Дзяржаве не хапае кадраў, ВНУ — студэнтаў
Лукашэнка ў чарговы раз імітуе заклапочанасць і загадвае сваім міністрам набіраць больш «мэтавікоў». Ці дапаможа кабальная залежнасць студэнтаў ад дзяржавы выратаваць беларускую эканоміку?
Уступная кампанія для абітурыентаў, якія паступаюць у беларускія вышэйшыя і спецыяльныя навучальныя ўстановы на ўмовах мэтавага набору, сёлета ўпершыню праводзілася асобна. Павялічылі для іх і квоты: 80 працэнтаў на медыцынскія спецыяльнасці, 70 працэнтаў — у ВНУ, якія выпускаюць спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі, да 50 працэнтаў — у астатніх навучальных установах. Такім чынам улады спрабуюць закрыць кадравыя дзіркі, піша «Deutsche Welle». Аднак палова спецыялістаў пасля неабходнай адпрацоўкі адразу ж звальняецца. З якімі праблемамі сутыкаюцца студэнты ў Беларусі, якія абралі мэтавае навучанне?
Мэтавае навучанне значна даражэйшае за платнае
У 2023 годзе план мэтавага набору выкананы на 74%, адзначаюць у Міністэрстве адукацыі. Набор для «мэтавікоў» праводзілі на пачатку чэрвеня, каб універсітэты маглі выставіць на агульны конкурс месцы, якія засталіся незанятымі. Спрасцілі для «мэтавікоў» і экзамены: абітурыенты здавалі толькі два прадметы на цэнтралізаваным экзамене (ЦЭ) і адзін унутраны экзамен па профільным прадмеце, які мог супадаць з ужо здадзеным на ЦЭ. Прахадны бал у «мэтавікоў», як правіла, ніжэйшы, чым у астатніх бюджэтнікаў. І ёсць другі шанец на паступленне: калі не атрымалася набраць неабходную колькасць балаў на мэтавым конкурсе, можна падаваць дакументы на агульны.
Лукашэнка паставіў задачу: «мэтавікоў» павінна быць як мага больш — такіх выпускнікоў можна надоўга прывязаць да працоўных месцаў. Раней «мэтавікоў» маглі адпраўляць у ВНУ толькі з вёсак і малых гарадоў, цяпер абмежаванне знята.
Калі абітурыент паступіў у навучальную ўстанову ў рамках квоты, грошы на яго навучанне возьмуць з бюджэту. Будучага працадаўцу можна выбраць са спіса, які пададуць ва ўніверсітэце. У іншых выпадках за яго плаціць прадпрыемства, з якім заключаны дагавор, — часцей за ўсё дзяржаўнае. Абавязковая адпрацоўка пасля ВНУ — 5 гадоў: 3 гады пасля ВНУ і 2 гады пасля ПТВ.
Калі студэнта адлічваюць ці ён не адпрацаваў належны тэрмін, яму давядзецца заплаціць немалую суму: яна можа перавышаць тарыф на платнае навучанне ў два-тры разы. Універсітэт уключае ў разлік і зарплату выкладчыкаў, і камунальныя паслугі, і матэрыялы для навучання, і транспартныя паслугі — у выніку, як паказвае судовая практыка спагнання даўгоў, за год набягае ад трох да дзевяці тысяч еўра.
Няўстойкі для студэнтаў-«мэтавікоў»
Самыя вялікія сумы «няўстойкі» — у выпускнікоў «сілавых» ВНУ. «Пасля Акадэміі МУС адпрацаваць трэба пяць гадоў, — расказвае былы міліцыянт, які ў 2020 годзе пакінуў службу праз нязгоду з дзеяннямі ўлад. — Калі сыходзіш раней, давядзецца заплаціць і за жыллё, і за навучанне, і за форму. Многія вымушаны працаваць і заплюшчваць вочы і на здзекі начальства, і на парушэнні закона. Таму што няма грошай, каб заплаціць дзяржаве. Мне пашанцавала: падтрымалі сям'я і сябры».
Калі «мэтавік» адмаўляецца пакрыць сродкі, іх спагоняць праз суд. А калі і ў гэтым выпадку доўг не будзе пагашаны, накладуць арышт на маёмасць і рахункі, забяруць пасведчанне кіроўцы і забароняць выезд з краіны.
Былая студэнтка журфака Марына на трэцім курсе з'ехала на падпрацоўку ў ЗША — і вырашыла не вяртацца. Ад бацькоў яна даведалася, што ёй трэба вярнуць грошы за вучобу. Суд прайшоў без яе. «Я не збіралася паступаць на журфак, праз знаёмых прапанавалі заключыць дамову з раённай газетай, — згадвае суразмоўца «DW». — Пазней я даведалася, што туды кожны год размяркоўваюць выпускнікоў, але да нашага маленькага «чарнобыльскага» горада яны не даязджаюць. Калі падпісвала дамову, слаба ўяўляла, чым буду займацца праз пяць гадоў, галоўнае было — паступіць на бясплатнае».
Дзяржава дае льготу, каб ты ёй служыў
У Міністэрстве сельскай гаспадаркі не хаваюць, што пасля пяцігадовай адпрацоўкі амаль палова маладых спецыялістаў звальняюцца. Зараз галіне не хапае каля дзвюх тысяч работнікаў. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, каля 15% медработнікаў не даязджаюць да месца мэтавага размеркавання.
Як утрымаць маладых спецыялістаў? У профільным ведамстве кажуць, што трэба прадастаўляць арэнднае жыллё, павышаць зарплату і ўстанаўліваць надбаўкі. Кандыдатка педагагічных навук Святлана Мацкевіч адзначае, што ў рынкавай эканоміцы мэтавы набор можа быць паспяховай мадэллю ў тым выпадку, калі з боку працадаўцы выразна пазначаны запыт да навучальных устаноў — без умяшання дзяржавы. У Беларусі ж, паводле слоў эксперткі, склалася практыка татальнага кантролю. Пры гэтым для многіх абітурыентаў мэтавы набор — адзіная магчымасць трапіць ва ўніверсітэт.
«Такая льготная сістэма фарміруе ў людзей адпаведны тып паводзін — паслухмянасць, — кажа суразмоўца« DW». — Улады даюць табе перавагу, але каб ты пры гэтым адчуваў, што павінен дзяржаве і верна ёй служыў. Гэта закладвае ціхае супраціўленне, у першую чаргу, з боку саміх спецыялістаў. Чым гэта пагражае? Яшчэ больш беларусаў будуць з'язджаць на вучобу і працу за мяжу».