестэрэатыпна частуе сяброў ежай і прышывае гузік (2), таксама хлопчык пілуе і налівае ваду ў сасуд (нейтральнае). Дзяўчынкі пры гэтым разліваюць малако ў слоікі, частуюць гасцей, мама набывае прадукты і гатуе ежу 5 разоў, дзяўчынка двойчы ставіць кветкі ў вазу, двойчы клапоціцца пра куранят, двойчы занятая ежай.

Здольнасць набыць жаданае згадваецца ў дзяўчынак і жанчын 2 разы, хлопчыкаў — 3 разы. І дзяўчынка, і хлопчык купляюць падарункі сябрам, аднак дзяўчынка купляе ўпрыгожванні для сукенкі, хлопчык — флэшку.

4. Фактары, якія вызначаюць такое размеркаванне:

Дзяўчынкі ў кантэксце сям’і згадваюцца 1 раз, хлопчыкі — тройчы. Хлопчыкі — заўсёды ў суправаджэнні старэйшых мужчын сям’і, часта занятыя сумеснай справай. Катэгорыя адзення ці знешняга выгляду згадваецца 1 раз, толькі для дзяўчынак.

Аналіз дэманструе, якім чынам аднолькавая колькасць з’яўленняў персанажаў нічога не мяняе з пункту гледжання гендарнага балансу. Ролі дзяцей ашаламляльна адрозніваюцца ў залежнасці ад іх полу, яны занятыя розным і ў розных месцах: дзяўчынка аказваецца паблізу дому, у хлопчыка шмат вясёлых хобі дзе заўгодна. Яго хобі — яго ўласны інтарэс, гэта разнастайны спорт і перамогі ў ім, дзяўчынцы ж выдаюць 2 разы лыжы, каб яна ехала на іх уздоўж.


Глядзіце таксама

Больш за ўсё «ОЕЕС» вылучылі гендарных стэрэатыпаў, звязаных з прафесійнымі ролямі і выкананнем хатняй працы (т. зв. рэпрадуктыўнай). Абедзве сферы з’яўляюцца крытычнымі фактарамі ў пераадоленні сістэмнай гендарнай няроўнасці.

Цікава, што выява сям’і у падручніку паказана праз набор мужчынскіх роляў (дзядуля, бацька, сын). Сям’я — гэта ідылічнае сумеснае баўленне часу ў коле спадчыннікаў, у той час як уся праца па падтрыманні побыту і пракорме гэтай сям’і ляжыць выключна на маме.

Працяг артыкула і разбор падручніка па беларускай мове — па гэтай спасылцы.